Вiцебшчына: рэкордная колькасць пацыентаў у апёкавых аддзяленнях
Аляксандр ПУКШАНСКI
Самы паўночны край нашай краiны — Вiцебшчыну — вялiкiм марозам не здзiвiш. У мiнулыя, параўнальна цёплыя гады, калi, напрыклад, у Мiнску было не больш, як 20 градусаў марозу, у пасёлку Язерышча, што недалёка ад беларуска-расiйскай мяжы, бывала пад 30 i нават больш. Але ж сёлетнi мароз стаў сапраўдным выпрабаваннем для жыхароў вобласцi, асаблiва для розных тэхнiчных службаў.
На гэтым тыднi на Вiцебшчыне, як i на ўсёй Беларусi, чакаецца павышэнне тэмпературы паветра. Але ж, калi б i далей мароз не адступаў, улады i службы вытрымалi б i гэты экзамен. У жылых дамах цёпла. Сур’ёзных прэтэнзiй у жыхароў дамоў да камунальнiкаў па пытаннях забяспечанасцi цяплом няма. Канешне, бывае, што трубы не вытрымлiваюць, але ж спецыяльныя мабiльныя брыгады аператыўна прыязджаюць на месца здарэння. Некаторыя грамадзяне, дарэчы, здзiўляюцца, што падчас гэтых маразоў у iх кватэрах нават цяплей, чым калi надвор’е больш-менш цёплае. Тлумачыцца гэта тым, што камунальнiкi не эканомяць палiва i эксплуатуюць кацельнi на поўную магутнасць. За работай усiх без выключэння кацельняў вядзецца асаблiвы кантроль. Грамадскi транспарт, на жаль, не вельмi задавальняе тых, хто iм карыстаецца. Аўтобусы, мякка кажучы, несвоечасова прыходзяць на прыпынкi. А чаму здзiўляцца? Бо ўжо даўно многiя машыны патрабавалi замены, у прыватнасцi вiцебскiя трамваi. У вынiку, напрыклад, 18 студзеня большасць з 52 гэтых электрычных машын зноў вярнулiся ў парк. Не выехала на лiнiю i прыкладна палова з 70 тралейбусаў. У той жа дзень аўтобусны парк Вiцебска працаваў больш надзейна: з больш чым 90 аўтобусаў толькi 20 не змаглi перавозiць пасажыраў. А вось прыватным перавозчыкам мароз толькi дапамог нядрэнна зарабiць. У гэтыя днi людзi плацяць вельмi ахвотна 650 рублёў за праезд у цёплых «маршрутках». Праўда, на вулiцах iх меней, бо не ўсе аўто вытрымлiваюць мароз. Затое тыя, хто працуе, зарабляюць у некалькi разоў больш, чым у звычайныя днi. Калi патрабуецца, выратавальнiкi дапамагаюць вадзiцелям у цяжкiя хвiлiны на марозе. За апошнiя днi ў тры разы вырасла колькасць вiцяблян, якiя скарысталiся паслугамi таксi. У бальнiцах рэкордная колькасць пацыентаў у апёкавых аддзяленнях. Для iх лячэння ёсць усе неабходныя медыкаменты. Калi траўмы не вельмi цяжкiя, хворым аказваецца дапамога ў траўмапунктах, дзе таксама ёсць спецыяльныя сродкi для лячэння i працуюць спецыялiсты, якiя могуць дапамагчы аператыўна. На жаль, некалькi чалавек усё-такi загiнулi ад марозу. Школьнiкi малодшых класаў, калi на вулiцы мiнус 25, на заняткi не ходзяць, а вось малыя дзеткi, калi пажадаюць iх бацькi, наведваюць садкi. Нiхто з малых асаблiва не быў «пакрыўджаны» марозам. Каб дапамагчы ў гэтыя днi маламаёмным, актывiсты таварыства Чырвонага Крыжа збiраюць цёплае адзенне i абутак. У лiку iншых гэта ўсё атрымлiваюць i тыя, хто не мае пастаяннага жылля. Гэтых людзей таксама стараюцца абаранiць ад маразоў: працуе прытулак пад патранажам праваслаўнай царквы, ды i ў спецпрыёмнiку-размеркавальнiку ўсё-такi лепш, чым на вулiцы...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самы паўночны край нашай краiны — Вiцебшчыну — вялiкiм марозам не здзiвiш
|
|