Уладзiмiр ГIЛЕП: «Наша галоўная мэта — каб гэтая кнiга апынулася ў школах»
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
Некалькi месяцаў таму ўбачыла свет новае выданне паэмы «Новая зямля». Выданне, якое да 120-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа падрыхтавала грамадскае аб`яднанне «Беларускi фонд культуры». Кнiга выйшла на трох мовах — беларускай, рускай i (упершыню!) польскай. Iлюстрацыi да выдання падрыхтаваў народны мастак Беларусi Васiль Шаранговiч.
Пасля з’яўлення кнiгi многiя меркавалi, што яна доўга не затрымаецца на палiцах магазiнаў i складах, хутка стаўшы букiнiстычнай рэдкасцю. Падстава меркаваць менавiта так была. Папярэднiя выданнi Беларускага фонду культуры («Пан Тадэвуш» Адама Мiцкевiча i «Яўгенiй Анегiн» Пушкiна) разышлiся вельмi хутка. Як была ўспрынята кнiга чытачом? Цi спраўдзiлiся спадзяваннi на яе папулярнасць? Цi апынулася кнiга ў школах i бiблiятэках краiны? Як праходзяць прэзентацыi выдання ў Беларусi i за мяжой? Аб гэтым карэспандэнту «Звязды» распавядае старшыня Беларускага фонду культуры Уладзiмiр ГIЛЕП: — Чаму мы вырашылi выдаць кнiгу менавiта Коласа? У пэўнай ступенi таму, што ён заўсёды як бы трошкi ў цянi Купалы. Да таго ж тут былi i асабiстыя сiмпатыi. Калi я ў 9-м класе прыехаў на Беларусь пасля доўгiх вандровак з бацькам-ваенным, мне захацелася вывучыць родную мову. I першым лiтаратурным творам на беларускай мове, якi я прачытаў, была «Новая зямля» Якуба Коласа... Мы рабiлi гэтае выданне не як падарункавае, а перш за ўсё як выданне, якое павiнна быць у кожнай бiблiятэцы, у кожнай школе. Каб дзецi не толькi маглi адчуць слова, але i ўбачыць цудоўныя малюнкi, зробленыя Васiлём Шаранговiчам. Гэты мастак сам жыў у вёсцы. I яму не трэба было iсцi вывучаць музейныя экспазiцыi, музейныя фонды, каб намаляваць тое, пра што пiсаў Колас. Васiлю Шаранговiчу не трэба было нешта прыдумляць. Гэта было ў яго памяцi. Скажу шчыра: на вялiкi жаль, пакуль кнiгi няма нi ў школах, нi ў бiблiятэках. Я, канешне, звярнуўся з прапановаю i да мiнiстра адукацыi, i да мiнiстра культуры. Але кнiга пакуль не набываецца. Можа таму, што яе лiчаць дарагой. Але для кнiгi ў тысячу старонак з 92 каляровымi iлюстрацыямi яе кошт, на мой погляд, не такi ўжо i вялiкi. Наогул, найбольшую ўвагу да кнiгi праявiлi ў Гродзенскай вобласцi. Вiдаць таму, што блiжэй да Польшчы, i там зразумелi, што кнiга (дзе ёсць польскi пераклад) можа стаць добрым падарункам. Дарэчы, добра зарыентавалiся i набываюць кнiгу для падарункаў кiраўнiкi прадпрыемстваў, устаноў. Аднак, яшчэ раз паўтару, наша галоўная мэта — каб кнiга апынулася ў школах. Напрыклад, выдадзены намi да 200-годдзя Аляксандра Пушкiна «Яўгенiй Анегiн» у школы трапiў. Бо ў той час школы набывалi вучням падарункi. А з «Новай зямлёй», на жаль, гэтага не адбываецца. — Пасля прэзентацыi «Новай зямлi» ў Мiнску вы накiравалiся з кнiгай i выставай работ Васiля Шаранговiча ў беларускiя рэгiёны, а таксама за мяжу... — Зараз мы праводзiм прэзентацыi кнiгi. Таксама ладзiм выставы арыгiнальных твораў Шаранговiча. Гэта, трэба сказаць, вельмi прыгожа выглядае. Бо твор шмат губляе пры друкаваннi кнiгi. Пасля таго як правялi прэзентацыю ў Мiнску, мы таксама прывозiлi кнiгу ў Светлагорск, Нясвiж. 22 жнiўня адбылася прэзентацыя кнiгi ў Пiнску. Была прэзентацыя «Новай зямлi» ў беларускiм пасольстве ў Варшаве, а таксама ў Варшаўскiм унiверсiтэце. Ёсць у нас запрашэнне прыехаць у Латвiю, каб мы там зрабiлi прэзентацыю кнiгi i твораў Шаранговiча... Наогул, наша Мiнiстэрства замежных спраў шмат робiць для таго, каб пра кнiгу даведалiся за мяжой. Мiнiстэрства набыло кнiгi, накiравала ў нашы пасольствы, каб дыпламаты маглi прэзентаваць кнiгу, адзначыўшы такiм чынам 120-годдзе з дня нараджэння Коласа. Гэта, я лiчу, вельмi важна. — Пераклад «Новай зямлi» на рускую мову iснаваў i раней. Але як вам удалося знайсцi Чэслава Сэнюха, якi рабiў пераклад на польскую мову? — Так, рускамоўны пераклад «Новай зямлi» быў зроблены яшчэ пры Коласе. Рабiлi пераклад некалькi чалавек... I чытаў яго сам Колас, ён правiў яго. Што ж датычыцца перакладу паэмы на польскую мову, то яго зрабiў Чэслаў Сэнюх. Перакладам гэтага твора ён займаўся на працягу 10 гадоў, нават, мабыць, i не маючы надзеi, што калi-небудзь ён можа быць апублiкаваны ў Польшчы. Але не выпадкова мы знайшлi Чэслава Сэнюха. Знайшлi па рэкамендацыi Янкi Брыля, якi сказаў, што ў Польшчы ствараецца польскамоўны пераклад «Новай зямлi». I спецыялiсты сыходзяцца на думцы, што пераклад Сэнюха — вельмi ўдалы. Мабыць таму, што ён сам выхоўваўся на гэтай кнiжцы. Таму ён i ўзяўся за яе пераклад. — «Пан Тадэвуш», «Яўгенiй Анегiн», «Новая зямля»... Цi ёсць у Беларускага фонду культуры планы прадоўжыць выданне кнiг? — Так. Мы ўжо маем планы наконт наступнай кнiгi. Аднак якi гэта будзе твор i якога аўтара, зараз гаварыць я не буду. Скажу толькi, што кнiга будзе па традыцыi шматмоўнай. I гэта будзе беларуская класiка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некалькi месяцаў таму ўбачыла свет новае выданне паэмы «Новая зямля». Выданне, якое да 120-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа падрыхтавала грамадска
|
|