Цяжарнасць без ускладненняў
Святлана БАРЫСЕНКА
Галоўны акушэр-гiнеколаг Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь Святлана Шылава напярэдаднi Мiжнароднага дня сям’i заклiкала журналiстаў рэпрадуктыўнага ўзросту планаваць нараджэнне, па меншай меры, дваiх дзяцей. У самой жа Святланы Дзмiтрыеўны — трое.
Планаваць цяжарнасць, паводле слоў спецыялiстаў, неабходна, па-першае, у стане сфармiраванай рэпрадуктыўнай сiстэмы — ва ўзросце 19—28 гадоў, а, кажучы больш шырока, у фiзiялагiчна аптымальны для кожнага час, па-другое, калi можаш забяспечыць будучае дзiця. У апошняе кожны ўкладвае, верагодна, свой сэнс, з-за чаго нiзкая нараджальнасць назiраецца i ў заможных краiнах. Увогуле адметнасцю цяперашняга часу стала раз’яднанне ў часе такiх калiсьцi ўзаемазвязаных момантаў, як пачатак сэксуальных адносiнаў, заключэнне шлюбу i нараджэнне дзяцей. Медыцына ўсё часцей заяўляе аб першаснай ролi прафiлактыкi захворванняў органаў рэпрадуктыўнай сiстэмы. Вядома, што вакуум-аспiрацыi i запаленчыя працэсы адмоўным чынам адбiваюцца на будучай цяжарнасцi. Увогуле колькасць цяжарнасцяў з ускладненнямi пакуль стабiльна расце — летась такiх было 74 працэнты ад агульнай колькасцi. Уласна ж меддапамога актыўна развiваецца, што дазваляе дабiвацца станоўчых паказчыкаў. Паводле слоў Святланы Шылавай, ёсць поспехi ў лячэннi анемii, гiстозу, якi часта з’яўляецца прычынай гiбелi мацi падчас цi пасля цяжарнасцi. Знiжэнне выпадкаў парокаў развiцця абумоўлена заахвочваннем жанчын станавiцца на ўлiк да 12-тыднёвага тэрмiну цяжарнасцi. Менавiта ў гэты час можна выявiць з дапамогай ультрагукавога даследавання парокi развiцця. Вядома, што 97 працэнтаў беларускiх цяжарных своечасова становяцца на ўлiк i атрымлiваюць аднаразовую дзяржаўную дапамогу. Праўда, згодна з новымi правiламi, для атрымання такой дамамогi з 1 студзеня 2006 года жанчыны павiнны станавiцца на ўлiк у дзяржаўнай, а не камерцыйнай установе. Выпадкi цяжкiх паталогiй у цяжарных будуць назiрацца ў Рэспублiканскiм навукова-практычным цэнтры «Мацi i дзiця», для якога набыта высокатэхналагiчнае абсталяванне. У дапамогу бясплодным парам на базе цэнтра плануецца адкрыць дзяржаўны цэнтр экстракарпаральнага апладнення. Як вядома, на тэрыторыi краiны такiх пакуль тры — два ў Мiнску i адзiн у Гомелi, — i ўсе камерцыйныя. Перспектыва паляпшэння дэмаграфiчнай сiтуацыi заключаецца, паводле слоў начальнiка аддзела народанасельнiцтва, гендэрнай i сямейнай палiтыкi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь Iрыны Чутковай, у двух дакументах: у падпраграме «Сацыяльная абарона сям’i i дзяцей» прэзiдэнцкай праграмы «Дзецi Беларусi» на 2006—2010 гады i падпраграме «Стымуляванне нараджальнасцi i ўмацаванне сям’i» Нацыянальнай праграмы дэмаграфiчнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь на 2006—2010 гады. Праекты дадзеных праграм знаходзяцца зараз на разлядзе ў кiраўнiка дзяржавы. У межах дакументаў закладзены, напрыклад, адзiны памер дапамогi па догляду дзiцяцi ва ўзросце да трох гадоў для ўсiх катэгорый мацi, аднолькавыя ўмовы для знаходжання ў дэкрэтным водпуску для мацi i бацькi, замацавана фiнансавая падтрымка сем’яў, у першую чаргу шматдзетных, падчас будаўнiцтва (рэканструкцыi) i набыцця жылля. Мяркуецца нават узмацнiць фiнансавую падтрымку падчас пагашэння няльготных крэдытаў маладым сем’ям. З 1 мая, як вядома, былi ўстаноўлены новыя памеры штомесячных дапамог па догляду дзяцей ва ўзросце да трох гадоў — 105 630 рублёў i пасля трох гадоў — 48 750. На думку Iрыны Чутковай, немагчыма гаварыць пра стымуляванне нараджальнасцi з дапамогай выключна матэрыяльнага заахвочвання. Неабходна больш шырока ўяўляць сабе i наладжваць умовы для самарэалiзацыi кожнага чалавека ўвогуле i рэалiзацыi сябе ў дзецях — у прыватнасцi. У Беларусi пражывае 1 580 000 сем’яў з дзецьмi ва ўзросце да 18 гадоў. 60 працэнтаў сем’яў выхоўваюць адно дзiця. 355 тысяч — няпоўныя сем’i.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Галоўны акушэр-гiнеколаг Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь Святлана Шылава напярэдаднi Мiжнароднага дня сям’i заклiкала журналiстаў рэпра
|
|