Кожны трэцi беларус — з «пластыкам»...
Iгар ШЧУЧЭНКА
У ходзе ўсеагульнай «банкаматызацыi» ўсё большая колькасць беларусаў становяцца ўладальнiкамi пластыкавых картак: прычым пераважная большасць людзей пластыкавыя прамавугольнiкi атрымлiваюць прама на працы — на «пластык» пералiчваецца зарплата. Нехта лiчыць, што гэта вельмi зручна: напрыклад, няма неабходнасцi пастаянна трымаць пры сабе значныя сумы наяўных грошай, рызыкуючы iх страцiць. Тым жа, хто прызвычаiўся атрымлiваць грошы старым добрым спосабам i хто цяжка «перабудоўваецца», лiчаць за лепшае адцягнуць да апошняга пераход на картку i не звязваць свой быт з «пластыкам».
I справа нават не ў тым, што карыстацца карткамi трэба навучыцца. А вось тыя ж чэргi ля банкаматаў, якiя сёння яшчэ назiраюцца, — iстотны мiнус для патэнцыяльных карткаўладальнiкаў. Не падабаецца людзям i тое, што, здымаючы грошы ў банкамаце не свайго банка, яны губляюць ад 1 да 3 працэнтаў камiсiйнага збору ад сумы, якая здымаецца. Банкi ж, наадварот, зацiкаўленыя ў росце колькасцi карткатрымальнiкаў. Па-першае, яны атрымлiваюць даход ад тых прадпрыемстваў, чые супрацоўнiкi абнаяўлiваюць зарплату праз банкаматы. Да таго ж клiенты, як правiла, здымаюць з карткi не ўсе грошы, а рэшта сродкаў на рахунку цiкавiць банкi, паколькi з iмi можна працаваць. Наогул, адносiны насельнiцтва да пластыкавых картак яскрава iлюструе апытанне, якое ў суседняй Расii, дзе добраахвотна-прымусова iдзе працэс «картызацыi», правёў даследчы холдынг ROMIR Monitoring. Дык вось, нягледзячы на шырокую рэкламу па перавагах плацежных картак, што праводзiцца там банкамi, 68 працэнтаў расiян не маюць намеру пераходзiць на безнаяўны разлiк у блiжэйшы час. Пластыкавымi ж карткамi зараз карыстаюцца толькi 15 працэнтаў расiян, астатнiя атрымлiваюць зарплату наяўнымi грашамi i, адпаведна, наяўнымi расплачваюцца. У Беларусi ж па стану на пачатак кастрычнiка гэтага года ў абароце знаходзiлася 2.856.573 карткi ўнутраных i мiжнародных сiстэм разлiкаў. Як у блiжэйшы час будзе развiвацца сетка па абслугоўванню «пластыку»? — з гэтага пытання мы пачалi гутарку з начальнiкам Галоўнага ўпраўлення плацежнай сiстэмы Нацыянальнага банка Беларусi Iванам ПIСЧЫКАМ. — Аперацыi з выкарыстаннем пластыкавых картак можна ажыццяўляць у 4074 прадпрыемствах гандлю (сэрвiсу), 1902 пунктах выдачы наяўных, 1075 банкаматах, 456 плацежна-даведачных тэрмiналах самаабслугоўвання (iнфакiёсках), — гаворыць Iван Пiсчык. — Для параўнання: летась на пачатак кастрычнiка ў абароце знаходзiлася 1.875.000 картак, аперацыi з iх выкарыстаннем можна было ажыццяўляць у 2673 прадпрыемствах гандлю (сэрвiсу), 1517 пунктах выдачы наяўных, 728 банкаматах, 108 iнфакiёсках. Галоўная задача на блiжэйшую перспектыву — развiццё сеткi плацежных тэрмiналаў у гандлi, iнфакiёскаў для аплаты камунальных i iншых вiдаў паслуг, гэта значыць развiццё тэхнiчнай базы, якая дазваляе праводзiць з выкарыстаннем банкавых пластыкавых картак безнаяўныя плацяжы. — Iван Аляксеевiч, на што трэба звярнуць увагу навiчку пры выбары пластыкавай карткi, якой ён збiраецца карыстацца? — Пры выбары таго цi iншага банка i прыняццi рашэння аб выкарыстаннi карткi трэба зыходзiць з прапануемых банкамi рэспублiкi ўмоў абслугоўвання карт-рахункаў, а таксама патрэб канкрэтнага клiента (патрэбна картка для разлiкаў на тэрыторыi нашай краiны або за мяжой; жаданае працэнтнае ўзнагароджанне за знаходжанне грошай клiента на карт-рахунку i г.д.). На сённяшнi дзень 18 банкаў краiны эмiтуюць банкаўскiя пластыкавыя карткi ўнутраных, мiжнародных i ўнутраных прыватных сiстэм разлiкаў. — Сёння банкi рэкламуюць перавагi пластыкавых картак. Цi не маглi б вы ўдакладнiць, у чым яны заключаюцца? — Картка, безумоўна, больш надзейны i эфектыўны сродак разлiкаў i зберажэння даходаў у параўнаннi з наяўнымi грашамi. Перавага выкарыстання пластыкавых картак для iх трымальнiкаў заключаецца ў мiнiмiзацыi рызыкi страты або крадзяжу наяўных грошай, павышэннi плацежнай культуры (аддалены доступ да свайго рахунку ў банку, магчымасць ажыццяўлення камунальных i iншых вiдаў плацяжоў у безнаяўным парадку ў больш зручны час i ў сцiслы