Цi будуць вяселлi ў Малiнаўцы?
Святлана ЯСКЕВIЧ
Малiнаўка схавалася ў лесе акурат памiж Маларыцкiм i Кобрынскiм раёнамi. Мяжа памiж апошнiмi мае выгiн у выглядзе паўвострава, а лясныя дарогi павыбiваны ў глыбокiя каляiны так званымi «спiртавозамi» — тымi, хто аб’язджае пагранiчныя пераходы ляснымi сцежкамi. Зусiм побач — гранiца з Украiнай. Баялiся, каб не выехаць часам у якiм-небудзь украiнскiм сяле i не трапiць, хай i незнарок, у лiк парушальнiкаў памежнага заканадаўства. Дзякуй Богу, абышлося.
Сёлета заязджалi ў вёску нейкiя нарыхтоўшчыкi, куплялi яблыкi па 150—200 рублёў. I здавалi мясцовыя жыхары сваю садавiну: чым пакiнуць гнiсьцi, лепш хоць колькi рублёў узяць. Яблыкаў у Малiнаўцы шмат, летам расце шмат малiн i клубнiц. Багата гусей ходзiць па пажухлай восеньскай траве. Адразу за вёскай пасвiцца ладны статак авечак. Пяць кароў выганяюць кожным ранкам малiнаўскiя гаспадынi. А засталося ў вёсцы з такой прыгожай назвай усяго дзевяць чалавек. Можна сабе ўявiць, якiя гэта шчырыя, адданыя працаўнiкi (хоць большасць з iх даўно выйшлi на пенсiю). Усё жыццё рупiлася на калгасных палях Марыя Мiронаўна Гарастовiч. Добра памятае той час, калi працавалi не за грошы, а за працаднi, якiя пазначалiся палачкамi ў гаспадарчай кнiзе. I тыя палачкi за 1954 год, лiха на iх, па недагляду бухгалтара некуды прапалi. Тады не адна Марыя Гарастовiч пацярпела — для многiх 54-ы год нiбы выпаў з жыцця. Але некаторых яе таварышак па працы ўжо даўно няма на гэтай зямлi. А Марыя Мiронаўна захацела дабiцца праўды. На агульным сходзе калгаса восем чалавек засведчылi яе працоўны ўдзел у калектыўнай гаспадарцы ў названым годзе, аб чым маецца выпiска з пратакола. Толькi ў сабесе тую выпiску не прынялi да ведама, сказалi: не дакумент гэта для налiчэння пенсii. Тым больш крыўдна, што прапаў год, якога не хапае да 40-гадовага стажу, каб пенсiя была хоць крышку большай. «Крыху i самi вiнаватыя, — разважаюць жанчыны, — што не сачылi своечасова за дакументамi. Але ж хто тады думаў, што спатрэбiцца гэта для пенсii, хто наогул думаў, што будзе тая пенсiя». У цэлым жа малiнаўскiя жыхары сваёй пенсiяй задаволены — плацяць яе своечасова, за што яны прасiлi перадаць вялiкую падзяку кiраўнiцтву краiны. А нядаўна ў Малiнаўцы адбылася знамянальная падзея: сюды пачаў хадзiць аўтобус. Пасля саракагадовага перапынку. Марыi Мiронаўне добра запомнiлася гэта дата. Бо ў 1965 годзе ў яе нарадзiўся сын. Яшчэ ў царкву ў Чарняны завезла пахрысцiць, а потым i аўтобус перастаў хадзiць. А цяпер iзноў два разы на тыдзень ад сваёй хаты можна заехаць прама ў райцэнтр. — Вось дзеда свайго адправiла ў бальнiцу падлячыцца, — расказвае Марыя Гарастовiч. — Аўтобусам у аўторак i паехаў у Маларыту. Муж яе, Канстанцiн Емяльянавiч, 35 гадоў быў трактарыстам. I хоць здароўе падводзiць, але трымаюць яшчэ Гарастовiчы кароўку ды iншую жыўнасць, як i заведзена ў сялянскай гаспадарцы. У Малiнаўцы ўсе працаўнiкi. Так было спакон веку, i пра гэта малiнаўскiя кабеты расказваюць з задавальненнем, з гонарам. Малiнаўскiя дзецi сваiх бацькоў не забываюць, прыязджаюць, дапамагаюць. Ганна Кузьмiнiчна Гарастовiч таксама самых дарагiх гасцей часта сустракае. Але кароўку сваю яна, былы жывёлавод, вымушана была здаць. Некалькi гадоў таму засталася без гаспадара, цяжка адной спраўляцца. Кажа, каб лягчэй было здабываць корм ды блiжэй пасвiць, можа яшчэ трымала б. Утрыманне каровы, галоўнай сялянскай кармiцелькi, тут бадай што самая балючая тэма. Раней паша пачыналася адразу за вёскай. Зараз мясцовая гаспадарка забрала гэтыя палi пад пасевы. I вяскоўцы вымушаны гнаць свой невялiчкi статак кожную ранiцу за тры кiламетры на пашу. Кармоў нiхто пенсiянерам не выдзяляе. Косяць дзе давядзецца. Хто маладзейшы i здаравейшы, назбiрае сена на няўдобiцах, на лясных палянах. А такiм, як бабуля Ганна, застаецца толькi адно — расстацца з кароўкай. Летам жыхары Малiнаўкi здаюць малако дзяржаве, па паўтоны ў месяц ад кожнай з пяцi рагуль. Толькi нiхто яго не збiрае. Вяскоўцы самi на веласiпедах вязуць кожную ранiцу бiтоны ў Чарняны, за шэсць кiламетраў. I паспець трэба да сямi гадзiн, бо