21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Лiсты з дарогi. Праз 95 гадоў

25.08.2009 21:20 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей ГРЫБ

ЛЮБЧА — ШЧОРСЫ

(Працяг. Пачатак у нумарах за 7 i 8 снежня).

***

«На рынку шмат рагатай скацiны i коней. Скацiна вельмi пекная; найбольш голендэрскаго i швыцкаго, хоць i не зусiм чыстаго, заводу... Добра, што Любча мае хоць тую славу, што гадуе добрую скацiну i коней; праўда, славiцца ешчэ Любча i добрымi гулякамi ў карты — прэферанса... Мае Любча i крамоў шмат, асаблiва аптэчных; чаму iх столькi тут набралося (бо ёсць i аптэка), каго яны лечаць, чы калечаць? — гэта ўжо iх сакрэт. На iншых вулiцах мястэчка панатыканы высокiе сухаватые тычкi; хто можа не сплючы сьнiць, таму можэ здавацца, што з iх будуць прысады... Дык усяго тут хапае; не хапае толькi вучылiшч. Мястэчка вялiкае, школа тут усяго адна, дык вучэнiкоў набiваецца паўнюсенька. Скончыўшы гэтую школку, хлопцам нiма куды дзецца, каб далей вучыцца, бо гарадзкога вучылiшча няма; нiмашэка, ведама, нiякiх i професiональных школ».

Хочаш пакрыўдзiць жыхара Любчы — назавi яго... вяскоўцам. Так, тых жа парсючкоў цi курэй тут трымаюць амаль што ўсе. А вось ужо рагулю — далёка не кожны. Магчыма таму i сышлi ў нябыт знакамiтыя любчанскiя кiрмашы, якiя ладзiлiся яшчэ ў 1970-х гадах. Не засталося ў любчанцаў i славы вялiкiх майстроў прэферансу. Карты, як кажуць, карысталiся вялiкай папулярнасцю паваенным часам — тады ў мястэчку iснавалi нават невялiкiя i, зразумела, нефармальныя гурткi аматараў гэтай гульнi. Але затым «прыярытэты» сталi iншымi — на «змену» картам прыйшоў тэлевiзар.

— Любча адметная ўжо тым, што яна з’яўляецца гарадскiм пасёлкам, — зазначае сакратар пассавета Тамара Фiлон. — Дом культуры, дзiцячая i «дарослая» бiблiятэкi, сярэдняя школа i дзiцячы садок, школа мастацтваў, фiлiял гарбыткамбiната, бальнiца, палiклiнiка, аптэка, участковая ветлячэбнiца — усё гэта ў нас ёсць, таму скардзiцца нiбыта не выпадае. Цяжкавата хiба што з працай, прычым як для жанчын, так i для мужчын.

Сёння большасць любчанцаў працуе ў сельгаскааператыве «Прынёманскi» — гаспадарцы на Навагрудчыне адной з найбольш «моцных». Апроч таго, значная колькасць мясцовых жыхароў занята ў сацыяльнай сферы. Ёсць у гарпасёлку свой сыраробны цэх, прыватныя крамы, урэшце, адразу дзве, зноў-такi прыватныя, цырульнi. Аднак не сакрэт, што некалi пералiк быў большы. Не так даўно тут працавалi цэх мясаперапрацоўкi, хлебапякарня, цэх па вытворчасцi напояў. Зараз iх ужо няма, бо вытворчасць лiчылася нерэнтабельнай. I да таго ж працягвалася скарачэнне насельнiцтва Любчы. Хоць гэта — тэма асобная.

Сама Любча з’явiлася яшчэ ў ХII стагоддзi i, што цiкава, з таго часу нiколi не губляла свайго значэння. Дастаткова сказаць, што ў сярэднявеччы тут, на крутым беразе Нёмана, паўстаў адзiн з найбольш значных у нашай краiне замкаў, тут мелi ўласны герб i тут жа працавала знакамiтая кальвiнiсцкая друкарня, якая выдавала не толькi рэлiгiйныя, але i свецкiя кнiгi па гiсторыi, фiласофii i медыцыне. Пазней, калi гэтыя землi ўвайшлi ў склад Расiйскай iмперыi, мястэчка набыло статус цэнтра воласцi, а за «польскiм часам» у 1920–1930 гадах — цэнтра гміны. Напэўна таму зусiм не выпадкова, што неўзабаве пасля аб’яднання Беларусi ўзнiк... самастойны Любчанскi раён. Раён праiснаваў на працягу 1940–1956 гадоў. А потым быў скасаваны.

