Такая розная цыбуля...
Працягваем знаёмiць вас, паважаныя чытачы, з рознымi вiдамi цыбулi. Сёння прапануем звесткi пра цыбулю-парэй i цыбулю-батун.
Цыбуля-парэй — двухгадовая травянiстая раслiна. Распаўсюджана ў краiнах Мiжземнамор’я, у Заходняй Еўропе, на Сярэднiм Усходзе i многiх iншых раёнах, якiя знаходзяцца на поўднi i ў сярэдняй частцы Еўропы i Азii. У першы год утварае несапраўднае патоўшчанае сцябло-ножку даўжынёй да 40 см, дзеля якой i вырошчваюць раслiну. У адрозненне ад iншых вiдаў агароднiны пры захоўваннi цыбулi-парэю колькасць вiтамiну С у ёй павышаецца ад 40—50 мг на 100 г сырога рэчыва да 75—85 мг. Перыяд вегетацыi цыбулi-парэю складае ў сярэднiм 170—180 дзён, прычым трэба мець на ўвазе, што цыбуля-парэй iнтэнсiўна расце ўвесь перыяд вегетацыi i не мае фiзiялагiчнага спакою. Расаду высаджваюць ва ўзросце 50—60 дзён. Культура добра рэагуе на падкормкi мiнеральнымi i арганiчнымi ўгнаеннямi. За лета трэба 2-3 разы добра акучыць раслiну, каб «ножкi» атрымалiся даўжэйшымi i бялейшымi. У лiпенi-жнiўнi пачынаецца частковая ўборка. Маладая цыбулiна i верхняя частка лiсця iдуць у ежу, потым лiсце цвярдзее i яго не выкарыстоўваюць. Масавая ўборка праводзiцца пры наступленнi моцных замаразкаў. Выбраную з зямлi цыбулю ў добрае надвор’е прасушваюць, пакiнуўшы на ўчастку на 3-4 гадзiны, потым убiраюць у памяшканне для абрэзкi. Зiмой цыбуля лепш захоўваецца прыкапанай у склепе. САЛАТА З ФАСОЛI I ЦЫБУЛI-ПАРЭЮ 125 мл натуральнага нятлустага ёгурта; 4 невялiкiя сцяблiны маладой цыбулi-парэю, нарэзаныя кубiкамi; 75 г кансерваванай чырвонай фасолi; 75 г варанай белай фасолi; 1 ч. лыжка здробненай зелянiны пятрушкi; 1 ч. лыжка таматнай пасты; 1 ч. лыжка яблычнага воцату; соль; молаты перац. Прыгатуйце соус. Для гэтага змяшайце ёгурт, таматную пасту, воцат i зелянiну. Залiце соусам агароднiну, ахаладзiце. Перад падачай на стол пасыпце зелянiнай пятрушкi. Цыбуля-батун — зiмаўстойлiвая раслiна. Шырока распаўсюджана ў Кiтаi, Японii, Манголii, паўночных i сярэднiх шыротах Еўропы, Паўночнай Амерыкi. Мае тры падвiды — японскi, кiтайскi i рускi. Апошнi адрознiваецца добрай марозаўстойлiвасцю, вялiкай колькасцю розных вiтамiнаў. (Колькасць вiтамiну С у гэтым вiдзе цыбулi амаль у 2 разы большая, чым у рэпчатай, таксама цыбуля-батун змяшчае вiтамiны А, В1, Р, солi калiю, магнiю, жалеза i бiялагiчна актыўныя рэчывы.) Утварае малазаўважную цылiндрычную цыбулiну, якая пераходзiць у несапраўднае сцябло з дудчатымi лiсцямi. Каранёвая сiстэма развiта параўнальна моцна. Да канца першага года жыцця галiнуецца i ўтварае шмат дзетак. У ежу выкарыстоўваецца маладое лiсце разам з цыбулiнай цi толькi адны зялёныя лiсты. Можа расцi на адным месцы да 4 гадоў. Размяшчаецца пасля агуркоў, памiдораў, зяленiва, на ўчастках з урадлiвай глебай. Пры культуры цыбулi 3-4 гады на адным месцы пяро зразаюць апошнi раз да 1 жнiўня. Магчыма i аднагадовая культура (сяўба ў чэрвенi, уборка вясной наступнага года). Сяўба павiнна быць загушчаная — гэта садзейнiчае ўтварэнню мяккага, далiкатнага лiсця. Пры летняй сяўбе нельга зразаць лiсце ў першы год, бо гэта аслабiць раслiны перад зiмоўкай. Вясной другога пасля сяўбы года глебу вакол цыбулi рыхляць, падкормлiваюць, пры недахопе вiльгацi перыядычна палiваюць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працягваем знаёмiць вас, паважаныя чытачы, з рознымi вiдамi цыбулi. Сёння прапануем звесткi пра цыбулю-парэй i цыбулю-батун
|
|