Гэты каварны батулiзм
Барыс ПРАКОПЧЫК
Нарыхтоўваючы прадукты ў запас i купляючы iх у несанкцыянаваных месцах, трэба не толькi праяўляць сваю гаспадарчую жылку, але i памятаць аб сур’ёзнай рызыцы для здароўя.
Тыповая «карцiнка» ля аднаго з гродзенскiх мiнi-рынкаў: на драўляных скрынках раскладзеныя невядома калi вырабленыя i прывезеныя, мабыць, з Польшчы сасiскi, каўбасы i вэнджанiна. А непадалёк гандляркi заклiкаюць прахожых паласавацца кансерваванымi прадуктамi хатняга прыгатавання, прапануючы i тушонку, i грыбы, i агуркi. Паслухаць, дык проста любата: танна i, канешне, на сто працэнтаў якасна. Але тут прыгадваецца вядомая перасцярога пра «ката ў мяшку». На жаль, не ўсiм. А калi iснуе попыт, то, вядома, ёсць i прапанаванне. Санслужба б’е трывогу: на працягу некалькiх апошнiх гадоў Гродзеншчына апярэджвае iншыя рэгiёны рэспублiкi па колькасцi захворванняў на батулiзм, i толькi летась яго ахвярамi стала каля дваццацi чалавек. Як правiла, гэта здаралася пасля ўжывання мясных прадуктаў (тушонкi, паштэтаў, шынкi), вырабленых у хатнiх умовах. Негатыўныя наступствы для здароўя былi таксама ад кансерваў хатняга прыгатавання з агароднiны i садавiны, грыбоў i агуркоў, вяленай, салёнай i вэнджанай рыбы, асаблiва калi гэтыя запасы захоўвалiся пры хатняй тэмпературы. Чым жа каварны батулiзм? Спецыялiсты падкрэслiваюць, што гэта цяжкае захворванне, якое паражае цэнтральную нервовую сiстэму чалавека, выклiкае нервова-паралiтычныя расстройствы, i без своечасовага лячэння не выключаны смяротны зыход. Узбуджальнiк батулiзму размнажаецца без доступу паветра, утвараючы таксiн (найбольш моцны з усiх вядомых ядаў) у глыбiнi шматкоў каўбасы, вяндлiны, рыбы альбо ў герметычна закрытых слоiках. Гэты таксiн у страўнiку i кiшэчнiку не разбураецца, а таму i атручвае чалавечы арганiзм. Прычым нi знешне, нi пахам паражоныя батулiзмам прадукты могуць i не выклiкаць падазрэнняў у сваёй якасцi. I, да таго ж, адзiн i той жа прадукт можа не прычынiць шкоды, дапусцiм, двум членам сям’i, а трэцi захварэе. Чаму? Справа ў тым, што iнфiцыраванне мясных i рыбных прадуктаў можа адбывацца на асобных участках. Першыя прыметы захворвання на батулiзм наступныя: расстройства зроку (заслона, сетка перад вачамi, дваенне ў вачах, пашырэнне зрэнак); сiмптомы парушэння глытання, сухата ў роце, смага; слабы сiпаты голас, невыразная мова; трывожаць слабасць, галаўны боль, галавакружэнне. Самалячэннем займацца нi ў якiм разе нельга — трэба тэрмiнова звярнуцца да ўрача, каб устанавiць дыягназ i квалiфiкавана змагацца з хваробай. Зрэшты, гэта самы горшы варыянт, калi батулiзм ужо робiць сваю чорную справу. А вось як яго не дапусцiць? На гэты конт санслужба нагадвае шэраг прапiсных iсцiн. Трэба старанна мыць прадукты, выдаляць часцiнкi глебы, не дапускаць, каб пры апрацоўцы птушкi, рыбы, мясных туш на iх трапляла змесцiва кiшэчнiка. Рыбу неабходна хутка выпатрашыць i пасля мыцця праточнай вадой да кансервавання захоўваць на холадзе. Дарэчы, у хатнiх умовах непажадана гатаваць кансервы з дробнай рыбы, бо яе цяжка чысцiць, не парушыўшы цэласнасць кiшэчнiка. Нельга кансерваваць ляжалыя, падсапсаваныя грыбы, садавiну i агароднiну. Засолку i марынаванне грыбоў рэкамендуецца праводзiць у негерметычна закрытай тары (бочкi, каструлi) у кiслым марынадзе з дабаўленнем солi. Посуд i накрыўкi перад кансерваваннем трэба як след вымыць i пракiпяцiць, а слоiкi пасля напаўнення тэрмiнова прастэрылiзаваць. Хатнiя кансервы i марынады павiнны захоўвацца ў халадзiльнiку альбо iншым халодным месцы, прычым перад ядой iх варта пракiпяцiць на працягу 15—20 хвiлiн i ў той жа дзень з’есцi. Калi ж бляшанкi ўздулiся (так званы «бамбаж»), то кансервы ўжываць нельга. I нарэшце, спецылiсты ў галiне гiгiены харчавання ў чарговы раз папярэджваюць, што купляць у несанкцыянаваных месцах неправераныя кансерваваныя прадукты хатняга прыгатавання вельмi небяспечна. Ля кожнага такога гандляра кантралёра не паставiш, i таму цi варта рызыкаваць сваiм здароўем?
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нарыхтоўваючы прадукты ў запас i купляючы iх у несанкцыянаваных месцах, трэба не толькi праяўляць сваю гаспадарчую жылку, але i памятаць аб сур’ёзнай
|
|