Перамагчы «ракавыя» абставiны
Паводле даных Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, у свеце прагназуецца рост колькасцi хворых са злаякаснымi пухлiнамi з 10 мiльёнаў чалавек у год на бягучы момант да 15 мiльёнаў у 2020 годзе.
Сёння кожны 55-ы жыхар Беларусi знаходзiцца на дыспансэрным улiку з нагоды злаякаснай пухлiны. Мужчыны Беларусi часцей пакутуюць ад пухлiн лёгкiх, страўнiка, скуры, тоўстай кiшкi, прастаты, мачавога пузыра. У жанчын найчасцей рэгiструюцца злаякасныя новаўтварэннi малочнай залозы, скуры, тоўстай кiшкi, страўнiка, цела маткi, шчытападобнай залозы i яечнiкаў. Анкалагiчныя захворваннi выклiкаюць у большасцi людзей страх, думкi аб тым, што гэтаму пакаранню дарэмна процiстаяць. Мiж тым, сучаснай медыцыне вядома, што пры некаторых вiдах злаякасных пухлiн здаровымi становяцца практычна ўсе пацыенты. Дарэчы, як адзначае наш госць на медыцынскай «прамой лiнii» — галоўны ўрач Мiнскага гарадскога анкалагiчнага дыспансэра, доктар медыцынскiх навук, дацэнт Зiгмунд Эдуардавiч ГЕДРЭВIЧ, паводле аднаго з правiлаў усходняй медыцыны, не iснуе хваробы, якую нельга было б вылечыць. Аднак пацыент павiнен быць галоўнай дзеючай асобай у аднаўленнi свайго здароўя — своечасова звяртацца да спецыялiста i вучыцца выкарыстоўваць свой прыродны патэнцыял. Для выканання першага правiла неабходна ведаць пра дзевяць сiгналаў небяспекi: — у ротавай поласцi, на губах, языку з’явiлася нехваравiтае ўшчыльненне, язвачкi; — працяглы кашаль без палёгкi, кроў у макроце, ахрыплы голас; — ушчыльненне ў малочнай залозе, кравянiстыя выдзяленнi з саска; — расстройства стрававання або цяжкасцi з глытаннем; — раптоўная страта вагi, слабасць, павышаная стомленасць, павышаная беспрычынная тэмпература, бледнасць скураных покрываў; — зуд скураных покрываў, патлiвасць, павелiчэнне лiмфатычных вузлоў; — праблемы з апаражненнем мачавога пузыра або кiшэчнiка, з’яўленне крывi ў мачы; — павелiчэнне нiжняй часткi жывата, крывянiстыя выдзяленнi з палавых шляхоў у жанчын падчас клiмаксу; — павелiчэнне, змяненне формы цi колеру радзiмай плямкi, з’яўленне незагойных ранак на любой частцы цела. Добры дзень, Зiгмунд Эдуардавiч. Тэлефануе Барыс Васiльевiч з Гомеля. На ваш погляд, як уплываюць японскiя грыбы на цячэнне анкалагiчных захворванняў? — Анкалагiчныя захворваннi — гэта цэлая група захворванняў. У кожным органе злаякасная пухлiна паводзiць сябе па-свойму. Таму нейкай агульнай панацэi, агульнага рэцэпта тут быць не можа. У цэлым для лячэння анкалагiчных захворванняў афiцыйная медыцына грыбы не прымяняе. Што датычыцца выкарыстання iх нетрадыцыйнай медыцынай — у мяне няма даных аб тым, што яны аб’ектыўна аказвалi нейкi эфект. Тэлефануе Васiль Раманавiч з Мiнска, 78 гадоў. У маi 2004 года мяне прааперыравалi ў гарадскiм анкадыспансэры, выдалiлi правую нырку. Праз год выдалiлi яечкi. Прызначылi заладэкс i андракур-дэпо. Прайшоў два курсы апраменьвання, пасля чаго пачаўся сверб на крастцы. Пазней ён узмацнiўся, стаў распаўсюджвацца на ногi. Цяпер сверб такi, што немагчыма трываць. Як ад гэтага пазбавiцца? Мой лечачы ўрач параiў мне дыету i лазню, мокрую пару... Можа, вы яшчэ што-небудзь парэкамендуеце? — Каб дапамагчы вам, неабходна разабрацца ў прычыне гэтага свербу. Я думаю, што ён не звязаны з апраменьваннем. Магчыма, гэта рэакцыя на нейкi медыцынскi прэпарат, у прыватнасцi, на андракур-дэпо, якi вы прымаеце... Мне толькi незразумела, чаму вам забаранiлi амаль усё есцi i прапiсалi мокрую пару. I што, вы ходзiце ў лазню? — Не, яшчэ не дабраўся туды. — I правiльна робiце. У дадзеным выпадку я не магу пагадзiцца з вашым доктарам наконт лазнi. Вас трэба паглядзець калегiяльна, каб вырашыць, якое лячэнне лепш прымянiць. А для гэтага вам неабходна падысцi да нас у гарадскi анкадыспансэр у любы зручны для вас дзень, лепш за ўсё ў чацвер. Пастараемся вырашыць вашу праблему. Добры дзень, гэта Вiталiна з Гродна непакоiць. Дзе i як лячыць адэному гiпофiзу ў дыяметры 1 см? Куды i да каго я магу звярнуцца з такiм пытаннем у Мiнску? — Увогуле адэномай гiпофiзу займаюцца эндакрынолагi. Гэта дабраякасная пухлiна, таму вам лепш за ўсё звярнуцца да эндакрынолага па месцы жыхарства, якi i накiруе вас у спецыялiзаванае аддзяленне. Гэта лечаць i прамянёвым метадам, i мiкрахiрургiчным шляхам, i з дапамогай лекавых прэпаратаў... Але ў кожным канкрэтным выпадку пацыента неабходна дасканальна абследаваць, вызначыць клiнiчныя сiмптомы захворвання i выбраць неабходны шлях лячэння. — А куды я магу звярнуцца ў сталiцы? — Вы можаце звярнуцца па накiраванню на кафедру эндакрыналогii Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi (БелМАПА), якая размяшчаецца на базе 10-й клiнiчнай бальнiцы. Трэба, каб вашы ўрачы прадаставiлi вам даныя абследавання, з якiмi вы прыедзеце. — Дзякуй за параду. «Прамую лiнiю» вялi Святлана БАРЫСЕНКА i Наталля КАРПЕНКА. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле даных Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, у свеце прагназуецца рост колькасцi хворых са злаякаснымi пухлiнамi з 10 мiльёнаў чалавек у год на
|
|