Вiктар РУДЭНКА: «максімум дапамогі — пры мінімуме наведванняў урачоў»
Надзея НIКАЛАЕВА
На сённяшнi дзень па такiх паказчыках, як шпiталiзацыя насельнiцтва i колькасць наведванняў урачоў у год, Беларусь займае лiдзiруючыя пазiцыi ў свеце. Гэта iнфармацыя прагучала з трыбуны вынiковай калегii Мiнiстэрства аховы здароўя.
Летась на кожнага беларуса прыйшлося 12,4 наведвання палiклiнiк. З аднаго боку, гэта сведчыць аб даступнасцi для насельнiцтва амбулаторна-полiклiнiчнай дапамогi, але, з iншага боку, спецыялiсты, якiя працуюць у першасным звяне, вымушаны працаваць сёння ва ўмовах празмернай нагрузкi. Як падкрэслiў у сваiм выступленнi выконваючы абавязкi мiнiстра аховы здароўя Вiктар РУДЭНКА, неабходна iмкнуцца аказваць пацыентам максiмум дапамогi пры мiнiмуме наведванняў урачоў, а не наадварот — так, як гэта адбываецца сёння. Для знiжэння нагрузкi на ўрачоў трэба павышаць ролю сярэдняга медперсаналу i наблiжаць яго функцыi да ўрачэбных. А вось у службе хуткай медыцынскай дапамогi намецiлася тэндэнцыя да паступовага змяншэння колькасцi зваротаў i выкананых выклiкаў. У 2005 годзе на кожную тысячу беларусаў прыйшлося 287 выкананых выклiкаў. «Знiжэнне гэтага паказчыка, — падкрэслiў Вiктар Рудэнка,— не з’яўляецца для нас самамэтай. Гэта вынiк працы iншых медыцынскiх службаў, якiя павiнны забяспечваць знiжэнне патрэбы насельнiцтва ў аказаннi хуткай медыцынскай дапамогi». Разам з тым па-ранейшаму актуальнай застаецца для службы хуткай медыцынскай дапамогi кадравая праблема: маецца на ўвазе нiзкая ўкамплектаванасць яе ўрачэбнымi кадрамi i высокi працэнт супрацоўнiкаў перадпенсiйнага i пенсiйнага ўзростаў. Сярэднерэспублiканскi ўзровень укамплектаванасцi ўрачамi ў службе хуткай медыцынскай дапамогi за год знiзiўся з 88 да 82 працэнтаў. У сталiцы ўкамплектаванасць урачамi складае 67 працэнтаў, а найбольш востра праблема з урачэбнымi кадрамi стаiць сёння на Мiншчыне (усяго 56 працэнтаў ад патрэбы). Ёсць праблемы з забеспячэннем брыгад хуткай медыцынскай дапамогi партатыўным лячэбна-дыягнастычным абсталяваннем. Марудна вырашаецца i праблема з заменай зношанага санiтарнага аўтатранспарту. За апошнi год агульная колькасць урачэбных кадраў у сiстэме Мiнiстэрства аховы здароўя не змянiлася i складае зараз 40,5 тысячы спецыялiстаў (41,5 урача на 10 тысяч насельнiцтва). Паводле слоў кiраўнiка галiны, памылкi, дапушчаныя ў пачатку 90-х гадоў у прагназаваннi патрэб сiстэмы аховы здароўя ў кадрах, сталi прычынай таго, што сёння ўсе вымушаны працаваць у экстрэмальным рэжыме. «З аднаго боку, мы сутыкнулiся з вельмi жорсткiм дэфiцытам выпускнiкоў медыцынскiх ВНУ, а з iншага — вымушаны вырашаць праблему перавытворчасцi сярэдняга медыцынскага персаналу», — патлумачыў сваю думку Вiктар Рудэнка. Iх выпуск летась у 2,5 раза перавысiў патрэбу арганiзацый аховы здароўя. А ў 2006 годзе, як чакаецца, выпуск сярэдняга медыцынскага персаналу перавысiць патрэбу на 250 чалавек. У дадзеных умовах прыйшлося Полацкае i Баранавiцкае медыцынскiя вучылiшчы рэарганiзаваць ва ўстановы адукацыi па перападрыхтоўцы i павышэнню квалiфiкацыi сярэднiх медыцынскiх кадраў. Рэарганiзацыя чакае таксама i медвучылiшча ў Бабруйску. Дарэчы, летась патрэба ва ўрачэбных кадрах была задаволена па арганiзацыях аховы здароўя ў сельскай мясцовасцi — на 94 працэнты; у амбулаторна-полiклiнiчным звяне — на 78 працэнтаў; у раёнах, што пацярпелi ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, — на 44,6 працэнта. У сталiцы, на тэрыторыi якой працуе Беларускi дзяржаўны медыцынскi унiверсiтэт, нарматыў забяспечанасцi ўрачамi першас-нага звяна выконваецца па штатных i займаемых пасадах, а не па фiзiчных асобах. Так, полiклiнiчная сетка i педыятрычная служба па фiзiчных асобах забяспечаны кадрамi толькi на 76 працэнтаў. Прычым 18 працэнтаў супрацоўнiкаў складаюць асобы пенсiйнага ўзросту, 12 працэнтаў работнiкаў знаходзяцца ў дэкрэтных водпусках i яшчэ 12 працэнтаў — гэта ўрачы-стажоры. З улiкам няпростай сiтуацыi старшыня Камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама Дзмiтрый Пiневiч выказаў пажаданне, каб Беларускi дзяржаўны медыцынскi унiверсiтэт сваiх