— Сказаць, што рашэнне аб скасаваннi Любчанскага раёна было нечаканым — не сказаць нiчога, — адзначае былы дырэктар мясцовай школы, краязнаўца Мiхаiл Мiхайлавiч Карповiч. — Раён славiўся льнаводствам, быў сталым удзельнiкам «саюзнай» ВДНГ. I ўсе думалi, што з цягам часу тут з’явiцца свой iльнозавод. Аднак замест гэтага мы дачакалiся... чарговай тэрытарыяльнай рэформы.

Своеасаблiвы напамiнак аб ранейшай «самастойнасцi» — некалькi былых адмiнiстрацыйных будынкаў. Аднак казаць, што Любча цалкам «пераарыентавалася» на гарадскi манер, нельга. Напэўна, адна з прычын таго — дэмаграфiчны малюнак. Свайго прафесiйнага вучылiшча ў пасёлку так i не з’явiлася. Моладзь, як i ў пачатку стагоддзя, ехала вучыцца ў Мiнск, Навагрудак, Маладзечна. Вярталiся, вядома, не ўсе. У вынiку ж атрымалася што атрымалася — колькасць насельнiцтва Любчы працягвала хутка змяншацца... Праўда, мяркуе Мiхаiл Карповiч, адток людзей усё ж павiнен прыпынiцца. Пасёлак пераўтвараецца ў аграгарадок i, да прыкладу, толькi сёлета тут рэканструявалi цэнтральную плошчу, заасфальтавалi дарогi, узялiся за рамонт крамаў, Дома культуры, школы. I прычым рабiлi ўсё гэта не толькi «для сябе». Рана цi позна Любча павiнна стаць буйным турыстычным цэнтрам. Бо для гэтага тут ёсць, здаецца, усё — святая крынiца, Iльiнская царква пачатку ХХ стагоддзя, школьны краязнаўчы музей, калекцыi якога можа пазайздросцiць любы музей «раённы». Але цi не галоўнае, што i дагэтуль у гарпасёлку захавалiся рэшткi старажытнага замка.

«Трапiўшы ў Любчу, захацелося мне — ведама — глянуць зблiзку на белыя аграмнiстыя муры дворных палацоў i на тамтэйшыя парадкi. Заўсёды чэлавек спадзяецца ў такiх вялiкiх дварох угледзiць што колечы цiкавае i карыснае для сябе: мо дрэўка фруктовае iначэй вядзецца, мо кусьцiк якi новы з ягадамi, мо будынiна на новы лад пастаўлена, чы прылады якiе гаспадарскiе незнаные заведзены. Падыходжу да брамы, ажно ўжо i навiна ёсць: вiсiць дошчка, а на ёй напiсано «Вход воспрещается». Здарылося мне, помню, некалiсь-то быць каля Маладэчны: бачыў я там на аднэй дворнай браме доўгую, шырокую дошчку с такiм надпiсам: «Мiлосьцi просiм!» Зразу знаць было, што там жыве чэлавек i наш брат-славянiн, сэрцэ катораго для госьця, як адчыненая брама...»

Прайсцi на тэрыторыю Любчанскага замка можна без анiякiх перашкод. Цяперашнi замак — гэта некалькi асобных будынкаў i дзве вежы. Прычым усе яны — у не самым прывабным стане.

