«Нашто штучна шукаць падзел i раскол, калi можна тварыць агульную справу — лiтаратуру?»СВЕТАГЛЯД Пра сiтуацыю, якая склалася ў Саюзе беларускiх пiсьменнiкаў, «Звязда» расказвала яшчэ ў сакавiку. Крызiс быў вiдавочны, i вырашыць яго мог толькi агульны з’езд, якi быў прызначаны надзвычайнай радай на канец мая. У маi з’езд не адбыўся, яго перанеслi на восень. Аднак за гэты час страсцi не ўляглiся i сiтуацыя лепшай не стала. Да азначанай даты з’езда — 24 верасня, засталося некалькi дзён, але дагэтуль дакладна не было вядома, цi збяруцца пiсьменнiкi на форум пад адным дахам, цi адна група на чале з Уладзiмiрам Гнiламёдавым будзе праводзiць «свой» з’езд у Купалаўскiм тэатры, а другая (на чале з Вольгай Iпатавай — сённяшняй старшынёй саюза) «свой» — у Доме лiтаратара. Што само па сабе будзе азначаць раскол пiсьменнiцкай арганiзацыi. Аб становiшчы, якое склалася, аб магчымасцях нармальнага выйсця з яго мы гутарылi з членам Рады Саюза пiсьменнiкаў Анатолем БУТЭВIЧАМ.— Анатоль Iванавiч, калi раптам здарыцца так, што пiсьменнiцкiх з’ездаў будзе ўсё ж два, — на якi з iх пойдзеце вы? — Я думаю, што розум i талерантнасць возьмуць верх, i будзе адзiн з’езд. Бо тое пытанне, якое вы задалi, я стаўлю i перад сабой, i ўяўляю сябе на месцы кожнага пiсьменнiка: што б ён зрабiў? куды б пайшоў?.. Два з’езды не можа быць, зыходзячы нават з таго, што з’езд быў аб’яўлены ў сакавiку месяцы Радай Саюза пiсьменнiкаў, i нiякiх iншых з’ездаў пасля не аб’яўлялася. Тое, што быў створаны аргкамiтэт, якi ўзначальвае Гнiламёдаў,— гэта фактычна выкананне рашэння Рады аб правядзеннi з’езда. У маi проста было прынята рашэнне перанесцi прызначаны Радай з’езд на восень, практычна новага з’езда нiхто не аб’яўляў. Камiтэт, якi ўзначалiў Гнiламёдаў, падштурхнуў да нармальнага развiцця падзей пазней, да таго, што павiнна была зрабiць Рада, — прызначыць дату. Гэтыя даты супалi — i аргкамiтэт, i Рада вызначылi 24 верасня. Разышлiся толькi ў месцы правядзення — адны прапаноўвалi правесцi ў Купалаўскiм тэатры, другiя — у Доме лiтаратара. Я лiчу, што абодва варыянты прымальныя, але ў тэатры большае памяшканне: калi на з’езд з’едуцца ўсе пiсьменнiкi, то ў Доме лiтаратара проста не хопiць месца... Сёння, здаецца, пачалося паразуменне памiж рабочай групай, якая створана на чале з Алесем Пашкевiчам, i аргкамiтэтам Гнiламёдава. Спадзяюся, што гэта паразуменне прывядзе да таго, што адбудзецца адзiн з’езд. Таму мне падаецца, што такога складанага выбару — на якi з’езд iсцi, нi перада мной, нi перад iншымi пiсьменнiкамi стаяць не будзе... Бо два з’езды — гэта раскол саюза. Нi лiтаратарам, нi грамадству гэты раскол не патрэбен. — Тым не менш, многiя гавораць ужо цяпер пра фактычны раскол, i, здаецца, маюць для гэтага ўсе падставы... — Я не ведаю, цi гавораць пра фактычны раскол. Гаворка хутчэй iдзе пра магчымасць расколу. Але такая магчымасць прадказвалася i на мiнулым з’ездзе. I ўсё-такi розум узяў верх. Раскол не быў патрэбны тады, ён не патрэбны i цяпер. Цяпер — тым больш. Калi ў грамадстве ранейшыя стасункi з Саюзам пiсьменнiкаў i з пiсьменнiкамi парушылiся — патрэбна адзiнства, каб вырашаць усе праблемы разам. I матэрыяльныя, i арганiзацыйныя, i творчыя. Патрэбна згуртаванне, а не раз’яднанне. Так што гаварыць, што раскол адбыўся, яшчэ рана. Ён можа адбыцца, але зноў жа трэба спадзявацца, што розум возьме верх над амбiцыямi. — Цi ёсць, на ваш погляд, нейкая рэальная iдэя, здольная аб’яднаць тых, хто ўжо стаiць на мяжы раз’яднання? — Найперш — клопат пра лiтаратуру. Я лiчу, што такой iдэяй павiнна стаць змаганне за магчымасць пiсьменнiкаў удзельнiчаць у працэсе станаўлення беларускасцi i змены адносiнаў да беларускага ў пазiтыўны бок. Сёння якраз той працэс, калi патрэбна сумесная праца. Напрыклад, iдзе падрыхтоўка новых падручнiкаў па гiсторыi, па лiтаратуры. Якi саюз, калi, не дай Бог, iх будзе два, будзе ўзаемадзейнiчаць з Мiнiстэрствам адукацыi ў напiсаннi падручнiкаў, у iх выданнi? Некалi, за савецкiм часам, абмеркаванне падручнiкаў па лiтаратуры адбывалася ў Саюзе пiсьменнiкаў, i гэта было карысна для абодвух бакоў. Мне падаецца, што ў грамадстве павiнна быць запатрабаванасць пiсьменнiцкiх сiл, роўна як i наадварот. Сёння ж склалася сiтуацыя, калi iснуе беларускi Саюз пiсьменнiкаў, iснуе беларуская лiтаратура i iснуе беларускае грамадства. Яны iснуюць паасобку, развiваюцца паралельна. Калi будуць i далей развiвацца паралельна — карысцi не будзе нi аднаму, нi другому, нi трэцяму. Павiнна знайсцiся кропка перасячэння, i, калi яна знойдзецца зараз, — будзе карысна ўсiм тром. Саюз пiсьменнiкаў як арганiзацыя павiнен знайсцi шляхi вяртання лiтаратуры ў грамадства, у грамадскi працэс. Сёння чамусьцi забылiся пра класiкаў. Хто выдае поўным аб’ёмам таго ж Чорнага? Панчанку? Гарэцкага? Трэба не забываць i пра тых, хто пiша сёння, i пра маладых. Задача саюза — не перапыняць лiтаратурны працэс, спрыяць выданню лiтаратурнай спадчыны, аказваць дапамогу пiсьменнiкам сённяшнiм, дбаць пра моладзь... — Але цi трэба абавязкова дзеля гэтага захоўваць адзiны саюз? У Расii, напрыклад, iх тры... — Расiя вялiкая, яна можа дазволiць сабе такую раскошу. Але ў iх, я ведаю, тая ж праблема. З якiмi структурамi якi саюз мае стасункi? Кожны саюз павiнен сам сябе прапагандаваць i сам сябе падносiць. Цi атрымаецца тое ў нас, калi будуць два саюзы? У нас цэлы клубок праблем матэрыяльных — i ў саюзе, i ў часопiсах, i ў выдавецтвах. Калi зараз створацца два саюзы — хто будзе iх вырашаць? Каторы з саюзаў будзе мець такую сiлу, каб усе пытаннi вырашыць? Вырашыць iх калектыўна, агульнымi намаганнямi лягчэй, чым паасобку. Сённяшняя грамадская сiтуацыя i стан лiтаратуры не спрыяюць нiякаму падзелу. — Але, нават калi захаваецца адзiн Саюз, погляды наўрад цi зменяцца, канфрантацыя прадоўжыцца. А «когда в товарищах согласья нет — на лад их дело не пойдёт»... — На сённяшнi дзень у саюзе i па-за iм iснуюць групоўкi, аб’яднаннi пiсьменнiкаў, i гэта зусiм не перашкаджае працаваць. Калi нават будзе адзiн саюз, кожны застанецца пры сваiх iдэях i сваiх поглядах. Але гэта творчы саюз, а не палiтычная партыя. I тут погляды асобы, групы не павiнны дыктаваць волю астатнiм. У творчасцi ўсе роўныя, кожны вольны выказаць сваю палiтычную пазiцыю ў сваiх творах. Калi ж яе выражэнне выходзiць за межы твораў — гэта ўжо палiтыка. Значыць, трэба ствараць палiтычную партыю... Саюз жа павiнен найперш займацца пытаннямi прафесiйнымi, лiтаратурнымi, канешне, не адасабляючыся ад тых падзей, якiя адбываюцца ў грамадстве, у тым лiку i палiтычных. Выключыцца з рэальнага жыцця саюз не можа, ён павiнен рэагаваць на тое, што адбываецца ў дзяржаве. Iншая справа — якiмi метадамi i якiмi сродкамi, наколькi палiтычныя лозунгi цi дэкларацыi павiнны прэвалiраваць над усiм астатнiм. На першым плане, паўтару, не павiнна быць палiтыка. Калi ў саюзе застануцца групоўкi са сваiмi поглядамi — на здароўе. Яны i сёння суiснуюць, але гэта пакуль што не з’яўлялася падставай для расколу. Дык нашто штучна шукаць падзел i раскол, калi можна тварыць агульную справу — лiтаратуру, маючы розныя палiтычныя прыхiльнасцi? Калi ёсць адна мэта — лiтаратура, i праца дзеля лiтаратуры, i на карысць лiтаратуры — усё астатняе павiнна адысцi на iншы план. — Скептыкi наогул гавораць пра тое, што Саюз пiсьменнiкаў сёння не вельмi i патрэбны. Раней ён хаця б дапамагаў ветэранам, пачынаючым лiтаратарам матэрыяльна... — Згодзен, саюз сёння не дае нiякiх матэрыяльных выгод, не спрыяе вырашэнню бытавых пытанняў, але паглядзiце, колькi маладых пiсьменнiкаў жадае ў яго ўступiць. Значыць, ёсць тая грамадская сiла, той магнiт, вакол якога ўсе аб’ядноўваюцца. Колькi б нi казалi, што саюз — стварэнне сталiнскiх часоў, што ён аджыў сваё... Змянiўся час, а з iм i саюз, i яго функцыi. Канешне, саюз не зможа сёння маладому таленавiтаму выдаць кватэру, аказаць матэрыяльную дапамогу ветэрану. Але ў сённяшнiх умовах для многiх пiсьменнiкаў важней добрае спагадлiвае слова, маральная падтрымка. Калi кожны сам па сабе — гэта вельмi няпроста, а часам i балюча. — Але каб, як i раней, саюз мог ажыццяўляць i матэрыльную падтрымку... — Я дзвюма рукамi за гэта. I, лiчу, што калi б была ў саюза матэрыяльная база, многiя пытаннi можна было б вырашаць. У прыватнасцi, калi б саюз меў Дом лiтаратара, ужо можна было б вырашаць нейкiя пытаннi. Сёння ўмовы склалiся такiя, што няма дзяржаўнага фiнансавання на саюз, на многiя выданнi — значыць, трэба думаць, як у камерцыйных умовах шукаць выйсце. Недзе спонсараў шукаць, ствараць праграмы, якiя будуць фiнансавацца, праводзiць нейкiя акцыi, семiнары. Адным словам, рабiць тое, што сёння ёсць у iншых краiнах. Аднак пры гэтым нi ў якiм разе не адмаўляцца ад дзяржаўнай падтрымкi. Тупiковых сiтуацый не iснуе. Трэба шукаць выйсце, i гэта, лiчу, магчыма. Зноў жа, адзiн саюз будзе спрыяць гэтаму больш, чым два. — Вы мяркуеце выступiць на з’ездзе? — Пакуль не ведаю. Усё залежыць ад сiтуацыi. Бо выступаць толькi дзеля таго, каб дадаць нейкi «званок» у агульную канву, не мае сэнсу... Калi адчую, што маё выступленне зможа нешта паправiць у сiтуацыi, канешне, буду прасiць слова. — I што скажаце: хлопцы, давайце жыць дружна?.. — Я сказаў бы пра ўжо названыя тры паралелi: беларуская лiтаратура, Саюз беларускiх пiсьменнiкаў i беларускае грамадства. Мы павiнны знайсцi кропку iх судакранання i з гэтага пункта пачаць выходзiць з крызiсу, у якiм апынуўся Саюз пiсьменнiкаў. Гэта патрэбна, паўтару, i грамадству, i лiтаратуры, i самiм пiсьменнiкам. — Вы нейкiм чынам атаясамлiваеце далейшы лёс Саюза пiсьменнiкаў з будучым лёсам нашай лiтаратуры? — Па вялiкiм рахунку, я не думаю, што лёс лiтаратуры залежыць ад Саюза пiсьменнiкаў. Кожны лiтаратар творыць сам: кладзе перад сабой чысты аркуш паперы, бярэ ручку — i пачынаецца яго лiтаратурная творчасць. У гэтым плане Саюз пiсьменнiкаў нiчым нi паспрыяць, нi перашкодзiць не можа. Пiсьменнiк выпусцiў сваё «дзiця» ў свет, i яно павiнна гэты свет заваёўваць у залежнасцi ад сваiх здольнасцяў i магчымасцяў. Але калi вакол гэтага «дзiцяцi» створыцца спрыяльная станоўчая аура, то i «дзiця» хутчэй расце i сталее. Вось у стварэннi гэтай ауры Саюз пiсьменнiкаў можа паспрыяць. Пiсаць жа лепш нiхто не навучыць. Але я лiчу, што беларуская лiтаратура па-ранейшаму вызначаецца сваiмi вяршынямi, якiмi была моцная заўсёды: псiхалагiзмам, увагай i павагай да чалавека, пошукамi выйсця са складаных маральных сiтуацый. Таму нават пры ўсiх катаклiзмах у Саюзе пiсьменнiкаў беларуская лiтаратура будзе iснаваць. Гутарыла Алена ЛЯЎКОВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра сiтуацыю, якая склалася ў Саюзе беларускiх пiсьменнiкаў, «Звязда» расказвала яшчэ ў сакавiку. Крызiс быў вiдавочны, i вырашыць яго мог толькi агул
|
|