21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь Лукашэнку А.Р.

25.08.2009 21:33 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Палаце прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь

Савету Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь

ПАСЛАННЕ

КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦI Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2005 ГОДЗЕ

Канстытуцыйны Суд заснаваны для забеспячэння вяршэнства Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, яе непасрэднага дзеяння, адпаведнасцi актаў дзяржаўных органаў Канстытуцыi, сцвярджэння законнасцi ў праватворчасцi i правапрымяненнi.

Свае вывады i ацэнкi аб стане канстытуцыйнай законнасцi ў Рэспублiцы Беларусь Канстытуцыйны Суд грунтаваў на разгледжаных у 2005 годзе матэрыялах, а таксама iнфармацыi, якая паступiла ў сувязi з удзелам прадстаўнiкоў Канстытуцыйнага Суда ў пасяджэннях Парламента, Урада i iншых органаў дзяржаўнай улады. Ацэнка стану прававой сферы стала магчымай дзякуючы таксама разгляду зваротаў грамадзян, дэпутатаў i iншых асоб, якiя паступiлi ў Канстытуцыйны Суд. Усяго ў 2005 годзе ў Канстытуцыйны Суд звярнулiся з асабiстымi i калектыўнымi заявамi каля шасцi тысяч грамадзян, разгледжана 29 зваротаў дэпутатаў. На асабiстым прыёме, у тым лiку ў час сустрэч з працоўнымi калектывамi, суддзямi i спецыялiстамi Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда прынята каля 300 чалавек. Спецыялiстамi Сакратарыята прааналiзавана больш за 30 праектаў нарматыўных прававых актаў i iншых пытанняў, у тым лiку тых, што паступiлi з Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь i палат Парламента.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што канстытуцыйная законнасць — не абстрактная катэгорыя, а такi стан грамадскiх адносiн, пры якiм права як важнейшы сацыяльны рэгулятар садзейнiчае дасягненню мэт i задач, што вызначаны ў Асноўным Законе нашай краiны. У сувязi з гэтым ацэнка заканадаўства i практыкi яго прымянення ажыццяўляецца з улiкам iх уплыву на дабрабыт грамадзян, развiццё дэмакратыi i прававога характару дзяржавы.

* * *

Перш за ўсё трэба адзначыць, што, зыходзячы з наяўных прыродных, iнтэлектуальных, прававых, арганiзацыйных i iншых рэсурсаў, Рэспублiка Беларусь дастаткова паспяхова развiваецца як сацыяльная дзяржава. Асновай для гэтага з’яўляюцца нормы артыкулаў беларускай Канстытуцыi, а таксама законы, дэкрэты, указы, пастановы Урада i iншыя юрыдычныя акты, якiя прымаюцца ў яе развiццё. Важнейшай падзеяй у 2005 годзе з’явiлася завяршэнне рэалiзацыi Праграмы сацыяльна-эканамiчнага развiцця Рэспублiкi Беларусь на 2001—2005 гады, якая практычна выканана па ўсiх прагнозных паказчыках. Праграма была накiравана на паглыбленне сацыяльнага характару нашай дзяржавы i ў вынiку напружанай работы дзяржаўных органаў i ўсяго беларускага народа дала свае вынiкi. У прыватнасцi, у 2005 годзе дасягнуты самы высокi паказчык дынамiкi росту валавога ўнутранага прадукту ў параўнаннi з краiнамi СНД i Еўропы, iстотны рост прамысловай i сельскагаспадарчай вытворчасцi, рэальных грашовых даходаў насельнiцтва, што гарантуе суверэнiтэт дзяржавы, яе эканамiчную, харчовую i iншую бяспеку, якiя забяспечваюць, у сваю чаргу, спакойную працу грамадзян для павышэння асабiстага i грамадскага дабрабыту. Так, па наяўных даных, рэальныя грашовыя даходы насельнiцтва ў 2005 годзе павялiчылiся больш чым на 16 працэнтаў у параўнаннi з 2004 годам, а за перыяд з 1994 года сярэдняя заработная плата ў Беларусi ўзрасла з 21 да 261 долара ЗША ў месяц (у эквiваленце). Iстотнае знiжэнне ўзроўню iнфляцыi забяспечыла давер грамадзян да беларускага рубля, што, у прыватнасцi, выразiлася ў павелiчэннi за апошнiя пяць гадоў банкаўскiх укладаў у беларускiх рублях у 13,5 раза, размер якiх у 2005 годзе ацэньваўся ў 5,5 трыльёна рублёў.

Сведчаннем паспяховага развiцця беларускай дзяржавы як сацыяльнай з’яўляецца тое, што каля 60 працэнтаў усiх расходаў кансалiдаванага бюджэту ў 2005 годзе склала фiнансаванне сацыяльнай сферы. Пры гэтым дзейнасць Прэзiдэнта, Урада, Парламента, iншых органаў дзяржаўнай улады была накiравана на павелiчэнне прамысловай, сельскагаспадарчай вытворчасцi, экспарту беларускай прадукцыi, што прывяло да паляпшэння жыцця людзей. Значны аб’ём фiнансавання ў параўнаннi з iншымi дзяржавамi СНД складаюць расходы на навуку, адукацыю, ахову здароўя i культуру. Незвычайнымi з’яўляюцца вынiкi ў галiне вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай адукацыi. Так, у 2005 годзе ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыi, навучалiся 383 тысячы чалавек, у той час як у 1994 годзе — каля 190 тысяч. Па гэтаму паказчыку Рэспублiка Беларусь уваходзiць у лiк вядучых краiн. Не толькi рост колькасцi навучэнцаў i студэнтаў, але i iх перамогi на розных алiмпiядах i конкурсах сведчаць аб тым, што для гэтага створана ў цэлым спрыяльная заканадаўчая аснова, а праводзiмая ў дадзеным напрамку работа дае высокiя рэзультаты i паказвае таленавiтасць беларускага народа.

Для сацыяльнай дзяржавы характэрна пабудова такiх адносiн памiж ёй i чалавекам, пры якiх дзяржава аказвае садзейнiчанне перш за ўсё тым, хто па аб’ектыўных прычынах (у сiлу ўзросту, стану здароўя i iнш.) не можа забяспечыць сваё матэрыяльнае iснаванне. Што датычыцца iншых асоб, то роля дзяржавы зводзiцца да таго, каб прававымi сродкамi, праводзiмай палiтыкай садзейнiчаць рэалiзацыi грамадзянамi здольнасцей да працы ў гаспадарчай (у якасцi наёмнага работнiка, прадпрымальнiка), творчай i iншых сферах.

У Беларусi самы нiзкi ў Еўропе паказчык беспрацоўя — 1,5 працэнта ад агульнай колькасцi працаздольнага насельнiцтва. Гэтаму садзейнiчаюць як нормы працоўнага заканадаўства, так i меры, якiя прымаюцца Прэзiдэнтам, Урадам, Парламентам па забеспячэнню занятасцi насельнiцтва, што з’яўляецца адной з важнейшых прымет сацыяльнага характару дзяржавы.

У 2005 годзе размер сярэднямесячнай пенсii павялiчыўся ў параўнаннi з 2001 годам у восем разоў, а за перыяд з 1994 года па 2005 год вырас з 8 да 98 долараў ЗША (у эквiваленце). У Рэспублiцы Беларусь налiчваецца каля 2,6 мiльёна пенсiянераў. У сувязi з гэтым значная частка падаткаў i iншых паступленняў у бюджэт iдзе на пенсii i дапамогi, аказанне дапамогi асобам, якiя маюць у ёй патрэбу. Так, у спецыяльна створанай сетцы сацыяльнага абслугоўвання, якая ўключае 156 тэрытарыяльных цэнтраў, аказваецца рэальная дапамога больш чым 70 тысячам пенсiянераў i iнвалiдаў.

У адпаведнасцi з жыллёвым заканадаўствам ствараюцца спрыяльныя ўмовы для атрымання новага жылля маладымi i мнагадзетнымi сем’ямi. Значна больш iнтэнсiўна ў параўнаннi з iншымi дзяржавамi, якiя, як i Беларусь, нядаўна набылi суверэнiтэт, вядзецца жыллёвае будаўнiцтва. У 2005 годзе ўведзена 3 мiльёны 780 тысяч квадратных метраў жылля. Разам з тым жыллёвая сфера з’яўляецца адной з тых сфер, у развiццi якiх грамадзяне найбольш зацiкаўлены, паколькi ствараюцца новыя сем’i, растуць запатрабаваннi людзей да камфорту, памераў жылля i iншых умоў.

Як паказвае разгляд у Канстытуцыйным Судзе спраў i матэрыялаў, заканадаўства i практыка ў гэтай галiне маюць шэраг недахопаў.

Звароты ў Канстытуцыйны Суд па жыллёвых пытаннях сведчаць аб неабходнасцi заканадаўчымi сродкамi забяспечыць баланс iнтарэсаў ЖБК як калектыву грамадзян-забудоўшчыкаў i iнтарэсаў асобных грамадзян, якiя спачатку ўступiлi ў ЖБК, а потым па якiх-небудзь прычынах вырашылi з яго выбыць. З аднаго боку, нельга зацягваць вяртанне сродкаў грамадзянiну, якi выбыў з ЖБК, а з другога — яго адмова ад узятых на сябе пры ўступленнi ў ЖБК абавязацельстваў (выхад з ЖБК) не павiнна прыводзiць да замарожвання будаўнiцтва жылога дома кааператывам. У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд лiчыць апраўданым устанавiць рэальны тэрмiн, на працягу якога былым членам павiнны быць вернуты ўнесеныя ў ЖБК сродкi, а таксама разгледзець пытанне аб стварэннi спецыяльных фондаў для iх вяртання i фiнансавай падтрымкi ЖБК на перыяд да прыёму новых членаў узамен тых, якiя выбылi.

Выклiкае пярэчаннi грамадзян i раней усталяваная практыка ў галiне атрымання ў спадчыну кватэр у ЖБК. Так, да 1 мая 1994 г. права ўласнасцi на кватэру ў ЖБК грамадзянiна, якi ўнёс паявы ўзнос, узнiкала з моманту яго выплаты i не патрабавала адпаведнага афармлення. Змяненне ў далейшым заканадаўства, згодна з якiм патрабавалася афармленне права ўласнасцi, у прынцыпе правамерна, але яно не магло распаўсюджвацца на асоб, якiя ўжо фактычна набылi права ўласнасцi на кватэру па раней дзеючаму заканадаўству. Гэта прывяло да таго, што наследнiкi памерлых членаў ЖБК замест рэальнай кватэры атрымлiвалi толькi грошы, прычым несуразмерныя рыначнаму кошту кватэры, i, такiм чынам, iх права на жыллё, а таксама права ўласнасцi ў парушэнне артыкулаў 44 i 48 Канстытуцыi не былi забяспечаны. Канстытуцыйны Суд i раней звяртаў увагу на дадзеную праблему, аднак судовая i iншая правапрымяняльная практыка, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, развiвалася па шляху, якi не забяспечваў трыумф права i справядлiвасцi.

