КПП у вёсцы: Сёння i заўтра«БЫТОЎКА» НА КОЛАХ Напрыканцы сакавiка ў Мiнскай вобласцi з’явiлася новая форма бытавога абслугоўвання насельнiцтва — мабiльная. Два сiмпатычныя аўтобусы з зялёнымi лiтарамi «СБ» (служба быту) на белых баках ужо курсiруюць па Мiнскiм i Барысаўскiм раёнах. Унутры такога аўтобуса знаходзiцца абсталяванае месца швачкi, абутнiка i сапраўдная мiнi-цырульня — з вялiкiм люстэркам, спецыяльным крэслам для клiентаў, з гарачай вадой, электрычнасцю (у аўтобусе ёсць запасны генератар) i нават з 20-лiтровым бакам для злiву «адпрацаванай» вады. Пастрыгчыся цi зрабiць укладку тут можна ў сапраўды камфортных умовах. Акрамя таго, прыемна, што не ты да цырульнiка едзеш, а ён да цябе. Сэрвiс!Пастаянна ў такiм перасовачным комплексным прыёмным пункце (КПП) працуюць тры спецыялiсты — вадзiцель (ён жа абутнiк), загадчыца (яна ж i швачка) i цырульiк. Як i яго стацыянарныя браты, мабiльны КПП аказвае ўсе 11 вiдаў бытавых паслуг, прадугледжаных сацыяльным стандартам. Адразу на месцы прыбыцця спецаўтобуса можна адрамантаваць адзенне, абутак, абслужыцца ў цырульнiка. Загадчыца прыме ў рамонт гадзiннiкi, складаную бытавую тэхнiку, тэле- i радыёапаратуру (прычым максiмум праз два тыднi — у залежнасцi ад складанасцi паломкi — вам прывязуць яе ўжо спраўнай), возьме памыць бялiзну, пачысцiць адзенне г.д. Самi спецаўтобусы — расiйскай вытворчасцi, а iх абсталяванне, «начынка», зроблена на Барысаўскiм аўта-рамонтным заводзе. Кошт аднаго такога мабiльнага КПП — каля 50 мiльёнаў рублёў. Абласным бытавiкам грошы на набыццё двух спецаўтобусаў выдзелiў мiнiстр гандлю. За першы ж свой працоўны дзень спецаўтобус, замацаваны за Мiнскiм раёнам, аказаў паслуг на 210 тысяч рублёў, за першы тыдзень — на 921 тысячу рублёў, а Барысаўскi — на 1,5 мiльёна рублёў. I гэта пры тым, што мабiльныя КПП толькi пачынаюць сваю актыўную дзейснасць — зараз удакладняюцца маршруты, складаюцца графiкi. — Дзяржстандарт па забеспячэнню сеткай комплексных прыёмных пунктаў (адзiн КПП на 1,8 —2 тысячы чалавек) у вобласцi выконваецца, — адзначыла начальнiк упраўлення бытавога абслугоўвання насельнiцтва Мiнаблвыканкама Людмiла Мураўёва. — Аднак не трэба забываць, што акрамя буйных i кампактна размешчаных вёсак i пасёлкаў ёсць i аддаленыя маланаселеныя, адкуль людзям, асаблiва састарэлым, нязручна дабiрацца да свайго КПП, якi месцiцца ў цэнтры сельсавета. Наша задача — даць усiм вяскоўцам магчымасць атрымаць бытавыя паслугi, таму вельмi дарэчы прыйшлося ўвядзенне новай формы абслугоўвання — мабiльнай. Пакуль што такiх «КПП на колах» толькi два, але да канца гэтага года мы плануем павялiчыць iх колькасць яшчэ на 5 адзiнак i ахапiць мабiльным бытавым абслугоўваннем яшчэ 5 раёнаў. Спадзяёмся, што фiнансава нас падтрымаюць Мiнiстэрства гандлю i губернатар. Паводле слоў Людмiлы Мiкалаеўны, для найбольшай эфектыўнасцi работы пры арганiзацыi выездаў бытавiкi будуць трымаць цесную сувязь са старастамi, адзначаць у журнале заяўкi i час iх прыёмкi. Улiчваючы спецыфiку сельскай мясцовасцi, плануецца ў далейшым пашыраць аб’ём прадастаўляемых паслуг за кошт развiцця менавiта сельскiх вiдаў — паставiць у спецаўтобус мiнi-трактар, газонакасiлку, бензапiлу. У Мiнскiм раённым камбiнаце бытавога абслугоўвання ёсць прычэп, якi можна «дапасаваць» да аўтобуса i выкарыстоўваць яго для збору ў насельнiцтва шкляных i пластыкавых бутэлек, другаснай сыравiны, мяса свойскай жывёлы, а ў летнi перыяд — для прыёмкi грыбоў i ягад. Каб «мабiльная бытоўка» стала самаакупнай, кожны аўтобус павiнен аказваць паслуг на 4 мiльёны рублёў у месяц. Спецыялiсты лiчаць гэту суму дасягальнай. Не адразу, а з цягам часу, калi «КПП на колах» раскруцяцца i атрымаюць папулярнасць сярод сельскiх жыхароў. Пакуль перасовачныя КПП застаюцца экзотыкай, працягваюць рэканструявацца старыя i адкрывацца новыя стацыянарныя комплексныя прыёмныя пункты. У сталiчнай вобласцi сёння працуюць 367 КПП (пры нарматыве 307). Толькi ў Мiнскiм раёне ў 2005 годзе былi адкрыты КПП у пасёлку Мачулiшчы, у вёсцы Крупiца, у пасёлку Калодзiшчы, пашыраны комплексны прыёмны пункт у вёсцы Пятрышкi, КПП «Новы Двор» Рогаўскага сельсавета, КПП «Ратамка». Усяго ў раёне дзейнiчае 24 КПП, якiя ўваходзяць у склад камунальнага унiтарнага прадпрыемства «Мiнскi раённы камбiнат бытавога абслугоўвання». — У гэтым годзе мы адкрылi два новыя КПП, зараз на падыходзе яшчэ адзiн — у вёсцы Тарасава, — тлумачыць дырэктар Мiнскага РКБА Наталля Сямёнава. — Па вынiках працы мiнулага года наш камбiнат перавысiў прагнозныя паказчыкi. Бытавых паслуг было аказана на 1 мiльярд 53 мiльёны рублёў, у тым лiку ў сельскай мясцовасцi — на 937 мiльёнаў рублёў. Тэмпы росту склалi 117 працэнтаў пры запланаваных 115. Увогуле, аказанне бытавых паслуг на вёсцы па ўсёй краiне пакуль застаецца стратнай справай, нягледзячы на датацыi (па Мiнскай вобласцi памер грашовай кампенсацыi бытавiкам складае 800 рублёў на аднаго сельскага жыхара). Аднак Мiнскi РКБА ўсё ж здолеў «закрыць» мiнулы год i першы квартал гэтага года са станоўчай 6-працэнтнай рэнтабельнасцю. — Акрамя 11 паслуг, прадугледжаных сацыяльным стандартам, мы аказваем iншыя вiды платных бытавых паслуг, усяго больш за 20, — дзелiцца Наталля Фёдараўна. — Таму маем магчымасць перакрываць прыбыткамi ад больш рэнтабельных паслуг страты ад нерэнтабельных. Як можам, памяншаем сабекошт, напрыклад, тканiну для пашыву пасцельнай бялiзны набываем не мiнскай вытворчасцi, а баранавiцкай (па якасцi яна не саступае, а каштуе танней). Акрамя таго, сказваецца i спецыфiка Мiнскага раёна — у iм найбольшая колькасць жыхароў у параўнаннi з iншымi раёнамi вобласцi. А значыць, ёсць попыт. У агульным аб’ёме аказваемых Мiнскiм РКБА паслуг на долю мыцця бялiзны прыходзiцца 38 працэнтаў. У камбiната на балансе некалькi пральняў, хутка з’явiцца яшчэ адна, новая — у Бараўлянах. Попыт на паслугу вялiкi (РКБА абслугоўвае медустановы, дзiцячыя садкi, гасцiнiцы раёна i прыватных грамадзян), таму мыццё бялiзны прыносiць бытавiкам прыбытак. Другое месца — па папулярнасцi i рэнтабельнасцi — займае пашыў (дробнымi партыямi i пад заказ) — 36 працэнтаў. «Толькi ў мiнулым годзе мы асвоiлi 20 новых вiдаў швейных вырабаў, — працягвае дырэктар РКБА. — Раней мы не шылi падушкi, шторы, спецадзенне, зараз — шыем, значна разнастаiлi дзiцячы асартымент. Акрамя таго, стабiльным попытам карыстаецца наша традыцыйная прадукцыя — падкоўдранiкi, навалачкi, абрусы. У нас ёсць свой фiрменны магазiн у Заслаўi, дзе мы рэалiзоўваем свае швейныя вырабы. Ёсць яны i ў кожным КПП раёна. Сёлета РКБА набыў авярлок для абмёткi дываноў, што дало магчымасць аказваць насельнiцтву яшчэ адну запатрабаваную паслугу». Прыносяць прыбытак камбiнату цырульныя паслугi (15 працэнтаў ад агульнага аб’ёму аказаных паслуг) i рытуальныя (6,7 працэнта). Вянкi, пахавальныя кошыкi i часткова труны вырабляюцца на самiм камбiнаце. Абнаўленне пракатнага фонду дало магчымасць значна павысiць папулярнасць гэтай паслугi сярод мясцовых жыхароў i яе рэнтабельнасць. Запатрабаваныя сёння пральныя машыны айчыннай вытворчасцi, фрыцюрнiцы, зiмой — электрамясарубкi, летам — пластыкавыя сталы i крэслы, посуд. У планах дырэкцыi — набыццё некалькiх палатак-тэнтаў для правядзення святаў на свежым паветры. Попыт на iх гарантаваны... Пры РКБА ёсць дзве залы ўрачыстасцяў (у КПП «Гатава» i ў Заслаўi), якiя можна арандаваць разам з фота- i вiдэакамерай. Усё гэта таксама прыносiць камбiнату нейкую капейку. — У летнi перыяд службе быту куды прасцей выйсцi на прыбытак, — тлумачыць дырэктар, — а зiмой бывае цяжка з-за аплаты камунальных плацяжоў. У снежнi мiнулага года райвыканкам вызвалiў нас ад арэнднай платы i ад падаткаў на зямлю i нерухомасць. Зэканомленыя грошы мы мяркуем патрацiць на рамонт «бытовак» i набыццё абсталявання. КПП адкрываюць у тых памяшканнях, якiя ў канкрэтным сельсавеце можна знайсцi i прыстасаваць. Найменш затратным варыянтам з’яўляецца арганiзацыя КПП у жылым шматпавярховым доме, у трохпакаёвай кватэры на першым паверсе, як у пасёлку Мiханавiчы. Тут i цэнтральнае ацяпленне, i гарачая вада, усе выгоды, утульныя пасля нядаўняга рамонту памяшканнi. На жаль, пакуль яшчэ не ўсе комплексныя прыёмныя пункты маюць такiя ўмовы. У невялiчкiм пакойчыку, адведзеным пад КПП пры сельсавеце, можа не быць нi вады, нi ацяплення. Натуральна, працаваць i атрымлiваць паслугi (напрыклад, цырульныя) ды яшчэ ў халоднае надвор’е там не вельмi прыемна. Прывядзенне ўсiх КПП да аднаго высокага ўзроўню камфортнасцi — справа не аднаго дня i не аднаго рубля. Сваю асноўную задачу на новую пяцiгодку беларускiя бытавiкi акрэслiлi як максiмальнае павышэнне якасцi аказваемых паслуг, што, натуральна, немагчыма без адпаведных умоў працы. З часам непрыстасаваныя, неацяпляемыя, без падводу вады КПП знiкнуць. Аднак пакуль яны ёсць. У Мiнскай вобласцi часовае выйсце з сiтуацыi знайшлi ў набыццi мыек з электраводанагравальнiкам i злiвам. Такая аўтаномная сiстэма значна аблегчыць цырульнiкам працу. Iнга МIНДАЛЁВА, Мiнскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напрыканцы сакавiка ў Мiнскай вобласцi з’явiлася новая форма бытавога абслугоўвання насельнiцтва — мабiльная
|
|