Самыя светлыя святы: 110 гадоў з пачатку электрыфiкацыi Мiнска, 60 гадоў з дня ўтварэння УП «Мiнскi
Таццяна ШУПЕНЬКА
Мала хто са сталiчных жыхароў ведае, што сёлета можна шчыра святкаваць, у дадатак да ўсiх ужо адсвяткаваных, яшчэ два вялiкiя юбiлеi: 110 гадоў з пачатку электрыфiкацыi Мiнска i 60 гадоў з дня ўтварэння прадпрыемства «Мiнскiя кабельныя сеткi», якое гэты здабытак цывiлiзацыi i ўсё, што з iм звязана, абслугоўвае. Зразумець значэнне гэтых святаў не складана — дастаткова ўключыць фантазiю i выключыць электрычнасць. Нi тэлевiзара, нi халадзiльнiка, нi электралямпачак, прамысловасць стаiць, транспарт таксама амаль увесь стаiць, не працуюць камп’ютары, Iнтэрнэт. Крах постiндустрыяльнай цывiлiзацыi. Сапраўды, перабольшыць ролю электрычнасцi ў нашым сённяшнiм жыццi немагчыма. Калi вы так не думаеце, паспрабуйце ўявiць хоць бы не самы вялiкi горад, у якiм з-за адсутнасцi электраэнергii не дзейнiчаюць водаправод i каналiзацыя... З роляй электрычнасцi, думаю, разабралiся. Вы яшчэ сумняваецеся, цi варта святкаваць юбiлей Мiнскiх кабельных сетак? А што наша тэхнiка без людзей? Без iх зладжанай квалiфiкаванай працы, без догляду i абслугоўвання? А каб даведацца падрабязней пра аб’екты святаў — чытайце далей.
Крыху гiсторыi Першая электрастанцыя ў Мiнску была пабудавана ў 1895 годзе. Яна складалася з дзвюх паравых машын магутнасцю 50 i 100 конскiх сiл з трыма дынама-машынамi пастаяннага току напружаннем 120 вольт i токам 250 ампер кожная. Размяшчалася станцыя ў раёне моста на перасячэннi праспекта Незалежнасцi і Свiслачы, каля будынка сённяшняга цырка. Па паветраных сетках, даўжыня якiх складала спачатку толькi 15 кiламетраў, забяспечвала электрычнасцю цэнтральную частку горада, дзе размяшчалiся пераважна дамы заможнай часткi мiнчан. З 1911 года паветраныя лiнii пачалi замяняць падземнымi кабелямi, агульная даўжыня якiх склала 7,2 км, у той час як паветраныя сеткi працягнулiся ўжо на 81,5 км. З 1924 г. пачалi праводзiцца работы па пераабсталяванню электрастанцый i сетак на пераменны трохфазны ток напружаннем 6 кВ. Пачалося фармiраванне новых прынцыпаў будаўнiцтва электрасетак, у якiя закладвалiся першыя патрабаваннi надзейнасцi электразабеспячэння спажыўцоў. У гэты час у схеме цэнтральнай часткi горада прымянялiся кабелi на 6 кВ з меднымi жыламi сячэннем 10—35 кв.мм у размеркавальнай сетцы i 50—70 кв.мм — у сiлкавальнай, было прадугледжана ўзаемарэзерваванне сiлкавальных лiнiй. Падчас Вялiкай Айчыннай вайны энергетычнай гаспадарцы горада быў нанесены вялiзны ўрон, але намаганнi калектываў энергетыкаў, будаўнiкоў i мантажнiкаў дазволiлi ўжо ў вераснi 1944 года даць першы ток пасляваеннаму Мiнску. А вось i пачатак гiсторыi УП «Мiнскiя кабельныя сеткi»: 30 сакавiка 1945 г. на базе Упраўлення сетак i падстанцый было створана самастойнае прадпрыемства — Мiнскi сеткавы вузел. У 1949 г. Мiнскi сеткавы вузел быў перайменаваны ў Мiнскiя электрасеткi Беларусэнерга; у 1956 г. — у Мiнскi ўчастак гарадскiх сетак; у 1960-м — у Мiнгар-электрасеткi. Са снежня 1987 г. прадпрыемства называецца УП «Мiнскiя кабельныя сеткi». З будаўнiцтвам горада i яго развiццём з кожным годам павялiчваецца працягласць электрычных сетак, узрастае нагрузка на iх. Разам з тым укараняюцца новыя эфектыўныя тэхналогii. Дзень сённяшнi... УП «Мiнскiя кабельныя сеткi» з’яўляецца адным з буйнейшых у беларускай энергасiстэме i ўваходзiць у дзесятку буйнейшых гарадскiх электрасеткавых прадпрыемстваў СНД. Аснову яго складаюць 5 электрасеткавых раёнаў, 19 аддзелаў i службаў, сярод якiх — служба цэнтралiзаванага абслугоўвання i рамонту, механiчныя майстэрнi, служба аўтатранспарту i iнш. На Мiнскiх кабельных сетках працуе больш за 800 чалавек. А вось што яшчэ расказаў мне пра работу свайго прадпрыемства яго дырэктар Сяргей Лазоўскi. — На сённяшнi дзень электраэнергiю для спажыўцоў горада выпрацоўваюць тры цеплавыя электрастанцыi. Наша гаспадарка ўключае ў сябе 26 панiжальных падстанцый 110 i 35 кВ, 1941 трансфарматарную i размеркавальную падстанцыю 6—10 кВ. Працягласць электрычных сетак складае 5950 км. Агульны аб’ём абслугоўвання складае 46 238 умоўных адзiнак, штогод ён павялiчваецца ў сярэднiм на 850. Размеркаванне электраэнергii ажыццяўляецца па кабельных i паветраных лiнiях напружаннем 0,4, 6, 10, 35 i 110 кВ. Акрамя падстанцый, трансфарматараў, паветраных i кабельных электралiнiй, якiя знаходзяцца на балансе нашага прадпрыемства, УП «Мiнскiя кабельныя сеткi» па дагаворах абслугоўвае абсталяванне i сеткi, што знаходзяцца на балансе спажыўцоў, якiя не маюць магчымасцi выконваць гэтыя работы самастойна на належным узроўнi. Так, за гэты год было заключана 56 дагавораў на аператыўна-тэхнiчнае абслугоўванне, сумарны аб’ём якiх складае 5668 умоўных адзiнак. — Усе разумеюць, што энергетыка вялiкага горада павiнна быць надзейнай з запасам. I ўсё ж на фоне мiнулагоднiх амерыканскага i маскоўскага энергакрызiсаў узнiкае заканамернае пытанне: цi не пагражае тое самае i нашай сталiцы? — Такое амаль немагчыма, нават з тэарэтычнага пункту гледжання. За маю бытнасць у мiнскай энергетыцы не было нiводнага выпадку адключэння цэлага мiкрараёна. Наша энергасiстэма заўсёды была цэнтралiзаваная, i пытаннi надзейнасцi знаходзiлiся пад пiльнай увагай вышэйшага кiраўнiцтва. З пачатку 70-х гг. у сталiцы шырока выкарыстоўваюцца схемы падсiлкоўвання спажыўцоў з дзвюх незалежных крынiц — такiм чынам арганiзавана энергазабеспячэнне ўсiх новых раёнаў г. Мiнска. Цэнтральныя ж раёны забяспечваюцца энергiяй па яшчэ больш надзейнаму прынцыпу папярочных сувязяў. Арганiзацыя работ па эксплуатацыi i рамонту электрычных сетак горада пабудавана па змешанаму прынцыпу. Па-першае, сучасны Мiнск падзелены ўжо на пяць раёнаў па тэрытарыяльна-функцыянальнай адзнацы. Тэрытарыяльнае адзiнства раёнаў дазваляе ў значнай ступенi павысiць аператыўнасць i якасць абслугоўвання i пры гэтым знiзiць затраты сродкаў i рабочага часу. Прадпрыемства ажыццяўляе кругласутачны кантроль за станам электрасетак горада. Пастаянна працуюць 7 аператыўна-выязных брыгад, аснашчаных спецыяльным аўтатранспартам, сродкамi сувязi, камплектамi прыбораў i сродкаў аховы. Вялiкую ролю ў паспяховай рабоце прадпрыемства адыгрывае высокi прафесiяналiзм персаналу. Таму штогод каля 170 энергетыкаў Мiнскiх кабельных сетак праходзяць праз курсы павышэння квалiфiкацыi, каля 30 работнiкаў вучацца на завочных цi вячэрнiх аддзяленнях ВНУ i тэхнiкумаў па выбранай спецыяльнасцi. Дарэчы на прадпрыемстве працуюць 12 чалавек, якiя маюць званне «Ганаровы энергетык рэспублiкi» i 28 — «Выдатнiк энергетыкi». — Сяргей Аляксандравiч, якiя задачы ставяцца перад Мiнскiмi кабельнымi сеткамi на наступны год? — У планах нашага прадпрыемства застаецца падтрыманне ўзятага курсу на мадэрнiзацыю нашых фондаў за кошт укаранення сродкаў лiчбавай электроннай аховы, аўтаматызацыi вытворчых