Государственному комитету судебных экспертиз исполняется 5 лет. 21.by

Государственному комитету судебных экспертиз исполняется 5 лет

19.02.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёння ў Беларусі праводзяць больш за сотню розных відаў экспертыз. З кожным годам экспертныя магчымасці пашыраюцца, спрыяючы расследаванню і раскрыццю крымінальных спраў нават праз дзесяцігоддзі. Сёлета Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз адзначыць свой першы, сціплы, юбілей — пяцігоддзе. Як па следзе спецыялісты выяўляюць зламысніка, навошта крыміналістам лак для валасоў — пра гэта і многае іншае карэспандэнту «раёнкі» расказаў начальнік Пружанскага міжраённага аддзела ДКСЭ Генадзь Пракаповіч.

— Генадзь Вітальевіч, сёння даволі шмат фільмаў, у якіх дэманструецца работа эксперта-крыміналіста. Згадаем хаця б сучасную версію Шэрлака Холмса. Скажыце, няўжо магчымасці крыміналістыкі сёння сапраўды настолькі бязмежныя?
— Доля праўды ў сучасных фільмах ёсць, але ў рэальным жыцці работа крыміналіста намнога скрупулёзнейшая. Пошук слядоў на месцы здарэння, іх прачытванне, вытворчасць экспертызы — асноўныя задачы нашых спецыялістаў. Слядоў, з якімі працуюць эксперты, вялікая колькасць: ад традыцыйных адпячаткаў рук, абутку да слядоў біялагічнага характару.



Каб удасканальваць навыкі па выяўленні доказаў на месцы здарэння, нашы эксперты пастаянна праходзяць дадатковае навучанне на базе крыміналістычнага палігона ў Брэсце.
Яскравы прыклад, які дэманструе сучасныя магчымасці экспертызы, — раскрыццё крадзяжу з магазіна ў Кузявічах у сакавіку мінулага года. Падчас агляду месца здарэння экспертам былі выяўленыя і канфіскаваныя рэчавыя доказы, да якіх, як меркавалася, датыкаўся зламыснік. З мэтай ідэнтыфікацыі злодзея ў Брэсце была праведзена генетычная экспертыза: выдзеленую ДНК змясцілі ў існуючую базу і ўстанавілі супадзенне з ДНК мужчыны, які меў судзімасць. Далейшае расследаванне пацвердзіла дачыненне падазраваемага да крадзяжу.
— Без заключэння эксперта сёння не абыходзіцца расследаванне практычна ніводнай крымінальнай справы. Вы можаце прывесці прыклад, калі заключэнне пружанскіх экспертаў аказвала ўплыў на далейшы ход расследавання?
— Такія выпадкі ў маёй практыцы бывалі не раз. Напрыклад, у канцы мінулага года ў РАУС звярнуўся вадзіцель прыватнай фірмы: ноччу нехта зліў з паліўнага бака яго фуры, якая стаяла ў Шчарчове, 220 літраў дызельнага паліва. Падчас агляду месца здарэння эксперт выявіў след падэшвы абутку, які стаў адзіным доказам, што дапамог выкрыць злодзея. Пасля правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у поле зроку праваахоўных органаў трапіў малады мужчына — жыхар Камянца, які раней ужо быў судзімы за крадзеж. Для ўстанаўлення яго дачынення да злачынства была назначана трасалагічная экспертыза, у аснове якой ляжыць параўнальнае даследаванне абутку падазраваемага і канфіскаванага з месца здарэння следу. Здагадка пацвердзілася: сляды супалі. Так экспертным шляхам быў раскрыты крадзеж. Як высветлілася, малады чалавек меў дачыненне яшчэ да чатырох аналагічных крадзяжоў, здзейсненых на тэрыторыі нашага раёна.


— Галоўным памочнікам эксперта на аглядзе месца здарэння з’яўляецца крыміналістычны чамадан. Раскажыце, што ж у ім знаходзіцца?
— Сапраўды, крыміналістычны чамадан — галоўны атрыбут эксперта на аглядзе месца здарэння. Да слова, вага чамадана складае больш за 15 кілаграмаў. Яго змесціва — ад рознакаляровых парашкоў для зняцця «пальчыкаў» з любых паверхняў да разнастайных пэндзлікаў. Напэўна, самая незвычайная рэч, не паверыце — лак для валасоў: гэта ўнікальны сродак для фіксацыі знойдзенага следу на сыпучай паверхні.




— Важнае значэнне мае не проста заключэнне, а ўвогуле работа эксперта на аглядзе месца здарэння. Ці былі ў Вашай практыцы выпадкі, калі ў следчых, дзякуючы рабоце экспертаў, атрымлівалася раскрыць злачынства па «гарачых слядах»?
— Папярэдняе даследаванне слядоў на месцы здарэння аказвае істотны ўплыў на своечасовае раскрыццё злачынства. У кастрычніку мінулага года, напрыклад, быў абкрадзены магазін. Падчас агляду месца здарэння спецыялісты выявілі адпячаткі пальцаў рук. Іх памер падводзіў да высновы, што яны належаць падлеткам. У выніку ў поле зроку праваахоўнікаў трапілі хлопчыкі 2005 і 2007 гадоў нараджэння, дачыненне якіх да крадзяжу было пацверджана менавіта экспертным шляхам.
— Генадзь Вітальевіч, напэўна, у любой прафесіі ёсць месца гумару. Ці былі ў Вашай практыцы кур’ёзныя выпадкі?
— Адзін з такіх выпадкаў здарыўся пару гадоў таму. У РАУС паступіла паведамленне аб пашкоджанні колаў і падпале аўтамабіля. Падчас агляду месца здарэння пад легкавушкай была знойдзена звязка ключоў з чыпам ад дамафона. Менавіта гэты доказ і дапамог раскрыць злачынства. Зламыснікам аказаўся мужчына, які жыў у суседнім доме. Шэраг праведзеных экспертыз пацвердзіў яго дачыненне да пашкоджання аўто.
— Як кіраўнік падзяліцеся сваімі планамі на бліжэйшы час. Ці плануецца вытворчасць новых відаў экспертыз у Пружанскім міжраённым аддзеле ДКСЭ?

— Асаблівая ўвага — удасканаленню працы экспертаў на месцы здарэння. Сёлета нашых маладых спецыялістаў чакае экзамен на допуск да вытворчасці крыміналістычных экспертыз, а значыць, наш міжраённы аддзел папоўніцца больш прафесіянальнымі экспертамі. Спадзяюся, што па асноўных паказчыках судова-экспертнай дзейнасці ў гэтым годзе нам удасца дасягнуць лепшых вынікаў сярод тэрытарыяльных органаў вобласці.
Гутарыла Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ў Беларусі праводзяць больш за сотню розных відаў экспертыз. З кожным годам экспертныя магчымасці пашыраюцца, спрыяючы расследаванню і раскрыццю...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика