21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Уладзiмiр ЦАЛКО, старшыня Камчарнобыля: «Павiнна адбыцца рэальнае адраджэнне пацярпеўшых рэгiёнаў»

25.08.2009 21:37 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мiкалай ЛIТВIНАЎ

Вось ужо дваццаць гадоў мы жывём «пасля Чарнобыля». Паводле ацэнак спецыялiстаў, аварыя на ЧАЭС — самая буйная тэхнагенная катастрофа ў гiсторыi чалавецтва. У вынiку яе вялiкая частка тэрыторыi Беларусi ператварылася ў зону экалагiчнага бедства: «пад радыяцыяй» апынулася амаль чвэрць тэрыторыi, у значнай ступенi пацярпела пятая частка насельнiцтва. З такiм комплексам праблем, звязаных з наступствамi катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, нiхто яшчэ не сутыкаўся. Вiдавочна, што iх пераадоленне зацягнецца на многiя дзесяцiгоддзi. Канешне, на працягу дваццацi гадоў шмат зроблена, аднак шэраг надзённых пытанняў дасюль застаецца канчаткова не вырашаным. Якiя асноўныя прыярытэты рэабiлiтацыi забруджаных тэрыторый, што яна прынясе тутэйшым жыхарам? На пытаннi карэспандэнта «Звязды» адказвае старшыня Камiтэта па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр ЦАЛКО.

«Дзяржава выдзелiла больш чым 17 млрд долараў»

— Катастрофа на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыi — сапраўдная нацыянальная трагедыя для Беларусi. Гэта трэба дакладна разумець i адпаведным чынам ажыццяўляць стратэгiю па пераадоленню наступстваў. Пасля Чарнобыля цэзiем-137 найбольш моцна было забруджана 18 тысяч квадратных кiламетраў сельскагаспадарчых палеткаў — пятая частка iх агульнай плошчы. Гэта былi найбольш урадлiвыя глебы. З абароту было выведзена 2,6 тысячы кв. кiламетраў сельгаспалеткаў. Лiквiдаваны 54 калгасы i саўгасы, 9 прадпрыемстваў, што адносiлiся да перапрацоўчай галiны аграпрамысловага комплексу. Рэзка скарацiлiся пасяўныя плошчы i валавы збор сельскагаспадарчых культур, iстотна зменшылася пагалоўе жывёлы.

Значна скарацiлася сыравiнная база. З карыстання былi выведзены 132 радовiшчы мiнеральных рэсурсаў. З планаў правядзення геолагаразведачных работ выключана тэрыторыя Прыпяцкай нафтагазаноснай вобласцi, рэсурсы якой спецыялiстамi ацэньвалiся ў 52,2 мiльёна тон нафты. Забруджана радыяцыяй каля чвэрцi ляснога фонду Беларусi — амаль 20 тысяч квадратных кiламетраў. У вынiку штогадовыя страты драўнiнных рэсурсаў перавышаюць цяпер два мiльёны кубаметраў, а да 2010 года (па прагнозах) гэты паказчык узрасце амаль удвая. У зоне забруджвання знаходзяцца больш чым 300 прамысловых прадпрыемстваў. Дзейнасць шэрагу з iх па аб’ектыўных прычынах (у асноўным — з-за адсялення жыхароў з найбольш пацярпеўшых тэрыторый) была спынена. Постчарнобыльскiя рэгiёны Беларусi характарызуюцца скажонай дэмаграфiчнай структурай. У найбольш пацярпеўшых рэгiёнах доля пенсiянераў складае каля 70 працэнтаў. Як бачым, гэты паказчык значна вышэй сярэдняга па Беларусi.

— Уладзiмiр Рыгоравiч, колькi ў грашовым выражэннi склаў урон ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС?

— Паводле ацэнак экспертаў, урон, якi быў нанесены нашай дзяржаве чарнобыльскай катастрофай, ацэньваецца ў 235 мiльёнаў долараў. Гэтая сума эквiвалентная 32 сярэднегадавым бюджэтам рэспублiкi 1985 года. Сюды ўключаны як прамыя страты, так i сродкi, якiя трэба выдаткаваць на рэалiзацыю комплексу мэтавых мерапрыемстваў па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС i стварэнню бяспечных умоў жыцця людзей на забруджаных тэрыторыях. Трэба заўважыць, што, на думку вучоных, ацэнка ўрону не з’яўляецца канчатковай, паколькi дасюль няма досыць поўных даных пра медыка-бiялагiчныя, сацыяльныя i экалагiчныя наступствы аварыi на ЧАЭС.

