Нацыянальны герой Уладзiмiр КОПАЦЬ: «Са шведскiм варатаром, якога я пакрыўдзiў, мы сустрэлiся пазне
Вольга РАМАНЮК.
Тая шайба, якую забiў наш абаронца, iгрок нiжнякамскага «Нафтахiмiка» Уладзiмiр Копаць за дзве з паловай хвiлiны да заканчэння матча са шведамi, не забудзецца ўдзячнымi балельшчыкамi нiколi. Вядома, будуць i новыя перамогi, новыя закiнутыя шайбы, але 20 лютага 2002 года, дзякуючы Копацю, сапраўды стала гiстарычным не толькi для беларускага хакея — для ўсёй краiны.
Што на душы ў нашага героя сёння, калi алiмпiйскiя страсцi пакрысе пачынаюць астываць i жыццё вяртаецца ў сваё звыклае рэчышча? Сустрэлiся мы з iм у сталiчным аэрапорце перад самым вылетам у клуб. — Дзякуй Богу, што прыйшлi з Амерыкi мае рэчы, — сказаў Валодзя, — а то незапланаваная затрымка. Мог бы i не вылецець. — Што за гiсторыя з тваiм багажом? — Проста мы вельмi хутка перасаджвалiся з самалёта на самалёт: не паспелi загрузiцца. Таму вось толькi сёння мне даставiлi рэчы. — Як развiтвалiся з Амерыкай? — Нармальна. Паспеў купiць сувенiры i падарункi сваiм родным i блiзкiм. Дачцэ кофтачку, жонцы — бiрульку. — А пра сябе не забыўся? — У мяне ўсё ёсць. — Сапраўды, што трэба для шчасця хакеiсту, якi забiвае такiя шайбы? Цябе, цiкава, на допiнг-кантроль не выклiкалi — вельмi ўжо балючая рэакцыя была ў амерыканцаў на перамогi iншых каманд. — Менавiта мяне i правяралi. Звычайная працэдура. — Што паказаў тэст-кантроль? — Мне нiхто нiчога са спецыялiстаў не сказаў, але калi я гуляў наступны матч — значыць, усё ў парадку. — Як ты сам ставiшся да павышаных мераў кантролю? Такога раней на Алiмпiядах не было. — Нармальная з’ява. Алега Раманава тры разы вадзiлi на допiнг-кантроль — гэта ж не падстава для таго, каб казаць, што да нашага хакеiста нейкая асаблiвая цiкавасць. Як нам сказалi арганiзатары Алiмпiяды ў Солт-Лейк-Сiцi, лабаранты выбiралi спартсменаў па камп’ютару: якi нумар выпадае, той хакеiст i iдзе на працэдуру. Яны не глядзяць на той факт, як выступiў той цi iншы спартсмен. Напрыклад, я праходзiў допiнг-кантроль разам са шведскiм варатаром Томi Сала. Цяжкавата было ў тым сэнсе, што арганiзм павiнен быць абязводжаны. Мне прыйшлося тырчаць у лабараторыi тры гадзiны, таму што на алiмпiйскiм турнiры не прадугледжана пiва для спартсменаў. На чэмпiянатах свету такая працэдура праходзiць даволi хутка: дзве-тры бутэлечкi пiўца — i ўсё нармальна. Звычайна там спартсмену даюць пiва, каб хутчэй прайсцi тэст-кантроль, а на Алiмпiядзе — нельга. — Уладзiмiра Копаця ў Беларусi называюць цудам. А ты сам па жыццi верыш у цуды? — Зараз — так, а раней не верыў. — Казкамi зачытваўся ў дзяцiнстве? — I ў дзяцiнстве, i зараз прыходзiцца чытаць. Мой любiмы казачны персанаж — Iванка-дурань. — Цiкава, з чым у цябе асацыiруецца яго вобраз? — Разняволены малады чалавек. — ...Да якога i ты сябе далучаеш? — Напэўна, так. — Так разняволена пакрыўдзiў самога Сала? — Я не сказаў бы, што гэта было разняволена. Па-мойму, наадварот, быў напружаны час матча. — Позiрк шведскага варатара памятаеш, калi шайба ўляцела ў яго вароты? — Мяльком змог убачыць яго твар. Ну а пасля, як я ўжо сказаў, мы сустрэлiся з iм на допiнг-кантролi. Скажу так: не вельмi прыемны выраз твару быў у яго. — Што такое? — Па яго твары можна было сказаць, што ён i дасюль не разумее на самай справе, што адбылося ў матчы з беларусамi. Калi я праходзiў паўз шведскую раздзявальню пасля гульнi, карцiна, канешне, там была сумная. Усе хакеiсты не разумелi, чаму ўсё так здарылася. Нават iх трэнер на прэс-канферэнцыi сядзеў з бiлетам у руках i казаў: «У мяне бiлет у руках, нам прыйдзецца ляцець дадому, хаця мы разлiчвалi «парваць» беларусаў». Шведскiя газеты пiсалi: «Гэта была ўдалая гульня зборнай Беларусi. I гэта не самы лепшы наш матч». Я прачытаў iнтэрв’ю Томi Сала, дзе ён казаў, што спрабаваў у нейкi момант злавiць гэтую шайбу, а потым нешта быццам тарганула яго за руку — сам не ведае, што адбылося. Вiдаць, i на самай справе нешта адбылося. — Беларускiя балельшчыкi таксама не забудуць нiколi той памятны матч. — Ты лiчыш, што гэта шайба не забудзецца? — Не толькi я так лiчу, але, напэўна, i ўвесь беларускi народ. — Хацелася б у гэта верыць. Многiя газеты пiсалi па-рознаму пра гэтую шайбу, i кожны замежны карэспандэнт пытаўся: «Што адбылося?». А ў мяне быў адзiн адказ на гэтае пытанне: «Я не хацеў забiваць гол, але так атрымалася!». Калi я пачну апiсваць у дэталях, што я, напрыклад, паглядзеў, як стаiць варатар, разлiчыў усё, прыцэльна кiнуў, — то гэта не так. Гэта быў кiдок наўдачу. — Пасля таго, як прагучаў фiнальны свiсток арбiтра, што адчуваў наш герой? — Напэўна, не толькi я адчуваў гонар за нашу краiну. Вы ж бачылi радасць усiх нашых хакеiстаў. Гэтыя эмоцыi нельга перадаць словамi, калi абыгрываеш такую славутую каманду, як зборная Швецыi. — Героем матча, пагадзiся, Валодзя, усё ж такi быў ты? — Так мяне ўсе называюць, але я так не лiчу. Героем памятнага матча была ўся беларуская дружына. Той жа Андрэй Мезiн згуляў не горш, а можа, i лепш за мяне. Проста, галоўны кiдок зрабiў я, таму мяне i называюць героем. — Цябе, напэўна, насiлi на руках, налiвалi больш, чым звычайна, пiва? — Пасля той гульнi ўся каманда паехала ў рэстаран, а мне трэба было на допiнг-кантроль. Таму, калi я вярнуўся ў Алiмпiйскую вёску, то ўбачыў, што ўсе нашы хлопцы ўжо вярнулiся з гулянкi. Усе разумелi, што трэба было рыхтавацца да наступнай гульнi. — Дык табе налiлi куфаль пiва? — Ха-ха! Так. — Маглi б ужо дазволiць i гарэлачкi. У хакей жа гуляюць сапраўдныя мужчыны? — Я люблю менавiта беларускую гарэлку. Таму ўжо дачакаўся прылёту ў Мiнск i тут крыху расслабiўся. — Вы часам не запрасiлi бедных шведаў да сябе на агеньчык? — Гэта хакей, i тут не бывае двух выйгрышаў. Мы таксама прайгравалi — i амерыканцам, i фiнам, i расiянам — i нiхто ж не спрабаваў нас суцешыць. Усе проста фармальна вiншавалi: добрая гульня, малайцы! Якая добрая гульня, калi два матчы мы правялi з лiкам 1:8? Нашы хакеiсты разумелi, што такiм чынам нас спрабуюць падбадзёрыць i супакоiць. — Крыкуноў заставаўся аптымiстам? — У Крыкунова вельмi вялiкiя патрабаваннi да нагрузак. Трэнер i каманда выдатна выканалi сваю работу. Крыкуноў малайчына. Напрыклад, у матчы з амерыканцамi ў раздзявальнi ён настройваў нас на тое, што ўсё можна выправiць: забiць два цi тры галы, i гульня скончыцца з мiнiмальным лiкам. — На жаль, усё скончылася iнакш... — Проста мы памянялi тактыку i паплацiлiся за гэта. Паспрабавалi забiць, але яны нас злавiлi на контратацы. У наступных гульнях мы наступiлi на тыя ж граблi — пры лiку 2:1 прапусцiлi два галы. Цяжка гуляць пры такiм лiку. — Валодзя, а што за сiтуацыя склалася вакол прыезду Захарава? — Я чытаў у iнтэрв’ю Крыкунова, што Захараў пачаў муцiць ваду. Маўляў, не падыходзь да iгракоў, гэта мая каманда. А каманда, як жонка, павiнна быць у адных руках. Я размаўляў з Захаравым на гэтую тэму. Ён проста сказаў: калi мы абыгралi ўкраiнцаў, то французаў павiнны таксама перамагаць, таму што на Радзiме нас чакаюць з перамогай. Выхад у васьмёрку — вось якая задача стаяла перад камандай. I кроў з носа трэба было ўсё зрабiць для гэтага вынiку — i ўся размова. — Што больш за ўсё спадабалася на гэтай Алiмпiядзе? — Алiмпiяда сюрпрызаў. — А ты сам асабiста што ўспамiнаеш з цёплынёй у душы? — Атмасферу правядзення ўсiх спаборнiцтваў. Усе усмiхаюцца, вiтаюць адзiн аднаго. Чэмпiянаты свету, Алiмпiяды — гэта высокi ўзровень. I калi разам з табой майнейшыя хакеiсты свету, адчуваецца неперадавальны прылiў энергii. Зараз успамiнаю, як сядзеў побач з расiйскiм варатаром Ягорам Падамацкiм. Узяў у свае рукi бронзавы медаль, пакруцiў, праверыў на вагу — сiмпатычная штучка. — Нам бы такую? — Не перашкодзiла б, але што рабiць? Мы старалiся, але перамагае мацнейшы. — Пасля Алiмпiяды — чэмпiянат свету. Чаму б i не? — Спадзявацца можна на ўсё. Пастараемся максiмальна «вылажыць» свае сiлы. Невядома яшчэ, хто будзе трэнерам, хто зможа з хлопцаў прыехаць. Будзем змагацца за выхад у групу «А», бо нашы балельшчыкi нас проста не зразумеюць. Пасля такога ўдалага выступлення на Алiмпiядзе не выйсцi з групы «B» — правал. — Балельшчыкi хоць пазнаюць на вулiцах народнага героя? — Спакойна хадзiў два днi па Мiнску. Толькi не змаўкаў мабiльны тэлефон. Пачытаў усю беларускую прэсу. Такiя загалоўкi — «Цуда дома», «Копаць даў «копацi»!.. — Копаць дастойна паказаў сябе. Што ў планах? — Яшчэ б парачку такiх шайб на Алiмпiйскiх гульнях. А калi сур’ёзна, то хачу найперш, каб усе родныя былi здаровымi, жонка, дачка, каб у iх усё было добра, а я буду рабiць далей сваю работу. Жыццё пакажа. — Верыш у лёс? — Прыходзiцца. А як пасля ўсяго перажытага не верыць? Як мы толькi трапiлi ў васьмёрку, мог бы паехаць дадому. У гульнi з французамi мне стукнулi па руцэ, не мог клюшку трымаць, але трэнер прымаў рашэннi, каго адпраўляць, а каго пакiдаць. Бачыце, пакiнулi, я забiў гол. Значыць, лёс. Напрыклад, з дзяцiнства я займаўся футболам, але калi футбольны газон перамясцiлi на асфальт i я трэснуўся лбом аб бетон, то мая мацi сказала, каб я выбраў сабе iншы вiд спорту. Лёс? Ну а яшчэ я веру ў Бога. — Да чаго iмкнешся па жыццi? — Да багацця, i каб душа была чыстая. Усiм i ўсё трэба дараваць. — З нотай расчаравання? — Бываюць непрыемныя моманты. Але калi чалавек памыляецца, трэба яму прабачыць. — Хто твая асноўная падтрымка? — Сям’я. Калi ў мяне нешта не клеiцца ў жыццi, то я бачу, што са мной мая жонка i 6-гадовая дачка. — Як сустрэў сваю палавiнку? — Прозвiшча Скабелка табе нешта кажа? — Ну вядома. — Мая жонка — родная сястра хакеiста Андрэя Скабелкi. Мая Ала праходзiла практыку стаматолага ў iнстытуце. Мы яшчэ тады ў «Цiвалi» гулялi. Прыходзiць у раздзявальню аднойчы Андрэйка: «Не жадае хто-небудзь падлячыць зубкi бясплатна?». З каманды адзiн я смелы знайшоўся. Дасюль лячу. — Вольны час як бавiце? — На моры летам адпачываю па два тыднi, а асноўны час водпуску праводжу ў Мiнску. Вельмi шмат родных, блiзкiх i знаёмых. Люблю боўлiнг. У Чарапаўцы, калi адкрыўся боўлiнг, там праводзiлi ўвесь свой вольны час. — Азартны чалавек? — Не сказаў бы, але люблю i ў карты пагуляць: у тысячу, у падкiднога. Толькi не на грошы, а на пiва...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тая шайба, якую забiў наш абаронца, iгрок нiжнякамскага «Нафтахiмiка» Уладзiмiр Копаць за дзве з паловай хвiлiны да заканчэння матча са шведамi, не за
|
|