Рома пераехаў у Яраслаўль, а Цiмафей — на Мiншчыну
Барыс ПРАКОПЧЫК
Вяртаючыся да надрукаванага Гэтых цуда-казлоў Аляксандр i Раiса Сасноўскiя выгадавалi ў сваёй сялянскай гаспадарцы на Воранаў- шчынеУ артыкуле «Залатое казляня» («Звязда» за 24 лiстапада) гаворка iшла пра беларуска-расiйскую праграму па стварэнню высокаэфектыўных i бiялагiчна бяспечных лекавых прэпаратаў новага пакалення на аснове бялкоў чалавека, што атрымлiваюцца з малака трансгенных жывёл. Гэты праект цяпер рэалiзуецца ў Смалявiцкiм раёне Мiнскай вобласцi Бiятэхналагiчным цэнтрам з доследнай вытворчасцю Iнстытута жывёлагадоўлi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi. Прычым адной з непасрэдных дзеючых асоб сумеснай працы беларускiх i расiйскiх вучоных з’яўляецца казёл па мянушцы Цiмафей. Цудоўны маладняк атрымлiваецца дзякуючы яго выдатным знешнiм i фiзiчным даным! Мяркуючы па водгуках на артыкул, узнятая тэма зацiкавiла многiх нашых чытачоў. Пры гэтым спадарыня Лукiна звярнула ўвагу рэдакцыi на адну недакладнасць: казла Цiмафея навука адшукала не ў Яраслаўлi, а на Воранаўшчыне, у сялянскай гаспадарцы Аляксандра i Раiсы Сасноўскiх. Да iх, на хутар ля рэчкi Жыжма, i накiраваўся карэспандэнт «Звязды». Можна быць самотным у мегаполiсе, сярод дзесяткаў i соцень тысяч людзей, а можна адчуваць сябе цалкам камфортна на хутары, па-суседству з лесам i рэчкай, жывёламi i птушкамi. Менавiта аб гэтым задумваешся, пабываўшы ў гасцях у мужа i жонкi Сасноўскiх. Шмат гадоў яны пражылi i адпрацавалi ў Мiнску, але раптам адчулi, што iм неяк сумнавата ў гарадской шматпавярхоўцы, i вырашылi не проста скарэкцiраваць, а крута змянiць увесь уклад свайго жыцця. Спачатку Аляксандр Васiльевiч (па iнстытуцкай спецыяльнасцi — iнжынер лясной гаспадаркi) узяў у Чэрвеньскiм раёне ў арэнду 11 гектараў саду, была нават задумка зрабiць цэх па вытворчасцi яблычнага пюрэ. Але тады, на пачатку 90-х, эканомiка стаяла на каленях, i новаму кiраўнiцтву гаспадаркi аказалася не да iдэй Сасноўскага — дагавор з iм скасавалi. Ён перабраўся ў суседнi калгас, уладкаваўся там прарабам, але па-сапраўднаму ўтульна адчуў сябе толькi тут, на Воранаўшчыне. Прачыталi яны з Раiсай Сяргееўнай у газеце аб’яву «Прадаецца сядзiба», прыехалi, убачылi, што i дом патрабуе рамонту, i хмызняком усё навокал пазарастала, i тым не менш зразумелi: «Гэта — наша!» Перавезлi сюды карову, адрамантавалi хату, Аляксандр Васiльевiч пайшоў працаваць у мясцовы райбыткамбiнат, аднак прабыў там усяго некалькi месяцаў. Справа ў тым, што сумяшчаць работу ў райцэнтры i ў сваёй гаспадарцы, каб на належным узроўнi было i адно, i другое, часу не хапала, а халтура не па характары Сасноўскага. «Прабачце, я памылкова пайшоў да вас на працу», — сказаў ён дырэктару i звольнiўся. З таго часу i пераключыўся выключна на свой сялянскi хлеб. — Жывём, як казаў Высоцкi, — гаворыць Аляксандр Васiльевiч. — «Спины не гнул, прямым ходил, и в ус не дул, и жил как жил, и голове своей руками помогал». ... Перш чым заняцца козагадоўляй, Сасноўскiя праштудзiравалi ў раённай бiблiятэцы ўсю лiтаратуру па гэтай тэматыцы. А каб купiць добрых коз, трэба было аб’ехаць ледзь не ўсю рэспублiку. Сёння, праз 8 