працэсаў, прымянення новага тэлемеханiчнага абсталявання i iнтэлектуальных сiстэм кiравання. У блiжэйшыя гады прадпрыемства будзе працаваць у рамках распрацаванай да 2008 г. праграмы. Яна прадугледжвае распрацоўку схемы Мiнскай энергасiстэмы з перспектывай да 2020 г., будаўнiцтва новых i рэканструкцыя iснуючых падстанцый, перавод размеркавальнай сеткi цэнтральнай часткi Мiнска на напружанне з 6 на 10 кВ, замену маральна састарэлага абсталявання. Пра тэхнiку новую i ... не новую... З кожным годам расце працягласць электрасетак, павышаецца іх аснашчанасць навейшымі тэхналогіямі, будуюцца сучасныя лiнii электраперадачы, павялiчваецца водпуск электраэнергii спажыўцам. I ў той жа час матэрыяльная база старэе i зношваецца, патрабуючы рэканструкцыi i рамонту. На УП «Мiнскiя кабельныя сеткi» пытаннямi i новай, i ўжо не новай тэхнiкi займаецца вытворча-тэхнiчная служба, з начальнiкам якой, Мiхаiлам Бычковым, мне давялося пагутарыць. — Мiхаiл Дзмiтрыевiч, пры ацэнцы надзейнасцi работы абсталявання вялiкая ўвага ўдзяляецца паказчыку яго зношанасцi. Як справы з гэтым пытаннем на прадпрыемстве? — Шкада, але праблему зношанасцi асноўных фондаў мы вымушаны трымаць у цэнтры ўвагi. Калi параўноўваць з паказчыкамi па iншых галiнах эканомiкi i нават з многiмi iншымi энергетычнымi прадпрыемствамi, то працэнт адпрацаваўшага сваё абсталявання па Мiнскiх кабельных сетках не вельмi высокi — каля 25 працэнтаў. Але трэба ўлiчваць, што з-за дынамiчнага развiцця нашай сталiцы нагрузкi на гэтае абсталяванне растуць з кожным днём. Штогод патрэба горада ў электраэнергii павялiчваецца на 15 працэнтаў. Пры гэтым сёння патрабуюць замены больш за тысячу кiламетраў кабельных лiнiй. Кожны год на правядзенне рамонтных работ мы трацiм больш як 2 млрд руб. Сёлета мы па плану выканалi капiтальны рамонт 4 падстанцый 110 кВ. Усяго было адрамантавана 361 размеркавальная i трансфарматарная падстанцыя, 1207 участкаў кабельных лiнiй i 108 км паветраных лiнiй электраперадач. Акрамя таго, штогод мы праводзiм планавыя замены адслужыўшых сваё маламасленых выключальнiкаў 10 кВ на выключальнiкi з вакуумнай цi элегазавай iзаляцыяй, укараняем сродкi аховы i аўтаматыкi на базе лiчбавай рэлейнай апаратуры. Пры правядзеннi рамонтных работ мы стараемся выкарыстоўваць перадавыя, найноўшыя тэхналогii i матэрыялы, якiя не толькi павышаюць якасць i прадукцыйнасць працы, але i павялiчваюць надзейнасць i тэрмiн службы канструкцый i абсталявання, знiжаючы ў вынiку затраты на рамонт. — Цi ўплывае пара навагоднiх святаў на работу энергетыкаў горада? — Для энергетыкаў гэта не проста святочныя i перадсвяточныя днi — гэта перыяд самай актыўнай працы. Звычайна ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня нагрузка на электрасеткi ўзрастае на 30—35 працэнтаў. Нават не самае зношанае абсталяванне не вытрымлiвае такiх скачкоў. Таму пад Новы год магчымасць пашкоджання лiнiй i абсталявання павялiчваецца, збоi здараюцца асаблiва часта. Ацэньваючы вопыт папярэднiх гадоў, энергетыкi загадзя рыхтуюцца да таго, каб забяспечыць устойлiвую работу энергасiстэмы ў рэжыме павышаных нагрузак. I трэба адзначыць, што за апошнiя гады сур’ёзных аварыйных сiтуацый у навагоднiя святы ў Мiнску не ўзнiкала.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мала хто са сталiчных жыхароў ведае, што сёлета можна шчыра святкаваць, у дадатак да ўсiх ужо адсвяткаваных, яшчэ два вялiкiя юбiлеi: 110 гадоў з пача
|
|