«Бальнiца — не месца для адпачынку»
Надзея НIКАЛАЕВА
Учора ў Беларускiм дзяржаўным медыцынскiм унiверсiтэце прайшоў V з’езд арганiзатараў аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь. Удзел у iм узялi больш за 350 дэлегатаў, у тым лiку i шэсць былых мiнiстраў аховы здароўя, якiя ў розны час узначальвалi айчынную медыцынскую галiну. Зразумела, што асаблiвую цiкаўнасць у дэлегатаў з’езда выклiкаў даклад мiнiстра аховы здароўя Васiля Жарко, у якiм новы кiраўнiк мiнiстэрства акрэслiў стратэгiчныя задачы i прыярытэты развiцця беларускай медыцыны на блiжэйшыя гады.
Як падкрэслiў у сваiм выступленнi перад калегамi Васiль Жарко, у апошнiя гады ва ўсiм свеце назiраецца тэндэнцыя росту выдаткаў на ахову здароўя. Мяркуецца, што ў эканамiчна развiтых краiнах свету праз чвэрць стагоддзя яны могуць узрасцi да 25 працэнтаў ад унутранага валавога прадукту. У нашай краiне бюджэтная забяспечанасць выдаткаў на ахову здароўя ўзрасла за пяцiгодку з 52,7 да 128,5 долара ў разлiку на кожнага жыхара i сёння адлiчэннi на ўтрыманне медыцынскай галiны дасягаюць 4,5 працэнта да УВП. Уласна кажучы, кожная краiна выдаткоўвае на медыцыну столькi сродкаў, колькi яна можа сабе дазволiць. Беларусь, напэўна, засталася адзiнай краiнай на постсавецкай прасторы, дзе бюджэтная медыцына захавалася ў поўным аб’ёме. Больш таго, па колькасцi наведванняў урачоў i ўзроўню шпiталiзацыi насельнiцтва мы сёння маем адны з самых высокiх паказчыкаў у свеце, што сведчыць, у першую чаргу, аб захаваннi даступнасцi медыцынскай дапамогi для насельнiцтва. Але цi варта гэтым ганарыцца? — На сёння выдаткi на аказанне стацыянарнай дапамогi ў нас удвая перавышаюць выдаткi на аказанне амбулаторна-полiклiнiчнай дапамогi, а чым вышэй аб’ёмы шпiталiзацыi, тым меншым атрымлiваецца рэсурснае забеспячэнне на кожнага прайшоўшага лячэнне пацыента, — патлумачыў сваю думку мiнiстр. — У 2002—2004 гадах у Беларусi пад скарачэнне трапiлi 19,4 тысячы неэфектыўна выкарыстоўваемых бальнiчных ложкаў, або шостая частка ад усяго ложкавага фонду. Скарачэнне закранула пераважна тыя рэгiёны, дзе адзначалася найбольшае перавышэнне сярэднерэспублiканскага паказчыка забяспечанасцi ложкавым фондам. У 2005 годзе скарачэнне ложкавага фонду было падоўжана. Плюс была працягнута праца па скарачэнні часу знаходжання пацыентаў на бальнiчным ложку. Цiкава, што напрыклад, у Злучаных Штатах Амерыкi сярэднi тэрмiн шпiталiзацыi хворага ў стацыянары складае 4,7 дня, а ў Швецыi — усяго 3,5 дня. У значнай ступенi гэтаму спрыяе праца патранажных брыгад, на якiя кладзецца асноўная нагрузка пасля выпiскi пацыентаў са стацыянара: патранажныя брыгады ў хатнiх умовах выконваюць тыя працэдуры, якiя ў нас робяць пакуль толькi ва ўмовах стацыянара. У прыватнасцi, вядуць кантроль за бiяхiмiчнымi паказчыкамi, робяць пункцыю, бiяпсiю, праводзяць дрэнаж раны, знiмаюць швы. I вынiкi лячэння атрымлiваюцца зусiм не горшымi... Зразумела, што фармiраванне патранажных брыгад i стварэнне пры бальнiцах амбулаторна-кансультацыйных аддзяленняў можа стаць адным з найбольш перспектыўных спосабаў рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў у сiстэме аховы здароўя. — Сёння ў Беларусi дастаткова бальнiц, — падкрэслiў Васiль Жарко. — I новыя бальнiцы краiне не патрэбныя, затое патрабуецца мадэрнiзацыя i павышэнне эфектыўнасцi iх дзейнасцi. Бальнiчны ложак iснуе для таго, каб разабрацца з дыягназам, устаранiць пагрозу для жыцця, распрацаваць схему далейшага лячэння, якая забяспечыць стабiльнасць асноўных функцый арганiзма, а таксама зняць патрэбу ў кругласутачным назiраннi за пацыентам у спецыялiзаванай установе. А ў хатнiх умовах, хвораму, як вядома, i родныя сцены спрыяюць. Плюс знiжаецца рызыка iнфiцыравання ўнутрыбальнiчнымi iнфекцыямi... Другая стратэгiчная задача на блiжэйшыя пяць гадоў, якую абвясцiў новы мiнiстр аховы здароўя, — развiццё экспарту медыцынскiх паслуг. Рэспублiканскiя медыцынскiя цэнтры павiнны даваць краiне максiмальную аддачу, у тым лiку i зарабляючы фiнансавыя сродкi за кошт аказання высокатэхналагiчнай медыцынскай дапамогi замежным грамадзянам. Але для таго, каб прасоўваць айчынныя медыцынскiя паслугi на замежныя рынкi, упраўленцам i эканамiстам сiстэмы Мiнiстэрства аховы здароўя трэба авалодаць навыкамi маркетынгу i рэкламы плюс вывучыць попыт на асобныя вiды ўрачэбнай дапамогi за межамi Беларусi. Увогуле перад нашай краiнай сёння вельмi востра паўстала праблема стварэння айчыннай школы спецыялiстаў у галiне арганiзацыi i эканомiкi медыцыны. Гэтыя спецыялiсты павiнны добра ведаць iснуючыя ў свеце мадэлi арганiзацыi аховы здароўя i тэндэнцыi iх развiцця, механiзмы выкарыстання розных метадаў аплаты медыцынскiх паслуг i падыходы да кiравання якасцю ў ахове здароўя. «Сучасны кiраўнiк не можа эфектыўна выконваць ускладзеныя на яго функцыi, калi ён дрэнна разбiраецца ў медыцынскай iнфарматыцы. Таму ўсе органы кiравання павiнны быць укамплектаваныя адпаведнымi спецыялiстамi», — падкрэслiў мiнiстр.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў Беларускiм дзяржаўным медыцынскiм унiверсiтэце прайшоў V з’езд арганiзатараў аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь
|
|