Непарадны Берлін
Леанiд ЛАХМАНЕНКА
НА СВАЕ ВОЧЫ (Працяг. Пачатак у нумары за 23 сакавіка.)Востры дэфiцыт сродкаў прымушае гарадскiя ўлады Берлiна эканомiць на ўсiх без выключэння накiрунках, у тым лiку i на выплатах сацыяльнай дапамогi. Моцную палiтычную дыскусiю i шырокi ўсплёск эмоцый выклiкала нядаўняе рашэнне аб адмене льготных праязных бiлетаў для «сацыяльшчыкаў» i заява аб неабходнасцi павялiчыць кошт месячнага праязнога з 20,4 да 58,5 еўра. Прычына — няма дзе ўзяць 17,4 млн. еўра датацый на праезд самых бедных слаёў насельнiцтва ў гарадскiм транспарце. Аднак гэтая спроба зэканомiць пацягнула за сабой столькi пытанняў i недарэчнасцяў, што складваецца ўражанне, быццам iнiцыятары пытання па сваёй волi трапiлi ў сваiмi ж рукамi расстаўленую пастку. Iх цяпер дзяўбуць i справа, i злева, i кожная палiтычная сiла спрабуе на гэтым зарабiць капiтал. Не паспелi берлiнцы ачомацца пасля гэтых рэформаў, як на гарызонце замаячыла чарговая — школьная. У наступным годзе дзецi пачнуць вучыцца з 5,5 года. Але гэта самая нiзкая планка. Ставiцца на мэце сярэднi ўзрост першакласнiкаў давесцi да 6 гадоў. А сам працэс навучання ўцiснуць у 12 замест ранейшых 13 гадоў. Сярод новаўвядзенняў — адмена тэста на гатоўнасць да школы, скасаванне падрыхтоўчых класаў. Цяпер рыхтаваць дзяцей да першага класа будуць дзiцячыя сады. Каб стаць першакласнiкам, з новага года прыйдзецца праходзiць моўны тэст. У выпадку няўдачы дзiця будзе абавязана закончыць спецыяльны курс нямецкай мовы. Тэст можна праходзiць i ў дзiцячым садку. А калi дзiця яго не наведвала i не здолела з першага разу прайсцi тэст, то яму ўсё роўна прыйдзецца паляпшаць веданне мовы на дадатковых занятках у школе. Гэты крок быў выклiканы аб’ектыўнымi прычынамi. У Берлiне жыве больш як 500 тысяч прадстаўнiкоў 185 нацыянальнасцяў. Многiя сем’i iншаземцаў, асаблiва мусульмане, жывуць замкнёнымi калонiямi, не асiмiлююцца ў тутэйшае асяроддзе, прытрымлiваюцца традыцый сваёй этнiчнай радзiмы, памiж сабой размаўляюць на «матчынай» мове. Адсюль i дрэннае веданне iх дзецьмi нямецкай мовы, што потым у школе дрэнна адбiваецца на iх вучобе. Вось яшчэ цiкавая рыса школьнай рэформы. Здольны вучань зможа праграму першага i другога класаў прайсцi за адзiн год, а той, каму цяжка ў вучобе, можа гэта задавальненне расцягнуць на 3 гады. Але ўжо ў пятым класе i далей намечана павелiчэнне ўрокаў, у першую чаргу па прыродазнаўчых прадметах. Цi вось яшчэ. Згодна з рэформай, дырэктары берлiнскiх школ атрымаюць большую свабоду ў распараджэннi фiнансавымi сродкамi. Напрыклад, змогуць самастойна вырашаць, што i дзе набываць для падтрымання нармальнага навучальнага працэсу. I хаця вострая дыскусiя ў сталiцы аб неабходнасцi школьнай рэформы вялася не адзiн год, рашэнне аб яе пачатку многiх бацькоў заспела знянацку. Iх нездаволенасць, зразумела, падхапiла апазiцыя i абрушылася з моцнай крытыкай на аўтараў рэформы. У прыватнасцi, за вышэйпамянёны моўны тэст. А жыццё тым часам падкiдвае ўсё новыя тэсты на трываласць. Пад удар жорсткай эканомii трапiла сталiчная палiцыя, што прамым чынам адбiлася на яе да гэтага шчыльных радах. Паводле даных прафсаюза берлiнскiх палiцэйскiх, з-за недахвату персаналу яны вымушаны дзейнiчаць ва ўмовах вострага дэфiцыту часу на расследаванне злачынстваў. Нават 1 мiльён звышурочна адпрацаваных летась палiцэйскiмi гадзiн iстотна не паўплываў на крымiнагенную сiтуацыю: з-за адсутнасцi людзей засталiся неразгледжанымi больш чым 5 тысяч заяў грамадзян аб учыненых злачынствах. Планы папаўнення берлiнскай палiцыi свежымi кадрамi моцна скарэкцiраваны. Сёлета мяркуецца ўзяць на работу 300 выпускнiкоў палiцэйскай школы, у наступным годзе — 150, а ў 2006—2007 гг. — нiводнага. Такое няпоўнае папаўненне не дазволiць запоўнiць усе шматлiкiя вакансii, якiя з’явяцца пасля выхаду на пенсiю калег сталага ўзросту. Калi нiчога не зменiцца, то ў 2007 годзе ў Берлiне будзе на 2100 палiцэйскiх менш, чым сёння. Усё б яно нiчога, калi б крымiнагенная абстаноўка ў горадзе