Нерухомасць пачынае «рухацца»
Аляксандр ПУКШАНСКI
На Вiцебшчыне налiчваецца каля 7 тысяч дамоў, у якiх нiхто не жыве. А ўсяго больш за 22 тысячы будынкаў i збудаванняў, якiя ўжо не прыносяць карысцi людзям. Мясцовыя ўлады актыўна стараюцца вырашыць гэтую праблему. Тое, што ўжо нельга аднавiць, разбураюць, iншым будынкам знаходзяць новых гаспадароў. Ёсць дамы, якiя становяцца ФАПамi, клубамi, дачамi i г.д.
Каб не папаўняўся сумны спiс непатрэбнага жылля, вельмi эфектыўна дзейнiчае адпаведны ўказ прэзiдэнта, якi рэгулюе ўлiк пустуючых дамоў. Цяпер, калi дамы доўгi час не эксплуатуюцца, мясцовыя ўлады могуць самастойна вырашыць iх лёс. А жадаючыя стаць новымi гаспадарамi ёсць. Напрыклад, праяўляюць зацiкаўленасць у гэтым прадпрымальнiкi, якiя пасля рамонту адкрываюць тут атэлье, пункты пракату i iншыя «бiзнэс-кропкi». На жаль, пакуль што на вёсцы не хапае дзелавых людзей. У прыватнасцi, летась беспрацоўным вобласцi для таго, каб яны адкрылi сваю справу на вёсцы, прапанавалi 200 субсiдый i пазык. Але жадаючых атрымаць гэтыя вялiкiя грошы (некалькi мiльёнаў рублёў), частку якiх вяртаць дзяржаве наогул не трэба, знайшлося ў 4 разы менш, чым магло б быць. Гарадскiя сваякi тых вяскоўцаў, якiя пайшлi з жыцця або пераехалi ў iншыя вёскi, у апошнi час вельмi актыўна ператвараюць старыя дамы ў нерухомасць на продаж. I такое iнвеставанне прыносiць вельмi добры прыбытак, бо жадаючых мець свой домiк у вёсцы становiцца цяпер усё больш. Былыя жылыя дамы служаць вяскоўцам у якасцi фельчарска-акушэрскiх пунктаў, у iх адкрываюцца цэнтры сацыяльных паслуг, клубы. Некаторыя эксперты лiчаць, што безгаспадарчае жыллё ў вёсках магло б стаць i новым месцам жыхарства для гараджан, якiя гадамi не плацяць за камунальныя паслугi. I сапраўды, iх перасяленне ў гарадскiя кватэры меншай плошчы не ажыццяўляецца, бо проста няма куды перасяляць, няма падменнага фонду. А ў вёсцы жылля хопiць на ўсiх... Канешне, над неадназначным пытаннем вымушанай змены прапiскi гараджан-неплацельшчыкаў павiнны папрацаваць юрысты. Добра, што да апошняй меры — высялення з кватэр — беларуская Фемiда звяртаецца вельмi рэдка. Думаеце, менш клопатаў па адраджэнню пустуючых будынкаў у гарадах!? Гэта толькi на першы погляд. Напрыклад, на тэрыторыi былога ваеннага гарадка «Журжава» ў Вiцебску на ўскрайку абласнога цэнтра вельмi паспяхова перадалi бiзнэсменам многiя будынкi, што раней належылi армii. А вось што рабiць з гiганцкiм ангарам, дзе раней рамантавалiся вялiкiя самалёты ваеннай транспартнай авiяцыi? Збудаванне плошчай мiнiмум з хакейную пляцоўку знаходзiцца ў аварыйным стане. Каб даць яму другое жыццё, паводле падлiкаў спецыялiстаў, патрабуецца мiнiмум... мiльярд рублёў. А яшчэ заплацiць за права валодання i г.д. Жадаючых мець «такое шчасце» i зараз шукаюць. Наогул рэалiзацыя будынкаў былых ваенных гарадкоў i зараз — «галаўны боль» мясцовых уладаў. Пры гэтым у тым жа «Журжава» ўжо даўно працуюць — i з прыбыткам — некалькi фiрмаў. Менавiта моцныя сельгаспрадпрыемствы ў Вiцебску i iншых гарадах i пасёлках дапамагаюць мясцовым уладам больш эфектыўна эксплуатаваць маёмасць. Вядомае ЗАТ «Альгоўскае» Вiцебскага раёна, якiм кiруе Цiмур Надзiрашвiлi, у крамах былога «Гарплодагароднiнагандлю» адкрыла фiрменныя крамы. Тут заўсёды шмат пакупнiкоў, бо i якасць сельгаспрадукцыi высокая, i цэны прывабныя.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Вiцебшчыне налiчваецца каля 7 тысяч дамоў, у якiх нiхто не жыве |
|