хто спознiцца, таго чакаць не будуць. На пытанне карэспандэнта «Звязды», цi не збiраецца мясцовая ўлада ў блiжэйшы час вырашыць гэта пытанне, старшыня Чарнянскага сельсавета Маларыцкага раёна Сцяпан Барысюк адказаў так: «Зборам малака ад насельнiцтва ў нас займаецца не Савет, а гаспадарка — СВК «Чарняны». Я абмяркоўваў гэту праблему з яе кiраўнiком Мiхаiлам Перкаўцом. Але паколькi ездзiць у Малiнаўку нявыгадна — усяго пяць гаспадароў маюць кароў, то рабiць гэта старшыня СВК лiчыць немэтазгодным». Вось так, нi больш нi менш... А на астатняе ў Малiнаўцы не скардзяцца. Хiба толькi лёс помнiка, галоўнай вясковай славутасцi, непакоiць. Калi едзеш у вёску з боку Чарнян, памiж Новым Дваром i Малiнаўкай абавязкова заўважыш курган. Яўгенiя Аляксееўна Вадчук успамiнае: калi вучылася ў школе, яны разам з дарослымi той курган насыпалi. А пахаваны ў брацкай магiле расстраляныя фашыстамi сем’i абаронцаў Брэсцкай крэпасцi i ваеннаслужачых Брэсцкага гарнiзона. У бацькоў Марыi Мiронаўны Гарастовiч таксама жыла жанчына з трыма дзецьмi. «Да гэтай пары ўваччу стаiць, — змахвае слёзы пенсiянерка, — як прыехалi немцы, мы акурат бульбу капалi, i забралi iх прама з поля. Потым мы пачулi стрэлы i ўсё зразумелi». Колькi тады пабiлi жанчын i дзяцей, дакладна нiхто не памятае, ведаюць, што многа. У той час добрыя людзi з Малiнаўкi, Старога i Новага Двара часта давалi прытулак бежанцам... Недзе ў 60-х гадах быў насыпаны курган на месцы расстрэлу, устаноўлена мемарыяльная дошка. Цяпер, праўда, той помнiк выглядае не вельмi дагледжаным. Не скошаная за лета трава, якой зарос курган, пачарнела, пакруцiлася. Кажуць, што толькi мясцовы ляснiк зрэдку тут наводзiць парадак, падмятае дарожку. «А на 9 мая, — расказвае Яўгенiя Вадчук, — у юбiлей Перамогi нават кветку нiхто не паклаў. Забылiся пра наш помнiк. У баку ён ад дарог, высокаму начальству на вочы не трапляецца», — падводзiць вынiк колiшнi брыгадзiр, былы дэпутат мясцовага i раённага Саветаў. Раней у Малiнаўцы была школа. Адразу пачатковая школа размяшчалася ў самай вялiкай хаце. Потым з цэглы пабудавалi прасторную васьмiгодку. А калi ўжо не было каму вучыцца, разабралi тую школу на нейкiя патрэбы да цаглiнкi. Гады тры назад зачынiлi i магазiн у вёсцы — адзiную грамадскую ўстанову. Цяпер два разы на тыдзень заходзiць аўталаўка. Спачатку гэтай работай займаўся прыватнiк, i вяскоўцы былi задаволеныя — ён браў папярэднiя заказы i прывозiў увесь неабходны тавар. Але райспажыўсаюз, вiдаць, рашыў пацяснiць канкурэнта, i з вясны пайшлi ў вёску машыны дзяржаўнай арганiзацыi. Праўда, там кожны раз мянялiся прадаўцы i было нязручна, бо яны не выконвалi заказаў. Зараз малiнаўцам паабяцалi, што на маршруце будзе працаваць адзiн i той жа чалавек i сiстэма заказаў будзе адноўлена. З удзячнасцю гавораць пенсiянеры i пра свайго паштальёна Веру Саўчук. Яна i за электраэнергiю, за тэлефон заплацiць, i прынясе што-кольвечы з гаспадарчых тавараў, калi хто мае патрэбу. Расказалi мне жанчыны, якiм асаблiвым святам стаў для iх у гэтым годзе дзень Тройцы. Даўно збiралiся i вось нарэшце сабралiся ўсёй грамадой крыжы ўстанавiць — у пачатку i ў канцы вёскi. Вясковыя мужчыны i прыезджыя сыны збiлi два вялiкiя драўляныя крыжы i замацавалi iх на ўездзе i выездзе. Жанчыны пасадзiлi кветкi, якiя, дарэчы, да гэтай пары цвiтуць, добраўпарадкавалi пляцоўку, а мясцовы святар асвяцiў тыя крыжы. Хата Марыi Мiронаўны Гарастовiч стаiць амаль на самым краi вёскi. Ад яе i да крыжа недалёка. А праз колькi метраў пачынаецца лес. Каля крайняй хаты Аляксея Iгнатавiча Леўчука (гаспадару за 90, ён жыве зараз пры дзецях у горадзе) расце рэдзенькi бярэзнiк. У гэтым бярэзнiку сёлета збiралi грыбы. Мясцiны тут прыгожыя — можна пейзажы пiсаць. Таму i любяць прыязджаць сюды на канiкулы, у водпуск дзецi i ўнукi. I сцiплая лiчба «дзевяць», якая вызначае колькасць насельнiцтва, значна павялiчваецца. Маларыцкі раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Малiнаўка схавалася ў лесе акурат памiж Маларыцкiм i Кобрынскiм раёнамi. Мяжа памiж апошнiмi мае выгiн у выглядзе паўвострава, а лясныя дарогi павыбiв
|
|