Аналiзуючы заканадаўства аб парадку прадастаўлення службовага жылога памяшкання, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што яно мае патрэбу ў змяненнi ў частцы патрабавання аб абавязковым адчужэннi жылога памяшкання, што знаходзiцца ва ўласнасцi асобы, якой прадастаўляецца службовае жыллё. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, уласнiк не абавязаны праводзiць адчужэнне ўказанага памяшкання. Акрамя таго, неабходна прадугледзець дадатковыя гарантыi i ў выпадку прадастаўлення службовага жылля асобе, якая на момант прыняцця такога рашэння мае дадзенае жыллё ў карыстаннi па дагавору найму. Гэта абумоўлена тым, што ў выпадку спынення работы, у сувязi з якой было прадастаўлена службовае жыллё, грамадзянiн аказваецца наогул без жылля, а атрыманыя раней сродкi за продаж кватэры для куплi новай аказваюцца недастатковымi. Такiя факты на практыцы ёсць.

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што iснуючыя ў гарадах чэргi грамадзян на жыллё, будаўнiцтва гаражоў i iншых аб’ектаў сведчаць як аб жаданнi грамадзян за кошт сваiх сродкаў вырашыць уласныя праблемы, так i аб непаваротлiвасцi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў адносiнах да адводу зямельных участкаў i вырашэння iншых звязаных з гэтым пытанняў. На ўказаныя праблемы Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу ў папярэднiх сваiх пасланнях i лiчыць, што iх вырашэнне патрабуе самай пiльнай увагi з боку дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў 2005 годзе па шэрагу iншых пытанняў, звязаных з удасканальваннем жыллёвага заканадаўства ў iнтарэсах грамадзян, з iм канструктыўна супрацоўнiчалi Урад, Мiнiстэрства эканомiкi, Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi, Мiнскi, Вiцебскi гарадскiя выканаўчыя камiтэты. Так, былi вырашаны пытаннi, якiя датычацца адзiнага пералiку паслуг па прыватызацыi жылых памяшканняў, у вынiку чаго пераафармленне чэкаў «Маёмасць» на чэкi «Жыллё» ў дадзены пералiк не ўключана, што дазваляе ажыццяўляць iх пераафармленне без спагнання платы. Было вырашана таксама пытанне аб правiльным прымяненнi заканадаўства, якое рэгулюе пастаноўку на ўлiк асоб, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, i атрыманне фiнансавай дапамогi асобамi, звольненымi з ваеннай службы.

Прадугледжаная ў нашай дзяржаве сiстэма выплаты дапамогi садзейнiчае дадатковай сацыяльнай абароне грамадзян. Справядлiвай з’яўляецца арыентацыя на адраснасць сацыяльных выплат. Дзеючае заканадаўства ў гэтай сферы ў цэлым дастаткова эфектыўнае. На забеспячэнне ў большай ступенi роўнасцi грамадзян у атрыманнi дапамогi ад дзяржавы накiравана рашэнне Канстытуцыйнага Суда, згодна з якiм размер дапамогi па догляду за дзiцем ва ўзросце да трох гадоў не павiнен залежаць ад роду заняткаў мацi, уключаючы выпадкi, калi яна не працуе. У iншым рашэннi Канстытуцыйным Судом звернута ўвага на тое, што для iндывiдуальных прадпрымальнiкаў устаноўлены парадак вылiчэння дапамогi па часовай непрацаздольнасцi, якi адрознiваецца ад агульнага. У мэтах забеспячэння роўнасцi ў праве на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне ва Урад былi ўнесены адпаведныя прапановы.

Зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыi аб гарантаваннi дзяржавай правоў грамадзян i ў мэтах належнага забеспячэння правоў асоб радавога i начальнiцкага складу органаў унутраных спраў, якiя прымалi ўдзел у лiквiдацыi вынiкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Канстытуцыйны Суд выказаўся ў падтрымку абгрунтаванасцi iх патрабавання да Белдзяржстраха аб выплаце ўстаноўленых заканадаўствам грашовых сум па дзяржаўнаму абавязковаму асабiстаму страхаванню. Гэта садзейнiчала змяненню практыкi, што склалася раней, i рэальнаму выкананню дзяржавай узятых на сябе абавязацельстваў у адносiнах да асоб, якiя выканалi свой службовы доўг. З улiкам выкладзенага заслугоўвае адабрэння занятая па дадзенаму пытанню пазiцыя Белдзяржстраха, Мiнiстэрства ўнутраных спраў i Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях.

У Рэспублiцы Беларусь разам з прыватнай медыцынай у iнтарэсах аховы здароўя грамадзян захоўваецца сiстэма медыцынскага абслугоўвання ў дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя. Меры, якiя прымаюцца на рэспублiканскiм i мясцовых узроўнях, сведчаць аб прыярытэтнасцi ўказанай сiстэмы. Па некаторых напрамках удасканальвання прававога рэгулявання ў гэтай сферы сваю пазiцыю выказваў i Канстытуцыйны Суд.

У сувязi з калектыўным зваротам грамадзян Канстытуцыйны Суд у мэтах аховы здароўя грамадзян i навакольнага асяроддзя прапанаваў, каб пры будаўнiцтве небяспечных вытворчых аб’ектаў (аўтазаправачных станцый i iнш.) у непасрэднай блiзкасцi ад жылых i грамадскiх будынкаў суб’ектамi гаспадарання пры ўзгадненнi месца iх размяшчэння на прадпраектнай стадыi заказчыкам улiчвалася таксама меркаванне грамадскасцi па дадзенаму пытанню. Такi падыход яшчэ больш умацуе аўтарытэт органаў дзяржаўнай улады, прызваных клапацiцца аб ахове здароўя грамадзян i навакольнага асяроддзя.

