Копаць даў «копаці»!
Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ.
Тое, што адбылося ў мiнулую сераду у Алiмпiйскiм хакейным палацы ў першым чвэрцьфiнальным матчы памiж зборнымi Беларусi i Швецыi, можна называць па-рознаму — суперсенсацыяй, неверагодным шанцаваннем, усмешкай лёсу. Праўда, усе гэтыя меркаваннi можна аб’яднаць адным ёмкiм выразам — гiстарычнай перамогай беларускай зборнай над 7-разовымi чэмпiёнамi свету i ўладальнiкамi залатых алiмпiйскiх медалёў узору 1994 года. Вiншуем!!!
Да гэтага эпахальнага для нас матча на ўзроўнi зборных у афiцыйных матчах беларусы са шведамi сустракалiся чатыры разы. Статыстыка, няцяжка здагадацца, была на карысць скандынаваў — усе перамогi. Першая з лiкам 5:2 яшчэ ў 1993 годзе ў Маскве на сустрэчы на прыз «Известий». Такiя ж лiчбы былi на табло на АГ-98 у Нагана. Двойчы прайгравалi на сусветных першынствах — 1:2 i 0:7. I цяпер «зорная» каманда «Трэ Крунур», якая, за выключэннем трох хакеiстаў, складалася выключна з легiянераў Нацыянальнай хакейнай лiгi, збiралася без асаблiвых праблем павялiчыць станоўчы баланс. За дзень да сустрэчы з падначаленымi Уладзiмiра Крыкунова галкiпер шведаў Томi Сала, якi зараз абараняе колеры «Эдмантана», нават не падаваў выгляду, што сумняваецца ў перамозе сваёй каманды. «Не думаю, — зазначыў варатар скандынаваў, — што зборная Беларусi зможа прынесцi шмат непрыемнасцяў, паколькi мы ўпэўненыя ў сваiх сiлах i ўжо перамаглi тут такiх грандаў, як Канада i Чэхiя... Мы зараз проста на крылах лятаем. Фантастычны настрой». Цяжка меркаваць, цi хiтрыў настаўнiк шведаў Хардзi Нiльсан перад матчам з беларусамi, прымаючы сапернiка як «цёмнага конiка» i даволi сур’ёзную каманду. Несумненна, многiм балельшчыкам беларускай зборнай паказалася, што скандынавы проста не ацанiлi нас i вырашылi «закiдаць шапкамi». Але ж спадар Нiльсан шчыра казаў, што «...нi аб якiм расслабленнi i думкi быць не можа. У вас добрая сыграная каманда з яркiмi i вельмi вопытнымi выканаўцамi... Таму буду задаволены, калi выйграем з рознiцай ў адну шайбу». На шчасце, атрымалася з дакладнасцю да наадварот. Беларусы праз чатыры гады i чатыры днi ўзялi рэванш у шведаў за паражэнне ў Нагана i выйшлi ў паўфiнал. Калi арганiзатары турнiру заднiм чыслом не звядуць у гэтым паядынку «славянскую» пару Беларусь — Расiя (а размовы такiя пакуль ходзяць), то, згодна з папярэдняй «сеткай», нашы хакеiсты сёння ў тым жа 10-тысячным «Е-цэнтры» скрыжуюць клюшкi з камандай Канады, якая ў чвэрцьфiнале з лiкам 2:1 перамагла фінаў. Другi дуэт складуць расiяне i амерыканцы. Першыя на шляху да паўфiналу перайгралi чэхаў (1:0), а другiя — немцаў (5:0). Зрэшты, роўна 22 гады таму, 22 лютага 1980 года, у амерыканскiм Лейк-Плесiдзе гаспадары турнiру сенсацыйна выйгралi (4:3) у «зорнай» каманды СССР. Цяпер галоўны трэнер расiян Вячаслаў Фяцiсаў сказаў, што справай гонару для яго каманды будзе ўзяць рэванш у сённяшнiм паядынку. Як кажуць, яго б словы — ды Богу ў вушы. 21 лютага разыграна 7 камплектаў медалёў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тое, што адбылося ў мiнулую сераду у Алiмпiйскiм хакейным палацы ў першым чвэрцьфiнальным матчы памiж зборнымi Беларусi i Швецыi, можна называць па-ро
|
|