Апусцелi бяз цяпла дамы...
Настасся ЦЕЛЕШАВА
Форс-мажор Не простым лiстом, а крыкам аб дапамозе назвалi сваё пiсьмо жыхары вёскi Вяркуды Ушацкага раёна.I з iмi нельга не пагадзiцца. Гiсторыя банальная: у чатырох двухпавярховых дамах населенага пункта, пабудаваных у сярэдзiне 70-х, пражывае 66 чалавек. Паблiзу стаiць яшчэ адзiн, пяты, але... пусты. Здавалася б, некалькi дзесяцiгоддзяў для добрых пабудоў — тэрмiн невялiкi, але... Круглы год ў падвалах стаiць вада, захоўваць садавiну i гароднiну няма дзе. Калi б толькi гэта... Водаправодныя трубы i каналiзацыя праiржавелi так, што да iх нельга дакрануцца, дах цячэ, па сценах папоўз грыбок. Спiс гэты, на жаль, можна працягваць амаль бясконца. А ўсё па той прычыне, што больш за дзесяць гадоў таму дамы перасталi ацяпляцца цэнтралiзавана, i амаль адразу ва ўсiх кватэрах пабудавалi печкi. «Вось i цягаем дроўцы ў мяшках на другi паверх з павецяў, якiя знаходзяцца на адлегласцi 150—200 метраў, — пiшуць жыхары Вяркудаў. — У кватэрах холадна, сыра. З аднаго дома людзi выехалi. А тыя, хто застаўся, жывуць абяцаннямi, што праблема будзе вырашана. А пакуль самi рамантуемся, але памяняць камунiкацыi не ў нашых сiлах. Мы прапаноўвалi зрабiць капiтальны рамонт на паях з дзяржавай. Калi нельга аднавiць кацельню, усталявалi б катлы ў кожным доме цi кватэры. Вось i гэтай зiмой з-за моцных маразоў трэснула труба водаправода, тры днi мы былi без вады, насiлi яе з сажалкi, у падвалах вада замерзла, ператварылася ў каток». Напiсанае цалкам пацвердзiў старшыня Вяркудаўскага сельскага Савета Васiль Цянюга, якi сам жыве ў адным з тых халодных дамоў. Гаворыць, што ўжо даўно закрыў залу ў сваёй трохпакаёўцы, бо хiба ж ацеплiш такiя плошчы? I так печ трэба палiць два разы на суткi. Дарэчы, на такi крок пайшоў не ён адзiн, а i многiя сем’i, у якiх выхоўваюцца i зусiм малыя дзецi. — Амаль адзiнае, на што мы разлiчваем — уключэнне нашай вёскi ў аграгарадок, — гаворыць Васiль Пятровiч. — Далiбог, адбудзецца гэта ў 2007 годзе. Але зусiм не факт, што мы атрымаем грошы на капiтальны рамонт. Канешне, магчымы яшчэ адзiн варыянт — у вёсцы будуюцца дамы па прэзiдэнцкай праграме, мабыць, туды можна было б перасялiць людзей, пакуль сiтуацыя не выправiцца. Намеснiк старшынi Ушацкага райвыканкама Вольга Карцецкая пацвердзiла: у будучым годзе ў Вяркудах плануецца адкрыць аграгарадок. Менавiта з гэтай падзеяй Вольга Iванаўна i звязвае лепшае будучае вяркудаўскiх дамоў, якiя зараз, як высветлiлася, знаходзяцца на балансе мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Дубраўка». Некалькi разоў агучвалася прапанова перадаць iх Ушацкай ЖКГ, але арганiзацыя не згаджаецца зрабiць гэта, пакуль у аб’ектах не пройдзе «капiталка». Свой погляд на вяркудаўскую праблему ў кiраўнiцтва «Дубраўкi», якое паведамiла нашаму карэспандэнту, што «цэнтральная кацельня, якая працуе на мазуце, была выведзена з эксплуатацыi ў 1996 годзе з-за рэзкага падаражання палiўных рэсурсаў i адсутнасцi фiнансаў у гаспадаркi. Жыхарам дамоў (17 з 28 кватэр праватызаваны) за кошт сродкаў «Дубраўкi» была выдзелена цэгла для будавання печак i тэхнiка для яе дастаўкi. Для абслугоўвання водаправода i каналiзацыi шмат разоў запрашалiся рамонтныя брыгады Ушацкай ЖКГ». Аднак камунiкацыi патрабуюць капiтальнага аднаўлення i... зноў-такi вялiкiх грошай. Таму ўжо сёння спецыялiсты «Дубраўкi» рыхтуюць тыя самыя матэрыялы па перадачы злашчасных дамоў на баланс ЖКГ у другiм паўгоддзi 2006 года. Цiкава, што будаўнiцтва аграгарадка запланавана толькi на 2007 год, Адкуль возьмуцца сродкi на рамонт, без якога ЖКГ адмаўляецца забiраць аб’екты, не зусiм зразумела. У рэшце рэшт, у сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Дубраўка» ўпэўнены, што жыхарам Вяркудаў трэба пачакаць — пакуль жа гэта iм удавалася. У вынiку, пацярпець трэба ўсяго нiчога...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не простым лiстом, а крыкам аб дапамозе назвалi сваё пiсьмо жыхары вёскi Вяркуды Ушацкага раёна
|
|