гадоў, ён можа расказваць пра гэтых жывёл гадзiнамi, пiша артыкулы для часопiса, дае парады пачынаючым калегам. — У коз такая станоўчая энергетыка! — пераканы на ўласным вопыце Аляксандр Васiльевiч. — У якiм бы ты настроi нi быў, аднак калi заходзiш да iх у хлеў, то пакiдаеш за парогам усё «чорнае», трапляеш у райскi куток. Яны глядзяць на цябе як маленькiя дзецi, чакаюць ласкi i гэтым жа плацяць табе. I ты атрымлiваеш мацнейшы эмацыянальны зарад. Але справа, канешне, не толькi ў станоўчых эмоцыях, але i ў лекавых уласцiвасцях казiнага малака. Па свайму саставу яно максiмальна наблiжанае да жаночага груднога. Яно хутка i поўнасцю засвойваецца арганiзмам. Таму калi панос альбо запор — казiнае малако дапаможа. Язвы, гастрыты таксама лечыць. — Купляў я козачку ў Геранёнах Iўеўскага раёна ў адной бабулi,- расказвае Аляксандр Сасноўскi.- Аказалася, што некалькi гадоў назад медыкi выявiлi ў яе туберкулёз. Заканчвай, кажуць жанчыне, са сваёй гаспадаркай, будзем цябе лячыць. А яна ... купiла дзвюх коз. Недзе праз паўтара года паехала зноў абследавацца, зрабiлi рэнтген — хвароба знiкла. У цудадзейных уласцiвасцях казiнага малака пераканалася i мая цешча Ганна Пракоф’еўна. Калi яна да нас прыехала — ногi ў суставах балелi так, што ледзь хадзiла. А цяпер можа ўжо градкi капаць, боль прайшоў, прычым яна не ўжывае нiякiх лекаў, а рэгулярна п’е казiнае малако. ... Цiкаўлюся ў Аляксандра Васiльевiча, у чым жа асаблiвасцi аднаго з «герояў» беларуска-расiйскай навуковай праграмы казла Цiмафея. Чаму, абследаваўшы прыватны сектар па ўсёй рэспублiцы, менавiта ў яго гаспадарцы вучоныя знайшлi выдатнага ўдзельнiка свайго эксперыменту? Сасноўскiя кажуць, што ў Цiмафея быў добры характар, а набылi яго маленькiм казлянём пад Полацкам, пасля чаго ён адразу ж трапiў пад правераную гадамi сiстэму вырошчвання. Больш падрабязна пра яе можна прачытаць у артыкулах Аляксандра Васiльевiча для часопiса «Хозяин». Калi ж сказаць коратка, то сакрэт поспеху — у граматным кармленнi i доглядзе жывёлы. — Да нас часта прыводзяць з акругi козачак, каб наш казёл iх пакрыў, — працягвае свой аповяд Аляксандр Сасноўскi. — Дык на некаторых без слёз проста немагчыма глядзець. Куды ж гэта варта, што дарослая каза важыць 35 кiлаграмаў? Яна недакормленая з дзяцiнства, i якога ж малака можна ад яе чакаць? У мяне ўжо выпрацаваны iндэкс: на 1 лiтр малака павiнна быць прыкладна 10—15 кiлаграмаў вагi жывёлiны. Да прыкладу, наша 80-кiлаграмовая Машка дае больш як 7 лiтраў. Таму задача любога казавода — нагнаць жывёлiне вагу. I гэты працэс павiнен пачынацца з першых дзён яе жыцця. Гадаванцы Сасноўскiх не ведаюць, што такое ашыйнiк. Штодзённа яны ранiцай i ўвечары выходзяць са сваiм гаспадаром на прагулку ў лес, каб выканаць абавязковую «норму» — 5 кiламетраў. У любое надвор’е, нават калi снегу, як кажуць, вышэй галавы. Козы тады сваiм вымем «рэжуць» гэты снег, i iм хоць бы што. А калi вяртаюцца дахаты, то з задавальненнем накiдваюцца на ежу. Летам жа, пакуль козы задавальняюць свае патрэбы ў разнастайным корме (у адрозненне ад кароў, яны нават на самай лепшай траве не затрымаюцца больш чым на 15 хвiлiн), Аляксандр Васiльевiч збiрае ў лесе