Пераадоленне вынiкаў катастрофы — адзiн з важнейшых нацыянальных прыярытэтаў. Работа ажыццяўляецца комплексна. Летась завершана рэалiзацыя трэцяй па лiку Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На яе рэалiзацыю на працягу 2001—2005 гадоў з рэспублiканскага бюджэту было выдаткавана больш чым 1,9 трыльёна рублёў, у тым лiку летась — каля 570 мiльярдаў рублёў. А ўсяго на пераадоленне ўрону ад аварыi на ЧАЭС за дваццаць гадоў наша дзяржава выдзелiла звыш 17 мiльярдаў долараў.

«Перасяленне ў асноўным завершана»

— Што ўдалося зрабiць за апошнiя пяць гадоў у межах Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС?

— За гэты час удалося многага дасягнуць. У асноўным завершана перасяленне жыхароў з найбольш забруджаных тэрыторый. Былi ўведзены ў эксплуатацыю ўсе запланаваныя аб’екты — звыш 1,9 тысячы кватэр для льготных катэгорый грамадзян агульнай плошчай 12,3 тысячы квадратных метраў, школы на 2,2 тысячы вучнёўскiх месцаў, дашкольныя ўстановы, бальнiцы, палiклiнiкi i амбулаторыi. Паспяхова завершана прэзiдэнцкая праграма «Дзецi Беларусi» (падпраграма «Дзецi Чарнобыля»), у адпаведнасцi з якой новыя спальныя i лячэбныя карпусы i школы з’явiлiся ў дзiцячых рэабiлiтацыйна-аздараўленчых цэнтрах «Колас», «Ветразь», «Лясная паляна», «Свiтанак», «Пралеска», «Жамчужына», 38-кватэрны дом — у «Ждановiчах» i шэраг iншых аб’ектаў. Было газiфiкавана больш чым 13,3 тысячы жылых дамоў. Увогуле за апошнiя пяць гадоў на фiнансаванне аб’ектаў, што будуюцца за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту, якiя накiроўваюцца на рэалiзацыю Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, было выдзелена 260,5 мiльярда рублёў (у тым лiку летась — амаль 70 млрд).

Эфектыўна дзейнiчае сiстэма сацыяльнай абароны ўсiх катэгорый пацярпеўшых. Асаблiвая ўвага — людзям, якiя сталi iнвалiдамi ў вынiку аварыi на ЧАЭС. Зараз iх налiчваецца больш чым 11 тысяч чалавек (сярод якiх 1,3 тыс. — дзецi i падлеткi). Дзяржава аказвае важкую сацыяльную падтрымку: бясплатнае харчаванне зараз атрымлiваюць 203,3 тысячы навучэнцаў, якiя жывуць на забруджаных тэрыторыях. Дыспансэрызацыяй ахоплена ўсё пацярпеўшае насельнiцтва, фактычна вырашана пытанне з забеспячэннем медыцынскiмi i педагагiчнымi кадрамi. Штогод праходзяць аздараўленне 311,2 тысячы чалавек, сярод якiх 258,5 тысячы дзяцей. Праводзiцца вельмi важная i адказная работа. Яе вынiкi вiдавочныя — правядзенне рэгулярных медыцынскiх аглядаў, лячэнне i аздараўленне дазволiлi адчувальна палепшыць паказчыкi здароўя жыхароў забруджаных рэгiёнаў.

«Паступленне радыенуклiдаў у прадукцыю зменшылася ў 10—12 разоў»

— Уладзiмiр Рыгоравiч, вытворчасць нарматыўна чыстай прадукцыi застаецца адной з найбольш актуальных праблем. Наколькi паспяхова яна вырашаецца?

— У вынiку ўкаранення новых тэхналогiй удалося забяспечыць вытворчасць нарматыўна чыстых прадуктаў харчавання ў грамадскiм сектары. У параўнаннi з 2000 годам вытворчасць малака з перавышэннем дапушчальнага ўтрымання цэзiю-137 у грамадскiм сектары зменшылася ў 4 разы, а вяртанне жывёлы з мясакамбiнатаў — у 3,2. Паступленне радыенуклiдаў у прадукцыю знiзiлася больш чым у 10—12 разоў. Значна зменшылася колькасць населеных пунктаў, дзе адзначалася перавышэнне дапушчальных узроўняў цэзiю-137 у малацэ: калi ў 2001 годзе iх налiчвалася 325, то летась — 121. Для выпасу жывёл, якiх жыхары трымаюць на ўласных падворках, было створана амаль 38 тысяч гектараў культурных кармавых угоддзяў. Таксама ў «праблемныя» вёскi пастаўляўся камбiкорм з дабаўленнем спецыяльнага сарбенту.

За апошнiя пяць гадоў на правядзенне ахоўных мераў у аграпрамысловым комплексе было выдаткавана 288,1 мiльярда рублёў. Гэта дазволiла забяспечыць пастаўку ў гаспадаркi, якiя размешчаны на забруджаных тэрыторыях, 520 тысяч тон калiйных i фосфарных угнаенняў, зрабiць вапнаванне глебы на плошчы 228 тысяч гектараў. Працягваецца рэалiзацыя праекта МАГАТЭ «Рэабiлiтацыя тэрыторый, якiя забруджаны ў вынiку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС». У яго межах на Хойнiцкiм сыраробчым камбiнаце быў створаны цэх па вытворчасцi высакаякаснай мукi. З мэтай атрымання максiмальнай эканамiчнай аддачы ад збожжа, якое не выкарыстоўваецца на харчовыя патрэбы з-за павышанага ўтрымання радыестронцыю, у Хойнiцкiм раёне праводзiцца рэканструкцыя спiртзавода. У Магiлёўскай вобласцi быў дасягнуты добры вынiк па рэалiзацыi сiстэмы мераў па рэструктурызацыi пасяўных плошчаў i павышэнню тэхналагiчнай дысцыплiны. Завершана аснашчэнне камбiнатаў хлебапрадуктаў гама-бэта-спектрометрамi для кантролю ўтрымання радыестронцыю ў збожжы. На Гомельшчыне пачала працаваць лабараторыя дыягностыкi захворванняў жывёл. Абнаўляецца парк радыеметрычных прыбораў, рэзервныя фонды якiх створаны ў Брэсцкiм, Гомельскiм i Магiлёўскiм абласных цэнтрах гiгiены i эпiдэмiялогii. У Палескiм дзяржаўным радыяцыйна-экалагiчным запаведнiку ствараецца сучасная лабараторыя радыяцыйных вымярэнняў, якая дапаможа ў вывучэннi паводзiнаў радыенуклiдаў (цэзiю, стронцыю, плутонiю, амерыцыю) у навакольным асяроддзi.

З 2002 года пачалася праграма пераспецыялiзацыi сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гомельскай i Магiлёўскай абласцей. На гэтыя патрэбы было выдзелена 34,3 мiльярда рублёў.

— Цi апраўданыя такiя выдаткi?

— Выдаткi цалкам апраўданыя, што пацвярджаюць лiчбы: напрыклад, агульны гадавы эканамiчны эфект ад укаранення iнстытутам радыялогii праграм змянення спецыялiзацыi гаспадарак i развiцця вытворчасцi, накiраваных на атрыманне нарматыўна чыстай i рэнтабельнай прадукцыi, у Брагiнскiм, Хойнiцкiм i Чачэрскiм раёнах склаў каля 4,4 мiльярда рублёў. Як бачым, рэалiзацыя навуковых рэкамендацый прыносiць значны плён. У вынiку ўкаранення распрацовак Магiлёўскага фiлiяла Iнстытута радыялогii i правядзення арганiзацыйных мерапрыемстваў за апошнiя тры гады ў 21 гаспадарцы вобласцi практычна поўнасцю вырашана праблема атрымання збожжа, якое адпавядае нарматыўным патрабаванням па ўтрыманню радыестронцыю. Прычым, гэтага ўдалося дасягнуць без павелiчэння выдаткаў на ахоўныя меры. Эканамiчны эфект ад укаранення распрацовак у 2004 годзе склаў 110 мiльёнаў рублёў. Аптымiзацыя працэсу вытворчасцi кармоў i рэгулявання воднага рэжыму на мелiяраваных землях на аснове рэкамендацый Брэсцкага фiлiяла iнстытута радыялогii дазваляе знiзiць забруджванне кармавых культур у 2—5 разоў (у параўнаннi з той практыкай правядзення работ, што прымяняецца звычайна). Падлiчана, што пры гэтым гадавы эфект складзе каля 700 мiльёнаў рублёў.

