Калi бусел пераблытаў акенца
(Працяг. Пачатак у нумарах за 12 і 14 красавіка.)
На пытанні чытачоў адказвалі Вольга ДЗМIТРЫЕВА, намеснiк дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь, i Валянцiна МАГЛЫШ, псiхолаг цэнтра — Мяне завуць Ганна, тэлефаную з Мiнскай вобласцi. Паўтара года таму ўдачарыла дзяўчынку. Зараз ёй 5 гадоў. Але справа ў тым, што я працую ў дзiцячым прытулку, дзе гэтае дзiця знаходзiлася 2 гады. Увесь гэты час я забiрала яе да сябе, наведвала ў бальнiцы. Дзяўчо з самага пачатку назвала мяне «мамай» i лiчыць, што гэта так i ёсць. Гадую дзяўчынку адна, бо з мужам мы яшчэ раней рассталiся. Атрымлiваю на яе 115 тысяч беларускiх рублёў дапамогi. Скажыце, цi распаўсюджваюцца на мяне льготы мацi-адзiночкi? — Калi вы ўдачарылi дзiця пасля скасавання шлюбу, то, як i пры нараджэннi па-за шлюбам, запiс пра бацьку ў пасведчаннi аб нараджэннi дзiцяцi робiцца з вашых слоў. У такiх выпадках ЗАГСы выдаюць даведку па форме № 2, якая i з’яўляецца дакументам для прадастаўлення льгот мацi-адзiночцы. Даведка гэтая, дарэчы, павiнна абнаўляцца кожныя паўгода, бо жыццё мяняецца, i сiтуацыя з бацькоўствам можа змянiцца таксама. Так што калi вы не атрымалi такую даведку, то можаце атрымаць яе ў любы момант. Цяпер што датычыцца льгот. Вам трэба ўдакладнiць сваё права на атрыманне дзяржаўнай дапамогi, зыходзячы з узроўню вашага сукупнага даходу. У выпадку, калi за мiнулы год ваш сукупны даход (выплаты аддзела адукацыi на дзiця — 115 000 рублёў, пра якiя вы казалi, не ўлiчваюцца) на кожнага члена сям’i не перавышаў усталяваны ўзровень (сёння гэта 120 640 рублёў), то вы маеце права на штомесячную дапамогу на дачку з надбаўкай у 40 працэнтаў як мацi-адзiночка. Гэта будзе 66 420 альбо 33 тысячы, у залежнасцi ад даходу. На жаль, наўрад цi вы будзеце мець льготу пры аплаце за харчаванне ў садку. Яна таксама залежыць ад сукупнага даходу, але планка тут яшчэ больш нiзкая — 47 284 рублi. Калi даход за мiнулы год на кожнага члена сям’i нiжэй, то бацькi вызваляюцца ад аплаты за харчаванне цалкам. Звычайна ў гэту катэгорыю трапляюць толькi адзiнокiя мацi адразу пасля дэкрэтнага водпуску па догляду дзiцяці. Льготу на 50-працэнтную аплату маюць шматдзетныя бацькi. Калi на момант усынаўлення дзiця атрымлiвала пенсiю па страце кармiцеля, то пенсiя захоўваецца. Але калi бiялагiчная мацi памерла пасля ўсынаўлення, то такая пенсiя не прызначаецца. Тое ж самае, i калi бiялагiчныя бацькi пазбаўлены бацькоўскiх правоў — нiякай пенсii дзiця не атрымлiвае. Увогуле, трэба памятаць, што ўсе кроўныя адносiны пасля ўсынаўлення перарываюцца. — У мяне ёсць яшчэ адно пытанне. Я ўжо казала, што нягледзячы на нашу сустрэчу ў прытулку, дзяўчынка лiчыць мяне сапраўднай мацi. Як мне патлумачыць ёй праўду? — Пяцiгадовы ўзрост — нармальны ўзрост для адкрыцця дзiцяцi гiсторыi яго ўсынаўлення. Прывядзiце дачку на сваю працу, раскажыце пра дзетак, якiя там жывуць. Магчыма, дзяўчынка сама нешта памятае. Раскажыце, як вы ўпершыню яе ўбачылi, аднойчы прыйшоўшы на працу, якi гэта быў цудоўны дзень, маўляў, я зразумела, што ты мая дачка. Бываюць жа ў жыццi сiтуацыi, калi мамы самi не нараджаюць, а нараджаюць iншыя жанчыны, а потым дзеткi чакаюць сваiх сапраўдных бацькоў. У пяцiгадовым узросце дзецi яшчэ не разумеюць слова «ўсынавiлi». Для iх гэта толькi спосаб з’яўлення ў сям’i. — «Прамая лiнiя»? Вам тэлефануе Святлана з Брэсцкай вобласцi. Я шмат праз што ўжо прайшла, каб стаць мацi, перажыла некалькi няўдалых спроб зацяжарыць з дапамогай экстра-карпаральнага апладнення... Маральна я гатовая да таго, каб стаць мацi, усынавiўшы дзiця. Нават калi мне прыйдзецца яго выхоўваць адной. Таму што муж, на вялiкi жаль, не гатовы да гэтага кроку. Як мне з iм размаўляць, каб ён зразумеў маю матывацыю i каб пры гэтым у нас захавалася сям’я? — Магу параiць вам рэгулярна звяртацца да такiх размоў, фармiраваць ягонае рашэнне. Праўда, трэба адчуваць мяжу, таму што калi надта цiснуць, вынiк можа быць адваротны. Можна прыцягваць яго да клопату пра дзяцей вашых сваякоў, сяброў, праводзiць выхадныя ў кампанii, дзе ёсць дзецi, каб ён адчуваў эмоцыi. Глядзець тэлепраграмы, дзе ўздымаюцца праблемы дзяцей... Ён можа пабурчаць, але з часам уцягнецца. Ёсць меркаванне, што мужчыне патрэбна 2—3 гады, каб прыняць такое рашэнне. А можна пайсцi i па iншаму шляху. Калi вы ўсё роўна думаеце пра тое, што можаце выхаваць i забяспечыць дзiця сама, дамоўцеся з мужам толькi пра яго згоду на ўсынаўленне вамi малога. Вы можаце ўсынавiць адна. Скажыце: гэта будзе маё дзiця, я сама буду за яго адказваць, нават у выпадку разводу ты не будзеш плацiць алiменты. Магчыма, ён пажыве побач з вамi, паглядзiць i... даўсынавiць малое пазней. Яшчэ адзiн з варыянтаў — пахадзiць разам з мужам на падрыхтоўчыя групы для патэнцыяльных усынавiцеляў, iх наведванне яшчэ нi да чаго не абавязвае. Проста паслухайце, пра што iдзе гаворка. Часам стаўленне да гэтай праблемы ў людзей мяняецца, асаблiва калi мужчына супрацiўляецца з-за таго, што не бачыць ва ўсiм гэтым сваёй ролi... — Што гэта за групы? — Ёсць групавая форма падрыхтоўкi кандыдатаў-усынавiцеляў. Такiя групы працуюць пры Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення ў Мiнску, але ёсць яны i ў Брэсце, i ў Магiлёве, у iншых гарадах — пры Сацыяльна-псiхалагiчных цэнтрах. У нас праходзiць чатыры сустрэчы па чатыры гадзiны. Мы п’ём каву цi гарбату i абмяркоўваем розныя тэмы: тайну ўсынаўлення, матывы, адаптацыя дарослых да таго, што ў iх сям’i з’явiцца дзiця, фармiраванне асобы дзiцяцi... — Але я не знаходжу разумення наконт усынаўлення i ў бацькоў. Нават мае думаюць, што дзяцей усынаўляюць толькi дзiвакi. А бацькi мужа лiчаць, што сыну прасцей памяняць жонку... — Такiм чынам, у нас у рэспублiцы больш за 6500 дзiвакоў, якiя выхоўваюць непаўналетнiх дзяцей... Не, гэта добрая справа, i ў асноўным на гэта iдуць вельмi добрыя людзi, якiя змаглi стаць шчаслiвымi. Меркаванне вашых бацькоў не так i важна, таму што да дзiцяцi вельмi хутка прывыкаеш. Маленькае дзiця выклiкае такiя трапяткiя эмоцыi, што вашы родныя, якiя былi катэгарычна супраць, праз два-тры тыднi, паглядзеўшы, як яно поўзае па дывану, пачнуць самi з iм гуляць. А потым стануць выдатнымi бабулямi цi дзядулямi. А наконт меркавання бацькоў вашага мужа скажу вось што. Насамрэч не так лёгка разарваць адносiны памiж двума людзмі. Некаторыя пары iмкнуцца развесцiся многа гадоў. I разумеюць, што гэта вельмi страшна: пайсцi, усё разбурыць, усё кiнуць, памяняць лад жыцця... Нават калi ён, грукнуўшы дзвярыма, на два тыднi сыдзе, то потым усё роўна можа да вас вярнуцца. Вельмi няпроста сысцi. Тым не менш, жанчына, прымаючы рашэнне ў такой сiтуацыi, павiнна дакладна вызначыцца, што для яе больш важна: дзiця цi муж. — Цi можа ўсынавiць дзiця сям’я, у якой жонка мае вiд на жыхарства, а муж — грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь? Алена, г. Мiнск. — У дадзеным выпадку справа будзе вырашацца так жа, як i ў адносiнах да беларускiх грамадзян. Новае Палажэнне аб парадку перадачы дзяцей на ўсынаўленне распаўсюджвае сваё дзеянне на грамадзян Беларусi i на замежных грамадзян, якiя тут пастаянна пражываюць. Яны разам адначасова могуць усынавiць дзiця. Адзiнае адрозненне гэтай працэдуры ўзнiкае тады, калi яны iдуць у суд. Вось тут яны будуць разглядацца як замежныя грамадзяне. Калi людзi будуць у Мiнску ўсынаўляць дзiця, яны пойдуць у Мiнскi гарадскi суд з сумеснай заявай. Першым заяўнiкам будзе жонка, як замежная грамадзянка, а другiм заяўнiкам будзе муж, грамадзянiн Беларусi. На рашэнне суда гэтая акалiчнасць (грамадзянства жонкi) хутчэй за ўсё не паўплывае. Таму што адзiн з усынавiцеляў — беларускi грамадзянiн, якi мае ўсе правы. «Прамую лiнiю» правялi Ларыса ЦIМОШЫК i Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытанні чытачоў адказвалі Вольга ДЗМIТРЫЕВА, намеснiк дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь, i В
|
|