тэрмiн), росце даходаў за кошт атрымання працэнтаў на рэшту грашовых сродкаў на карт-рахунку, у магчымасцi аператыўнага атрымання крэдыту (авердрафту). Разумная асцярожнасць i выкананне ўмоў дагавора карт-рахунку, што заключаецца памiж банкам i клiентам, дазваляюць гарантаваць клiенту бяспеку выкарыстання карткi, захаванасць грашовых сродкаў i атрыманне даходу ў выглядзе працэнтаў па карт-рахунку. Трэба адзначыць, што найбольш дынамiчны зараз напрамак работы банкаў па пераводу на безнаяўныя разлiкi з выкарыстаннем банкаўскiх пластыкавых картак аперацый аплаты насельнiцтвам розных вiдаў паслуг. Банкамi ўжо забяспечаны прыём праз плацежныя тэрмiналы, банкаматы, iнфакiёскi плацяжоў за камунальныя паслугi, паслугi мабiльнай i электрычнай сувязi, паслугi Iнтэрнэт-правайдараў i тэлевiзiйных каналаў i iнш. — Калi пластыкавая картка мае плюсы, то да мiнусаў карыстальнiкi адносяць, напрыклад, камiсiйны збор пры зняццi грошай у банкаматах не свайго банка. Шмат нараканняў i на тое, што сетка пунктаў гандлю, дзе прымаюць карткi да аплаты, слаба развiтая. Як тут можа мяняцца сiтуацыя? — Неабходнасць спагнання банкамi камiсiйнага збору пры атрыманнi карткаўладальнiкамi наяўных грашовых сродкаў у банкаматах не свайго банка абумоўленая тым, што ў дадзеным выпадку банк, якi выдае грошы клiенту iншага банка, павiнен атрымаць ад апошняга кампенсацыю патрачаных iм сродкаў. У гэтых мэтах банкам-эмiтэнтам ажыццяўляецца мiжбанкаўскi перавод, якi з’яўляецца платнай аперацыяй. Такiм чынам, банкi для кампенсацыi затрат вымушаны збiраць камiсiю з трымальнiкаў пры атрыманнi iмi наяўных грошай. Эмiсiя банкаўскiх пластыкавых картак у нашай краiне дасягнула значных паказчыкаў адносна колькасцi насельнiцтва, i сёння ў сярэднiм кожны трэцi грамадзянiн краiны мае карт-рахунак у банку i магчымасць распараджацца iм з прымяненнем карткi. Колькасць банкаматаў у цэлым адпавядае ўзроўню iснуючай эмiсii. Разам з тым пакуль канчаткова не вырашана пытанне забеспячэння трымальнiкаў картак належнай iнфраструктурай абслугоўвання ў частцы правядзення безнаяўных плацяжоў, аб’ёмы такiх плацяжоў ва ўжо функцыянуючых аб’ектах iнфраструктуры недастаткова высокiя. Асноўныя стрымальныя фактары — перш за ўсё пасiўная пазiцыя прадпрыемстваў гандлю (сэрвiсу) па ўстаноўцы плацежных тэрмiналаў i атрыманнi аплаты за тавары (паслугi) у безнаяўным парадку, а таксама адносна высокi кошт тэрмiнальнага абсталявання, якое закупляецца банкамi за мяжой. Трэба адзначыць, што асноўную долю затрат па развiццю сiстэмы безнаяўных разлiкаў з выкарыстаннем банкаўскiх пластыкавых картак нясуць банкi нашай краiны. Прадпрыемствы гандлю (сэрвiсу) неахвотна ўстанаўлiваюць плацежныя тэрмiналы за свой кошт i малаэфектыўна выкарыстоўваюць ўжо ўстаноўленае банкамi абсталяванне. Акрамя таго, насельнiцтва пакуль не часта выкарыстоўвае ўжо iснуючыя магчымасцi па аплаце тавараў у магазiнах у безнаяўным парадку з выкарыстаннем картак. Доля такiх аперацый будзе расцi з павышэннем узроўню плацежнай культуры насельнiцтва. Банкаўскiя спецыялiсты, з якiмi ўдалося пагутарыць карэспандэту нашай газеты, раяць навiчку пры выбары пластыкавай карты звярнуць увагу на наступныя моманты: 1. Цi даўно банк уступiў у плацёжную сiстэму, картку якой вы хацелi б купiць. 2. Якая колькасць картак выпушчана банкам i як даўно ён пачаў з iмi працаваць. 3. Якую колькасць банкаматаў мае банк, у якiх гарадах (асаблiва важна, калi вы часта ездзiце ў камандзiроўкi), як яны размешчаны ў вашым горадзе. Калi банкаматаў няшмат, то вы або страцiце час для таго, каб атрымаць наяўныя, дабiраючыся з аднаго канца горада ў другi, або пераплацiце камiсiйныя, абнаяўлiваючы свае сродкi ў апараце iншага банка. 4. Абавязкова трэба параўноўваць умовы гэтага банка з альтэрнатыўнымi прапановамi: якi тэрмiн дзеяння карткi, якiя камiсiйныя пры той цi iншай аперацыi, колькi будзе каштаваць гадавое абслугоўванне, якiя асаблiвасцi канвертацыi ў iншыя валюты ў iншых краiнах.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У ходзе ўсеагульнай «банкаматызацыi» ўсё большая колькасць беларусаў становяцца ўладальнiкамi пластыкавых картак
|
|