21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Алё, народ на «провадзе»!

25.08.2009 21:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мы працягваем нашу рубрыку цiкавых гiсторый. Калi ёсць чым падзялiцца, то дасылайце свае лiсты з расказамi на адрас рэдакцыi. А пакуль — першыя пасланнi.

Дзянiс МЯДЗВЕДЗЕЎ, Бабруйск:

— Неяк вырашыў запрасiць да сябе ў госцi дзяўчыну, якая мне даўно вельмi падабалася. Я не ведаў, праўда, што больш даспадобы, а таму проста прыгатаваў вячэру, запалiў свечкi.

I тут яна пытае: «А iтальянская класiка ў цябе ёсць?» Я засумаваў: мой стары магнiтафон «Вясна» даўно ляжыць у шафе, рукi не даходзiлi выкiнуць. Трэба было хутка шукаць выйсце. I я ўспомнiў, што ў бацькi ў машыне павiнна быць магнiтола. — «Я мiгам», — сказаў дзяўчыне i пабег да аўтамабiля. Выцягнуў мiнi-магнiтафончык i, насвiстваючы, паскакаў па лесвiцы да дзвярэй сваёй кватэры. Па дарозе распраўляў правадочкi ў магнiтоле. Прыходжу i кажу: «Ну вось, i музычка прыехала! Iтальянская!!!» Уключаю ў разетку на 220 В, а яна як бабахне. З таго часу не бачыў я больш той дзяўчыны. I смех, i слёзы.

Тарас ЗАХАРАЎ, Гродна:

— Неяк мы з сябрам вырашылi пакпiць са свайго прыяцеля. Той, мы ведалi, павiнен быў сустрэцца са сваёй дзяўчынай i афiцыйна зрабiць ёй прапанову: купiў шампанскае, кветкi...

А мы з Васьком адкаркавалi тое шампанскае, выпiлi яго, а ў бутэльку налiлi звычайнай вады.

Трэба было бачыць гэтую карцiну.

«Ну, давай, Наташка, па шампусiку», — i бярэцца за корак. Здзiвiўся: «Нешта шампанскае ў нас пайшло нешыпучае?!» — спрабуе апраўдвацца. Ну, а калi ўжо разлiў па бакалах, то ўсё стала зразумела. Добра, што Наташка аказалася разумнай дзяўчынай. Адным словам, ажанiлiся.

Мiкалай ЕРМАШЭВIЧ, Брэст:

— Жыве ў нашым двары цiкавы чалавек. Зваць яго Гардзей. Працуе ён слесарам на чыгунцы. Пасля работы ўвесь час займаецца рамонтам свайго веласiпеда: то разбiрае, то збiрае, штосьцi рэгулюе. З-за свайго веласiпеда ён стаў славутасцю нашага двара.

Аднойчы летнiм вечарам мы сядзiм з сябрамi на лавачцы i бавiм час за ўсякiмi размовамi. Тут, бачым, з-за вугла хутка-хутка выбягае Гардзей... з веласiпедным рулём у руках. Праз нейкае iмгненне выязджае знаёмы веласiпед без руля i з грукатам падае. Пасмяялiся ад душы. А адбылося наступнае. Руль Гардзей прыварыў, але ў час язды зварка не вытрымала. Гардзей разам з рулём апынуўся наперадзе свайго двухколага «каня».

Марына ЛОСЕВА, Мiнск:

— Заходжу летам у буцiк сумачку выбраць. Паклала на прылавак свой рукзак i прашу прадаўца паказаць мне дамскую сумачку. Пакуль я яе разглядваю-раскрываю, падыходзяць дзве дзяўчыны гадоў 13-14 i, пасля нядоўгага разглядвання асартыменту, збiраюцца выходзiць са словамi: «Ну, i тут таксама нiчога». I раптам адна дзяўчына ўстрапянулася: «Валя, глядзi, здаецца, я знайшла...», кiдае сваю сумку на прылавак, хапае мой рукзак (а ён быў пусты, парасон, якi там ляжаў, я не паспела пакласцi назад) i пачынае прыдзiрлiва яго абглядаць, пры гэтым кажучы: «Вось, вось такi, у рэшце рэшт, знайшла...». Я спачатку не звярнула ўвагi, а потым гляджу, дзяўчына палезла па кiшэнях рукзака, тут я не вытрымала i кажу: «Дзяўчына, гэты рукзак не прадаецца». Яна ў адказ так раздражнёна: «Я вырашыла яго купiць. Што, вы ў мяне яго забераце? Што, грошы за яго заплацiлi?». I хавае яго за спiну. «Так, кажу, два месяцы назад». Дзяўчына была ўся ў слязах...

Аркадзь НАФРАНОВIЧ, Вiцебская вобласць:

Кажуць: дзе песня — там i ўдача.

Вясна 1969 года. Я на двухмесячных афiцэрскiх зборах у вёсцы Станькава, дзе пахаваны Марат Казей. Адсюль да горада Дзяржынска каля шаснаццацi кiламетраў.

У адну з субот мы, афiцэры запасу, давалi на фабрыцы ў Дзяржынску канцэрт мастацкай самадзейнасцi. Пасля — танцы. Вядома, каб узняць настрой, цi, як кажуць, для храбрасцi, у меру выпiлi.

У гэты ж дзень начальнiк збораў адпусцiў мяне на пяць сутак у Мiнск за тое, што я выканаў шмат работы па афармленню Ленiнскага пакоя.

Пакуль я дабраўся ў Мiнск, было ўжо каля паловы дванаццатай ночы. Я прыехаў наведаць свайго сябра, з якiм разам вучыўся ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце. Ён жыў у Заводскiм раёне, на вулiцы Ташкенцкай. Амаль год не бачылiся. Як гэта здаўна заведзена, без пляшкi гарэлкi нягожа ехаць у госцi.

Шыбую да унiверсама, што па другi бок трамвайных пуцей на Прывакзальнай плошчы. Вядома, магазiн хоць i цэнтральны, але надзеi на ўдачу амаль анiякай. Аднак — «хто не рызыкуе, той не п’е шампанскага».

Я даволi малады чалавек, апрануты ў шынель, на плячах лейтэнанцкiя пагоны, паскрыпвае новенькая партупея цераз плячо, блiшчаць хромавыя боты, якiя мне даў пафарсiць адзiн звыштэрмiновiк. Пабойваюся, сэрца ходзiць хадуном. Далiкатна стукаю ў шкляныя дзверы. Пэўна, на такi крок не асмелiўся б, каб не быў падагрэты саракаградуснай. Хоць знешне было i непрыкметна, але ўнутры яшчэ гойсалi чорцiкi.

Падыходзiць да дзвярэй у белым халаце мажная жанчына бальзакаўскага ўзросту i пытае:

— Што трэба?

— Бутэльку гарэлкi, — спяшаюся з адказам.

Яна, выразна пакруцiўшы пальцам ля скронi, паказала на гадзiннiк i незадаволена адрэзала:

— Не бачыце, колькi часу?

I павярнулася iсцi. Я крыкнуў ёй услед праз шкло:

— Пачакайце... паслухайце!..

Яна павярнулася.

— Ну што?

Лiхаманкава працавала думка, якi прыдумаць аргумент.. О, Божа! — асянiла.

— Я з ансамбля песнi i танца Беларускай ваеннай акругi, еду да сябра...

Жанчына бальзакаўскага ўзросту не стала далей слухаць i пайшла. Усё — не выйшла. I толькi гэта я намерыўся адчалiць, як гляджу i вачам сваiм не веру: iдзе прадаўшчыца да дзвярэй з ключом — i такой жа яна мiлай i прыгожай падалася мне. Уставiла яго ў замочную шчылiну i пытае:

— Дакажаце?

— Дакажу!!!

Павярнула два разы ключ i... упусцiла мяне ў магазiн. А ён такi вялiзарны, здавалася, у iм умясцiлася б уся мая вёска, каб не калоны, якiя падтрымлiвалi на сабе столь. Стала за прылавак (мне было дзiўна, што жанчына такiм познiм часам адна ў краме) i чакае. Адразу агаваруся: пасля заканчэння педвучылiшча я паступаў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю на вакальнае аддзяленне, дзе рыхтавалi оперных спевакоў (даруйце за нясцiпласць, у мяне быў моцны прыгожы лiрычны тэнар). Сам пра сябе падумаў: «Божа, дапамажы!.. i запеў неапалiтанскую песню «Мора» (яе вельмi ўдала выконваў у свой час спявак Александровiч). Голас не падвёў: чысты, свежы, высокi. Дзейнiчалi i грамы, якiя расшыраюць крывяносныя сасуды, ад чаго галасавыя звязкi атрымлiваюць дадатковы прыток крывi (вядома ж, што Шаляпiн перад выхадам на сцэну выпiваў 50 грамаў каньяку). Да таго ж я стараўся пець, каб як мага больш спадабацца. Рэзананс у краме цудоўны. Закончыўшы песню недзе на ноце «до» трэцяй актавы, зацiх... i...гром, менавiта гром, — апладысментаў. Я гляджу на прадаўшчыцу, яна пляскае ў ладкi, расплыўшыся ў шырокай сонечнай усмешцы, i нiчога не разумею. А тут яшчэ паляцела:

— Брава, брава, лейтэнант!

Я павярнуўся туды, адкуль неслiся словы ўхвалы, i не паверыў сваiм вачам: у канцы крамы, на лесвiцы, што вяла на другi паверх, стаялi маладзенькiя дзяўчаты ў белых халацiках i такiх жа бялюткiх капелюшах. Не крыўлю душой: iх было недзе сама меней 15 чалавек. Як высветлiлася, яны займалiся расфасоўкай прадуктаў для заўтрашняга святочнага дня.

Дзяўчаты прасiлi новых песень. I я спяваў «Пшеницу золотую», «Родину» i шмат чаго яшчэ. Безумоўна, пра каханне. Я ўжо адчуваў сябе не пакупнiком, а артыстам. Та-а-акая перада мной аўдыторыя! Хацелася застацца i да ранiцы залiвацца салаўём.

Далi мне пляшку гарэлкi, дзякавалi, абдымалi, цалавалi, ластаўкамi шчабяталi ды гуртам праводзiлi да дзвярэй i ўсё паўтаралi:

— Заходзьце ў любы час, заўсёды вам будзем рады.

...Сядзiм за сталом у сябра, гадзiна ночы, узнiмаем чарку за вечнае i вернае сяброўства, за нашу альма-матэр. I мой аднакашнiк не-не ды i скажа: «Ну й малайчына ты, Аркадзь, артыст, адным словам. Бачыш, дружа: дзе песня — там i ўдача.

Марына АЎЧЫННIКАВА, стаматолаг з Мiнска:

— Пасля цяжкага працоўнага дня я вярталася дадому. У транспарце папрасiла, каб мне пракампасцiравалi талончык. Пасля таго, як нейкi мужчына адгукнуўся на маю просьбу i перадаў мне бiлет, замест прывычнага «Дзякуй» я сказала: «Сплюньце!» (хто быў на прыёме ў стаматолага, той ведае, як часта кажуць там гэтыя словы). Напрацавалася. Усе былi ў добрым настроi.

Падрыхтавала Вольга РАМАНЮК.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы працягваем нашу рубрыку цiкавых гiсторый. Калi ёсць чым падзялiцца, то дасылайце свае лiсты з расказамi на адрас рэдакцыi. А пакуль — першыя паслан
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика