Звычайныя перасяленцы
Iлона Iванова
СПЕЦЫЯЛЬНЫ РЭПАРТАЖ Для невялiкай вёскi Гавяды, што на Шклоўшчыне, у 1990 годзе пачаўся новы этап гiсторыi. Побач з ёй распачалi вялiкае будаўнiцтва дамоў для перасяленцаў з тэрыторый, якiя пацярпелi ад чарнобыльскай катастрофы. У новы пасёлак прыехалi людзi са Слаўгарадскага i iншых забруджаных радыяцыяй раёнаў. Цяпер Гавяды сталi аграгарадком, дзе жыве больш за дзве сотнi сем’яў, 105 з якiх — перасяленцы. Пра мiнулае жыццё гэтых жыхароў Гавядаў нагадвае толькi назва цэнтральнай вулiцы — Слаўгарадская.ЗОНА ПЕРАСЯЛЕНЦАЎ Пятнаццаць гадоў таму перасяленцы цяжка перажывалi свой вымушаны пераезд. Чарнобыльцы, у тым лiку i сталага ўзросту, пачыналi жыццё нанова, i ўсё iм здавалася не такiм, як на радзiме. Яны казалi, што ў родных мясцiнах iм дыхалася лягчэй, а тут нават дары шклоўскiх лясоў падавалiся не такiмi шчодрымi. Карэнныя жыхары таксама нялёгка прызвычайвалiся да новых людзей. Шклоўцы ўвогуле спачатку называлi Гавяды «зонай». Пачалося гэта даўно, калi паблiзу вёскi будаўнiчую пляцоўку абцягнулi калючым дротам i працягнулася, калi прыехалi людзi з Чарнобыльскай зоны. — А цяпер ужо не называюць, — гаворыць старшыня Талкачэўскага сельскага Савета Наталля Захарава. — Межы сцерлiся, i ўсе прызвычаiлiся. Хоць, канешне, не буду ўтойваць, што з перасяленцамi, асаблiва першым часам, было складана. Калi нешта не атрымлiвалася, то яны адразу крыўдзiлiся i папракалi: «Навошта нас сюды прывезлi? Мы б там жылi добра...» У сельскiм Савеце цяпер лiчаць, што перасяленцы не крыўдуюць на ўладу. Гэта вынiкае з таго, што на нядаўнiх выбарах прэзiдэнта ў Гавядах прагаласавала 100 працэнтаў насельнiцтва. Калi б людзi лiчылi, што дзяржава мала для iх робiць, упэўнена Наталля Захарава, то наўрад цi яны так дружна прыйшлi б на выбарчыя ўчасткi. ДУМАЛI ПРА БУДУЧЫНЮ СВАIХ ДЗЯЦЕЙ Дамы ў Гавядах добраўпарадкаваныя, з выгодамі, ацяпляюцца прыродным газам. А вось рабiць агароды было няпроста, хоць перасяленцам i далi саджанцы пладовых дрэў i кустоўяў, бо ў пасёлку была балоцiстая зямля. — Цяжка было, — узгадвае работнiца сельсавета Наталля Iванаўна Кудлаева. — Прыехалi ў Гавяды — а тут каменныя дамы i навокал пустэча. Складана было ствараць хатнюю гаспадарку нанова. Але абжылiся. Наталля Iванаўна прыехала ў Слаўгарадскi раён, у вёску Кулiкоўка-2 працаваць настаўнiкам акурат у 1986 годзе. Там нарадзiлася дачка, а калi жанчына была цяжарная другiм дзiцем, давялося з’язджаць. Пераязджала Наталля Iванаўна хоць i са шкадаваннем, але добра разумела, што трэба думаць пра будучыню дзяцей. У Кулiкоўцы, дзе ўзровень радыяцыi больш за 40 кюры, жыць было нельга. Хутчэй за ўсiх адаптавалiся на новым месцы дзецi, маладыя людзi. А вось старым было немагчыма адарваць каранi ад той зямлi, дзе яны нарадзiлiся i жылi. — Тут вельмi добра, крыўдаваць мне няма на што: кватэра ўтульная, газ i вада, нармальна, — гаворыць пра Гавяды пенсiянер Адам Нiканавiч Зубараў. — Але нешта цягне на радзiму, разумееце? Напачатку перасяленцы з Гавядаў вазiлi хаваць памёршых на могiлкi каля сваiх старых вёсак, а ў апошнiя гады сталi хаваць на могiлках у Гавядах. Але на Радаўнiцу людзi па-ранейшаму едуць на Слаўгарадчыну, i для гэтага iм штогод прапануюць аўтобус. «МЫ ЎЖО НЕ ПЕРАСЯЛЕНЦЫ, А ЗВЫЧАЙНЫЯ ЖЫХАРЫ» У Гавядах большасць з таго, што трэба для аграгарадка, было, спатрэбiлася толькi адрамантаваць дарогi, аднавiць тратуары i агароджы. У пасёлку працуюць тры дворнiкi, аднак цяпер, калi аграгарадок трэба прыбраць пасля зiмы, на цэнтральную вулiцу з мяцёлкамi i граблямi выйшлi на працоўны дэсант работнiкi вясковага Дома культуры на чале з дырэктарам Валянцiнай Шышкуновай. Яна прыехала ў Гавяды ў 20 гадоў разам з мацi i братам. — У нас цудоўны Дом культуры, — запрашае ў госцi Валянцiна. — Людзi iдуць да нас ахвотна. Вечарыны адпачынку, святы вёсак, дыскатэкi, група здароўя, шэйпiнг... Пасля абеду прыйдуць дзецi са школы, i жыццё ў нас закiпiць. — У нас добры гандлёвы цэнтр, — весела хвалiцца i прадаўшчыца Ала Васiльеўна Кудлаева. — Увогуле ўсё, што трэба, ёсць на месцы. Мне тут усё падабаецца. Ала Васiльеўна пераехала са Слаўгарадчыны ў Гавяды, калi была яшчэ маладая, i ёй, паводле ўласнага прызнання, не было вялiкай рознiцы, дзе жыць. Тым больш, што ў Гавядах давалi добрае жыллё i заробкаў на жыццё хапала. — Не, назад нас не цягне, — усмiхаецца жанчына. — Нам i тут нядрэнна. У мяне двое дзяцей, муж працуе механiзатарам, i мы ўжо перасяленцамi сябе не лiчым. Звычайныя жыхары. СВОЕЧАСОВА ПЕРАСЯЛIЛIСЯ Перасяленка з Хойнiкаў Марыя Iванаўна Шаройкiна мае ў Гавядах кватэру, якая абстаўлена зялёнымi раслiнамi, у гасцёўнi на падлозе — дыван, якi зрабiла гаспадыня ўласнымi рукамi. Жыве бабуля адна, толькi 19-гадовы ўнук Маскiм, якi вучыцца ў Магiлёве, прыязджае на пабыўку. Тады даводзiцца гатаваць для яго прысмакi, а ўдзячны малады чалавек забаўляе бабулю спевамi пад гiтару. Хоць Максiм i «чарнобылец», паводле дакументаў, i карыстаецца льготамi, такая рэч, як радыяцыя, яго не надта цiкавiць. — Ну, я ведаю, што такое радыяцыя, — гаворыць Максiм. — Але я яе не баюся, i са здароўем у мяне ўсё ў парадку. А цi буду жыць у пасёлку Гавяды, падумаю пасля службы ў армii. — Гавяды — нядрэнная вёска. Або ўжо хутка будзе горад?.. — задумваецца Марыя Iванаўна. — Мне падабаецца, што тут спакойна i нiхто нiкога не крыўдзiць. Мяне, як перасяленку, дзяржава не пакрыўдзiла таксама: пенсiю маю, хлеб у краме ёсць, а што мне яшчэ трэба? Каб дапамагалi i доктар побач быў. Амбулаторыя месцiцца ў акуратным двухпавярховым будынку. Цяпер там адкрылi i дзённы стацыянар. Усяго два ложкi, але людзям падабаецца такая форма лячэння, тым больш, што лекi, кропельнiцы i вiтамiны пацыенты атрымлiваюць бясплатна. Фельчарка Алена Кузняцова вядзе прыём, аглядае хлопчыкаў, якiя захварэлi, i гаворыць, што няма нiчога страшнага, веснавая прастуда. — У нас тут жывуць не толькi перасяленцы з чарнобыльскай зоны, — тлумачыць медычка. — I я б не сказала, што менавiта перасяленцы хварэюць больш у сувязi са шкодным уздзеяннем радыяцыi. Не бачу такой тэндэнцыi: усе людзi тут хварэюць прыблiзна аднолькава. Вiдаць, дзяржава своечасова ўмяшалася i перасялiла людзей. Можа спачатку i былi якiя стрэсы, гэта натуральна, але цяпер перасяленцы — гэта звычайныя людзi i пацыенты. Сучасныя Гавяды Iдуць гады, i дзецi, якiя пераехалi ў Гавяды са сваiмi бацькамi, выраслi. Яны атрымалi ў пасёлку новае жыллё i працуюць у мясцовай гаспадарцы «Гавяды-агра». Перасяленцы ў Гавядах працаўладкоўваюцца ў першую чаргу. У дзiцячым садку дзве групы дзяцей, школа поўная вучняў. З красавiка тут адкрыўся фiлiял школы мастацтваў, i дзецi лiтаральна кiнулiся вучыцца iграць на скрыпцы, баяне i фартэпiяна. Сёлета ў школе з’явiўся новы сучасны камп’ютарны клас, а ў бiблiятэцы ўсталявалi сучасны камп’ютар з вадкакрышталiчным экранам. Жыхары Гавядаў, паводле ўражанняў, жывуць нябедна. Многiя з iх робяць у сваiх дамах еўрарамонты. Кожны другi жыхар, паводле звестак сельсавета, мае аўтамабiль. Шклоўскiя прадпрымальнiкi лiчаць Гавяды перспектыўным месцам, дзе людзi маюць магчымасць аплацiць розныя паслугi. Адзiная праблема Гавядаў — у якасцi жылля. Шмат пытанняў узнiкае наконт рамонту. На жаль, гэта агульная бяда ўсiх пасёлкаў для перасяленцаў. — Домiкi ў пасёлку будавалiся даўно, калi i якасць будаўнiцтва была iншая, iншыя матэрыялы i патрабаваннi, — тлумачыць сiтуацыю намеснiк старшынi Шклоўскага райвыканкама Мiкалай Чапялiнскi. — Але iмкнёмся лiкiвiдаваць недапрацоўкi будаўнiкоў i своечасова рамантаваць жыллё перасяленцаў. Мiкалай Чапялiнскi калiсьцi працаваў у Слаўгарадскiм раёне i таму асабiста ведае многiх перасяленцаў, якiя цяпер жывуць у Гавядах. — З гэтага мне няцяжка параўнаць абстаноўку, умовы i лад жыцця людзей, якiя пераехалi на Шклоўшчыну — як было раней i як стала цяпер, — гаворыць Мiкалай Пятровiч. — Там людзi жылi без зручнасцяў, у старых хатах, а тут нармальнае жыллё, сацыяльныя аб’екты i вытворчасць, дзе можна зарабiць. Так што ў Гавядах сацыяльныя ўмовы на парадак вышэй. За 20 гадоў пасля Чарнобыля, мяркуе прадстаўнiк шклоўскай улады, зроблена вельмi шмат. Было, канешне, i шмат памылак, але Мiкалай Чапялiнскi ўпэўнены, што дзяржава здолела зрабiць высновы з гэтых памылак i па-гаспадарску падысцi да лiквiдацыi наступстваў чарнобыльскай аварыi. Людзi, якiя рызыкавалi жыццём i здароўем на забруджаных тэрыторыях, пераселены ў такiя пасёлкi, як Гавяды. Шклоўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для невялiкай вёскi Гавяды, што на Шклоўшчыне, у 1990 годзе пачаўся новы этап гiсторыi. Побач з ёй распачалi вялiкае будаўнiцтва дамоў для перасяленца
|
|