Расказваюць, што замак, якi стаiць на высокiм беразе Нёмана, моцна пацярпеў у час Першай сусветнай вайны. Якраз па лiнii ракi, з восенi 1915 па восень 1918 года, стаяў фронт. I тут жа iшлi баi... Спроба адрадзiць адметны архiтэктурны комплекс была зроблена за «польскiм», а затым ужо i за «савецкiм» часам. Больш таго, у перабудаваным панскiм доме размясцiлася мясцовая школа, а потым — вучэбна-вытворчы камбiнат. Такiм чынам, гаспадары тут былi. А вось грошы ў iх — не заўсёды. Таму пакрысе Любчанскi замак стаў прыходзiць у заняпад. I невядома, як склаўся б яго лёс надалей, калi б у рэшце рэшт тут не пачалiся аднаўленчыя работы. Пакуль выпадае казаць толькi аб першых кроках: летась i сёлета тэрыторыю комплексу расчысцiлi ад смецця, пазразалi старыя дрэвы, «апранулi» адну з вежаў у новы дах. А яшчэ прывезлi колькi дзесяткаў валуноў — для таго, каб з цягам часу злучыць дзве вежы сцяной. Словам, пачатак ужо нiбыта ёсць. Працяг будзе?

***

«Шчорсоўская земля надта добрая, але каля яе трэба умела хадзiць, i да выработку яна вельмi цяжкая. Ужо на што дворная — як даведзена, а i то ў пружыновую барану запрагаюць чатырох валоў; ды якiх валоў! Штука ў штуку з бараны не менш соткi рублёў варта, а i iм, вiдаць, ня лёгка прыходзiцца. Ураджаi, праўда, наўздзiў пекныя... Даўней шчорсоўская дворная гаспадарка лiчылася першай на ўсю Расею; цяпер, кажуць, тут крыху слабей iдзе; тымчасам на iншых мейсцох некаторыя двары хапiлiся за розум i так сама павялi гаспадарку сваю на загранiчны спосаб, — вось, цяпер i зраўнавалiся с Шчорсамi. А вядомая рэч, чым лепшая культура ў дварэ, тым i суседнiе вёскi, прыгледаючыся, болей чаго добраго навучацца i самi лепш гаспадараць».

У самым цэнтры цяперашнiх Шчорсаў кiдаецца ў вочы велiчны будынак Свята-Дзмiтрыеўскай царквы канца ХVIII стагоддзя. А таксама адразу тры помнiкi: загiнуўшым пад час Вялікай Айчыннай вайны, Ленiну i... Шчорсу. Зрэшты, варта заўважыць адразу: апошнi да вёскi мае хiба што ўскоснае дачыненне. Помнiк, тлумачаць мясцовыя, з’явiўся тут толькi таму, што iмя Шчорса некалi насiла тутэйшая гаспадарка. I дадаюць, што назвалi б гаспадарку ў гонар, прыкладам, Будзённага — пэўна, стаяла б у вёсцы скульптура легендарнага кавалерыста...

Жарты жартамi, а сам факт устаноўкi «калгаснага» помнiка — больш чым паказальны. Мясцовая гаспадарка, што мае зараз назву сельгаскааператыў «Шчорсы», не была ў аўтсайдарах нiколi. Нiбыта добра iдуць справы i сёння, прынамсi, тут пакрысе купляюць новую тэхнiку, вырошчваюць бычкоў, што важаць да паўтоны, атрымлiваюць высокiя ўраджаi збожжа i, натуральна, — някепскiя ў параўнаннi з iншымi зарплаты. Нездарма для мясцовых людзей сельская гаспадарка была i застаецца асноўным заняткам. Прычым гаворка iдзе не толькi аб месцы працы. Тыя ж «бюджэтнiкi» абавязкова будуць мець уласны агарод, вырошчваць бульбу, агароднiну, збожжа для свойскай жывёлы. Справа атрымлiваецца выгадная. I не ў апошнюю чаргу — зноў-такi дзякуючы багатаму ворыву.

— Некалькi стагоддзяў Шчорсы належалi Храптовiчам, тут быў збудаваны iх палац, а, як вядома, нiводны граф i нiводны буйны памешчык нiколi не «садзiўся» на кепскiх землях, — зазначае старшыня мясцовага сельвыканкама Вiктар Свёкла. — Вiдаць, гэта сталася i прычынай таго, што сама вёска традыцыйна лiчылася вялiкай. Зараз у нас ёсць амаль уся iнфраструктура, налiчваецца больш чым 600 жыхароў, i, трэба меркаваць, што гэта яшчэ не мяжа. Бо хутка тут мяркуецца стварыць аграгарадок. I ў сувязi з гэтым — будаваць новае жыллё.

Тым часам спадзяваннi на аграгарадок — асаблiвыя. У блiжэйшы час, кажа Вiктар Свёкла, давядзецца канчаткова вырашыць лёс мясцовага дзiцячага садка. Варыянты тут наступныя — або будаваць новае памяшканне, або аб’ядноўваць садок са школай. Але ў любым выпадку цяперашнi яго будынак пустым не застанецца. Сюды павiнны пераехаць аддзяленнi сувязi i банка. Таму сам будынак не загiне. Тым больш, што гэта — не што iншае, як... флiгель былога палаца Храптовiчаў.

— Апроч старажытнай царквы i гаспадарчых пабудоў колiшняга палаца ў Шчорсах ёсць яшчэ некалькi помнiкаў даўнiны, — працягвае Вiктар Свёкла. — Скажам, у нас засталася былая вяндлярня Храптовiчаў. Гадоў дзесяць таму сiламi мясцовай гаспадаркi ў вяндлярнi, якая выкарыстоўвалася пад склад, перакрылi дах. Сёння вяндлярня стаiць пустая, аднак галоўнае тое, што ў рэшце рэшт яна захавалася.

Нашмат больш цяжкае становiшча са славутай бiблiятэкай Храптовiчаў. У 1913 годзе найбольш каштоўная частка кнiгазбору была вывезена на захоўванне ў Кiеўскi унiверсiтэт. Як лiчылася — часова. Але... Спробы вярнуць рэдкiя кнiгi ў Беларусь былi. Яшчэ ў пачатку 1920-х наркам асветы БССР неаднаразова звяртаўся з гэтай просьбай да наркама асветы Украiны. Паўставала такое пытанне i ў першыя гады iснавання суверэннай Беларусi — у першай палове 1990-х. Разам з тым рэдкiя кнiгi застаюцца ва Украiне i сёння. I цi адбудзецца ўсё ж iх вяртанне — невядома дагэтуль.

Аднак страта унiкальнай калекцыi, на жаль, аказалася не адзiнай. Сёння пад пагрозай сам будынак былой бiблiятэкi Храптовiчаў. Напрыканцы 1980-х мясцовая гаспадарка аднавiла дах бiблiятэкi. А затым сюды ж меркавалася перанесцi кантору. Але ўзнiкла праблема: будынку патрабаваўся не проста рамонт, а сапраўдная рэстаўрацыя. З захаваннем усiх гiстарычных дэталяў. А гэта ўжо буйныя грошы. I якраз iх няма. Таму, вiдаць, цi не адзiнай адметнай падзеяй апошняга часу сталiся здымкi ў памяшканнях бiблiятэкi часткi першага беларускага серыяла «Пракляты ўтульны дом». У астатнiм жа ўсё застаецца без змен. Смецце, напаўразбураная падлога, дзе-нiдзе здзёртая тынкоўка, птушкi — вiдовiшча, пагадзiцеся, не з прыемных...

... Неяк давялося пабываць у Чэхii, шмат пахадзiць па тамтэйшых замках, палацах, касцёлах. Падчас цi не кожнага наведвання помнiкаў за межамi буйных гарадоў эксурсаводы як бы мiж iншым заўважалi, што яшчэ 15—20 гадоў таму амаль уся гэта раскоша знаходзiлася, мякка кажучы, у не вельмi прывабным стане. А выратаваць яе ўдалося толькi дзякуючы ахвяраванням, i, што цiкава, перш-наперш прыватных асоб. Сёння прозвiшчы гэтых фундатараў пабачыш на адмысловых шыльдах i прычым на самых бачных месцах. Бо, лiчаць чэхi, гэта таксама гiсторыя. А яшчэ — прыклад для iншых.

Навагрудскi раён.

(Працяг будзе).


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика