Хаджэнне па пакутах
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
СIТУАЦЫЯ Вось з якiм пiсьмом-скаргай звярнулася ў рэдакцыю наша пастаянная чытачка Людмiла Мiкалаеўна Сiлiвонава з Гомеля. 28 мая мiнулага года яна, пакутуючы ад цукровага дыябету, купiла ў магазiне «Медтэхнiка», якi знаходзiцца на вулiцы Перамогi ў абласным цэнтры, апарат «Глюкаметр», i з гэтага часу, як яна пiша, пачалiся хаджэннi па пакутах. Выявiлася, што без датчыкаў апарат працаваць не можа. Пачала шукаць iх. У продажы няма, i ўдалося купiць толькi ў канцы года. Узрадавалася жанчына i, ускрыўшы ўпакоўку, «стала працаваць глюкаметрам». Але праз два тыднi аказалася, што датчыкi пратэрмiнаваныя. Пачала шукаць новыя. Дарэмна — няма iх. У магазiне спасылаюцца на вытворцаў з Мiнска, а тыя — на «Медтэхнiку».Сёлета, 25 лютага, была ў сталiцы i патэлефанавала на прадпрыемства, дзе вырабляюць датчыкi. Там адказалi, што iх вырабiлi i падрыхтавалi для адпраўкi ў Гомель. Але ў Гомелi сказалi, што няма каму атрымаць iх у сталiцы. Жанчына напiсала скаргу ў магазiн «Медтэхнiка», але адказу так i не атрымала. Нарэшце ў чэрвенi ўбачыла ў магазiне датчыкi i купiла. Але зноў «сюрпрыз» — глюкаметр «забаставаў». Завезла яго ў Мiнск, на праспект Скарыны, 28, дзе знаходзiцца майстэрня прыборабудаўнiчага завода, якi вырабляе гэтыя апараты. Там сказалi — трэба за рамонт заплацiць каля пяцiдзесяцi тысяч рублёў, бо месяц таму назад закончылася гарантыя. Але адкуль я магла ведаць, пiша жанчына, што апарат не працуе, датчыкаў жа не было. I чаму яна павiнна плацiць за рамонт? Разбярыцеся, калi ласка, дапамажыце хворай жанчыне, просiць рэдакцыю Людмiла Мiкалаеўна. Бо хварэць на цукровы дыябет — гэта сапраўдная бяда. Iду з гэтай скаргай да начальнiка аддзела рознiчнага гандлю унiтарнага прадпрыемства «Медтэхнiка» Тамары Фядотаўны Пятрэнка i гутару з ёй. Аказваецца, Тамара Фядотаўна добра памятае гэту гiсторыю i для ўдакладнення адказаў на некаторыя мае пытаннi запрашае ў кабiнет тавараведа Аксану Гараўцову, якая павiнна была паведамiць Людмiле Мiкалаеўне аб паступленнi ў «Медтэхнiку» тых датчыкаў. Пратэрмiнаваных апаратаў у нас не магло быць, за гэтым мы строга сочым — быў катэгарычны адказ гэтых работнiкаў «Медтэхнiкi». Iх мы заказваем толькi па патрэбнасцi, з шасцiмесячным тэрмiнам годнасцi, працягвалi яны. Аксана Вiктараўна неаднаразова спрабавала дазванiцца па тэлефоне да Людмiлы Мiкалаеўны, каб сказаць, што яе заяўка выканана, аднак тэлефон маўчаў, а потым яна сказала, што датчыкi ўжо набыла. Праз два месяцы пакупнiца пазванiла сама i патрабавала аплацiць рамонт глюкаметра, бо тэрмiн гарантыi, як яна лiчыць, закончыўся па вiне работнiкаў «Медтэхнiкi». А пры чым тут мы, калi глюкаметры Мiнскага прыборабудаўнiчага завода не заўсёды адпавядаюць патрабуемай якасцi, i таму зараз магазiн у большасцi закупляе iмпартныя апараты з пажыццёвым тэрмiнам гарантыi, а беларускiя — у мiнiмальнай колькасцi, каб толькi падтрымаць айчыннага таваравытворцу. У дапамогу Людмiле Мiкалаеўне Тамара Фядотаўна паабяцала адправiць пiсьмо на завод з просьбай аб замене глюкаметра на новы, бо, паводле слоў Сiлiвонавай, ён быў у рабоце зусiм непрацяглы час. Устанавiць, цi званiлi на кватэру Людмiле Мiкалаеўне з «Медтэхнiкi» аб паступленнi ў продаж датчыкаў, вядома ж, немагчыма, але не верыць ёй, што яна так i не дачакалася званка, мы таксама не можам. Бо чаму яна тады пакiнула ў магазiне скаргу, на якую ёй не далi адказу, а толькi напiсалi ў кнiзе прапаноў, што яе тэлефон маўчаў? Па-другое, пакуль правяралася скарга Людмiлы Мiкалаеўны ў рэдакцыю, у час майго паўторнага наведвання ў «Медтэхнiку» выявiлася, што абяцанае пiсьмо на прыборабудаўнiчы завод Тамара Фядотаўна так i не склала: забыла пра яго. Людмiле Мiкалаеўне доўгi час не ўдавалася дазванiцца да кiраўнiкоў завода наконт таго, каб замянiлi глюкаметр, бо, паводле яе слоў, майстар гарантыйнай майстэрнi заявiў ёй, што апарат з такiмi дэфектамi, якiя «вылазяць» ужо на другi дзень. Таму яму i было дадзена ўказанне ад начальства разабрацца ва ўсiм i дапамагчы Сiлiвонавай. На зварот карэспандэнта да майстра той заявiў, што гарантыя ў глюкаметра сапраўды закончылася, а паказаннi тэмпературы ў iм летам «плавалi», бо на дварэ ў лiпенi-жнiўнi, калi Людмiла Мiкалаеўна звярталася да яго стаяла, неймаверная гарачыня, што i ўплывала на работу апарата (пагадзiцеся, паважаныя чытачы, што гэта — дзiўнае тлумачэнне). Далей. Глюкаметр адрамантаваны, i, калi сын Людмiлы Iванаўны тэлефанаваў у майстэрню, ён мог забраць яго, але для гэтага патрэбна было з пашпарта апарата выразаць гарантыйны талон i пакiнуць яго разам з квiтанцыяй аб здачы глюкаметра ў майстэрнi. Сын гэтага не зрабiў i сказаў, што яны «пойдуць iншым шляхам» (напэўна, меў на ўвазе скаргу ў рэдакцыю газеты). Майстар запэўнiў карэспандэнта, што, улiчваючы ўсе абставiны, грошы за рамонт апарата з Людмiлы Мiкалаеўны яны не возьмуць, i, калi я паведамiў ёй аб гэтым, яна сказала, спасылаючыся i на свой горкi вопыт, i на заяву работнiкаў «Медтэхнiкi» аб нiзкай якасцi мiнскiх глюкаметраў, што ёй такi нават новы апарат не патрэбны. Няхай завод або выплачвае ёй грошы за яго, улiчваючы iнфляцыю, або купляе ёй iмпартны апарат. I кампенсуе ўсе пакуты, якiя яна перанесла...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вось з якiм пiсьмом-скаргай звярнулася ў рэдакцыю наша пастаянная чытачка Людмiла Мiкалаеўна Сiлiвонава з Гомеля
|
|