21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Стары дом — у новыя рукi

25.08.2009 21:17 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наталля КАРПЕНКА

НЕРУХОМАСЦЬ

Да нядаўняга часу, каб прадаць вясковы домiк, якi дастаўся ў спадчыну, дзецям цi ўнукам былога ўладальнiка даводзiлася абiваць процьму «парогаў» i выкладваць немалыя грошы. Для ажыццяўлення здзелкi патрабавалася мноства «папер» i ў першую чаргу — тэхнiчны пашпарт на сам дом i дакументы, якiя пацвярджалi права на зямельны ўчастак. Але да 1985 года такiя паперы не выдавалiся, а людзей не абавязвалi праводзiць тэхнiчную iнвентарызацыю i рэгiстрацыю нерухомасцi. Менавiта з-за гэтай «лаяльнасцi» яны займелi потым процьму праблем з продажам маёмасцi — далёка не ўсе маглi вытрымаць бясконцае хаджэнне па iнстанцыях за патрэбнымi дакументамi i часта кiдалi справу незавершанай, а дом — непрададзеным...

Менавiта аб упарадкаваннi i спрашчэннi дзяржаўнай рэгiстрацыi жылых дамоў у сельскiх населеных пунктах, а таксама аб ролi органаў мясцовага самакiравання ў вырашэннi першачарговых праблем насельнiцтва iшла размова на сустрэчы старшынь сельскiх i пасялковых Саветаў дэпутатаў, якая адбылася ў Iнстытуце вышэйшых кiруючых кадраў Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь. «У нас з вамi, пачынаючы ад вышэйшых эшалонаў улады i заканчваючы сельскiмi саветамi, агульная задача — несцi на сваiх плячах людскiя iнтарэсы. Улады i чалавек павiнны ўвесь час iсцi насустрач адно аднаму», — падкрэслiў падчас сустрэчы старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па рэгiянальнай палiтыцы i мясцоваму самакiраванню Анатоль Малафееў.

Чарговым крокам насустрач чалавеку — i перш за ўсё селянiну — стане ў блiжэйшы час шэраг заканадаўчых дакументаў, што датычацца разнастайных пытанняў землеўпарадкавання. Як паведамiў старшыня Камiтэта па зямельных рэсурсах, геадэзii i картаграфii пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Георгiй Кузняцоў, сёлета камiтэт удзельнiчаў у распрацоўцы некалькiх такiх указаў. Адзiн з iх — Указ Прэзiдэнта № 368 «Аб некаторых пытаннях адчужэння жылых дамоў у сельскiх населеных пунктах» — днямi ўступiў у сiлу. Згодна з iм значна спрасцiлася працэдура продажу жылых будынкаў у сельскай мясцовасцi. Цяпер многiя з iх можна прадаць без атрымання тэхпашпарта i рэгiстрацыi зямельнага ўчастка. Дастаткова толькi знайсцi пакупнiка, заключыць з iм дагавор куплi-продажу i зарэгiстраваць апошні ў сельсавеце. Рэгiстрацыя, дарэчы, павiнна ажыццяўляцца на працягу месяца, прычым абсалютна бясплатна. Пасля гэтага ўсе правы i абавязкi, звязаныя з абслугоўваннем жылога дома, пераходзяць да новага ўладальнiка. I ўжо ён павiнен будзе аформiць сваю нерухомасць (дом i зямельны ўчастак) у адпаведных службах. На афармленне новаму ўладальнiку даецца 6 месяцаў. Калi ён «праiгнаруе» гэты тэрмiн, сельсавет можа звярнуцца ў суд.

I хоць пад дзеянне дакумента падпадае толькi тое жыллё, якое было пабудавана да 1985 года, усё ж мяркуецца, што сотнi вясковых дамоў змогуць займець новых гаспадароў. «У сувязi з гэтым сёння на сельскiя саветы кладзецца вялiкая нагрузка», — падкрэслiў падчас сустрэчы Георгiй Кузняцоў. Каб палегчыць iм работу, Камзем распрацаваў «Метадычныя рэкамендацыi аб правiлах заключэння дагавора аб адчужэннi жылых дамоў у сельскiх населеных пунктах». Гэты дакумент быў адпраўлены ў абласныя землеўпарадкавальныя службы i аблвыканкамы для таго, каб быць даведзеным да кожнага сельскага i пасялковага Савета. «Мы там усё растлумачылi лiтаральна «на пальцах», — сказаў Георгiй Iванавiч. — Як звяртацца, куды, да каго, як засведчыць дагавор i г.д.».

Акрамя вышэйназванага, у дадзены момант дапрацоўваюцца i ў хуткiм часе ўступяць у сiлу ўказы «Аб мерах па ўпарадкаванню ўлiку i скарачэнню колькасцi пустуючых дамоў i iншых невыкарыстоўваемых капiтальных пабудоў у сельскай мясцовасцi», «Аб некаторых мерах па скарачэнню незавершанага будаўнiцтва незакансерваваных аб’ектаў», «Аб некаторых пытаннях адабрання i прадастаўлення жылых участкаў», выкананне якiх таксама «ляжа» на плечы сельсаветаў. «Рыхтуйцеся да таго, што вам прыйдзецца звяртацца ў суды, афармляць для iх дакументы, заказваць ацэнку будынка (калi няма гаспадароў), праз суд жа адбiраць «незавершанку» i выстаўляць яе на аўкцыён», — папярэдзiў старшыня Камзема.

Паводле яго слоў, згодна з новымi дакументамi забараняецца другасны рынак зямельных участкаў. Iнакш кажучы, нельга будзе перапрадаць «пусты» ўчастак без узведзенага на iм жылога будынка. Устанаўлiваюцца жорсткiя тэрмiны як самога будаўнiцтва, так i афармлення дзяржакта на зямлю. Калi пасля прадастаўлення зямельнага ўчастка гаспадар на працягу двух месяцаў не аформiў дзяржакт на зямлю, рашэнне на прадастаўленне ўчастка адмяняецца.

Адбiрацца ўчастак будзе i ў тым выпадку, калi на працягу 6 месяцаў на iм не было пачата будаўнiцтва. Пасля прыняцця Указа «Аб некаторых пытаннях адабрання i прадастаўлення жылых участкаў» усе ўчасткi, на якiх за 2—3 гады не было завершана будаўнiцтва жылля, будуць прадастаўлены iншым уладальнiкам праз аўкцыёны. «Пад будаўнiцтвам пры гэтым трэба разумець не яму цi катлаван, i нават не фундамент. За два гады ўладальнiк павiнен узвесцi сцены i накрыць дом дахам, каб у iм можна было жыць», — патлумачыў Георгiй Кузняцоў.

Тэма гутаркi выклiкала неадназначную рэакцыю залы. Больш за ўсё старшынь сельскiх саветаў дэпутатаў узрушыла вестка аб павелiчэннi колькасцi абавязкаў i ўзрастаннi асабiстай адказнасцi (у той час як аб павелiчэннi штатаў сельвыканкама гаворкi не вялося). У сувязi з гэтым прадстаўнiкам вышэйшых «эшалонаў» улады прыйшлося адказаць на шэраг вострых пытанняў сваiх калег з «нiзавых» структур. Размова атрымалася шчырай, зацiкаўленай i карыснай для абодвух бакоў. Некаторыя пытаннi, зададзеныя старшынi Камзема, i адказы на iх мы прыводзiм нiжэй.

Валерый ШУПЕНIК, старшыня Першамайскага сельскага Савета дэпутатаў Бярозаўскага раёна:

— З прыняццем новых указаў праблем i клопатаў у сельсаветаў стане яшчэ больш. Хто будзе займацца ўсiмi гэтымi зямельнымi i рэгiстрацыйнымi пытаннямi, калi ўлiчыць, што адзiнка землеўпарадчыка сёння ў сельсаветах скарочана, i сам ён сельсавету ўжо не падпарадкоўваецца?

— Землеўпарадчыкi павiнны вырашаць зямельныя пытаннi, а чым яны ў вас займалiся? У шэрагу выпадкаў нават прымалi рашэннi з парушэннем заканадаўства. Узяць той жа Мiнскi раён, дзе было вельмi шмат пытанняў з прадастаўленнем участкаў. Калi мы ўбачылi, як гэта рабiлася, вырашылi, што павiнна быць асобная дзяржслужба, якая не падпарадкоўваецца нi сельсавету, нi райвыканкаму.

Тым больш, землеўпарадчык не павiнен мераць зямлю, як многiя хацелi б, — у яго няма лiцэнзii. Ён рыхтуе матэрыялы, дакументы для вас, для прыняцця таго цi iншага рашэння, разглядае скаргi, спрэчныя пытаннi, кантралюе выкарыстанне ахоўваемых зямель... Ды i што яму мераць?

Iншая справа, што вы там, у сябе, выдзелiлi грамадзянiну, скажам, гектар у палях агульнага севазвароту, пазначылi гэта недзе на паперцы — i ўсё. Але калi на дадзены ўчастак не афармляўся дзяржакт, лiчыце, што яго для грамадзянiна не iснуе. Такiя ўчасткi не лiчацца ўласнасцю (пакуль не зарэгiстраваны), значыць, i вымяраць iх нiхто не будзе.

Марыя АЛЯХНОВIЧ, старшыня Корабаўскага сельскага Савета дэпутатаў Глыбоцкага раёна:

— Уявiм такую жыццёвую сiтуацыю. Чалавек упершыню прыехаў у сельскую мясцовасць i просiць прадаставiць яму ўчастак для вядзення асабiстай падсобнай гаспадаркi. Мяне цiкавiць механiзм рэалiзацыi гэтай заявы пры цяперашняй сiтуацыi. Я пiшу рэзалюцыю: «Землеўпарадкавальнай службе падрыхтаваць для прыняцця рашэння». Што павiнен рабiць землеўпарадчык далей?

— А далей ён рыхтуе праект рашэння — заказвае вымярэннi (яны павiнны быць дакладнымi) i план (там, дзе ёсць лiчбавыя карты), i каштаваць гэта будзе грамадзянiну 56 тысяч рублёў. Вы ж павiнны толькi аддаць яго заяву землеўпарадчыку — ён усё зробiць i вынесе на разгляд вашага выканкама праект рашэння для прыняцця мераў.

Васiль ВАЎРУШЭВIЧ, старшыня Гвоздзiнскага сельскага Савета дэпутатаў Маларыцкага раёна:

— У нас ёсць адна мнагадзетная сям’я, у iх вялiкая падсобная гаспадарка, дзесьцi 30 га зямлi. Галава сям’i ставiць пытанне, каб зямельны падатак налiчваўся яму згодна з кадастравай ацэнкай зямлi.

— Вы павiнны ведаць, што ў падобных выпадках падаткам абкладаецца толькi 1 гектар. А тое, што звыш гектара, пера-даецца чалавеку ў арэнду, толькi ў арэнду. Вы там, на месцы, павiнны прыняць такое рашэнне i заключыць з iм дагавор на арэнду, а ў гэтым дагаворы прапiсаць арэндную плату. Арэндная плата не павiнна быць нiжэй за стаўку зямельнага падатку.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да нядаўняга часу, каб прадаць вясковы домiк, якi дастаўся ў спадчыну, дзецям цi ўнукам былога ўладальнiка даводзiлася абiваць процьму «парогаў» i вык
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика