Андрэй ВАРДАМАЦКI: «Наша арыентацыя — празрыстасць сацыялагiчных даследаванняў...»
Таццяна ПАДАЛЯК
МЕДЫЯПРАСТОРА Тэма тэлебачання застаецца адной з самых рэйтынгавых у тэлефонных i пiсьмовых зваротах у рэдакцыю.Нагадаем, што ў iнтэрв’ю па просьбах чытачоў са старшынёй Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii Рэспублiкi Беларусь Я. Рыбаковым («Звязда», 8 кастрычнiка) размова iшла ў тым лiку пра мову вяшчання Першага нацыянальнага тэлеканала. Стратэгiчна-тактычныя змены, як аказалася, абапiраюцца i на вынiкi сацыялагiчных даследаванняў таксама: «Мы правялi шэраг сацыялагiчных даследаванняў, каб высветлiць, якое тэлебачанне павiнна быць у Беларусi, што жадае бачыць глядач», — адзначыў Ягор Уладзiмiравiч. Некаторыя звесткi, прадастаўленыя тэлерадыёкампанiяй па вынiках нацыянальнага апытання незалежнай лабараторыi аксiяметрычных даследаванняў «Новак», мы прыводзiлi ў публiкацыi. I канкрэтна: рэпрэзентатыўная выбарка — 1097 чалавек, «25,8 працэнта ўдзельнiкаў нацыянальнага апытання выказалiся за безагаворачнае ўвядзенне рускай мовы ў якасцi асноўнай для вяшчання Першага нацыянальнага тэлеканала. Крыху меншая колькасць рэспандэнтаў — 20,5 працэнта — адстойвалi ў якасцi асноўнай мовы тэлевяшчання беларускую. У адносiнах да вызначэння мовы iнфармацыйных праграм большая частка рэспандэнтаў жадалi б атрымлiваць навiны на рускай мове. Свой выбар рэспандэнты тлумачаць тым, што пры падачы навiн на рускай мове iм не патрабуецца «ўнутранага перакладу» тэксту. Большасць апытаных адзначаюць складанасцi ва ўспрыманнi iнфармацыi на беларускай мове...» Паступiўшыя ў рэдакцыю пытаннi ўмоўна можна падзялiць на тры часткi. 1) Чаму зусiм не бяруцца ў разлiк вынiкi апошняга перапiсу насельнiцтва: беларусамi назвалi сябе 81,2 працэнта грамадзян краiны (8 млн. 159.073 чал.); беларускую мову лiчаць роднай 73,7 працэнта насельнiцтва; мовай штодзённых хатнiх зносiнаў беларускую назвалi 36,7 працэнта жыхароў, а сярод беларусаў — 41,3 працэнта. 2) «Апыталi 1097 чалавек, але ж мяне не спыталi!» — абуралiся некаторыя чытачы i ўзгадвалi стары афарызм: добра было б, каб галасы не толькi падлiчвалiся, але i ўзважвалiся! 3) Хiба можна прымаць лёсаносныя рашэннi, калi разбежка галасоў «за» i «супраць» складае ўсяго 5,3 працэнта?.. I зноў гучаць просьбы чытачоў, на гэты раз: «Спытайце ў сацыёлагаў...». Сённяшнi госць «Звязды» — дырэктар незалежнай лабараторыi аксiяметрычных даследаванняў «Новак», доктар сацыялагiчных навук Андрэй ВАРДАМАЦКI. — Андрэй Пятровiч, адразу хачу ўдакладнiць: у ходзе праведзенага апытання якая iменна аўдыторыя Першага нацыянальнага тэлеканала даследавалася — рэальная цi патэнцыяльная? — У ходзе сацапытання даследавалася насельнiцтва краiны, а вось што яно глядзiць, якiм перадачам аддае перавагу — гэта i высвятляецца ў вынiку атрыманых звестак. — Праведзенае лабараторыяй «Новак» апытанне абазначана як «нацыянальнае...» — Вызначэнню «нацыянальны» ў дадзеным выпадку не надаецца нiякага палiтычнага сэнсу — маецца на ўвазе, што было праведзена агульнарэспублiканскае рэпрэзентатыўнае апытанне: прадстаўлена насельнiцтва на ўсёй тэрыторыi краiны ў тых прапорцыях, у якiх сегментавана беларускае грамадства ва ўзросце 15 гадоў i старэй. — Чытачы цiкавяцца: гэта было анкетаванне, або апытанне грамадзян на вулiцы, у транспарце, або тэлефоннае апытанне, або чыста «аўдыторнае» — калi апытваецца, напрыклад, студэнцкая група цi вайсковая часць... — Мы не займаемся такiмi, прабачце, непрафесiянальнымi глупствамi, як правядзенне апытанняў у «чырвоных кутках» вайсковых часцей! — А. Вардамацкi не хавае абурэння. — Калi ў кагосьцi склалася такое ўяўленне, дык гэта проста ад недасведчанасцi... Перш чым праводзiць апытанне, будуецца выбарачная сукупнасць — дакладная мiкрамадэль беларускага грамадства. Напрыклад, сярод 1097 рэспандэнтаў, прадстаўленых у згаданай вамi выбарцы, былi абсалютна аналагiчныя па сваёй вазе сегменты, як i ў грамадстве ў цэлым. Што маецца на ўвазе: калi ёсць пэўны працэнт жанчын у грамадстве — значыць, такi ж працэнт жанчын павiнен быць прадстаўлены i ў выбарачнай сукупнасцi; калi ёсць пэўная прапорцыя памiж сельскiм i гарадскiм насельнiцтвам — такая ж прапорцыя павiнна захоўвацца. Гэта датычыць i iншых паказчыкаў... Сур’ёзнае сацдаследаванне — гэта вельмi глыбока прадуманая тэхналогiя, апрабаваная гадамi практыкi. Наша лабараторыя працуе ўжо 11 гадоў, мы добра ведаем, як бездакорна правiльна будаваць выбарку, каб яна з’яўлялася дакладнай мiкрамадэллю грамадства. I гэта для нас, што называецца, «аз» i «букi»... Андрэй Пятровiч вельмi падрабязна расказаў, што ў працэсе даследавання сацыёлагi часцей за ўсё выкарыстоўваюць тры методыкi пабудовы выбарачнай сукупнасцi: адрасны падыход, квотны i метад выпадковага маршруту. Тэхналогiя i працэдура правядзення кожнай з гэтых методык уражвае тэарэтычнай абгрунтаванасцю, практычнай комплекснасцю. I ўсё ж... — I ўсё ж, Андрэй Пятровiч, мабыць, не выпадкова стала папулярнай нават сярод самiх сацыёлагаў прыказка: «Каков анкет — таков ответ»? — З гэтым сцвярджэннем, канешне, можна пагадзiцца — i можна прывесцi мноства прыкладаў, калi ўжо сама фармулёўка пытання прадвызначае адпаведны адказ. Так, даследуючы адносiны насельнiцтва да прыватнай уласнасцi на зямлю, можна задаць пытанне наступным чынам: «Цi лiчыце вы неабходным увядзенне прыватнай уласнасцi на зямлю, што прывядзе да iмклiвага росквiту беларускага сялянства?». Можна прадбачыць, якi будзе адказ... Але гэтае ж пытанне можна сфармуляваць i iнакш: «Цi лiчыце вы неабходным увядзенне прыватнай уласнасцi на зямлю, што прывядзе да бесчалавечнай эксплуатацыi беларускага сялянства?» — у такiм выпадку атрымаем зусiм iншыя вынiкi апытання. Задача прафесiянала заключаецца ў тым, каб не дапусцiць у фармулёўках пытанняў гэткiх суб’ектывiсцкiх зрухаў, каб фармулёўка пытання не дыктавала схiльнасць да акрэсленага адказу. ...Што датычыць даных па тэлевiзiйнай панэлi, то яны — абсалютна аднолькавыя! — паступаюць да ўсiх спажыўцоў: БТ, АНТ, СТБ, рэкламных агенцтваў i г. д. Дадам, што Нацыянальная тэлерадыёкампанiя не з’яўляецца нашым эксклюзiўным заказчыкам — гэта адзiн з многiх заказчыкаў, прычым не самы камерцыйна выгадны. I яшчэ варта адзначыць у сувязi з гэтым: апытанне па тэлебачанню — адно з многiх, (нашай лабараторыяй праводзiцца прыкладна па восем апытанняў у месяц). Нiякiх «рэкламацый» у дачыненнi да карэктнасцi-некарэктнасцi не паступала... Увогуле, для павышэння карэктнасцi сацыялагiчных даных iснуе шэраг праверачных працэдур, якiя праводзяцца на кожным этапе тэхналагiчнага цыкла. Па-першае, мы самi ажыццяўляем скрупулёзную ўнутраную праверку (па ўсiх накiрунках). Па-другое, мы адкрытыя для любых знешнiх праверак. Наша арыентацыя — празрыстасць сацыялагiчных даследаванняў на любым этапе. Нас, дарэчы, пастаянна правяраюць — i самi заказчыкi, i расiйскiя калегi, i заходнiя... Рэпутацыя — гэта для нас найважнейшая рэч. Таму нам прасцей страцiць любога з заказчыкаў, якому не падабаюцца вынiкi праведзенага сацдаследавання, чым страцiць рэнамэ. — Хачу вярнуцца да пытання аб вызначэннi мовы iнфармацыйных праграм. Нам паведамiлi, што большая частка рэспандэнтаў жадалi б атрымлiваць навiны на рускай мове, бо пры гэтым не патрабуецца «ўнутранага перакладу» тэксту... Такi варыянт адказу быў прапанаваны сацыёлагамi? — Пытанняў, звязаных з матывацыяй, у прапанаванай анкеце не было. Вось дакладная фармулёўка пытання: «Як вы думаеце, на якой мове павiнны выходзiць перадачы Першага нацыянальнага тэлеканала? (на рускай; на беларускай; некаторыя праграмы — на рускай, некаторыя — на беларускай)». Альбо: «Якiя перадачы павiнны выходзiць на рускай мове, якiя — на беларускай?» — i даваўся пералiк тэлеперадач i г. д. Матыў «унутранага перакладу» часта гучаў з вуснаў рэспандэнтаў у ходзе так званых фокус-груп — на iх i была спасылка. Наша задача — сацыялагiчна карэктна сабраць iнфармацыю, зрабiць аблiк даных i перадаць заказчыку-спажыўцу. Мы аддаём «чыстыя» звесткi — без нейкай арыентаванай у той цi iншы бок iнтэрпрэтацыi. Далей аналiтычную работу, высновы заказчык робiць сам. — Адразу вымалёўваецца дылема: варта ва ўсiм «патакаць», iсцi на повадзе грамадскай думкi — альбо ўсё ж iмкнуцца выхоўваць, узнiмаць грамадскую думку да пэўнага ўзроўню?.. — Амаль заўсёды ўзнiкае менеджарская праблема: прымаць рашэннi ў рэчышчы грамадскай думкi, масавых густаў i прыхiльнасцяў — альбо не. Я ведаю сiтуацыi, калi рашэннi прымалiся ў адпаведнасцi з сацыялагiчнымi данымi, — i сiтуацыi, калi рашэннi прымалiся насуперак грамадскай думцы. Прычым у абодвух выпадках магчымы станоўчы вынiк.Прынамсi, грамадская думка не можа з’яўляцца апошнiм аргументам пры прыняццi менеджарскага рашэння. Таму што, напрыклад, калi правесцi апытанне i спытаць людзей: «Цi трэба з заўтрашняга дня павысiць заработную плату ў два разы?» — пераважная большасць адкажа: трэба... Акрамя сацыялагiчных даных ёсць яшчэ мноства акалiчнасцяў i фактараў, якiя павiнен улiчваць менеджар, кiраўнiк, прымаючы найважнейшыя рашэннi... Радкi з пiсьма ...Як можа быць, што на беларускiм ТБ навiны на рускай мове? Яго ж (1-ы канал) яшчэ i ўключалi, мабыць, каб паслухаць навiны на роднай мове. А цяпер навошта яго i ўключаць, калi на рускай мове ў 20.30 «Нашы навiны», дарэчы сказаць, добра падрыхтаваныя. У Мiнску знайшлi 1000 гледачоў, што хочуць глядзець навiны на рускай мове, а я ў Паставах знайду больш, што хочуць чуць родную мову на нацыянальным ТБ, а па рэспублiцы колькi будзе? Ёсць надзея на новага мiнiстра iнфармацыi Русакевiча Уладзiмiра Васiльевiча. Ён жа настаўнiк i павiнен разабрацца, як выхоўвае наша сучаснае радыё i ТБ моладзь i дзяцей, як яно ўзнiмае настрой працоўным людзям i ўсяляе ўпэўненасць у заўтрашнi дзень усiм. Нiна ЗАХАРЭВIЧ, настаўнiца-пенсiянерка. г. Паставы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэма тэлебачання застаецца адной з самых рэйтынгавых у тэлефонных i пiсьмовых зваротах у рэдакцыю |
|