Жыццё як каштоўнасць
Таццяна ПАДАЛЯК
Менавiта так успрымае яго Аркадзь Тоўсцiк — ветэран Вялiкай Айчыннай вайны, старэйшына беларускай журналiстыкi, заслужаны работнiк культуры Беларусi.
Сёлетнi лiстапад для нашага калегi, колiшняга галоўнага рэдактара «Звязды», — юбiлейны, 80-ы. Дарэчы, яго апошняя кнiга так i называецца — «Лiстапад»... — Аркадзь Апанасавiч, цiкава, чаму абрана такая паэтычна-фiласофская назва для кнiгi ўспамiнаў, роздумаў, абразкоў? — Нарадзiўся я ў лiстападзе. Як бачна, праз месяц i заканчэнне года. А значыць, алегарычна — i самога жыцця, адпушчанага лёсам. А пакуль што гэта яшчэ адзiн сшытак успамiнаў з пройдзенага, перажытага, бачанага i чутага... «Лiстапад» з’яўляецца своеасаблiвай заключнай часткай маёй кнiжкi ўспамiнаў «Вяртанне да вытокаў сваiх», якая вытрымала два выданнi: у 1997 i 2000 гадах. — Ля вытокаў была вайна, у якую вы ўступiлi падлеткам. Якi самы страшны ўспамiн пра вайну? — Смерць мацi. Яе забiлi за сувязь з партызанамi. — Колькi ж ёй гадоў было? — Толькi 40. Яна з 1903-га, а гэта здарылася ў сакавiку 1943 года... Наша вёска Чыкiлi была чыста партызанская, нiхто не пайшоў у палiцыю. Партызаны ў вёсцы не начавалi: звычайна карнiкi, асаблiва мясцовыя палiцыянты, акружалi вёску на досвiтку. Таму на ноч мы пакiдалi хаты, зiмою i ўлетку, мяняючы месца, хавалiся ў лесе, начавалi ў зямлянках цi проста ля вогнiшча... Аднойчы я зайшоў да мацi, а вечарам пайшоў у лес. Нiколi мацi не выходзiла праводзiць, а тут выйшла з веснiчак. Я азiрнуўся (так захацелася, не перадаць!..) — яна сумна глядзiць услед... Ужо пайшоў крыгаход — думалася, карнiкi з нямецкага гарнiзона са сваiмi памагатымi-палiцэйскiмi не дабяруцца да вёскi. Але... Партызанскiя сем’i былi ўшчэнт абрабаваныя, людзей вывелi ў бярэзнiк i загадалi бегчы. А наўздагон паласнулi з кулямёта... Мы паглядзелi — мацi была паранена лёгка, у плячо i руку. Потым немец-педант падыходзiў да кожнай ахвяры i страляў у галаву разрыўною куляю. У мацi была доўгая прыгожая каса... Калi дзядзька Хведар на санях-развалах прывёз яе цела дадому i мацi клалi на покуць, акрываў-леная каса матлянулася па пабеленай сцяне... I зараз у вачах маiх стаiць гэтая крывавая пляма на сцяне... — Уся ваша сям’я была партызанскай? — Бацька — намеснiк камандзiра атрада па гаспадарчай частцы, старэйшы брат Мiкалай — сакратар Бабруйскага падпольнага райкама камсамола (яго рэкамендаваў К. Мазураў). Я пачынаў як сувязны... Аднойчы пацiкавiўся, што запiсана ў маiм партызанскiм фармуляры, якi захоўваецца ў Дзяржаўным архiве ў папцы дакументаў былога партызанскага атрада iмя Арджанiкiдзе 37-й брыгады iмя Пар-хоменкi Мiнскага злучэння: «За час знаходжання ў атрадзе т. Тоўсцiк удзельнiчаў у баях i засадах па знiшчэнню жывой сiлы i тэхнiкi працiўнiка»... За ўдзел у партызанскiм руху ўзнагароджаны медалём «За адвагу». — Мабыць, менавiта вайна сфармiравала вас i як журналiста? — Першая падпольная газета, якую я ўбачыў, — «Бобруйский партизан». Яна выдавалася ў брыгадзе Вiктара Лiвенцава (iх называлi «вiктараўцамi»), рэдактарам быў Сяргей Крамнёў... А пiсаць i публiкавацца я пачаў ужо ў армейскiм друку — пасля вайны яшчэ шэсць з паловай гадоў служыў у армii, iшла барацьба з узброеным бандытызмам. У прафесiянальную журналiстыку мяне накiраваў у 1953 г. П.