мела ўстойлiвую тэндэнцыю да паляпшэння. Аднак толькi летась вулiчная злачыннасць вырасла на 22 працэнты, на 60 працэнтаў — колькасць праяў экстрэмiзму, на 20 працэнтаў павялiчылася арганiзаваная злачыннасць. Статыстыка ў мiнулым годзе зарэгiстравала iстотны рост дзiцячай i падлеткавай злачыннасцi. Каб пераламаць гэту сiтуацыю, эксперты раяць павялiчыць на некалькi соцень колькасць палiцэйскiх патрулёў у небяспечных кварталах горада, асiгнаваць дадатковыя сродкi на тэхнiчнае забеспячэнне раённых органаў унутраных спраў. Бо справа дайшла, як гэта нi дзiўна гучыць, да таго, што палiцэйскiм ужо не хапае спраўных бронекамiзэлек, сучасных сродкаў лiчбавай сувязi. Усё гэта дало падставу апазiцыi заявiць аб тым, што берлiнскую палiцыю чакае хуткi калапс, а горад неўзабаве захопяць крымiнальныя элементы. Дэфiцыт грошай моцна псуе настрой i моладзi. Амаль увесь гэты семестр бастуюць студэнты трох самых буйных унiверсiтэтаў Берлiна. Яны такiм чынам пратэстуюць супраць рашэння сената аб скарачэннi на 75 млн. еўра фiнансавання сферы вышэйшай адукацыi. Пра Берлiн, калi гаварыць пра яго непараднае жыццё, можна сказаць яшчэ i як пра горад няспраўджаных надзей. Сёння сярод яго 3 млн. 400 тыс. жыхароў вельмi шмат беспрацоўных — 18 працэнтаў ад працаздольнага насельнiцтва. Лiчба для такога буйнога мегаполiса сур’ёзная. Яе цiск адчуваецца ва ўсiх сферах жыцця. I ў той жа час дзесяткi тысяч людзей, сярод якiх шмат прадстаўнiкоў краiн СНД, працуюць у Берлiне нелегальна, цi, як тут гавораць, «па-чорнаму». Сёння, напрыклад, у зводках аб выяўленых нелегальных работнiках пераважваюць палякi. Яны моцна пацяснiлi з лiдзiруючых пазiцый украiнцаў i расiян. А вось беларусы, якiя працуюць «па-чорнаму», амаль не трапляюць у аблавы ў ходзе спецаперацый. Вiдаць, шанцуе. А можа нашы грэбуюць гэткiм заняткам? Маўляў, не царская гэта справа. Можа, i не царская, але вельмi выгадная для наймальнiкаў i нелегальных работнiкаў. Першыя маюць магчымасць плацiць нiжэй за iснуючыя тарыфы. Скажам, па закону ў будаўнiцтве мiнiмальная стаўка не павiнна быць менш чым 10,5 еўра ў гадзiну. А наймальнiк дамаўляецца з нелегалам на 7-8 еўра. Абодва бакi ў выйгрышы. А церпiць дзяржава. I вельмi iстотна. Бо ў Германii нелегальна падзарабляюць не толькi дзесяткi тысяч iншаземцаў, многiя з якiх не маюць не тое што дазволу на працу, але i права знаходзiцца ў краiне. Не цураюцца падзарабiць «пачорнаму» i самi немцы. Звычайна яны бяруцца за звышурочную працу ў фiрмах сваiх сяброў, знаёмых цi па месцы асноўнай работы. I такiх фактаў выяўляецца ўсё больш. Грамадзяне ФРГ, паводле даных Iнстытута нямецкай эканомiкi, складаюць 70 працэнтаў ад усiх работнiкаў-нелегалаў. Да сваiх працаўнiкоў «па-чорнаму» ў дзяржавы асаблiвыя прэтэнзii, таму што значная iх частка яшчэ атрымлiвае сацыяльную дапамогу. Сярод нямецкiх нелегалаў расце i доля маладых пенсiянераў, якiя да сваёй немалой пенсii (нашым старым такая i не снiлася) не супраць мець штомесяц дадаткова некалькi соцень еўра. Праблема росту даходаў нелегалаў на фоне крызiсу ў эканомiцы ўсё больш непакоiць улады Германiі. Страты бюджэту ад незаконнай працоўнай дзейнасцi штогод складаюць, паводле афiцыйных даных, 75 млрд. еўра. Уяўляеце маштаб лiчбы? Каб нейкiм чынам яе знiзiць, дзяржава ўзмацняе барацьбу з нелегаламi. Да канца мiнулага года яе вяла iнспекцыя па працоўнаму нагляду. Цяпер яе функцыi перададзены мытнаму камiтэту. Яго супрацоўнiкi разам з палiцыяй рэгулярна праводзяць нечаканыя рэйды па месцах традыцыйнай працы нелегалаў. Часцей за ўсё гэта рознага кшталту будоўлi, прадпрыемствы гандлю i грамадскага харчавання. Адрасы, як правiла, падказваюць «добразычлiўцы» з лiку суседзяў цi работнiкаў тых фiрмаў, гаспадары якiх наймаюць нелегалаў. Нярэдка «стукаюць» кiраўнiкi фiрмаў-канкурэнтаў. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Востры дэфiцыт сродкаў прымушае гарадскiя ўлады Берлiна эканомiць на ўсiх без выключэння накiрунках, у тым лiку i на выплатах сацыяльнай дапамогi. Моц
|
|