Прадавайцеся — i адплацiцца!
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Бiзнэс-шоу У Беларусi з’явiлася першая музычная ўзнагарода па вынiках продажаўЗдаецца, скептыкi i аптымiсты перасталi спрачацца, цi ёсць шоу-бiзнэс у Беларусi, i высвятляюць толькi, цi актыўна ён развiваецца. Адзiн з крытэрыяў ацэнкi, да прыкладу — колькасць iснуючых у нас музычных прэмiй («Рок-каранацыя», «Залатое вуха», «Тэлепартацыя») i буйных хiт-парадаў («На скрыжаваннях Еўропы», «Песня года», «Хiт-момант»). Другi, не менш важны — лiчбы продажаў беларускай музыкi. З гэтым апошнiм сiтуацыя складаная. Такое адчуванне, што нiхто нiколi не рабiў агульны манiторынг продажу аўдыё- i вiдэапрадукцыi айчынных выканаўцаў... Вось чаму iдэя абвясцiць новую музычную прэмiю «Мiстэрыя гука-2005» трапiла на добрую глебу. Бо ўручацца гэта ўзнагарода будзе якраз тым артыстам i гуртам, альбомы якiх найбольш паспяхова прадаюцца. Можна сказаць, што галасуюць не крытыкi-прафесiяналы, як на «Рок-каранацыi», i не слухачы iнтэрактыўных хiт-парадаў, дзе захоўваецца магчымасць «накруткi» галасоў, а ўся публiка. Не маюць значэння нi фарматнасць музыкi, нi наяўнасць клiпа, нi музычны стыль выканаўцы — толькi колькасць прададзеных касет i дыскаў. Дапамагчы вызначыць самых-самых рашыўся ўсяго адзiн з буйнейшых i «чысцейшых» (уся прадукцыя лiцэнзаваная, а не пiрацкая) прадаўцоў — «Мiстэрыя гука». Сетка крамаў складаецца з 4 буйных пунктаў у Мiнску i 1 у Брэсце, але арганiзатары запэўнiваюць, што колькасць гандлёвых кропак не ўплывае на аб’ектыўнасць выбару. «Планкай паспяховасцi» прадзюсары новай музычнай узнагароды Адам Старповiч i Аляксандр Шлык назвалi 1000 адзiнак прададзенай прадукцыi. Праўда, канкрэтных лiчбаў па канкрэтных выканаўцах так i не агучылi — цi то камерцыйную тайну захоўваюць, цi то зберагаюць звесткi да афiцыйнай цырымонii. Цырымонiя ўручэння музычных узнагарод «Мiстэрыя гука- 2005» пройдзе 3 лютага ў сталiчным клубе «Иzzюм». Прэмii атрымаюць самыя паспяховыя — у сэнсе, самыя прадаваемыя — гурты i выканаўцы мiнулага года. (Дарэчы, нават калi артыст цi гурт выпусцiў альбом у 2004 годзе, аднак у 2005-м добра прадаваўся, ён мае шанцы трапiць у лiк намiнантаў. Пакуль што сярод iх фiгуруюць Аляксей Хлястоў, «Atlantica», «J_морс», «Тяни-Толкай», «Новы Iерусалiм», «Нестандартны варыянт», Алеся, «Чук i Гек», «ТТ-34», «Стары Ольса», Вiктар Калiна. Апошняга, праўда, могуць i не дачакацца — якраз 3 лютага спявак святкуе дзень нараджэння...) Першапачаткова планавалася 9 асноўных намiнацый: 3 агульныя (альбом, сiнгл, зборнiк) i 6 па асобных музычных кiрунках (рок, поп, альтэрнатыва, хiп-хоп, фолк i шансон). Крыху пазней прадзюсары вырашылi адзначыць спецпрызам лiдара продажаў у намiнацыi «Замежныя рэлiзы беларускiх выканаўцаў». «Той жа Сярога — гэта ў значнай ступенi прадукт замежнага шоу-бiзнэсу, якi прыйшоў да нас звонку, — заўважыў на гэты конт Адам Старповiч. — Таму ставiць яго ў адзiн шэраг з тымi, хто праславiўся за кошт унутранага беларускага рэсурсу, было б некарэктна. Аднак i забываць пра поспехi гэтага i iншых артыстаў на радзiме мы таксама не хочам». Мiж iншым, у гэтай намiнацыi, як i ва ўсiх астатнiх, будуць вызначаны 1-е, 2-е i 3-е месцы, уладальнiкi якiх атрымаюць узнагароды. Так што цырымонiя абяцае быць практычна паводле Стругацкiх: шчасце для ўсiх, i няхай нiхто не пойдзе пакрыўджаным. — Вы не баiцеся, што гэта прэмiя дасць падказку «пiратам», на каго з беларускiх выканаўцаў звярнуць увагу? — удакладняю на ўсякi выпадак у Адама Старповiча. — Я не думаю, што для нашых музычных «пiратаў» настолькi цiкавыя беларускiя выканаўцы. Звышпрыбыткаў на iх пакуль што не заробiш... — Ноу-хау «Мiстэрыi гука» — вызначэнне лепшага замежнага рэлiзу беларускага артыста. Акрамя Сярогi, хто яшчэ прэтэндуе на гэты прыз? I, дарэчы, хто з гэтых намiнантаў зможа прысутнiчаць на цырымонii? — Хiба вы не памятаеце, якiя «замежныя» iмёны ў 2005-м гучалi найбольш часта? Наталля Падольская, Руслан Аляхно. А вось «Саша i Сiрожа» будуць разглядацца як беларускiя выканаўцы. Хто з гэтых артыстаў зможа прыбыць да нас на цырымонiю, пакуль удакладняецца — усё ж яны ўсе такiя вялiкiя дзеячы шоу-бiзнэсу, у якiх графiк распiсаны на кожны дзень... (Смяецца.) — Акрамя намiнацыi «Рэлiзы беларускiх фольк-выканаўцаў», цi шырока прадстаўлены беларускамоўныя артысты? — Ведаеце, насамрэч хапае. Дакладна памятаю, што яны ёсць у намiнацыi «Лепшы сiнгл», «Рок». Увогуле, скажу так: колькасць беларускамоўных выканаўцаў сярод намiнантаў «Мiстэрыi гука-2005» прыблiзна адпавядае колькасцi беларускамоўных выканаўцаў сярод усiх выканаўцаў беларускай музыкi. — Калi не сакрэт, як будзе выглядаць сiмвалiчная ўзнагарода «Мiстэрыi гука» (грашовага эквiваленту на першы раз не прадугледжана — Аўт.)? — Гэта памятны знак, выкананы на ўзор залатога цi плацінавага дыску. Адзiн з элементаў, ва ўсякiм выпадку — якраз выява дыску. Мы не прыцягвалi да стварэння знаку вядомых мастакоў i дызайнераў, пакуль што гэта нам не па кiшэнi. Наколькi гэта магчыма, пастаралiся зрабiць прыз памятным, арыгiнальным i ў пэўным сэнсе дарагiм для будучых уладальнiкаў. Увогуле, мы не ставiлi перад сабой мэту зрабiць нейкае пафаснае мерапрыемства. За мяжой такiя ўзнагароды — абсалютна нармальная практыка, буйныя сеткi магазiнаў цi не кожныя 3—4 месяцы падводзяць вынiкi продажу. А ў нашым выпадку — трэба ж з чагосьцi пачынаць!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусi з’явiлася першая музычная ўзнагарода па вынiках продажаў
|
|