"Ведзьміна лапа". На ўнікальнай сасне ў Віцебскім раёне вяскоўцы ўсталявалі ахоўную шыльду. 21.by

"Ведзьміна лапа". На ўнікальнай сасне ў Віцебскім раёне вяскоўцы ўсталявалі ахоўную шыльду

10.12.2015 10:18 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Каля вёскі Бібіраўка ў Віцебскім раёне, што на супрацьлеглым беразе Дзвіны ад Лужасна, на старой хвоі з’явілася шыльда. Яна паведамляе, што дрэва мае назву «Ведзьміна лапа» і «ахоўваецца народам».


Хвоя ля Бібіраўкі - адна з самых вялікіх у Беларусі. Дрэва мае дыяметр ствала 1,4 м, вышыню — каля 28 м, узрост 250−300 гадоў.

Падобных хвой у краіне няшмат. Некаторыя з іх маюць дзяржаўны ахоўны статус: напрыклад, у Белавежскай пушчы расце дрэва ўзростам 350 гадоў, у Нацыянальным парку «Прыпяцкі» ёсць 300-гадовая хвоя, а недалёка ад Віцебска, каля вёскі Сушчова Мазалаўскага сельсавета, можна пабачыць 250-гадовую.

Але ў адрозненні ад пералічаных старажылаў бібіраўская хвоя незвычайная і ўнікальная па сваёй форме. На вышыні трох метраў асноўны ствол патройваецца. На вышыні каля 8 м адзін з новых ствалоў зноў патройваецца, а на вышыні каля 12 м другі ствол разыходзіцца на чатыры меншыя. Некаторыя ствалы абламіліся — такім чынам на сёння крона складаецца з сямі вялізарных самастойных ствалоў.

Бібіраўская хвоя пакуль не мае ніякага афіцыйнага ахоўнага статусу. Але зачараваныя прыгажосцю тутэйшых прыдзвінскіх краявідаў вяскоўцы і дачнікі наведваюць хвою, вымяраюць яе сваімі абдымкамі ды абяцаюць ахоўваць сваімі сіламі. Пра гэта і сведчыць надпіс на шыльдзе. Яе прымацавалі, каб папулярызаваць і захаваць унікальны помнік прыроды.

Вядомы віцебскі краязнаўца Мікалай Півавар тлумачыць, што назва «Ведзьміна лапа» звязана са старым паданнем.

Нібыта ў даўнія часы ў Бібіраўцы жыла ўдава, якая зналася з нячысцікам. Пераўтвараючыся ў дзікіх жывёл, яна шкодзіла людзям. Але аднойчы, у ноч перад Калядамі, яе падпільнаваў у хляве адзін малец. Ведзьма прыкінулася зайцам ды прыйшла шкодзіць хатняй жывёле. Малец моцна параніў зайцу лапу і пабег за ім у пагоню па крываваму следу. За вёскай след знік каля маладой хвоі - тут ляжала і адсечаная лапа зайца.

На наступны дзень людзі хадзілі калядаваць і завіталі да ўдавы. Ажно бачаць — гаспадыня сумуе, ды рука ў яе крывавай хусткай заматаная. Тут і зразумелі людзі, хто ў вёсцы з нячысцікам знаўся і шкоду розную рабіў. Ведзьму з вёскі прагналі.

З таго часу сталі заўважаць тубыльцы дзівосныя пераўтварэнні хвоі, каля якой малец знайшоў адсечаную лапу зайца. Дрэва стала моцна і каржакавата разрастацца ствалом ды галінамі ва ўсе бакі свету, нагадваючы вялікую далонь ведзьмы, павернутую пальцамі да неба. Таму і празвалі хвою — «Ведзьміна лапа».


Паданне сцвярджае, што прагнаная з Бібіраўкі вядзьмарка заўсёды вяртаецца да гэтай хвоі. На яе галінах, самых высачэзных ва ўсёй акрузе, у Купальскую ноч збіраецца шмат рознай нечысці. Стаіць дрэва і дагэтуль, бо ніколі не секлі яго вяскоўцы — дужа баяліся помсты ведзьмы…

Знайсці хвою вельмі проста. Яна знаходзіцца ў спісе «Славутасці пасёлка Лужасна» і адпаведна пазначана на гэтай мапе.

Шлях такі: даехаць да Уланавічаў і сыйсці з аўтобуса на прыпынку каля крамы «Віцебскія прадукты». Потым — паўгадзіны пешшу праз прыгожы лес да Бібіраўкі. На апушцы каля вёскі, злева ад дарогі, і расце хвоя.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хвоя ля Бібіраўкі - адна з самых вялікіх у Беларусі. Дрэва мае дыяметр ствала 1,4 м, вышыню - каля 28 м, узрост 250−300 гадоў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика