Проект «Земляки». Жители Красненского сельсовета рассказали про преимущества деревни над городом, бережное отношение к наследию и любовь к малой родине. 21.by

Проект «Земляки». Жители Красненского сельсовета рассказали про преимущества деревни над городом, бережное отношение к наследию и любовь к малой родине

23.03.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ЗЕМЛЯКІ: Красненскі сельскі Савет
Сумесны праект рэдакцыі газеты «Полымя» і Карэліцкага раённага Савета дэпутата


Жывём сёння, памятаючы пра дзень учарашні

Ніхто лепш, чым старшыня Красненскага сельсавета Тамара Лейка, якая на працягу 29 гадоў займае пасаду сельскага мэра, не раскажа пра надзённае жыхароў сельсавета, пра тое, што робіцца дзеля паляпшэння якасці жыцця насельніцтва красненскай зямлі.

– Год малой радзімы і 75-годдзе вызвалення Беларусі – дзве тэмы, вакол якіх сёння сканцэнтравана пільная ўвага як мясцовай улады, так і жыхароў, – адзначыла Тамара Лейка. – Год малой радзімы – выдатная нагода азірнуцца і паглядзець дзе і як мы жывём. Па-першае, вакол павінна быць чыста. Так, у 2018 годзе былі ліквідаваны міні-палігоны ў вёсках Тударава і Горная Рута. Усяго на тэрыторыі сельсавета застаўся адзін міні-палігон у Заполлі, які знаходзіцца на балансе РУП ЖКГ. Па-другое, пустуючыя дамы не надаюць прывабнасці населеным пунктам. Планамерная работа з імі вялася, вядзецца і будзе працягвацца. Так, у мінулым годзе было знесена 13 дамоў, 5 фундаментаў захаваны, а зямля ўключана ў сельгасабарот СВК “Маяк-Заполле”. У 2019 годзе ўжо знесены тры пустуючыя будынкі.

Не застаюцца без увагі могілкі. Іх на тэрыторыі сельсавета 9 адзінак. На ўсіх устаноўлены пляцоўкі для збору цвёрдых бытавых адходаў. У 2018 годзе на могілках у в. Камаровічы былі спілаваны аварыйныя дрэвы.

Безумоўна, сіламі сельсавета ўсё не ахопіш. Таму мы заклікаем кожнага жыхара далучыцца да добраўпарадкавання сваёй малой радзімы. Словы ўдзячнасці адрасую жыхарам агр. Краснае, кожны з якіх самастойна пафарбаваў плот уздоўж свайго ўчастка. Цяжка пералічыць імёны ўсіх тых, чыя прысядзібная тэрыторыя выклікае выключнае захапленне.

Для паляпшэння якасці жыцця жыхароў в. Заполле ў 2018 годзе была праведзена газіфікацыя населенага пункта. Каля 45 дамоў у хуткім часе будуць падключаны да газавага забеспячэння.

Напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі пільная ўвага надаецца прывядзенню ў належны стан формаў ушанавання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. Помнікі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў агр. Краснае і вёсках Пагор’е, Тударава, Горная Рута, а таксама воінскія пахаванні ў Камаровічах і Тудараве. Напярэдадні знакавай даты плануецца добраўпарадкаванне прылягаючых тэрыторый і бягучы рамонт помнікаў.


Гонар красненскай зямлі

Ева Раманаўна КАРАЧАН нарадзілася ў 1920 годзе ў вёсцы Вірышча Красненскага сельсавета. З 1940 па 1941 год працавала трактарысткай Нягневіцкай МТС Любчанскага раёна. З 1953 па 1975 год узначальвала звяно па вырошчванні льну ў калгасе “Новае жыццё” Карэліцкага раёна. Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР пятага і шостага скліканняў.

У 1958 годзе ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджана ордэнам Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.

Надзея Сцяпанаўна ТРУСКОЎСКАЯ нарадзілася ў 1922 годзе ў вёсцы Востухава Красненскага сельсавета. З 1949 года працавала паляводам, з 1956 па 1977 год узначальвала льнаводчае звяно ў калгасе “Новае жыццё”.

За поспехі ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтоўкі льну ў 1966 годзе ўдастоена ганаровага звання Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджана ордэнам Леніна, медалямі.

Галоўнае багацце Ніны Башко

Калі я заходжу ў хату Ніны Герасімаўны Башко, адразу ў вочы кідаюцца вялікія пакоі, пабудаваныя калісьці для іх з мужам маладой сям’і. З цягам часу дзіцячы смех стаў цішэй, пакоі – больш свабоднымі, але жанчына ні на хвіліну не шкадуе аб пражытым ёю жыцці.


Дзяцінства Ніны Герасімаўны прайшло ў вёсцы Тударава Карэліцкага раёна. Чатыры школьныя гады яе прайшлі ў Бушках, а потым дзяўчынку накіравалі ў Карэлічы – там будучая звеннявая скончыла васьмігадовую школу, а ў хуткім часе выйшла замуж. Будучы муж узяў жонку да сябе ў Кальчычы, але, успамінае жанчына, жыць там было цеснавата: пад адным дахам месцілася адразу дзевяць чалавек. Таму з цягам часу і было вырашана будаваць уласную хату.

