Чарнобыль: як яно было
Зіновій ПРЫГОДЗІЧ
Рэха балючай бяды Субяседнiкi — Герой Сацыялiстычнай Працы, лаўрэат Ленiнскай прэмii, акадэмiк Мiкалай Аляксандравiч БАРЫСЕВIЧ i дырэктар Iнстытута радыяцыйнай бяспекi «Белрад», член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэмii Беларусi Васiль Барысавiч НЕСЦЯРЭНКА(Працяг. Пачатак у нумары за 26 красавіка.) Каб сабраць дадатковыя матэрыялы, я папрасiў супрацоўнiкаў iнстытуцкай перасоўнай лабараторыi праехаць вакол Мiнска па кальцавой дарозе, наведаць шэраг мiкрараёнаў i зрабiць радыяметрычныя замеры. А сам зазiрнуў на цэнтральны гарадскi рынак. Усюды iшоў бойкi гандаль прадуктамi — на адкрытых прылаўках, без усякiх абмежаванняў. А ў гэты час з неба сыпаўся радыеактыўны пыл! У прыёмнай ЦК мне паведамiлi, што зараз у М.М. Слюнькова кiраўнiк Саюза пiсьменiкаў Н.С. Гiлевiч. У Мiнску пачаў работу чарговы з’езд пiсьменнiкаў i важна было абмеркаваць некаторыя праблемы развiцця лiтаратуры. Мне тады яшчэ падумалася: пры такiх адносiнах да жахлiвай трагедыi, можа стацца так, што не будзе каму чытаць гэту лiтаратуру... Мой падрабязны даклад М.М. Слюнькову пра аварыю на ЧАЭС i магчымых маштабах наступстваў для Беларусi нiякага ўражання на яго не зрабiў. Ён зноў паўтарыў, што нiчога страшнага няма: агонь патушылi, iдуць аднаўленчыя работы. Не трэба ўзнiмаць панiку. I адправiў мяне да М.В. Кавалёва, старшынi Савета Мiнiстраў Беларусi i адначасова старшынi грамадзянскай абароны рэспублiкi. У кабiнеце М.В. Кавалёва былi ўжо намеснiк старшынi ўрада Н.М. Мазай, мiнiстр аховы здароўся М.Е. Саўчанка, начальнiк штаба грамадзянскай абароны, генерал-маёр А.Л. Грышагiн, Галоўны санiтарны ўрач Пiўчанка, старшыня Мiнгарвыканкама Н.I. Мiхасёў. На стале ляжалi разгорнутыя ваенныя карты са стрэлкамi распаўсюджвання радыяцыi. — Ну што вы нам хочаце паведамiць? — з прыкметным раздражненнем сустрэў мяне М.В. Кавалёў. Я паўтарыў усё тое, што нядаўна сказаў М.М. Слюнькову: i пра маштабы аварыi, i пра яе магчымыя наступствы для жыхароў Беларусi, i пра неабходнасць падрабязнай радыяцыйнай разведкi, медыцынскай ацэнкi бяспекi людзей, што пражываюць на поўднi рэспублiкi. Асаблiва падкрэслiў неабходнасць ёднай прафiлактыкi як першачарговай ахоўнай меры здароўя людзей. Справа ў тым, што галоўны iнжынер нашага iнстытута напярэдаднi пабываў у Галоўнага санiтарнага ўрача горада i пераканаў яго падрыхтаваць 700 кiлаграмаў ёднага раствору для таго, каб увесцi яго ў пiтную ваду на станцыях хларыравання, а ў малако — на малаказаводах. Але для гэтага патрабавалася рашэнне старшынi грамадзянскай абароны рэспублiкi. Выслухаўшы мяне, М.В. Кавалёў з усё тым жа раздражненнем сказаў, што ўрад рэспублiкi з узнiкшымi праблемамi разбярэцца сам, а мне параiў вярнуцца ў iнстытут i заняцца сваiмi справамi. БАРЫСЕВIЧ М.А.: — Цяпер я раскажу, што было зроблена па лiнii Акадэмii навук. Яшчэ 28 красавiка, як толькi мне пазванiў Васiль Барысавiч з Масквы i далажыў пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС, мы неадкладна сабралi прэзiдыум у вузкiм саставе, без запрашэння дырэктараў акадэмiчных iнстытутаў, i сталi думаць, якiя прыняць захады. Але нi ў кога нiякай iнфармацыi не было i мы вырашылi дачакацца прыезду Несцярэнкi. Адно што зрабiлi — усiм супрацоўнiкам рэкамендавалi прыняць ёдную прафiлактыку i як мага менш знаходзiцца на адкрытым паветры, асаблiва дзецям. 30 красавiка мы сабралi прэзiдыум зноў. Калi Васiль Барысавiч дакладваў аб маштабах i наступствах чарнобыльскай катастрофы, ён не змог стрымацца ад слёз. Стала зразумелым: вялiкая бяда прыйшла ў наш край, прыйшла ўсур’ёз i надоўга. Рашэннем прэзiдыума АН БССР мы стварылi рабочую групу пад маiм кiраўнiцтвам, якая занялася выпрацоўкай канкрэтных, навукова абгрунтаваных мераў барацьбы з радыяцыйнай небяспекай. Акрамя супрацоўнiкаў Iнстытута ядзернай энергетыкi, у гэту групу ўвайшлi таксама вядучыя спецыялiсты Белдзяржунiверсiтэта i полiтэхнiчнага iнстытута. Наша галоўная задача, як мы тады разумелi, заключалася ў тым, каб арганiзаваць пастаяннае i аб’ектыўнае вымярэнне радыеактыўнага забруджвання на тэрыторыi рэспублiкi i выпрацаваць рэкамендацыi па эфектыўнай засцярозе людзей. Аднак паўстала праблема: чым праводзiць вымярэннi? Высветлiлася, што дазiметрычнай апаратуры ў рэспублiцы было мала. З дзесятак прыбораў у Iнстытуце ядзернай энергетыкi, ды столькi ж у iншых iнстытутах. Гэта — кропля ў моры. З дапамогай нашых вучоных i вядучых iнжынераў сталiчных прадпрыемстваў мы ў самыя сцiслыя тэрмiны арганiзавалi зборку дазiметраў. Чатыры тысячы прыбораў прыслала Масква. Усё гэта дало магчымасць ужо ў першай палове мая забяспечыць неабходнай вымяральнай апаратурай значную колькасць малочных i мясных камбiнатаў рэспублiкi. (Заканчэнне будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Субяседнiкi — Герой Сацыялiстычнай Працы, лаўрэат Ленiнскай прэмii, акадэмiк Мiкалай Аляксандравiч БАРЫСЕВIЧ i дырэктар Iнстытута радыяцыйнай бяспекi
|
|