лекавыя раслiны. I, канешне, робiць корманарыхтоўкi на зiму. Рацыён, дарэчы, козам прапануецца вельмi багаты, i пры гэтым практычна не бывае адходаў. Зiмой усе кампаненты корму перамешваюцца i праходзяць сячкарню. Тое ж, што не з’ядаецца, з дапамогай млына ператвараецца ў травяную муку, якую дадаюць у ежу сабакам, курам, а таксама перапёлкам, якiмi нядаўна занялiся Сасноўскiя. Перапёлкi зацiкавiлi iх сваiмi яйкамi, у якiх змяшчаецца шмат карысных рэчываў, мiкраэлементаў i амiнакiслот. Гэты смачны i далiкатэсны прадукт рэкамендуецца для лячэння хворых на бранхiяльную астму, хранiчную пнеўманiю, пры алергii, захворваннях страўнiкава-кiшачнага тракта i iншых. Сасноўскiя купiлi на птушкафабрыцы ў Мiнску 100 перапялiных iнкубацыйных яек, Аляксандр Васiльевiч змайстраваў iнкубатар... Але вернемся да коз. — Я параiў бы казаводам лячыць сваiх жывёл не медыкаментознымi спосабамi, а простымi народнымi сродкамi, — гаворыць Аляксандр Сасноўскi. — У мяне быў выпадак, калi каза празмерна захапiлася канюшынай i здарылася тымпанiя страўнiка. У такiх сiтуацыях ветурачы часта раяць рабiць жывёлiне пракол брушной поласцi, каб спусцiць паветра. Але мы гэтага нiколi не робiм i наогул коз не лечым, бо не калечым. Дык вось, я ўжо зачыняю хлеў, а Майка пачынае мяне клiкаць. Гляджу — у яе бакi вышэй за пазваночнiк. Як ратаваць? Узяў яе за пярэднiя ногi, каза прыняла вертыкальнае становiшча, а жонка падышла ззаду i пачала пагладжваць бруха i крыху абцiскаць. У казы атрымаўся моцны выкiд паветра з гарлавiны, бакi спалi. Вось так мы з ёй «патанцавалi», i ранiцай Майка зноў была ў «баявой гатоўнасцi». А, бадай, самая вялiкая праблема — гэта збыт малака. Нягледзячы на яго унiкальныя ўласцiвасцi, а таксама тое, што летась Аляксандр Васiльевiч бачыў у Мiнску казiнае малако па цане ажно 12 тысяч (Францыя) i 9 тысяч (Венгрыя) рублёў за лiтр, айчынная козагадоўля пакуль не ў пашане. Хоць у Сасноўскiх лiтр малака, прычым высакаякаснага, без усякiх кансервантаў, цяпер каштуе 2 тысячы рублёў. Аднак у нас не распрацаваны нават дзяржстандарт на казiнае малако, каб здаць яго на завод альбо, дапусцiм, у дзiцячы сад. У вынiку летам, калi ў наваколле прыязджаюць дзецi з горада, попыт на гэты вельмi карысны для здароўя прадукт яшчэ ёсць, а вось зiмой у Сасноўскiх з пакупнiкамi дрэнна. Таму хапае малака не толькi для сябе i людзей, не толькi на сыр, тварог i смятану, а нават на ... сабак i курэй. — Патрэбна дзяржаўная праграма падтрымкi казагадоўлi ў Беларусi, — лiчаць Аляксандр i Раiса Сасноўскiя. — Будзе зацiкаўленасць у нашай прадукцыi — за намi, як кажуць, не заржавее, можам i павялiчыць яе аб’ёмы. Пакуль жа Сасноўскiя гадуюць жывёл па сваёй «тэхналогii» нават пад заказ, козачак з-пад Жыжмы можна ўбачыць i на Гродзеншчыне, i на Магiлёўшчыне, i на Вiцебшчыне. 120-кiлаграмовы Цiмафей год таму накiраваўся «падымаць навуку» на Мiншчыну, а за казлом Ромам яшчэ раней прыехалi ажно з Яраслаўля. Цяпер у гаспадарцы Сасноўскiх падрастае Веня — «хлопец» таксама што трэба... Воранаўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтых цуда-казлоў Аляксандр i Раiса Сасноўскiя выгадавалi ў сваёй сялянскай гаспадарцы на Воранаў- шчыне
|
|