Шэраг зваротаў, якiя паступiлi ў Канстытуцыйны Суд, датычыўся законнасцi прававога рэгулявання парадку i практыкi канфiскацыi маёмасцi, што належыць асобе, якая не ўчыняла адмiнiстрацыйнага правапарушэння i набыла маёмасць на законнай падставе. Праблема заключаецца ў негарантаванасцi правоў добрасумленнага набытчыка, што купiў або iншым чынам набыў маёмасць, прававы рэжым якой у прынцыпе не дазваляў учыняць здзелкi з такой маёмасцю, але пакупнiк аб гэтым не ведаў i не мог ведаць. У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд мяркуе, што змяненне iснуючай практыкi ўмацуе рэжым канстытуцыйнай законнасцi ва ўказанай сферы i павысiць давер грамадзян да дзяржавы. Канстытуцыйны Суд улiчвае i тую акалiчнасць, што пры ўчыненнi здзелак з маёмасцю на ўнутраным рынку заканадаўства не прадугледжвае абавязак набытчыка такой маёмасцi патрабаваць ад яе прадаўца прадстаўлення дакументаў, якiя пацвярджаюць законнасць першапачатковага выпуску маёмасцi ў абарот.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў апошнiя гады падатковае заканадаўства iстотна ўдасканалена, а агульная падатковая нагрузка хоць i нязначна, але пастаянна змяншаецца, нягледзячы на маштабнасць эканамiчных i сацыяльных задач, якiя вырашаюцца. Разам з тым у сiлу шырокага спектра грамадскiх адносiн, якiя падпадаюць пад дзеянне падатковага заканадаўства, гэта галiна заканадаўства яшчэ мае недахопы, што дае падставы для вываду аб неабходнасцi яе далейшага ўдасканальвання. Так, у сiлу шматлiкасцi суб’ектаў нарматворчасцi на мясцовым узроўнi (зыходзячы з агульнай колькасцi мясцовых Саветаў дэпутатаў) i неабходнасцi правядзення адзiнай падатковай палiтыкi Канстытуцыйны Суд прапанаваў вызначаць дакладна i ясна ў законах аб бюджэце, якiя прымаюцца на чарговы год, асноўныя элементы збораў з карыстальнiкаў, у прыватнасцi гранiчныя размеры ставак, парадак iх вылiчэння i выплаты. Дадзеная прапанова рэалiзавана ў артыкуле 8 Закона «Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2006 год». У той жа час у дзейнасцi асобных мясцовых Саветаў дэпутатаў яшчэ захоўваецца незаконная практыка дэлегавання паўнамоцтваў у галiне падаткаабкладання мясцовым выканаўчым i распарадчым органам.

Пазiтыўным з’яўляецца той факт, што рашэннi Канстытуцыйнага Суда, якiя прымаюцца ў дадзенай галiне, рэалiзуюцца мясцовымi Саветамi дэпутатаў, выканаўчымi i распарадчымi органамi. Так, дзякуючы пазiцыi Канстытуцыйнага Суда, падтрыманай Мiнiстэрствам унутраных спраў, Мiнiстэрствам замежных спраў, Мiнiстэрствам юстыцыi, было спынена спагнанне платы за пражыванне замежных грамадзян у горадзе Мiнску як спагнанне, якое не мела пад сабой прававых падстаў. Гэта сведчыць як аб павазе да закона, так i аб неабходнасцi аказання пастаяннай метадычнай дапамогi органам мясцовага кiравання i самакiравання пры вырашэннi пытанняў аб падаткаабкладаннi.

Звароты дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Калугiна П.А., Козiка Л.П., а таксама канцэрна «Белнафтахiм» датычылiся даўняй праблемы падаткаабкладання выхадной дапамогi, якая прадугледжваецца калектыўнымi дагаворамi. Канстытуцыйны Суд устанавiў наяўнасць супярэчнасцi памiж нормамi падатковага i працоўнага заканадаўства. Працоўны кодэкс прадугледжвае забарону ўтрымання з выхадной дапамогi, што выплачваецца пры звальненнi работнiка (артыкул 109), а Закон «Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб» — падаткаабкладанне выхадной дапамогi, якая перавышае ўстаноўленыя заканадаўствам мiнiмальныя гарантаваныя размеры. Паколькi выхадная дапамога — гэта грашовая сума, што выплачваецца работнiку пры звальненнi пры адсутнасцi яго вiнаватых дзеянняў, мэтай якой з’яўляецца змякчэнне вынiкаў, што наступаюць для работнiка ў сувязi са стратай работы, Канстытуцыйны Суд выказаў пазiцыю аб тым, што выхадную дапамогу, незалежна ад узроўню яе нарматыўнага ўстанаўлення (заканадаўства або калектыўны дагавор, пагадненне), не трэба абкладаць падаходным падаткам. Пры гэтым ён таксама зыходзiў з таго, што згодна з устаноўленымi правiламi кодэкс па юрыдычнай сiле вышэй за закон.

Разглядаючы пытанне аб падаткаабкладаннi зямель садаводчых таварыстваў, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што гэтыя землi, незалежна ад таго, ва ўласнасцi, у валоданнi, карыстаннi якога суб’екта яны знаходзяцца (грамадзянiна, садаводчага таварыства), у тым лiку землi агульнага карыстання, падлягаюць падаткаабкладанню па адзiных стаўках. На практыцы ж землi агульнага карыстання садаводчых таварыстваў (дарогi i iнш.) абкладалiся па больш высокiх стаўках.

Гэта праблема вырашана ва Указе Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 29 верасня 2005 г. № 460, якi прадугледжвае, што зямельным падаткам не абкладаюцца землi агульнага карыстання садаводчых, садова-агароднiцкiх таварыстваў (кааператываў). Дадзены Указ быў распаўсюджаны на адносiны, якiя ўзнiклi з 1 студзеня 2005 г.

Канстытуцыйны Суд поўнасцю падтрымлiвае нарматворчую практыку, калi зваротная сiла надаецца толькi тым актам, якiя паляпшаюць прававое становiшча грамадзян, суб’ектаў гаспадарання.

У пасланнях, прынятых у папярэднiя гады, Канстытуцыйны Суд ужо звяртаў увагу на недапушчальнасць надання ў звычайных умовах зваротнай сiлы нарматыўным прававым актам, якiмi ўскладаюцца якiя-небудзь новыя абавязкi эканамiчнага або iншага характару. У 2005 годзе становiшча спраў яўна палепшылася, i падобную практыку неабходна замацаваць у будучым, што патрабуе ад iнiцыятараў праектаў нарматыўных прававых актаў стратэгiчнага мыслення, умення не толькi планаваць, але i прагназаваць патрэбнасцi прававога рэгулявання, а таксама вынiкi актаў, якiя прымаюцца.

* * *

Прынцыповай асаблiвасцю дзеючай Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца наяўнасць у ёй асноватворных норм аб дэмакратыi (народаўладдзi).

Для сучаснай беларускай дзяржавы характэрна не толькi канстытуцыйнае замацаванне вяршэнства i поўнаўладдзя народа, але i рэальнае дзеянне дэмакратычных канстытуцыйна-прававых iнстытутаў, якiя раней у канстытуцыях толькi абазначалiся, але рэальна не дзейнiчалi. Больш таго, беларускай гiсторыi вядомы прыклады, калi воля ўсяго народа проста iгнаравалася.

Сваю ўладу беларускi народ ажыццяўляе праз рэгулярна праводзiмыя ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй i законамi выбары Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, Парламента i мясцовых Саветаў дэпутатаў, удзел у рэферэндумах (1995 г., 1996 г., 2004 г.), абмеркаванне праектаў найбольш важных дакументаў, удзел сваiх прадстаўнiкоў у рэспублiканскiх i мясцовых сходах. Народны характар улады ў нашай дзяржаве праяўляецца не толькi ў палiтыцы па сацыяльнай абароне грамадзян, але i ў праве народа самому рэальна вызначаць свой лёс, прымаць найбольш важныя рашэннi. Такiм чынам, на справе рэалiзуецца iдэя народнага суверэнiтэту, якая валодала думкамi вядомых асветнiкаў, у тым лiку беларускiх, паслядоўна на працягу доўгага перыяду развiвалася многiмi выдатнымi вучонымi.

Пазiтыўна неабходна ацанiць абнаўленне заканадаўства аб зваротах грамадзян. Такой жа ацэнкi заслугоўвае i патрабаванне кiраўнiцтва краiны аб уважлiвых адносiнах да прапаноў, заяў i скарг грамадзян. Звароты грамадзян адлюстроўваюць рэальныя сацыяльна-эканамiчныя працэсы, садзейнiчаюць павышэнню эфектыўнасцi работы органаў улады, аднаўленню парушаных правоў i ўмацаванню законнасцi, устараненню супярэчнасцей i iншых недахопаў у заканадаўстве, практыцы яго прымянення.

Сукупнасць актаў бягучага заканадаўства, накiраваных на забеспячэнне больш цеснай сувязi дзяржавы i народа, узмацненне ўплыву грамадзян на нарматворчую дзейнасць дзяржаўных органаў (законы «Аб парадку рэалiзацыi права заканадаўчай iнiцыятывы грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь», «Аб рэспублiканскiх i мясцовых сходах», «Аб зваротах грамадзян» i iнш.), выгадна адрознiваюць Рэспублiку Беларусь у сферы рэальнага ажыццяўлення дэмакратыi i з’яўляюцца лагiчным працягам развiцця стратэгiчных палажэнняў як Канстытуцыi, так i раней дзеючага Закона ад 27 лютага 1991 г. «Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспублiцы Беларусь».

На карысць асноўнага прынцыпу дзяржаўнага ўладарання — улада для народа, а не народ для ўлады, сведчыць цяпер фармiруемая практыка разгляду заяў грамадзян, звязаных з рэалiзацыяй iмi сваiх правоў, па прынцыпу «аднаго акна». Гэта садзейнiчае не толькi ўмацаванню даверу да дзяржаўнага апарату i павышэнню яго аўтарытэту, але i ўмацаванню адказнасцi з улiкам ускладзеных на яго дадатковых абавязкаў. На неабходнасць спрашчэння работы з дакументамi, выключэння бюракратычнага падыходу пры прадастаўленнi грамадзянам прадугледжаных законам гарантый i кампенсацый, калi яны вымушаны былi на працягу года некалькi разоў пацвярджаць права на льготы, указваў раней у сваiх рашэннях i Канстытуцыйны Суд. У прыватнасцi, Судом адзначалася, што заканадаўства не павiнна абцяжарваць асоб, якiя карыстаюцца льготамi, праз устанаўленне патрабаванняў аб прадстаўленнi акрамя адпаведных пасведчанняў яшчэ i дадатковых дакументаў. Рашэннi Кiраўнiка дзяржавы, акты Урада, прынятыя ў дадзенай сферы, з’яўляюцца своечасовымi i аб’ектыўна абумоўленымi. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, яшчэ больш паспяхова гэты прынцып можа быць рэалiзаваны пры ўмове сiстэмнага i поўнамаштабнага выкарыстання сучасных iнфармацыйных тэхналогiй. Рэспублiка Беларусь па свайму кадраваму i творчаму патэнцыялу дастаткова прайшла наперад у дадзенай галiне. Спрасцiць вырашэнне ўказаных пытанняў дазволiць i рэалiзацыя праграмы «Электронная Беларусь». Разам з тым не трэба абсалютызаваць гэты прынцып, паколькi i самi грамадзяне пры вырашэннi сваiх пытанняў таксама павiнны выконваць пэўныя абавязкi.

Звароты грамадзян, якiя паступаюць у дзяржаўныя органы, у тым лiку i ў Канстытуцыйны Суд, абавязваюць дзяржаўныя органы i службовых асоб ажыццяўляць сваю дзейнасць з улiкам штодзённых патрэб i запытаў грамадзян, лепш бачыць праблемы i ацэньваць эфектыўнасць прававога рэгулявання грамадскiх адносiн у iмя станаўлення дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы. Разам з тым разгляд зваротаў паказвае, што грамадзяне вымушаны звяртацца ў Канстытуцыйны Суд, таму што ў iншых iнстанцыях iх звароты не атрымалi своечасовага i належнага прававога вырашэння. У той жа час частка зваротаў (скарг) з’яўляецца першапачаткова неабгрунтаванай. Усё гэта сведчыць аб неабходнасцi ўзмацнення канстытуцыйнага кантролю з боку Канстытуцыйнага Суда, умацавання ўзаемадзеяння Канстытуцыйнага Суда з iншымi дзяржаўнымi органамi, правядзення больш актыўнай работы па растлумачэнню дзеючага заканадаўства. У вынiку ад гэтага выйграюць усе: дзяржава, грамадства i кожны грамадзянiн паасобку.

* * *

Адным з самых складаных i працяглых з’яўляецца працэс фармiравання дзяржавы як прававой. Многiя дзяржавы (уключаючы ЗША i краiны Заходняй Еўропы) iшлi да гэтага стагоддзi (ураўноўванне жанчын у выбарчых правах з мужчынамi, адмена рабства, выключэнне дыскрымiнацыi па расавай, нацыянальнай, рэлiгiйнай i палавой прыметах i iнш.). Канфлiкты мiнулага i цяперашняга часу ў краiнах заходняй дэмакратыi сведчаць аб неадназначнасцi гэтага працэсу, яго супярэчлiвасцi. Рэспублiка Беларусь як суверэнная дзяржава мае ўсяго толькi пятнаццацiгадовую гiсторыю. За гэты непрацяглы перыяд умацавана i развiта нацыянальная прававая сiстэма, у многiм зжыты прававы нiгiлiзм. У дзяржаве ўсё больш выразна праяўляюцца такiя рысы, як вяршэнства права, звязанасць дзяржавы сваiмi рашэннямi. Наяўнасць сучаснай заканадаўчай базы, якая адпавядае сусветным i агульнаеўрапейскiм стандартам, устойлiвасць прававога рэгулявання, раздзяленне i ўзаемадзеянне ўлад, гарантаванасць правоў i свабод грамадзян, судовая абарона, развiццё канстытуцыйнага правасуддзя — гэта тыя прававыя каштоўнасцi, якiя ўласцiвы сучаснай беларускай дзяржаве i якiя неабходна ўмацоўваць i ўсямерна развiваць.

На аснове Канстытуцыi i агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права ў Рэспублiцы Беларусь праведзена сiстэматызацыя i кадыфiкацыя заканадаўства, за апошнiя дзесяць гадоў створана заканадаўчая база для эканамiчных, палiтычных i сацыяльных пераўтварэнняў, забеспячэння правоў, свабод грамадзян i гарантый iх рэалiзацыi, сфармiравана сучасная прававая iдэалогiя, якая павiнна быць набыткам не толькi вучоных-прававедаў, спецыялiстаў-практыкаў, дзяржаўных служачых, але i ўсiх пластоў грамадства. У цяперашнi час, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, асноўны цэнтр цяжару павiнен быць перанесены на ўдасканальванне заканадаўства, падтрыманне яго ў такiм стане, якi адэкватна ўздзейнiчае на новыя з’явы ў грамадскiм жыццi i ўлiчвае напрамкi сацыяльнага прагрэсу. Гэта акалiчнасць аб’ектыўна абумоўлiвае неабходнасць правядзення на аснове мiжнародных стандартаў больш тонкай i ўзважанай работы ў прававой сферы дзяржаўных органаў, якiя ажыццяўляюць нагляд i кантроль, уключаючы iнстытут канстытуцыйнага кантролю. На змест нарматворчых актаў i практыку iх прымянення ўсё большы ўплыў павiнны аказваць агульнапрызнаныя прынцыпы i нормы мiжнароднага права. Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь падрыхтавана на аснове Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека, Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах, Мiжнароднага пакта аб эканамiчных, сацыяльных i культурных правах i iншых мiжнародных дакументаў, ратыфiкаваных Рэспублiкай Беларусь. Многiя артыкулы Канстытуцыi i ўказаных дакументаў блiзкiя па свайму зместу, таму ёсць усе падставы для далейшай арыентацыi на мiжнародныя стандарты, якiя склалiся. Больш таго, заснаваны на Канстытуцыi Закон «Аб мiжнародных дагаворах Рэспублiкi Беларусь» вызначыў, што мiжнародна-прававыя акты, ратыфiкаваныя Рэспублiкай Беларусь, з’яўляюцца часткай дзеючай нацыянальнай сiстэмы права.

Вялiкае значэнне для развiцця прававой сiстэмы мае Праграмны закон ад 14 лiстапада 2005 г. «Аб зацвярджэннi Асноўных напрамкаў унутранай i знешняй палiтыкi Рэспублiкi Беларусь», якiм замацаваны такiя канстытуцыйныя i агульнаправавыя прынцыпы, як: стабiльнасць канстытуцыйнага ладу, гарантаванасць канстытуцыйных правоў i свабод грамадзян, роўнасць усiх форм уласнасцi, сацыяльная справядлiвасць, узаемадзеянне заканадаўчай, выканаўчай i судовай улад у iнтарэсах асобы, грамадства i дзяржавы, захаванне агульнапрызнаных прынцыпаў i норм мiжнароднага права. На значэнне пералiчаных i iншых агульнапрызнаных прынцыпаў Канстытуцыйны Суд неаднаразова ўказваў у сваiх пасланнях i арыентаваўся на iх пры прыняццi рашэнняў. Дадзены Праграмны закон выканае сваё прызначэнне, калi рэальна стане асновай для бягучай нарматворчай i правапрымяняльнай практыкi.

Развiццё грамадскiх адносiн звычайна суправаджаецца змяненнем дзеючага заканадаўства. Калiзii, якiя ўзнiкаюць пры гэтым у заканадаўстве i правапрымяненнi, у пэўнай меры вытлумачальны складанасцю вырашаемых задач. У сувязi з гэтым вырашэнне спрэчак цывiлiзаваным шляхам, у тым лiку шляхам iх разгляду ў Канстытуцыйным Судзе, у развiтых краiнах з’яўляецца ўжо сфармiраваным правiлам. Канстытуцыйны Суд адзначае, што, на жаль, нярэдка прававыя спрэчкi, прэтэнзii грамадзян, якiя захоўваюцца доўгi час, не вырашаюцца з-за несвоечасовай пастаноўкi перад Канстытуцыйным Судом цi заканадаўцам пытанняў аб неабходнасцi iх вырашэння. Ёсць факты i неквалiфiкаванага прававога аналiзу пры прыняццi рашэнняў некаторымi дзяржаўнымi органамi i службовымi асобамi. У асобных выпадках iснуюць нормы, якiя страцiлi сваю актуальнасць або маюць нiзкую эфектыўнасць, аднак на грамадзян яны накладаюць дадатковыя абавязкi. Так, 4 кастрычнiка 2005 г. Канстытуцыйны Суд для забеспячэння патрабаванняў заканадаўства, што датычацца часовых абмежаванняў для выезду з Рэспублiкi Беларусь асоб, якiя не выканалi маёмасных i iншых абавязацельстваў, асоб, асуджаных за ўчыненне злачынстваў i iнш., быў вымушаны па прапанове Савета Мiнiстраў, падтрыманай Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу, прадоўжыць тэрмiн рэалiзацыi Заключэння ад 27 верасня 2002 г., якiм прызнаны не адпавядаючымi Канстытуцыi нарматыўныя прававыя акты, што прадугледжваюць прастаўленне дазвольнай адзнакi ў пашпарце грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь пры выездзе за мяжу. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд указаў, што прастаўленне адзнакi ў пашпарце з’яўляецца толькi частковай i малаэфектыўнай мерай выяўлення асоб, у адносiнах да якiх у адпаведнасцi з заканадаўствам узнiклi часовыя абмежаваннi для выезду за межы Рэспублiкi Беларусь.

Канстытуцыйны Суд прызнаў, што кампетэнтныя дзяржаўныя органы, адказныя за рэалiзацыю на практыцы права грамадзян на свабоду перамяшчэння, не прынялi ўсiх неабходных мер па выкананню ўказанага Заключэння, i патрабаваў iнфармаваць грамадзян аб перспектывах адмены ў будучым адзнакi ў пашпарце i магчымым прававым рэгуляваннi парадку выезду з Рэспублiкi Беларусь i ўезду ў Рэспублiку Беларусь. На перыяд захавання адзнак у пашпартах для выезду за мяжу Канстытуцыйны Суд прапанаваў прыняць дадатковыя меры па спрашчэнню парадку iх прастаўлення, у тым лiку i скарачэнню тэрмiнаў, на працягу якiх павiнны быць прыняты адпаведныя рашэннi. Пэўныя меры ў гэтым напрамку былi прыняты.

Па ўказаных пытаннях Канстытуцыйны Суд звярнуўся таксама да Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь з просьбай даць даручэнне кампетэнтным дзяржаўным органам вызначыць найкарацейшы тэрмiн, па заканчэннi якога адзнака ў пашпарце будзе адменена.

У 2005 годзе, як i ў папярэднi перыяд, Канстытуцыйны Суд шмат увагi ўдзяляў замацаванаму ў Канстытуцыi праву кожнай асобы на судовую абарону, што таксама адпавядае агульнаеўрапейскiм стандартам. Канстытуцыйны Суд сваiмi рашэннямi рабiў усё для выключэння з заканадаўства i практыкi яго прымянення iснуючых у дадзенай галiне абмежаванняў i ўстаранення прабелаў. Аднак некаторыя праблемы ўсё ж застаюцца нявырашанымi. Напрыклад, нягледзячы на дапаўненне Крымiнальна-выканаўчага кодэкса адпаведнай нормай, асобам, якiя знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волi, агульныя суды насуперак артыкулу 60 Канстытуцыi, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, неправамерна адмаўляюць у судовым абскарджаннi накладзеных на iх дысцыплiнарных спагнанняў. У цяперашнi час такога роду скаргi разглядаюцца толькi органамi пракуратуры.

Канстытуцыйны Суд таксама лiчыць, што ў мэтах забеспячэння эфектыўнасцi правасуддзя неабходна строга выконваць прававыя патрабаваннi аб законным складзе суда.

Своечасоваму выключэнню з прававой сiстэмы неканстытуцыйных норм, фармiраванню судовай практыкi, зарыентаванай на абарону правоў i законных iнтарэсаў грамадзян i арганiзацый, садзейнiчала б таксама выкананне агульнымi i гаспадарчымi судамi патрабаванняў артыкула 112 Канстытуцыi аб пастаноўцы ва ўстаноўленым парадку пытання аб праверцы канстытуцыйнасцi нарматыўнага прававога акта, якi падлягае прымяненню пры разглядзе канкрэтнай справы. Няправiльнае вытлумачэнне сэнсу канстытуцыйных норм, арыентацыя ў першую чаргу на акты бягучага заканадаўства часам прыводзяць да паглыблення прававога канфлiкту i зацягвання на працяглы час яго законнага вырашэння.

Як i ў папярэднiя гады, прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда былi звароты асуджаных у сувязi з непрымяненнем да iх законаў аб амнiстыi. Канстытуцыйны Суд прызнаў, што асобы, якiя ўчынiлi злачынствы да дня ўступлення ў сiлу закона аб амнiстыi i асуджаныя да або ў перыяд яго выканання, набылi права на амнiстыю, якое не можа быць абмежавана па той прычыне, што вынесеныя ў адносiнах да iх прыгаворы ў наступным адмянялiся, а новыя прыгаворы пастанаўлялiся ўжо па заканчэннi тэрмiну выканання закона аб амнiстыi. Практыка ж насуперак гэтаму вiдавочнаму вываду развiваецца далей у напрамку непрызнання за ўказанымi асуджанымi права на амнiстыю, аб чым сведчаць звароты ў Канстытуцыйны Суд.

Аналiз крымiнальнага заканадаўства i вынiкаў яго прымянення, паслядоўная работа Мiнiстэрства ўнутраных спраў i iншых праваахоўных органаў па прадухiленню i папярэджанню злачынстваў, менталiтэт беларускiх грамадзян, у большасцi сваёй законапаслухмяных, даюць падставы для прапаноў аб дэкрымiналiзацыi асобных дзеянняў, якiя класiфiкуюцца як злачынствы, i аднясення iх да адмiнiстрацыйных правапарушэнняў.

Выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, рэалiзацыя ўносiмых Канстытуцыйным Судом прапаноў рэальна садзейнiчаюць зацвярджэнню канстытуцыйнай законнасцi ў праватворчасцi i правапрымяненнi. У гэтай галiне Канстытуцыйны Суд плённа супрацоўнiчае з органамi прадстаўнiчай i выканаўчай улады. Так, Урад па прапанове Канстытуцыйнага Суда вызначыў умовы пакрыцця шкоды, прычыненай жыццю або здароўю грамадзян, у сувязi з лiквiдацыяй юрыдычных асоб, абавязаных ажыццяўляць плацяжы для пакрыцця дадзенай шкоды; унёс карэктывы ў парадак размяшчэння вонкавай рэкламы; змянiў нормы Палажэння аб дзяржаўным энергетычным наглядзе ў Рэспублiцы Беларусь, накiраваныя на забеспячэнне канстытуцыйнага права на недатыкальнасць жылля. Шэраг iншых рашэнняў Канстытуцыйнага Суда таксама знайшоў рэалiзацыю ў актах дзяржаўных органаў.

У той жа час грамадзяне прадаўжаюць настойлiва ставiць перад Канстытуцыйным Судом пытаннi, якiя павiнны разглядацца не Канстытуцыйным Судом, а iншымi дзяржаўнымi органамi ў сiлу пераважна эканамiчнага цi iншага спецыяльнага характару дадзеных пытанняў (у прыватнасцi, пытанняў, якiя датычацца кампенсацыi насельнiцтву страт ад абясцэнення банкаўскiх укладаў, выканання дзяржавай абавязацельстваў па дзяржаўнай мэтавай беспрацэнтнай пазыцы СССР 1990 года, належных выплат вязням у сувязi з iх знаходжаннем у лагеры смерцi «Азарычы», прастаўлення ў пашпартах грамадзян Рэспублiкi Беларусь асабiстага нумара i iнш.).

Канстытуцыйны Суд адзначае, што павышэнню эфектыўнасцi прававой сiстэмы, далейшай рэалiзацыi замацаваных Канстытуцыяй прынцыпаў сацыяльнай прававой дзяржавы будзе садзейнiчаць забеспячэнне непасрэднага дзеяння норм Канстытуцыi, а таксама ўстараненне iснуючых недахопаў, звязаных з наяўнасцю калiзiй норм i прабелаў у заканадаўстве, перавышэннем дзяржаўнымi органамi прадастаўленых iм паўнамоцтваў, няўзгодненасцю нарматыўных прававых актаў рознага ўзроўню, несвоечасовым растлумачэннем i адпаведным тлумачэннем прававых норм, негатыўнай практыкай правапрымянення.

Паслядоўная работа дзяржавы i яе органаў па забеспячэнню вяршэнства канстытуцыйных норм, правоў i свабод чалавека i грамадзянiна, зацвярджэнню канстытуцыйнай законнасцi ва ўсiх сферах грамадскага жыцця з’яўляецца галоўнай умовай развiцця Рэспублiкi Беларусь як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэннi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь 1 лютага 2006 года.

Старшынствуючы —

Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь Р.А. ВАСIЛЕВIЧ



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Палаце прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика