Як прайсцi ў бiблiятэку? Вiртуальную
Настасся ЦЕЛЕШАВА
Чытаем on-line Днi, калi за двухтомнiкам Цвятаевай выстройвалiся чэргi, у мiнулым. На змену iм прыйшоў, здавалася б, «зорны час» кнiгi: у магазiнах i на выставах можна набыць практычна любое выданне. I разам з тым «непахiсны» тэзiс пра самую чытаючую нацыю ў свеце захiстаўся. Не першы год усхваляваныя бацькi б’юць трывогу: вечару з «Карлсанам» (не гаворачы пра «Вайну i мiр») дзятва аддае перавагу новамоднай камп’ютарнай гульнi. Прымета нашага часу — анекдоты пра бяскнiжнае пакаленне: «Прачытаў тры кнiгi: буквар, другую i блакiтную». Зрэшты, i самi дарослыя да якаснага друкаванага слова звяртаюцца ўсё менш, i ўсё больш — да дэтэктываў. I разам з тым менавiта напрыканцы ХХ стагоддзя ў нашым лексiконе з’явiлася слова электронная бiблiятэка.Здаецца, няма на свеце студэнта, якi б у лiчаныя да экзамену днi не iмкнуўся прачытаць не адоленую за семестр лiтаратуру. I добра, калi ў блiжэйшыя сорак восем гадзiн яму трэба азнаёмiцца са «Злачынствам i пакараннем», якое проста можна знайсцi ў хатняй бiблiятэцы... Iншая справа, калi да ранiцы павiнен быць заканспектаваны «Улiс» Джэймса Джойса. Сёння набыць твор класiка не складае праблемы, у той час як дзесяць гадоў таму адшукаць яго было магчыма толькi ў «Ленiнцы» ў зачытанай да дзiрак «Замежнай лiтаратуры». А калi ўспомнiць, што студэнту аднымi мастацкiмi творамi не абысцiся, а за навуковымi працамi ў бiблiятэках — шматдзённыя чэргi... Безумоўна, навучэнец узору 2006 года купляць стаўшыя даступнымi кнiгi не спяшаецца, ды й далёкая паездка ў тую ж «Пушкiнку» са «спальнага раёна» яго не спакушае — вiзiт у вiртуальную бiблiятэку абыдзецца намнога танней i зэканомiць час. Адна з самых папулярных i, адпаведна, грунтоўных расiйскiх вiртуальных бiблiятэк — www.lib.ru, якая адчынiлася яшчэ ў 1994 годзе, налiчвае дзесяткi тысяч электронных тамоў. Усе кнiгi (дзеля аблягчэння пошуку) дзеляцца па катэгорыях: проза i паэзiя, старажытная, дзiцячая, прыгоднiцкая, навуковая лiтаратура, фантастыка, гiсторыя, дэтэктывы, культура, фiласофiя, фiлалогiя, падручнiкi. Спецыяльная «глаўка» адведзена пад службовыя патрэбы, неабходную для бiблiятэкара iнфармацыю. Наведвальнiкi сайта могуць заказаць патрэбную лiтаратуру, анансуюцца тут i блiжэйшыя паступленнi. Здабываюцца ж кнiгi вельмi лёгка: у пошукавiк уводзяцца iмя аўтара i назва твора, пасля чаго выскоквае спасылка, нацiснуўшы на якую, карыстальнiк «атрымлiвае» тэкст. I тым не менш... Рэдкiя творы, якiя друкавалiся толькi ў поўных зборах сачыненняў, у вiртуальнай бiблiятэцы амаль не знойдзеш, як, зрэшты, i нядаўнiя магазiнныя навiнкi. Ды й чытанне з манiтора — не лепшы занятак для вачэй (але ж тэкст пры жаданнi можна i раздрукаваць). Дастаткова складаныя справы ў большасцi ўладальнiкаў электронных кнiгасховiшчаў i з аўтарскiмi правамi, якiя яны часта не захоўваюць. У той жа час вiртуальныя бiблiятэкi — нядрэнны шанц для маладых пiсьменнiкаў заявiць пра сябе, тым больш што ў Iнтэрнэце магчыма размясцiць кнiгу, якая яшчэ не мае «рэальнага» эквiвалента. Беларускiя ж вiртуальныя бiблiятэкi расiйскiм размахам пакуль пахвалiцца не могуць. Колькасць iх на сёння iстотна саступае расійскім. Сярод самых папулярных айчынных электронных кнiгасховiшчаў — www.knihi.com i www.library.by Сайт www.library.by пазiцыянуе сябе не iнакш як першая беларуская вiртуальная бiблiятэка (дата нараджэння — 24 верасня 2001 года). Тым не менш партал www.library.by сваёй асноўнай мовай абраў рускую, ды й колькасць кнiг i аўтараў, якiя ўваходзяць у раздзелы «Беларуская проза, паэзiя», пакiдае жадаць лепшага: у спiсе адсутнiчае нават Уладзiмiр Караткевiч... Беларускамоўная вiртуальная бiблiятэка www.knihi.com iстотна апярэджвае www.library.by па колькасцi аўтараў i твораў. Больш за тое, арганiзатары сайта прапануюць наведвальнiкам некалькi дастаткова цiкавых праектаў. Напрыклад, «Беларусы ў свеце», «Беларускi кнiгазбор», а таксама — асобны рэсурс, якi ўключае ўсемагчымыя айчынныя энцыклапедыi i слоўнiкi. Мiж iншым напаўненне зместу i аднаўленне такiх рэсурсаў абыходзiцца iх уладальнiкам даволi дорага. Ды й «пераклад» рэальнага тэксту ў электронны, а менавiта — сканiраванне, патрабуе i высакаякаснай тэхнiкi, i спецыфiчных праграм, i, што вельмi важна, часу. Стваральнiкi www.library.by выйсце знайшлi: апрача бясплатных паслуг аказваюць i платныя. Дарэчы, за апошнiя некалькi гадоў цалкам рэальныя буйныя бiблiятэкi абзавялiся электроннымi прадстаўнiцтвамi. Напрыклад, сайт «Ленiнкi» (www.natlib.org.by) умяшчае не толькi старонкi гiсторыi галоўнага кнiгасховiшча краiны, архiў навiнаў, але i электронны каталог (праўда, пакуль няпоўны). Атрымлiваецца, яшчэ дзесятак-другi гадоў — i рэальныя бiблiятэкi знiкнуць, бо стануць непатрэбныя? — Ёсць два варыянты адказу на пытанне «Як доўга будзе iснаваць бiблiятэка?»: песiмiстычны i аптымiстычны, — кажа дырэктар Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi Раман Матульскi. — Адпаведна першаму яна загiне разам з цывiлiзацыяй. Цi можа наступiць момант, калi кнiга будзе выкарыстоўвацца як сыравiна для печкi. Такое ў гiсторыi, на жаль, ужо было. У другiм выпадку... Чалавецтва доўгi час абыходзiлася без дакументаў, але ў нейкi момант людзi стварылi захавальнiкi iнфармацыi. Следам за бяростай i глiнянымi таблiчкамi прыйшла эра кнiг, цяпер у абарот увайшлi электронныя тэксты. Хоць, па вялiкаму рахунку, i сёння мы спакойна маглi б абыходзiцца без гэтых вынаходак. Нездарма навукоўцы гавораць, што чалавечая памяць можа ўмясцiць... да трох мiльёнаў нацыянальных бiблiятэк кангрэса ЗША. Таксама многiя забываюць, што бiблiятэка — не сiнонiм фонду, а фонд у сваю чаргу — не сiнонiм кнiгi. Бiблiятэка працуе з дакументамi, якiя атрымалi найбольшае распаўсюджванне ў грамадстве. Той самы кампакт-дыск — гэта проста новы вiд накапляльнiка даных, на якiх пакуль знаходзiцца мiзэрная частка iснуючай у свеце iнфармацыi. Канешне, неабходныя звесткi больш проста шукаць у Iнтэрнэце, пры гэтым, праўда, вам нiхто не дасць гарантый якасцi. Бо нехта Iваноў, якi лiчыць сябе вялiкiм навукоўцам, можа памiж кубкам гарбаты i футболам напiсаць «кнiгу» па культуралогii цi хiрургii i размясцiць яе ў сетцы. А вы будзеце ёю карыстацца. Сучасныя дасягненнi i бiблiятэку нельга процiпастаўляць, яны ў iдэале павiнны складаць адно цэлае. У высокаразвiтых краiнах, якiя паглыблены ў камп’ютарныя «вiры», ад бiблiятэк не адмовiлiся, яны проста змянiлi якасць свайго зместу i абслугоўвання, але не сутнасць, па-ранейшаму застаўшыся навiгатарам памiж чытачом i iнфармацыяй, падкрэслiў Раман Матульскi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днi, калi за двухтомнiкам Цвятаевай выстройвалiся чэргi, у мiнулым. На змену iм прыйшоў, здавалася б, «зорны час» кнiгi: у магазiнах i на выставах мож
|
|