Першае каханне з крымiнальнай адказнасцю
Алена ЛЯЎКОВIЧ
СIТУАЦЫЯ Гэту заблытаную i дагэтуль не разблытаную гiсторыю расказала мне мацi яе галоўнага героя. Сам хлопец звяртацца ў рэдакцыю не стаў: можа, пасаромеўся, можа, не захацеў раскрываць перад некiм душу (а там, падазраю, усяго, i зусiм не светлага i не добрага назбiралася). Можа, проста не мог прызнацца ва ўласным бяссiллi што-небудзь змянiць (прынамсi пакуль што). А матчына сэрца ўжо збалела, таму i не вытрымала, i прыйшла. Прыйшла шукаць праўды, спадзеючыся, што газета дапаможа, неяк паўплывае на пэўныя iнстанцыi, якiя змогуць нешта зрабiць. Толькi вось справа такая, што ад адной нейкай дырэктывы, пастановы цi нават рашэння суда на карысць таго цi iншага боку сiтуацыя наўрад цi выправiцца, яна нават прасцейшай наўрад цi стане. Цi скончыцца гэта гiсторыя калi-небудзь наогул, — залежыць толькi ад самiх яе ўдзельнiкаў. I толькi ад iх. Нi суд, нi газета не здольныя выправiць памылкi, папрасiць прабачэння, дараваць, паспрабаваць знайсцi паразуменне. Бо справа вельмi тонкая — тое, што называецца ў нас «сферай асабiстага жыцця». Якая, як вядома, у нас недатыкальная i ў якую нiхто не мае права ўмешвацца.I ўсё ж, фактычна распiсаўшыся вышэй у бяссiллi неяк канкрэтна дапамагчы, я напiшу гэту гiсторыю. Вельмi спадзеючыся на тое, што, хоць i не буду па зразумелых прычынах называць прозвiшчы яе герояў, яны гэты матэрыял прачытаюць i пазнаюць сябе. А прачытаўшы — задумаюцца. А задумаўшыся — зразумеюць, што так быць не павiнна, i зробяць адно аднаму крок насустрач. Хаця, калi мець на ўвазе зацятасць iх канфлiкту, шанцы гэтага, няхай сабе нават самага нязначнага, кроку — адзiн на тысячу. I ўсё-ткi варта паспрабаваць. Нават дзеля гэтай адной тысячнай. Аляксандра я ведаю даўно i даволi добра: мы вучылiся ў адной школе, толькi ён гады на чатыры пазней, мая мацi выкладала ў iхнiм класе беларускую мову. Саша асаблiва нiчым сярод равеснiкаў не вылучаўся: звычайны вясковы падлетак, якi лiчыў, што ёсць нашмат цiкавейшыя нiж вучоба рэчы: футбол, суседаў трактар, бацькоўская гаспадарка. Але нi безнадзейным двоечнiкам, нi заўзятым хулiганам хлопец не быў. Я бачыла яго нядаўна, ужо зусiм дарослага. Здзiвiлася сама сабе, гледзячы на гэтага высокага статнага хлопца, «па-старэчы» ўздыхнула: час iдзе, дзецi растуць. Я нават падумаць не магла, што ў яго за плячыма два гады «хiмii». Святлану, прычыну яго радасцяў i няшчасцяў, я не ведала зусiм. Яна разам з бацькамi пераехала ў наша наваколле тры гады назад. Да таго ж, яна нашмат маладзейшая, нават за Сашу — на шэсць гадоў, толькi ў наступным годзе ёй споўнiцца васемнаццаць. Яе малады ўзрост i стаў краевугольным каменем ўсёй гiсторыi. Яны пазнаёмiлiся, калi Саша прыйшоў з армii. Што прыцягнула ўвагу дваццацiгадовага хлопца да чатырнаццацiгадовага дзеўчаняцi — застаецца толькi здагадвацца. Можа, проста заўважыў адразу новую прыгожую дзяўчыну, якая з’явiлася амаль па суседству за тыя два гады, пакуль яго не было? А можа, гэта i сапраўды было каханне, якому, як вядома, усе ўзросты пакорлiвыя? Прычым, пачуццё, мяркуючы па словах мацi i па водгуках суседзяў, было ўзаемным: Святлана нярэдка прыходзiла ў госцi да Сашы ў хату, вяскоўцы часта бачылi, як яны ўдваiх гулялi. Нават мацi iхнiя памiж сабой абмяркоўвалi праблему, i нарэшце сышлiся на думцы, што каханне дзяцей сапраўднае i не варта iм перашкаджаць. Праўда, бацька Аляксандра не раз ушчуваў сына, яму вельмi не падабалася, што дзяўчына, на столькi за Сашу маладзейшая, школьнiца, сама прыходзiць да iх у дом, што яны нiбы афiшуюць свае адносiны на вачах у суседзяў. Напэўна, ён проста па-мужчынску ведаў цi адчуваў, чым усё можа скончыцца. А скончылася ўсё, чым i павiнна было рана цi позна, чым заканчваецца вельмi часта, калi двое маладых i яшчэ не вельмi разумных кiдаюцца ў вiр страсцi. Аднойчы Света прыйшла да Сашы дадому i сказала, што цяжарная. Бацькi толькi ахнулi: будучай маме не было i пятнаццацi. Потым, ачомаўшыся ад шоку, падумалi i рашылi: што ж, хай будзе ўнук цi ўнучка, можа, гэта дзяўчынка, якая чакае дзiця, i праўда, сынаў лёс. Бацькi Святланы зусiм не падзялялi гэтых настрояў, лiчачы, што нарадзiўшы, дачка паставiць на сваiм жыццi крыж. Яны ўгаворвалi яе пазбавiцца ад дзiцяцi. Але Саша пераканаў каханую не рабiць гэтага. Два з паловай гады назад у iх нарадзiлася дачушка Каця. Шчаслiвы малады бацька купiў усё, што было патрэбна немаўляцi, дачку, хоць яны i не былi распiсаныя, ён тут жа запiсаў на сваё прозвiшча, тым самым прызнаўшы сваё бацькоўства. Здавалася, усё наладзiлася, але тут вельмi актыўны ўдзел ў жыццi маладой сям’i пачалi прымаць бацькi Святланы. Пятнаццацiгадовая дачка сама была яшчэ дзiцем, а «зяця», якi насамрэч па дакументах — нiякi i не зяць, яны не хацелi прызнаваць сваiм. Каб пазбавiць маладых ад непатрэбных звадак, мацi Сашы зняла iм прыватны домiк у суседнiм мястэчку. Але i там спакою не было. Маладзенькая дзяўчынка, застаўшыся сам-насам з усiмi праблемамi, раптам захацела да таты з мамай. Тата з мамай з ахвотай прынялi Свету i ўнучку, Аляксандру ж месца не знайшлося. Святланiн бацька пайшоў у дэкрэтны водпуск па догляду за малой, было вырашана, што дачка павiнна вучыцца далей. Саша аказаўся фактычна iзаляваным ад дачкi i Святланы, яго не пускалi нават на парог, суправаджаючы ўсё гучнымi скандаламi, якiя не раз чулi суседзi. Зразумеўшы, што добрымi намерамi нiчога не даб’ешся, што яго фактычна адлучылi да выхавання законнай дачкi, што Святлана цалкам залежыць ад бацькоў i знаходзiцца пад iх уплывам, хлопец падчас чарговай спрэчкi сказаў, што звернецца ў суд. Заява ў пракуратуру пайшла лiтаральна назаўтра. Але не ад Аляксандра — ад бацькi Святланы, якi скардзiўся... вядома ж, на Аляксандра, што той схiлiў яго непаўналетнюю дачку да сужыцельства, а гэта, як вядома, ў нашай краiне злачынства крымiнальна караемае. Такога не чакаў нiхто. Справа сама па сабе выглядала абсурднай: звычайна ў такiх выпадках у суд падаюць, калi мужчына адмаўляецца ад таго, што «ўсё было», калi не хоча прызнаваць дзiця i да т. п. Тут жа атрымалася наадварот — на хлопца падалi ў суд за адмову адмовiцца ад уласнай дачкi. Прычым звярнулiся ў суд не адразу пасля здзяйснення «злачынных дзеянняў», а па меншай меры праз год, калi яны сталi ўсiм вядомыя i заўважныя, i амаль праз паўгода пасля таго, як рэзультат гэтых дзеянняў з’явiўся на свет... Тым не менш, Аляксандру iнкрымiнавалi артыкул 168 Крымiнальнага Кодэксу «Палавыя зносiны i iншыя дзеяннi сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту». Родныя хлопца спадзявалiся, што суд яго апраўдае: адвакат пераконваў, што, паколькi ён дзiця прызнаў, яго дзеяннi тым самым «страцiлi характар небяспечных для грамадства» i таму яго павiнны вызвалiць ад крымiнальнай адказнасцi, як тое прадугледжвае 87-ы артыкул КК. Вяскоўцы таксама кiнулiся на абарону хлопца, якога ведалi з нараджэння, — у суд пайшло пiсьмо з трыццаццю подпiсамi, дзе расказвалася пра ўсё, што бачыла вёска: i пра тое, што Святлана сама «бегала» за хлопцам, i пра тое, што Саша дачку любiў i быў гатовы несцi адказнасць за яе i за маладую мацi, i пра тое, што хлопца фактычна выганялi з хаты, не даючы яму нават бачыць дзiця... Не бяруся разважаць, якiмi меркаваннямi кiраваўся суд, выносячы рашэнне. Можна толькi зазначыць, што для падсуднага i яго родных яно было поўнай нечаканасцю. Аляксандра прызналi вiнаватым i прысудзiлi яго да выплаты даволi значнага штрафу i да папраўчых работ з абмежаваннем свабоды тэрмiнам на два гады... Саша вярнуўся з «хiмii» зусiм нядаўна, яго вызвалiлi на пару месяцаў раней за добрыя паводзiны. Нi Святланы, нi дачкi ён у роднай вёсцы не застаў: яны разам са Святланiнымi бацькамi з’ехалi ў iншы раён, дзе бацька зараз узначальвае адзiн з калгасаў. Здаецца, хлопцу трэба пра ўсё забыцца i пачынаць новае жыццё — яму ж толькi дваццаць тры гады... Але дзесьцi там падрастае яго крывiнка, якая без яго ступiла першы крок, якая, напэўна, нават не ведае слова «тата». I гэта не дае Аляксандру спакою. Ён амаль кожную ранiцу прачынаецца са словамi: «Як там мая дачушка?» Ён жа запiсваў яе на сваё прозвiшча не дзеля таго, каб пазбавiцца нейкай адказнасцi (як бачым, гэта мала дапамагло). Ён хацеў жыць з ёй, цешыцца з яе, ганарыцца ёй... Ён не бачыў яе з таго часу, як вярнуўся. Не можа прымусiць сябе пераступiць парог крыўдзiцеляў, з-за якiх страцiў два гады жыцця. Ды i на цёплую сустрэчу з iх боку ён наўрад цi можа разлiчваць... I тут не дапаможа ўжо нiякi суд. Адзiная надзея на тое, што канфлiктуючыя бакi зразумеюць, што гэта — ненармальна, калi дзiця расце без бацькi ў той час, калi бацька марыць прымаць актыўны ўдзел у яго выхаваннi i лёсе. Яшчэ адна надзея — больш, праўда, кволая, на... каханне. Святлане ў наступным годзе споўнiцца васемнаццаць. Яна будзе паўналетняй i будзе юрыдычна незалежная ў сваiх учынках. Яна зможа проста забраць малую i пераехаць да Аляксандра, нi ў кога не пытаючыся. Толькi цi захоча яна гэта зрабiць? Цi захавалася тое першае, амаль дзiцячае каханне пад друзам тых звадаў i спрэчак, што паспяшалiся на яго накiдаць разумныя вопытныя дарослыя?..
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэту заблытаную i дагэтуль не разблытаную гiсторыю расказала мне мацi яе галоўнага героя. Сам хлопец звяртацца ў рэдакцыю не стаў: можа, пасаромеўся,
|
|