Муж Мікалай усё жыццё адпрацаваў у калгасе, а Ніна Герасімаўна з вялікай ахвотай аддавала сябе паляводству. Прачыналася з усходам сонца, ішла ў поле, і толькі ўвечары, з апошнімі промнямі, вярталася дадому.

– Ведаеце, у тыя гады праца была цяжэйшай, чым зараз, – прыгадвае жанчына. – Усё рабілася ўручную, уласнымі рукамі. Зараз жа амаль увесь працэс механізаваны – тады мы аб гэтым маглі толькі марыць…

Пасля выхаду на пенсію жанчына не змагла сядзець склаўшы рукі і зноў вярнулася ў родны калгас, затрымаўшыся ў ім на пятнаццаць год. У 1986 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за добрасумленную працу на карысць роднага краю Ніна Башко была ўзнагароджана медалём “За працоўную адзнаку”, а ў 1994 ёй прысвоілі званне “Заслужаная калгасніца”.

Не менш патрэбнай аказалася Ніна Герасімаўна і роднаму сельсавету – на працягу некалькіх гадоў яна была старастай вёскі. Добрая і спагадлівая, яна заўсёды дапамагала ўсім, хто пераступаў яе парог з той ці іншай просьбай.

Зараз асноўнай радасцю для гаспадыні з’яўляюцца пяцёра ўнукаў, якія не толькі часта прыязджаюць да бабулі, але і з задавальненнем дапамагаюць ёй з хатняй гаспадаркай. Цікава, што сваю матулю дочкі не аднойчы запрашалі на зіму да сябе, у горад, бо сталаму чалавеку ў кватэры жылося б прасцей, але жанчына непахісная: “Лепш буду сядзець у холадзе, затое ў роднай хаце”.

Шляхам гармоніі да сябе і да іншых

Аляксандр і Юлія Шэўка – цудоўнае адлюстраванне прымаўкі “дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”.


Пазнаёміўшыся некалькі гадоў назад, маладыя людзі пажылі ў Баранавічах, дзе і нарадзіўся малодшы сын Данііл, а потым зразумелі: час вяртацца дамоў. З той пары аграгарадок Краснае замяніў ім мітусню вялікага горада на іншае – любоў да людзей і радзімы, якая і жыць, і працаваць дапамагае.

Аляксандр і Юлія жывуць у Красным сем гадоў. Муж працуе вадзіцелем у СВК “Маяк-Заполле”, а жонка – метадыстам ва ўпраўленні адукацыі райвыканкама. Акрамя сына, пара выхоўвае і прыгажуню дачку – першакласніцу Яну. Пасля пераезду, калі маладыя людзі толькі абжываліся на новым месцы, улада прадаставіла ім службовае жыллё, дзе яны жывуць і цяпер.

– Чыстае паветра, неверагодныя краявіды і спагадлівыя людзі, – вось тое, што нібы магнітам прыцягвае да карэліцкай зямлі, – расказвае Юлія. – Пасля Баранавіч у нас нават думкі не было, каб кудысьці з’ехаць. Навошта? Нам тут настолькі добра, што мы ўжо і дом купілі (усміхаецца).

Вялікі плюс жыцця ў аграгарадку Аляксандр і Юлія бачаць і ў адукацыйным працэсе. У адрозненні ад гарадскіх школ, хлопчыкам і дзяўчынкам надаецца больш увагі: класы ў Красненскай школе пераважна невялікія. Да таго ж, як і ў большасці вяскоўцаў, маладая сям’я мае свой агарод: гэта і вітаміны, і своеасаблівы «летні фітнес».

Ёсць у сям’і Шэўка і свая традыцыя – што бацька, што дачка з вялікім задавальненнем ходзяць на рыбалку. Возера, якое знаходзіцца за два крокі ад хаты, заўсёды гатова даць прытулак і падзяліцца сваім спакоем і ціхамірнасцю.

– Адна з галоўных прычын, якая нас трымае ў аграгарадку, – гэта людзі, – разважае гаспадыня. – У вялікіх гарадах многія нават суседзяў сваіх не ведаюць, а вось нашы, напрыклад, і з дзецьмі пасядзяць, і са школы іх забяруць… Хіба магчыма такое ў горадзе? Наўрад ці. У кожнага сваё жыццё, свае праблемы – калі тут думаць пра іншых?..

У любым выпадку, шчаслівым можна быць паўсюль. Галоўнае, каб побач былі тыя, хто гатовы раздзяліць з вамі мітуслівы свет мегаполіса або некранутую цішыню роднай вёскі.

Падрыхтавалі Аксана ЯНУШ, Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтараў, Марыны КАЗЛОВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЗЕМЛЯКІ: Красненскі сельскі Савет Сумесны праект рэдакцыі газеты «Полымя» і Карэліцкага раённага Савета дэпутата Жывём сёння, памятаючы пра дзень учарашні
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика