Соль зямлi. I насенне для яе
Сяргей ШАЎЦОЎ
Свая справа Штосьцi апошнiм часам мне шанцуе на выпускнiкоў радыётэхнiчнага iнстытута. Першым героем «Сваёй справы» быў былы iнжынер-электроншчык Дзмiтрый Крылоў. Андрэй Самадзелкiн, герой сённяшнi, таксама закончыў РТI. Абодвух яднае не толькi alma mater. I Дзмiтрый, i Андрэй — фермеры. I вось пытанне: вiдаць, радыётэхнiчны — гэта нейкая асаблiвая ВНУ? Ну, я не ведаю. Мне адно ясна: выходзяць адтуль людзi яўна неардынарныя.Беднасць прымусiла Ну так, беднасць была галоўнай прычынай таго, што iнжынер Андрэй Афанасьевiч Самадзелкiн раптам стаў фермерам-насенняводам. Гэта ён так кажа. I тут жа сам сябе выкрывае: — Давайце пра маю ранейшую работу не будзем, — кажа ён. — Ну, было, папрацаваў на заводах. Але гэта быў дарэмна патрачаны час. Не хачу i ўспамiнаць... Вось, значыць, дзе сабака закапаны. Канвеер не можа задаволiць творчага чалавека, якi задуманы ствараць. Калi ў адным месцы яму гэтага не даюць, ён шукае i знаходзiць другое, дзе такая магчымасць ёсць. Гэта i здарылася з Андрэем Самадзелкiным. Беднасць, канешне, важная прычына, але не галоўная, яна — знешняя прычына. Унутраная была значна глыбей. Яе можна сфармуляваць так: дайце мне жыць так, як мне гэта падабаецца. Пачатак 90-х дагэтуль пакiдае дваiстае ўражанне. З аднаго боку, вокны адкрылi i моцна пацягнула свежым паветрам. З другога — хтосьцi вокны хацеў зачынiць. Да таго часу ў Самадзелкiна неяк утварылася матэрыяльная база. У 1991 г. ён адкрыў прыватную краму па продажы насення. Але да такой крамы трэба дадаць кавалак зямлi, дзе гэта насенне можна вырошчваць. Зямлю, натуральна, не даюць. Да 93-га, калi пытанне вырашалася на ўзроўнi намеснiка старшынi Вярхоўнага Савета. Распаўсюджаны на той час выпадак. Далi гэты няшчасны кавалак памiж Ракавам i Заслаўем. Гадоў 60 тут нiхто нiчога не сеяў. — Туды добра было прыязджаць гарэлку пiць, — смяецца Андрэй Афанасьевiч. Зямлю далi без права забудовы. Гэта ўсё вырашыла. Высадзiлi 10 тысяч кустоў парэчкi, некалькi соцень яблынь i груш. Вынiк? Яблынi i грушы павырывалi ўсе, парэчак, праўда, пакiнулi тысячу кустоў. Дзякуй, родныя... Ну а цяпер асноўная база СФГ «АграСам» знаходзiцца ў вёсцы Вялiкае Сяло. Дом, 15 сотак пры iм, 0,5 га ў 10 мiнутах хады ад дома, вада, святло. Першы намеснiк Андрэя Афанасьевiча па вытворчасцi, маркетынгу, статыстыцы i iнш., Iрына Аляксандраўна, адначасова жонка. Дзецi — Саша (студэнт), Андрэй (служыць у армii), Лiза (11-ы клас) — таксама члены сялянскай гаспадаркi. Па меры магчымасцяў. Бацька нiкога нi да чаго не прымушае. — Я прыхiльнiк амерыканскага падыходу, — кажа бацька. — Дзяцей прымушаць не варта. Няхай самi разбяруцца, што iм цiкава. Насенне — поштай Менавiта так, проста i надзейна. «АграСам» заключыў дамову з «Белпоштай» i ахапiў продажам усю Беларусь адразу, усе 6 абласцей i 118 раёнаў. Робiцца ўсё так: «Белпошта» купляе насенне ў «АграСама» i прадае лiтаральна ў кожным аддзяленнi сувязi. З гэтага мае свой законны працэнт. Кошт насення — ад 400 да 660 рублёў. Здаецца, цярпiма... Народ пiша лiсты: вышлiце, што ёсць. За мiнулы год прыйшло больш як 4 тысячы лiстоў. На пошту Iрыне Аляксандраўне i Андрэю Афанасьевiчу хадзiць трэба кожны дзень. На пачатку нашай размовы першы намеснiк якраз туды i накiравалася (была нядзеля). Уявiце, глухая вёска, да райцэнтра кiламетраў сорак, аўтобус не ходзiць, але ёсць пошта. Прыйшоў — купiў насенне. Няма — даслаў лiст. Атрымаў. Аплацiў. Засявай! Вельмi зручна для спажыўца. Хоць клопатна для вытворцы i прадаўца. Пiк продажаў, натуральна, прыходзiцца на восень—зiму. Ёсць таксама iншая гароднiна, ёсць насенне кветак. Так-так, кветак. Што даказвае — гаспадар «АграСама» на кан’юнктуру рынку рэагуе дакладна. Людзi сталi жыць больш заможна — хлеба хапае, але трэба i вiдовiшчаў. Калi ласка, кветкi. У «Каталогу насення» мне асаблiва спадабалiся цынiя карлiкавая, агератум сiнi, цынiя махровая ды лаватэра. Усяго 58 сартоў кветак. Што датычыць гароднiны, то адных памiдораў — 14 вiдаў. Ад ультрахуткаспелых (Масквiч, Дачушка, Полюс i iнш.) да позняспелых (Дэ-Барао). Дарэчы, Андрэй Самадзелкiн пачынаў як аматар. Аматарства цягнецца ўжо 25 гадоў i заканамерна перарасло ў прафесiю. Другую i асноўную. За плячыма — курсы фермераў пры агратэхнiчным унiверсiтэце i... няспынная самаадукацыя, горы прачытанай лiтаратуры. У вынiку ў лiку гасцей простага фермера Андрэя Самадзелкiна — дырэктар iнстытута гароднiнаводства, дактары i кандыдаты, проста фермеры, госцi з Германii, Лiтвы, Польшчы i iнш. Завязваюцца кантакты, узнiкаюць перспектывы выгадных здзелак. «АграСам» дзейнiчае. Прашу заў-важыць, дзейнiчае сам. Без чыёйсьцi дапамогi. Махамед Алi i вiскi «Кентукi» Менавiта як радзiма непаўторнага Алi i вiскi славуты горад Луiсвiл у штаце Кентукi (ЗША), дзе параўнальна нядаўна стажыраваўся беларускi фермер Самадзелкiн. Ну, яшчэ тут ёсць зборачны завод знакамiтага «Форда». Тэмай стажыроўкi было не насенняводства, — амерыканцы яго не надта развiваюць, — а проста азнаямленне з сельскай гаспадаркай Штатаў. Таксама вельмi павучальна i цiкава. У прынцыпе, на гэту тэму можна гаварыць бясконца, таму маё пытанне было лапiдарным: — Што вас найбольш уразiла? — Тое, што ў адным толькi штаце 66 тысяч фермераў... Сапраўды, уражвае, б’е па мазгах. Асаблiва калi ўзгадваеш: ва ўсёй Беларусi — менш як 3 тысячы фермераў. Цiкава, што з гэтых 66 тысяч чыстых фермераў — толькi 52 працэнты, а 48 з’яўляюцца iмi па сумяшчальнiцтву. Напрыклад, муж — шэрыф, жонка — вадзiцель аўтобуса, адначасова яны фермеры. Натуральна, з боку ўладаў — поўнае разуменне i падтрымка. Яшчэ беларуса ўразiла: перш чым будаваць дом, у Амерыцы вядуць да яго дарогу i камунiкацыi. Ну i тое, што цяплiц там няма. Амерыканцы на гэта кажуць: «А навошта? Нам i так прывязуць». Эх, пажылi б вы ў СССР... Не спадабалася Самадзелкiну вузкая спецыялiзацыя амерыканцаў. Чалавек вырошчваў тытунь, ды тут антытытунёвая кампанiя, попыт на тытунь упаў — iм стала нявыгадна займацца. А рынкавая эканомiка — рэч бязлiтасная, нявыгаднае без сумненняў адсякаецца. Чым займацца? Фермер не ведае i мяняе не спецыялiзацыю, а прафесiю. З беларусам гэты нумар не пройдзе. Яго як нi тапi, ён выскоквае з вады, бы гумавы мячык. Мы iм 100 ачкоў дадзiм наперад па пытанню выжывальнасцi. Хоць яны нам тыя ж 100 — па ўсiм iншым. На жаль, так... Памiж Тэль-Авiвам i Нетанiяй Якраз памiж гэтымi iзраiльскiмi гарадамi знаходзiцца кiбуц «Шофаiм», адкуль Андрэй Самадзелкiн вярнуўся толькi 18 лютага. З Беларусi ён быў там адзiн. Усяго з краiн СНД было 19 чалавек, з Расii — нiводнага. Пасольства Iзраiля не знайшло там дастойных кандыдатаў. У Беларусi знайшло. Былi патрэбны 2 рэкамендацыi аўтарытэтных людзей i... уласныя дасягненнi. Iзраiльцяне — людзi канкрэтныя, iм патрэбны не словы, а справы. Таму i паехаў на стажыроўку Самадзелкiн, а не «блатны». Тэма была «Iнтэнсiўнае гароднiнаводства ў цяплiцах». Чыталiся лекцыi (большая частка, зразумела, на рускай мове), праводзiлiся практычныя заняткi. У канцы трэба было абаранiць уласны праект. Разам з украiнцам Анатолем Шаўчэнкам з Валынi беларус Самадзелкiн яго падрыхтаваў i абаранiў на 4,5 бала. Пры 5-бальнай шкале... — Ну а што ўразiла ў Iзраiлi? — Едзеш па пустэльнi, пясок ды пясок, — Андрэй Афанасьевiч хвалюецца. — Раптам — аазiс! Адкуль што? I ўсё расце, усё буяе! Адзiн ураджай сабралi, новую расаду высаджваюць. Ураджай — у скрынкi, у самалёт i — па ўсiм свеце... Канвеер! Чатыры працэнты сельскага насельнiцтва кормiць усю краiну. Нам пра гэта толькi марыць... Увогуле, кiбуц «Шофаiм» — адзiн з самых вядомых i багатых. Тут ёсць вучэбна-iнфармацыйны цэнтр, дзе вучыцца народ ледзь не з паловы свету. Адначасова з прадстаўнiкамi краiн СНД навучанне праходзiлi аграрнiкi яшчэ з 9 краiн. Уражвае. Як, скажам, i лакальны палiў раслiн, прыняты ў Iзраiлi. Кожная раслiна атрымлiвае вады i мiнералкi столькi, колькi трэба, не больш i не менш. Усё пастаўлена на навуковую аснову, усе тэхналогii — аптымальныя. Таму i ўраджаi адпаведныя. — У нас пакуль усё наадварот, — уздыхае Андрэй Самадзелкiн. У яго ёсць гэтыя тэхналогii, iх апiсанне. Ён гатовы з iмi падзялiцца ахвотна. Ды штосьцi жадаючых малавата. — Да нас адно пытанне, — зноў уздыхае фермер, — вышлiце насенне. А пасеем, вырасцiм самi. Як Бог на душу паклаў. Вось ён i кладзе... У сувязi з гэтым у аўтара пажаданне: давайце сваiм любiмым героем зробiм барона Мюнхгаўзена, якi сам сябе выцягнуў з дрыгвы. За чупрыну. Мяне — натхняе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Штосьцi апошнiм часам мне шанцуе на выпускнiкоў радыётэхнiчнага iнстытута. Першым героем «Сваёй справы» быў былы iнжынер-электроншчык Дзмiтрый Крылоў.
|
|