выпускнiкоў-мiнчан размяркоўваў у сталiцу, што дазволiла б гораду ўкамплектаваць амбулаторна-полiклiнiчную сетку i службу хуткай медыцынскай дапамогi. Для павышэння ролi сярэдняга медперсаналу ў якасцi эксперыменту ў некалькiх сталiчных палiклiнiках зараз уведзены пасады фельчараў участкаў, павялiчана таксама колькасць медыцынскiх сёстраў, арганiзаваныя аддзяленнi неадкладнай медыцынскай дапамогi ў палiклiнiках, якiя знаходзяцца на вялiкай адлегласцi ад станцый хуткай дапамогi. Укамплектоўваючы службу ўрачамi i дапаўняючы яе фельчарамi i медыцынскiмi сёстрамi ў суадносiнах адзiн да пяцi, так, як гэта практыкуецца ў заходнiх краiнах, у медыкаў з’яўляецца рэальная магчымасць працаваць на прафiлактыку i паляпшаць паказчыкi здароўя насельнiцтва. — Папярэднiя два гады мы працавалi над укараненнем дзяржаўных сацыяльных стандартаў у галiне аховы здароўя. Нярэдка i ва ўрачоў, i нават у арганiзатараў аховы здароўя ўзнiкаюць пытаннi, звязаныя з фармiраваннем палiтыкi ў галiне ўкаранення сацыяльных стандартаў i адказнасцю за iх выкананне, — звярнуў увагу сваiх калег Вiктар Рудэнка. — У сувязi з гэтым мушу сказаць, што трэба арыентавацца на фармулiроўкi, прыведзеныя ў Законе Рэспублiкi Беларусь «Аб дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартах», дзе гаворыцца, што дзяржаўныя мiнiмальныя сацыяльныя стандарты — гэта мiнiмальны ўзровень дзяржаўных гарантый i сацыяльнай абароны насельнiцтва. Сiстэма сацыяльных стандартаў у ахове здароўя — гэта новая iдэя i яна патрабуе пастаяннага ўдасканалення. Неабходна дадаткова прапрацаваць пытаннi, звязаныя з рэгламентацыяй патрабаванняў да матэрыяльна-тэхнiчнай базы i забяспечанасцi ўрачамi першас-нага звяна. Пры гэтым мы павiнны разумець, што стандарт, магчыма, будзе працаваць толькi ў пэўным гiстарычным адрэзку часу. У адпаведнасцi з Канцэпцыяй развiцця аховы здароўя, мы перайшлi да новай, падушавой сiстэмы фiнансавання медыцынскай галiны, што дазволiла ў значнай меры зменшыць тэрытарыяльныя дыспрапорцыi ў размеркаваннi рэсурсаў i павысiць адказнасць мясцовых ўлад за фiнансаванне ўстаноў аховы здароўя. Аднак сёння фiнансавыя органы на месцах разглядаюць падушавы нарматыў не як мiнiмальны, а як аптымальны, таму ёсць апасеннi, што дадзены стандарт можа стаць з цягам часу тормазам для далейшага развiцця галiны, але мы гэту сiтуацыю будзем абавязкова адсочваць... Асновай для ўдасканалення сiстэмы аховы здароўя павiнна стаць стварэнне ў Беларусi айчыннай школы спецыялiстаў у галiне арганiзацыi i эканомiкi медыцыны, якiя б добра ведалi дзеючыя ў свеце мадэлi аховы здароўя, тэндэнцыi ў iх развiццi, механiзмы выкарыстання розных метадаў аплаты медпаслуг i кiравання якасцю. Вядучая задача ў сферы эканомiкi аховы здароўя — гэта ўкараненне сiстэмы планавання выдаткаў на ўтрыманне медыцынскiх ўстаноў на падставе вылiчэння сабекошту меддапамогi i яе аб’ёмаў па асобных вiдах i профiлях... Звярнуў увагу Вiктар Рудэнка таксама i на неабходнасць пераразмеркавання рэсурсаў з больш дарагога стацыянарнага на менш затратны амбулаторна-полiклiнiчны вiд дапамогi. Пры гэтым ён падкрэслiў, што пры правядзеннi рэструктурызацыi нельга разглядаць скарачэнне ложкавага фонду ў якасцi адзiна магчымай формы эканомii i пераразмеркавання сродкаў. Стацыянарная дапамога сёння настолькi рэсурсаёмiстая, што нават пры адносна малой колькасцi захаваных ложкаў яна можа «праглынуць» асноўную частку фiнансавых рэсурсаў. Таму ў першую чаргу неабходна аптымiзаваць структуру i функцыi бальнiц, стварыць пры iх амбулаторна-кансультацыйныя аддзяленнi (асаблiва гэта актуальна для Мiнска, дзе стацыянарная дапамога — надзвычай дарагая), развiваць амбулаторную хiрургiю, падзялiць этапы iнтэнсiўнага лячэння, далечвання i рэабiлiтацыi, развiваць патранажныя формы аказання медыцынскай i медыка-сацыяльнай дапамогi на даму ў пацыентаў, працаваць у гэтым накiрунку сумесна з Мiнiстэрствам працы i сацыяльнай абароны.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На сённяшнi дзень па такiх паказчыках, як шпiталiзацыя насельнiцтва i колькасць наведванняў урачоў у год, Беларусь займае лiдзiруючыя пазiцыi ў свеце |
|