М. Машэраў — тады ён працаваў першым сакратаром ЦК камсамола Беларусi. А было так. Газета «Чырвоная змена» ў той час якраз пераходзiла на вялiкi фармат, журналiсцкiх кадраў не хапала. Таму рэдактар «Чырвонкi», пiсьменнiк Алесь Асiпенка, папрасiў Пятра Мiронавiча накiраваць мяне ў рэдакцыю: ведаў, што я ўмею пiсаць. Асiпенка быў рэдактарам ад Бога. Iмпульсiўны, добразычлiвы, смелы ў сваiх рашэннях, але i патрабавальны. Iншы раз нават занадта. Многае апраўдвалася тым, што пры станаўленнi газеты новага фармату рэдакцыйны партфель часам i пуставаў. Нярэдка бывала: вяртаешся з камандзiроўкi — i матэрыял пiшаш лiтаральна «з калёс». «Чырвонка» была надзвычай баявой газетай, карысталася вялiкай папулярнасцю. Мы былi смелымi журналiстамi — крытыкавалi, нягледзячы на асобы. — А кажуць, што ў той час усё было нельга? — Ну што вы!.. Калi рэдактарам «Чырвонкi» стаў Мiкалай Еўкавiч Дастанка, ад якога так i патыхала партызанскай вольнiцай, газета давала сапраўдны бой недахопам. Дастанка ў падполлi рэдагаваў слуцкую раённую газету, выпусцiў у лесе знакамiты зборнiк вершаў Анатоля Астрэйкi «Слуцкi пояс»... А ў сваiх перадавых артыкулах у «Чырвонцы» Дастанка крытыкаваў нават аддзелы ЦК камсамола. Я быў яго намеснiкам, кажу: «Еўкавiч, ну што вы робiце?..» А ён — не!.. Аднойчы я быў у камандзiроўцы ў Клецку, зайшоў у райкам камсамола: якiмi клопатамi жывуць?.. У госцi да клецкага сакратара прыехаў яго калега з Нясвiжа на новым матацыкле, i хлопцы бавiлi час. Ды i астатнiя работнiкi райкама нiчым талковым не займалiся. «Сфатаграфаваў» я адзiн райкамаўскi дзень, напiсаў артыкул са здзеклiвым загалоўкам «Абознiкi». «Падлiў масла» яшчэ i Дастанка, якi ў рэдакцыйным артыкуле спаслаўся на маю карэспандэнцыю. Карацей кажучы, «абознiкi» адчувалi сябе нiякавата. Праз некалькi гадоў мы ўсе працавалi ў адной высокай iнстанцыi. Адносiны памiж намi былi паважлiвыя. I ўсё ж аднойчы адзiн з «абознiкаў» упiкнуў мяне за тую карэспандэнцыю. «Бачыце, — жартаўлiва адрэагаваў я, — усё-такi крытыка пайшла на карысць: сталi працаваць лепей — i высокiя пасады ўрэшце атрымалi». — На працягу 13 гадоў вы былi галоўным рэдактарам газеты «Звязда»... — I на гэту пасаду мяне таксама «блаславiў» П.М. Машэраў. З 1 сакавiка 1973-га я ў «Звяздзе», рады, што працаваў у той час, калi ўлады давяралi журналiстам, газетам шэфства над ударнымi будоўлямi. «Звязда», напрыклад, шэфствавала над «Гомсельмашам», выходзiў i дадатак «Звязда» на мелiярацыi Палесся»... Трынаццаць гадоў пражыў у «Звяздзе». I ўвесь час настойлiва шукаў журналiсцкую «папараць-кветку». Неаднойчы быў старшынёй Дзяржаўнай экзаменацыйнай камiсii на факультэце журналiстыкi БДУ, «выхоплiваў» адтуль выпускнiкоў, у якiх заўважалiся iскрынкi таленту, некаторыя з iх працуюць у газеце i зараз. А колькi журналiстаў, выпеставаных у «звяздоўскай калысцы», разляцелася па iншых выданнях!.. У аддзеле прапаганды i агiтацыi ЦК сачылi за звяздоўскiмi кадрамi, i тыя мае «залацiнкi», якiя з такой цяжкасцю адшукваў, выплывалi на больш высокiя пасады. Як быццам i прыемна было за тых, каго вылучалi з рэдакцыйнага калектыву на павышэнне, але ж i я стамляўся ад патрэбы своечасова «латаць дзiркi» ў рэдакцыйным плоце. Бо творчы працэс iшоў няспынна... — Якiя якасцi, на ваш погляд, галоўныя для журналiста — незалежна ад часоў i эпох? — Адказнасць i аб’ектыўнасць. Прыгадваецца: неяк карэспандэнтка «Звязды» паклала на рэдактарскi стол даволi-такi ладны па аб’ёму крытычны матэрыял. «Распякала» ў iм дырэктара сярэдняй школы з «глыбiнкi». Усумнiўся, адчуваючы, што на вёсцы многае не прайшло б для яго беспакарана. Лiтаральна быў ашаломлены, калi на маё пытанне, цi сустракалася журналiстка з «героем» свайго допiсу, пачуў адмоўнае «не». «А дырэктар якраз у водпуску». «То i вы iдзiце ў водпуск. А як вернецеся, зноў накiруецеся ў вёску, пагутарыце з чалавекам», — параiў я. Так яно i адбылося. Вярнулася з вёскi журналiстка i папрасiла гэты матэрыял не друкаваць у газеце. Патлумачыла, што перадаверылася, на яе погляд, вельмi паважаным людзям, з якiмi мела размову... Аб’ектыўнасць i адказнасць патрабуюць ад журналiста мужнасцi, непадкупнасцi, непахiснасцi перад рознымi абставiнамi, чыстага сумлення i нават нечага ў характары ад Дон Кiхота. Каб змагацца не толькi з ветракамi, але i з няпраўдай, крыўдай, за чалавека, за яго гонар. Мо тады б з цягам часу знiкла з ужытку, адышло ў нябыт шырокавядомае азначэнне нашай прафесii як другой старажытнай. — Аб чым часцей думаецца зараз, на пачатку ХХI стагоддзя? — Аб спробах «пераасэнсаваць» падзеi Вялiкай Айчыннай вайны. Нярэдка асноўнае — галоўнае! — наўмысна замоўчваецца, а другараднае, неiстотнае, наадварот, падкрэслiваецца... Нядаўна прачытаў кнiгу нямецкага даследчыка Бернгарда К’яры «Штодзённасць за лiнiяй фронту. Акупацыя, калабарацыя i супрацiў у Беларусi (1941—1944)». Сур’ёзнае даследаванне, але iншы раз усё-такi бракуе аб’ектыўнасцi. Зусiм не зразумелая мне пазiцыя некаторых суайчыннiкаў. Сённяшнiя «апосталы», якiя, дарэчы, гэтае званне прысвоiлi самавольна, ды тыя радыкал-нацыяналiсты, што, як пiсалi раней, атабарылiся хто на Захадзе, а хто ў Амерыцы, лiчаць: калi б фашысты пасля прыходу больш лаяльна адносiлiся да тутэйшых, то яшчэ невядома, як бы яно было. А то селянiну (а ўся Беларусь, маўляў, была на той час сялянскай) нiчога не заставалася, як узяцца за стрэльбу... На Нюрнбергскiм працэсе ўстаноўлена: задача рускай кампанii — знішчэнне кожнага дзесятага са славянскага насельнiцтва, каб знiзіць яго колькасць на 30 мiльёнаў. Дысцыплiнаваным арыйцам было не да лаяльнасцi. Пераканаўся ў гэтым яшчэ раз, калi нядаўна прачытаў трохтомнiк I. Феста «Адольф Гiтлер» i паглядзеў фiльм «Трыумф волi» нямецкай дакументалiсткi, асабiстага фатографа фюрэра Ленi Рыфеншталь. Новыя «апосталы» стараюцца ў сваiх выказваннях прыклеiць усенароднаму руху ярлык «бандыцкая партызанка». Але ж канцы з канцамi ў iхнiх паклёпнiцкiх развагах не сходзяцца. Усе сяляне, як кажуць яны, ваявалi з акупантамi, i раптам яны ўсе бандыты?.. Творчасць наваяўленых лiтпаклёпнiкаў нiяк не заплямiць гонару Беларусi-партызанкi i слаўных iмёнаў соцень тысяч жывых i мёртвых народных мсцiўцаў. Яны сваю гiстарычную справу здзейснiлi. — Iван Шамякiн ва ўспамiнах узгадвае, што журналiст А. Тоўсцiк дапамог яму ў стварэннi рамана «Вазьму твой боль», падказаў тэму. — Сапраўды, аднойчы я расказаў пiсьменнiку, як сяльчане самасудам пакаралi палiцая — вяскоўца, якi вярнуўся з «адсiдкi». Не даравалi яму нават праз гады кроў людскую... Мне вельмi прыемна, што народны пiсьменнiк Беларусi Iван Шамякiн выступiў з прапановай назваць адну з вулiц беларускай сталiцы iмем газеты «Звязда», i Мiнгарвыканкам падтрымаў гэту iдэю. Праспект Газеты «Звязда» — гэта помнiк тым, хто выдаваў газету ў цяжкiх умовах нямецка-фашысцкай акупацыi, а таксама многiм пакаленням беларускiх журналiстаў, якiя сумленна пiсалi i пiшуць гiсторыю сучаснасцi. АД РЭДАКЦЫI. «Звяздоўцы» вiншуюць паважанага Аркадзя Апанасавiча Тоўсцiка з юбiлеем! Шчыра зычым добрага здароўя, душэўнага спакою, а таксама дабрабыту, настрою, аптымiзму яшчэ на многiя-многiя лiстапады!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Менавiта так успрымае яго Аркадзь Тоўсцiк — ветэран Вялiкай Айчыннай вайны, старэйшына беларускай журналiстыкi, заслужаны работнiк культуры Беларусi |
|