З атэрасклерозам можна жыць... Калi б не вiрусы
Сардэчна-сасудзiстыя захворваннi i высокая смяротнасць, з iмi звязаная, — адна з самых вострых праблем у галiне сусветнай медыцыны. У нашай краiне кожная другая смерць абумоўлена менавiта хваробай сардэчна-сасудзiстай сiстэмы. Нездарма некалькi гадоў таму быў створаны Рэспублiканскi навукова-практычны цэнтр «Кардыялогiя» — унiкальная структура, якая валодае лепшымi прафесiйнымi кадрамi, абсталяваннем i высокiмi тэхналогiямi. Аднак цi шырока расчынены дзверы цэнтра для жадаючых атрымаць кансультацыю i ўрачэбную дапамогу? На гэта i яшчэ некалькi не менш важных пытанняў адказвае доктар медыцынскiх навук, прафесар кафедры тэрапii БелМАПА, галоўны кардыёлаг Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь, дырэктар Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогiя» Iгар Эдуардавiч АДЗЯРЫХА.
— На кансультацыю да нас можа накiраваць участковы тэрапеўт. Увогуле ж цэнтр падобнага кшталту не павiнен распыляцца. Зараз у краiне ствараецца канцэпцыя развiцця кардыялагiчнай службы. Актыўна будуць развiвацца рэгiянальныя цэнтры, каб прафесiйная дапамога стала даступнай на месцах, а тут павiнны быць самыя высокiя тэхналогii, выкарыстанне якiх варта падключаць, калi на месцах узнiклi пытаннi. — Колькасць сардэчна-сасудзiстых захворванняў i iх ахвяр мяняецца з цягам часу? — Для хвароб кровазвароту адрозненне па краiнах заключаецца толькi ў паказчыках смяротнасцi. У нас 54 працэнты смерцяў звязаны з сардэчна-сасудзiстымi захворваннямi, у ЗША, напрыклад, — 35—37 працэнтаў. Што датычыцца захворваемасцi, то каля 1 млн 200 тысяч беларусаў пакутуюць ад iшэмiчнай хваробы сэрца i 900 тысяч — ад артэрыяльнай гiпертэнзii. У нас i ў свеце павялiчваецца колькасць хворых на кардыямiяпатыi, калi за кароткi тэрмiн памеры камер сэрца растуць, развiваецца сардэчная недастатковасць, орган цалкам выходзiць са строю, з-за чаго чалавек гiне. Многiя становяцца ахвярамi сардэчна-сасудзiстых хвароб, але не падазраюць аб гэтым. У наступным годзе мы плануем дэталёва даследаваць распаўсюджанасць захворваемасцi. — Iнфекцыянiсты звязваюць узнiкненне «сардэчных» праблем з вiрусамi... — На пачатку мiнулага стагоддзя iснавала тэорыя, паводле якой усе хваробы маюць вiрусную або мiкробную этыялогiю. Калi ў свеце пачынаюць дамiнаваць вiрусныя захворваннi, доля мiкробных змяншаецца, i наадварот. Iнфiцыраванне — заўсёды пярвiчнае, а метабалiчныя парушэннi — другаснае. Зараз гаворка iдзе аб тым, што атэрасклероз сам па сабе не небяспечны: чалавек няправiльна харчуецца, у яго развiваюцца бляшкi, але з гэтым можна жыць. Калi ж на бляшках з’яўляецца запаленне, якое пачынае iх «есцi», узнiкае разрыў, утвараецца тромб, у вынiку чаго — iнфаркт. Паступова стала вiдавочна, што ёсць некалькi вiрусаў — цытамегалавiрус, банальны герпес, якiя правакуюць гэтыя запаленнi. Пашкоджанне сценкi сасуда, бляшкi азначае небяспеку. У Аўстралii, дарэчы, была спроба лячыць хворых з iнфарктам мiякарда антыбiётыкамi, i былi паспяховыя вынiкi. — Вядома, што атэрасклератычныя бляшкi — «бяда» найперш мужчын ва ўзросце 40—50 гадоў... — Да наступлення менапаўзы жанчына, сапраўды, абаронена. Таму да 55 гадоў хварэюць пераважна мужчыны, а ва ўзросце 65—70 гадоў — жанчыны. — Ёсць людзi без атэра- склератычных бляшак? — Канешне. Ёсць людзi з мiнiмальнымi пашкоджаннямi сасудаў. — I ў дзяцей ёсць бляшкi? — Сапраўды, да 4 месяцаў у дзiцяцi ёсць лiпiдныя палоскi, пасля яны знiкаюць. — «Пачысцiць» сасуды, ужываючы розныя зёлкi, магчыма? — Абсурд, канешне. Ёсць проста прэпараты, якiя станоўча ўплываюць на сасудзiстую сценку. — Што гэта за «шкодны» i «карысны» халестэрын? — Халестэрын — важнае рэчыва, з якога будуюцца клеткi, фосфалiпiды, клетачная мембрана, сiнтэзуюцца палавыя гармоны. I калi з ежай паступае недастатковая колькасць халестэрыну, арганiзм пачынае выпрацоўваць свой. У час вайны людзi галадалi, але i атэрасклератычныя бляшкi былi. Ёсць лiпапратэiды высокай i нiзкай шчыльнасцi. Лiшак апошнiх спрыяе адкладанню лiпiдаў i ўзнiкненню бляшак. Зараз вядуцца спрэчкi аб тым, якi ўзровень халестэрыну павiнен быць. Фармацэўтычныя фiрмы, безумоўна, зацiкаўлены ў знiжэннi планкi. Паводле расiйскiх рэкамендацый, павiнна быць 4,5 мiлiмоля на лiтр, а на адной з мiжнародных канферэнцый было выказана меркаванне, што ўзровень халестэрыну ў дарослага чалавека павiнен быць такi, як у немаўляцi — 1 мiлiмоль на лiтр. Калi вы даследуеце нашага здаровага чалавека, то выявiце iстотную рознiцу. — Дык жывёльны тлушч ужываць цi не? — Яго трэба ўжываць у вельмi абмежаванай колькасцi. — А толькi раслiнных тлушчаў чалавеку дастаткова? — Абсалютна. Увогуле чалавек павiнен перайсцi толькi на iх. — I забыць пра любiмае сала? — Я сам яго люблю, але памятаю, што ўжываць варта мiнiмум. Карысныя i патрэбныя чалавеку — ненасычаныя тлустыя кiслоты, а насычаныя — жывёльныя — з’яўляюцца адназначна шкоднымi. — Спадчынны фактар мае значэнне ў выпадку з «сардэчнымi» праблемамi? — Адназначна. Бяда ў тым, што знiжаючы смяротнасць, мы павялiчваем захворваемасць. Захворваннi замацоўваюцца на генным узроўнi. Наперадзе ў нас складаны час. — У такога распаўсюджанага падчас лячэння той жа стэнакардыi прэпарата, як нiтраглiцэрын, ёсць пабочныя эфекты? — Канешне, ёсць. Але калi гаворка iдзе пра моцны боль, то варта прымаць столькi, колькi трэба. Гэта адзiны прэпарат, якi можа ўратаваць да прыбыцця «хуткай дапамогi». Гаварыць пра пабочныя эфекты не даводзiцца. — Раскажыце пра бясшкодны сучасны аспiрын. — Аспiрыну — звыш ста гадоў. Ён выкарыстоўваецца пры лячэннi 50 захворванняў. У кардыялогii — для разжыжэння крывi, каб не дапусцiць утварэння тромбаў. Але бескантрольна аспiрын пiць нельга. З аднаго боку, мы разжыжаем кроў, а з другога — можам пашкодзiць сценкi страўнiка. Няма iдэальных прэпаратаў, важна правiльна падабраць дозу. Паводле мiжнародных рэкамендацый, пасля 40 гадоў кожны чалавек на працягу ўсяго жыцця павiнен пiць аспiрын цi кардыяаспiрын — 50—75 мг у дзень пасля ежы. Гэта дазволiць пазбегнуць трамбозу. — Шунцiраванне як адзiны спосаб процiстаяння iшэмiчнай хваробе змянiлася за апошнiя 10 гадоў? — Даказана, што аперацыя на спыненым сэрцы са штучным кровазваротам не праходзiць бясследна для арганiзма: любое аператыўнае ўмяшанне можа выклiкаць тыя цi iншыя ўскладненнi. Хоць бяспека гэтай працэдуры ў цэлым даволi высокая. Увогуле па вынiках работы цэнтра ў 2005 годзе лятальнасць склала 1,7 працэнта. Хiрургiчная рэваскулярызацыя — аперацыя каранарнага шунцiравання — становiцца менш папулярнай у свеце, яе выкарыстоўваць пры поўным паражэннi каранарных сасудаў. А да таго моманту звяртаюцца да лекавых прэпаратаў. Па-другое, зараз развiваецца альтэрнатыўная шунцiраванню iнтэрвенцыйная кардыялогiя — рэнтгенэндаваскулярная працэдура, калi праз сасуд можна падысцi да бляшкi цi тромба i разбурыць яе цi яго з дапамогай спецыяльнага катэтара з балончыкам. Выкарыстанне стэнтаў змяншае колькасць ускладненняў i магчымасць утварэння новых бляшак. Такiя аперацыi зараз праводзяцца ва ўсiм свеце. — I ў нас? — Летась мы зрабiлi 280 такiх аперацый, але гэта недастаткова ў параўнаннi з тым, што патрабуецца. Разам з тым нашы хворыя часам звяртаюцца па дапамогу тады, калi стэнт ужо немагчыма прымяняць. — Цi праўда, што з прафiлактычнай мэтай трэба пiць настой сардэчнiку, сокi, залаты вус, ужываць хурму, разынкi, курагу, бананы? — З усяго пералiчанага ў дадзеным выпадку патрэбны сухафрукты, якiя ўтрымлiваюць калiй. Дарэчы, ведаеце, чаму патлiвасць далоняў далучаецца да фактараў рызыкi ўзнiкнення сардэчна-сасудзiстых праблем? Таму, што з потам чалавек страчвае калiй... Калiй i магнiй — жыццёва важныя мiкраэлементы. — Якое значэнне мае стрэс у правакацыi ўзнiкнення iнфаркту мiякарда? — Стрэс дапамагае чалавеку выжыць, гэта матывацыя да дзеяння. Калi сiтуацыя завяршылася нейкiм вынiкам, то гэта добра, а калi гэтага не адбываецца, то ўзнiкае дыстрэс — згубны для чалавека. Заўсёды неабходна дабiвацца таго, каб атрымаць вынiк. Увогуле ў носьбiтаў сардэчна-сасудзiстых хвароб назiраюцца пэўныя асаблiвасцi паводзiнаў i рэакцый. Аднак у больш значнай ступенi ўплывае курэнне. Даказана: чым больш курыш, тым вышэй рызыка нашых хвароб. А сярод праблем, якiя прыводзяць да iнфаркту, першыя тры месцы займаюць праблемы на рабоце, недахоп грошай i праблемы ў сям’i. — Самы небяспечны месяц, дзень, час? — Самая высокая смяротнасць ад сардэчна-сасудзiстых хвароб назiраецца ў лiстападзе, снежнi i студзенi. Небяспечныя ноч з нядзелi на панядзелак i перадранiшнi час — памiж 3 i 7 гадзiнамi. — Што зрабiлi пэўныя краiны для знiжэння смяротнасцi ад сардэчна-сасудзiстых хвароб? — Поспех у дасягненнi знiжэння смяротнасцi звязаны з выкананнем пэўных прафiлактычных праграм. Велiзарныя бюджэтныя сродкi расходуюцца на барацьбу з курэннем, атлусценнем, гiпадынамiяй, артэрыяльнай гiпертэнзiяй. Толькi ў выпадку комплекснага падыходу можна атрымаць станоўчы вынiк. Фiнляндыя, якая крочыла па такому шляху, за 25 гадоў знiзiла паказчык смяротнасцi на 65 працэнтаў. З другога боку, ёсць краiны, якiя маюць станоўчы вынiк дзякуючы унiкальным умовам пражывання. У еўрапейскiх краiнах з мiнiмальнай смяротнасцю — Францыi, Iталii, Грэцыi ўжываюць шмат алiўкавага алею i алiвак, блiзкiх па складу да прэпаратаў з гiпахалестэрынавым эфектам. У алiўках шмат полiненасычаных тлустых кiслот, яны маюць яскравы процiзапаленчы эфект. Далей — лiмоны i морапрадукты. У Францыi, як вядома, назiраецца ўжываанне вялiкай колькасцi вiна, з-за чаго там ёсць i праблемы iншага кшталту. Для нашай краiны парада пiць вiно — не лепшы варыянт. — Цi часта пацыенты парушаюць рэжым? — Мы многае хочам пачуць ад урача, а ўласная пазiцыя застаецца пасiўнай. Дысцыплiна ўсiх хворых у любой краiне — аднолькава нездавальняючая. Праўда, у замежнiкаў ёсць страх захварэць, там гэта — катастрофа, чаму i развiваецца прафiлактыка. У нас здароўе — бясплатная раскоша. Гутарыла Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сардэчна-сасудзiстыя захворваннi i высокая смяротнасць, з iмi звязаная, — адна з самых вострых праблем у галiне сусветнай медыцыны |
|