Хто ўздымецца на «Тэлевяршыню»?Гаворыць i паказвае... 24 сакавiка ў вялiкай зале Палаца Рэспублiкi адбудзецца цырымонiя ўзнагароджання пераможцаў другога Нацыянальнага тэлевiзiйнага конкурсу «Тэлевяршыня». Трансляцыя падзеi ўпершыню пройдзе ў прамым эфiры.Конкурс, нагадаем, быў заснаваны яшчэ ў 2004 годзе Мiнiстэрствам iнфармацыi сумесна з Белтэлерадыёкампанiяй, тэлеканаламi АНТ i СТБ. А ўжо ў леташнiм сакавiку былi падведзены вынiкi i раздадзены ўзнагароды першай «Тэлевяршынi». Сёлета, як расказаў намеснiк мiнiстра iнфармацыi Сяргей Булацкi, на конкурс прымалiся работы, якiя прайшлi ў тэлеэфiры ў 2005 годзе. Падаваць свае заяўкi да 20 студзеня маглi абсалютна ўсе тэлекампанii i каналы Беларусi, незалежна ад узроўню i формы ўласнасцi — як рэспублiканскiя, так i рэгiянальныя, як дзяржаўныя, так i прыватныя. (У Мiнiстэрстве iнфармацыi, да слова, на сёння зарэгiстравана 51 тэлепраграма.) Такiм чынам, у творчым спаборнiцтве ўдзельнiчалi 245 тэлевiзiйных работ (у параўнаннi з леташнiмi 200), прычым 110 з iх сёлета былi дасланы недзяржаўнымi i рэгiянальнымi тэлекампанiямi (летась — 76). У лютым прыступiла да работы журы тэлеконкурсу на чале з дырэктарам нацыянальнай кiнастудыi «Беларусьфiльм» Аляксандрам Яфрэмавым. А паколькi задача — выбраць лепшыя работы — стаяла складаная, то i журы з 23 чалавек падабралася разнастайнае: свае ацэнкi i меркаваннi выказвалi як сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Далжэўскi, так i кампазiтар i прадзюсар Макс Алейнiкаў, як чатырохразовая алiмпiйская чэмпiёнка Алена Бялова, так i спявачка Ларыса Грыбалёва... I толькi колькасць «чыста тэлевiзiйных» прафесiяналаў была наўмысна даведзена да мiнiмуму: па аднаму прадстаўнiку ад цэнтральных тэлеканалаў. I ўсё адно, як адзначыў галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыi тэлевытворчасцi Белтэлерадыёкампанii Уладзiмiр Iсат, «iнтрыгу, на жаль, захаваць не ўдалося — многiя ўжо сёння ведаюць, у якой намiнацыi яны атрымаюць узнагароду». Дарэчы, пра намiнацыi. Iх 22, падзеленыя на дзве няроўныя групы: «тэлевiзiйныя праекты» (15 намiнацый) i «тэлевiзiйныя персаналii» (7 намiнацый). Сярод новых намiнацый, напрыклад, «Лепшы рэгiянальны праект года», а Гран-пры па-ранейшаму называецца «Лепшы тэлевiзiйны праект года». «Лепшы вядучы грамадска-палiтычнай праграмы» рашэннем журы трансфармаваўся ў «Лепшую грамадска-палiтычную праграму». На цырымонii, якую, паводле папярэдняй жараб’ёўкi, сёлета арганiзуе i правядзе Белтэлерадыёкампанiя, у кожнай намiнацыi будуць названы тры лiдары. Пераможцы атрымаюць статуэтку «Тэлевяршыня» i дыплом, уладальнiкi другога-трэцяга месцаў — толькi дыплом. Хоць для большасцi рэгiянальных тэлеканалаў нават уваходжанне ў лiк намiнантаў — ужо няхай i невялiкая, але перамога. Канешне, па шэрагу аб’ектыўных прычын вытрымаць канкурэнцыю з праграмамi цэнтральных тэлеканалаў складана. Тым не менш, за творчы пошук сёлета ўзнагародамi «Тэлевяршынi» будуць адзначаны 5 рэгiянальных студый. Бо тэлебачання павiнна быць больш — добрага i рознага. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. P.S. Карыстаючыся выпадкам, мы пацiкавiлiся ў Сяргея Булацкага, цi з’явiцца ў Беларусi аналагiчны радыёконкурс. «Пэўныя намёткi на гэты конт ёсць, але сёлета такой прэмii яшчэ дакладна не будзе», — адказаў намеснiк мiнiстра.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
24 сакавiка ў вялiкай зале Палаца Рэспублiкi адбудзецца цырымонiя ўзнагароджання пераможцаў другога Нацыянальнага тэлевiзiйнага конкурсу «Тэлевяршыня»
|
|