«Ад бязвыплатнай дапамогi — да праектаў крэдытавання»

— Як развiваецца апошнiм часам мiжнароднае супрацоўнiцтва?

— Апошнiм часам мiжнароднае чарнобыльскае супрацоўнiцтва атрымала новы iмпульс для далейшага развiцця. Гэта адбылося ў 2002 годзе, калi мiсiяй ААН быў падрыхтаваны даклад «Гуманiтарныя наступствы аварыi на Чарнобыльскай АЭС: стратэгiя рэабiлiтацыi». У iм упершыню дадзены рэкамендацыi аб змяненнi прыярытэтаў — пераходу ад аказання надзвычайнай гуманiтарнай дапамогi да доўгачасовага працэсу садзейнiчання комплекснай рэабiлiтацыi пацярпеўшых рэгiёнаў. Прадастаўленне Сусветным банкам мэтавай пазыкi адкрывае новы этап супрацоўнiцтва. Адбываецца пераход ад бязвыплатнай дапамогi да праектаў крэдытавання.

Чарнобыльская праблематыка ўключана ў праграмы супрацоўнiцтва з асноўнымi мiжнароднымi ўстановамi сiстэмы ААН. Наладжана ўзаемадзеянне з арганiзацыямi Швейцарыi, Францыi, Iталii, Германii, Iрландыi, Японii. За апошнiя пяць гадоў у Беларусь паступiла мiжнароднай гуманiтарнай i тэхнiчнай дапамогi больш чым на 400 мiльёнаў долараў. Штогод да 50 тысяч дзяцей з пацярпеўшых рэгiёнаў выязджаюць на аздараўленне ў 26 замежных краiн. У межах двухбаковага супрацоўнiцтва ажыццяўляецца рэалiзацыя пагадненняў памiж урадамi Беларусi i Кiтая аб прадастаўленнi бязвыплатнай дапамогi на 6 мiльёнаў долараў. За 2001—2005 гады Камчарнобыль рэалiзаваў мiжнародных праектаў i праграм больш чым на 21 мiльён долараў. Прызнаннем актуальнасцi праблематыкi з’яўляецца сааўтарства 69 краiн пры распрацоўцы рэзалюцыi па Чарнобылю, якая была прынята 14 лiстапада 2005 года на пленарным пасяджэннi 60-й сесii Генеральнай Асамблеі ААН. Гэта самая вялiкая колькасць за апошнiя 13 гадоў. Сёлета дваццатая гадавiна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Задача Камчарнобыля — забяспечыць паступленне аб’ектыўнай iнфармацыi для суветнай грамадскасцi i праблемах, якiя патрабуюць вырашэння. Неабходна прапанаваць накiрункi ўзаемадзеяння, якiя адпавядаюць як задачам нашай дзяржавы, так i iнтарэсам патэнцыяльных арганiзацый i краiн-донараў. Дасягненню гэтага паслужыць прадстаўнiчая мiжнародная канферэнцыя, якая адбудзецца ў Мiнску i Гомелi 19—21 красавiка.

— Чаго ўдалося дасягнуць у межах сумеснай дзейнасцi з Расiяй?

— Летась паспяхова завяршылася выкананне Праграмы сумеснай дзейнасцi па пераадоленню наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў межах Саюзнай дзяржавы на 2002—2005 гады. З саюзнага бюджэту было выдзелена i асвоена 980 мiльёнаў расiйскiх рублёў. Падчас сумеснай дзейнасцi вырашалiся задачы, якiя дапаўнялi нацыянальныя праграмы i патрабавалi аб’яднання намаганняў дзвюх краiн. Быў пабудаваны i аснашчаны абсталяваннем завод медпрэпаратаў у Скiдалi, дзе арганiзавана вытворчасць гатовых лекавых формаў. Сумеснымi намаганнямi вучоных распрацаваны шэраг тэхналогiй, нарматыўных дакументаў. Створаны адзiны расiйска-беларускi банк даных па асноўных аспектах чарнобыльскай катастрофы, пачаў працаваць сумесны iнфармацыйны цэнтр. Створаны i ўкаранёны тэхналогii вытворчасцi харчовай прадукцыi, узбагачанай ёдам. Канструктыўнае супрацоўнiцтва будзе працягвацца i надалей — праект чарговай сумеснай праграмы зараз разглядаецца расiйскiм урадам.

«Людзi павiнны быць упэўнены ў заўтрашнiм днi»

— Уладзiмiр Рыгоравiч, якiя асноўныя прыярытэты чацвёртай Дзяржпраграмы па пераадоленню наступстваў аварыi на ЧАЭС?

— Асноўныя яе прыярытэты — аднаўленне здароўя i паляпшэнне якасцi жыцця пацярпеўшага насельнiцтва, а таксама рэабiлiтацыя забруджаных тэрыторый. Для выканання гэтых глабальных задач плануецца выдаткаваць 3,1 трыльёна рублёў з рэспублiканскага бюджэту i 160,8 мiльярда рублёў — з мясцовых. Паколькi маштабы радыяцыйнага забруджвання вельмi значныя, то меры па абароне насельнiцтва i тэрыторый павiнны насiць доўгачасовы i комплексны характар. Неабходна эфектыўна выкарыстоўваць сродкi на капiтальнае будаўнiцтва, накiроўваць iх у першую чаргу на абуладкаванне пацярпеўшых рэгiёнаў, узвядзенне жылля i далейшую пераспецыялiзацыю сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Плануецца газiфiкаваць усе населеныя пункты ў зоне забруджвання па цэзiю-137 звыш 5 кюры на кв. кiламетр i там, дзе доза апраменьвання складае больш чым 1 мiлiзiверт у год. Гэта каля 8,5 тысячы жылых дамоў, трэба ўвесцi ў дзеянне 463 км газаразмеркавальных сетак. На забруджаных тэрыторыях будуць пабудаваны дашкольныя ўстановы, бальнiцы, школы, iншыя сацыяльныя аб’екты. Мяркуецца забяспечыць насельнiцтва пацярпеўшых рэгiёнаў якаснай пiтной вадой, для чаго будзе пабудавана 150 кiламетраў водаправодных сетак. Плануецца, што будзе поўнасцю завершана рэканструкцыя дзiцячых рэабiлiтацыйна-аздараўленчых цэнтраў. Дзяржава бярэ на сябе абавязак гарантаваць атрыманне нарматыўна чыстай прадукцыi на забруджаных радыенуклiдамi землях як у грамадскiм сектрары, так i на ўласных падворках. Дасягнуць усяго гэтага плануецца праз рэалiзацыю мэтавых задач Дзяржпраграмы. Новыя ўмовы яе выканання звязаны са змяненнем умоў фармiравання, фiнансавання яе мерапрыемстваў. Неабходна наладзiць сур’ёзны кантроль за эфектыўным, абгрунтаваным выдзяленнем сродкаў i iх выкарыстаннем.

Выканаўшы ўвесь комплекс праграмных заданняў, мы зможам забяспечыць надзейную сацыяльную i медыцынскую абарону насельнiцтва, поўнасцю рэалiзаваць мерапрыемствы па аздараўленню. Павiнна адбыцца рэальнае адраджэнне пацярпеўшых рэгiёнаў. У гэтым галоўная сутнасць стратэгii па далейшаму развiццю забруджаных тэрыторый. Людзi, якiя тут жывуць, павiнны быць упэўнены ў заўтрашнiм днi.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вось ужо дваццаць гадоў мы жывём «пасля Чарнобыля». Паводле ацэнак спецыялiстаў, аварыя на ЧАЭС — самая буйная тэхнагенная катастрофа ў гiсторыi чалав
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика