«Хто ты гэткi?»
Анатоль КЛЫШКА
Добры дзень, родныя словы! Не так даўно я прачытаў у кнiзе В.У. Кабакчы «Практыка англамоўнай мiжкультурнай камунiкацыi» цiкавы матэрыял Р. Коўлсана, апублiкаваны ў расiйскай англамоўнай газеце «St. Petersburg Times» за 31 лiпеня 1998 года.Там iшла гаворка пра тое, як складана чужаземцу, якi хоць бы трошкi ведае рускую мову, называць па-руску жыхароў i жыхарак гарадоў Расii. Аўтар артыкула горыўся, што сустрэўся з неверагоднай колькасцю канцавога афармлення назоўнiкаў i няма пэўнага правiла, якога трэба было б прытрымлiвацца. Жыхароў Масквы называюць масквiчамi, а жыхарак — масквiчкамi, а ўжо Адэсы — адэсiтамi i адэсiткамi, жыхара Пецярбурга — пецярбуржац, а жыхарку — пецярбуржанка. А ў Курску — куранiн. Далей Р. Коўлсан пiсаў: «I нiхто не зможа вам растлумачыць, чаму ён не курчац, але рускiя будуць памiраць з рогату, калi вы спытаецеся пра гэта. I ў той жа час жыхар Астраханi з зусiм незразумелай прычыны — астраханец, але нi ў якiм разе не астраханiн». I яшчэ: «Вiдаць, нiкога не здзiўляе тое, што жыхар Нiжняга Ноўгарада — нiжагародзец, але хто б мог падумаць, што жыхар Архангельска — архангелагародзец. Вiдаць, гэтае слова ўзыходзiць да тых часоў, калi горад насiў больш поўную назву — Архангельскi горад». Немалы клопат быў у Р. Коўлсана i з iншымi словамi: «Я спытаўся ў сваiх калег, як называюцца жыхары Уладзiвастока. Пасля доўгiх дэбатаў, наведання Бiблiятэкi журналiстаў i званка ў сусветна вядомы Iнстытут рускай мовы ў С.-Пецярбургу яны прыйшлi да высновы, што трэба казаць уладзiвастокавец. Але самае дзiўнае гэта тое, што не iснуе жаночага роду гэтага слова. Проста трэба казаць жыхарка Уладзiвастока». Мiж тым, у гэтым артыкуле згадвалiся i нашы гарады Мiнск i Пiнск. «Жыхар Мiнска — мiнчанiн, у той час як жыхар Пiнска — пiнчук. Калi жыхарку Мiнска называюць мiнчанка, то чаму ж тады жыхарка Пiнска не пiнчужка, хоць усе смяюцца, калi я пра гэта пытаюся?» Пакiнем убаку, можа, не вельмi дасцiпныя жарты i пэўную недасведчанасць аўтара. Бо ёсць i прыхiльнiкi гiстарычнай назвы мiнчукi (менчукi) — у поўнай адпаведнасцi з пiнчукамi. Але як тады назваць прадстаўнiц гэтых гарадоў? Кажуць, што з лёгкай рукi Машэрава, ураджэнца Вiцебшчыны, у нашым друку замацаваны вiцябчанiн, вiцябчанка (з-за немiлагучнасцi вiцяблянiн i вiцяблянка). З вуснаў Уладзiмiра Караткевiча чуў крычаўцы, аршанцы, магiлёўцы. Сустрэў iх i ў фальклорных запiсах як i мсцiслаўцы, гомельцы. У першай кнiзе акадэмiчнага двухтомнага выдання «Прыказкi i прымаўкi» занатавана такое выслоўе: «Слуцакi — мацакi, аднак i нясвiжцы не палахлiўцы». («Навука i тэхнiка, 1976, стар. 511). Усе, пэўна, чулi слова случак. Але шматпакутны паэт, якi ўжо адышоў у лепшы свет, для свайго псеўданiма выбраў усё ж — Уладзiмiр Случанiн. Шаноўныя чытачы, словалюбы! Вельмi добра было б, каб вы з усiх раёнаў Беларусi напiсалi нам, як цяпер афiцыйна i як у народзе называлi i называюць жыхароў нашых гарадоў i паселiшчаў. Гэтыя пiсьмы пасля будуць перададзены ў Iнстытут мовазнаўства iмя Якуба Коласа НАН Рэспублiкi Беларусь. I, можа, яны паслужаць для каго з навукоўцаў матэрыялам для новых навуковых даследаванняў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не так даўно я прачытаў у кнiзе В.У. Кабакчы «Практыка англамоўнай мiжкультурнай камунiкацыi» цiкавы матэрыял Р. Коўлсана, апублiкаваны ў расiйскай ан |
|