Шанц на занятасць
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
НОВАЎВЯДЗЕННI У шэрагу замежных краiн на развiццё турызму выдаткоўваюцца значныя сродкi. Гэтыя ўкладаннi — сапраўдныя iнвестыцыi ў будучыню. Сэрвiсныя паслугi справядлiва лiчацца найбольш перспектыўнымi. Менавiта на iх долю за мяжой прыпадае асноўная частка даходаў. Турыстычны бiзнэс апошнiм часам актыўна асвойвае вёску. Такi вiд адпачынку карыстаецца вялiкай папулярнасцю — у многiх месцах попыт нават перавышае прапанову.Паводле меркавання спецыялiстаў, гэта дазваляе вырашаць шэраг надзённых задач. Па-першае, агратурызм спрыяе развiццю тэрыторый (з дапамогай грошай, якiя такiм чынам зарабляюцца), а, па-другое, змяншаецца беспрацоўе. Апошняе, напэўна, не менш важна, паколькi для шэрагу еўрапейскiх краiн праблема занятасцi стаiць надзвычай востра. Так што перспектывы ў агратурызму вiдавочна вялiкiя. Напрыклад у Чэхii чакаецца, што ўжо праз пэўны час штогод адпачываць на вёсцы будуць 80—100 тысяч чалавек. Прычым пераважную большасць гэтых людзей будуць складаць замежныя госцi. У нашай краiне, як адзначаюць эксперты, рэсурсы для развiцця агратурызму маюцца ва ўсiх рэгiёнах Беларусi. Вялiкiя магчымасцi ў гэтым плане ў паўночных i паўночна-ўсходнiх раёнаў — тут маецца вялiкая колькасць жылля для найму. У Беларусi ўжо дзейнiчаюць 70 аграсядзiб. Гэта, так бы мовiць, першыя ластаўкi. Найбольшая колькасць аграсядзiб — у Мiнскай вобласцi. Тут гэтая справа развiваецца пры актыўнай падтрымцы ўлады. Сведчаннем вялiкай зацiкаўленасцi з’яўляецца тое, што ў 12 прафесiйна-тэхнiчных вучылiшчах цэнтральнага рэгiёна з’явiлася спецыяльнасць «гаспадыня аграсядзiбы». Акрамя таго, у навучальных установах летась быў уведзены асобны факультатыўны прадмет «Сельскагаспадарчы i экалагiчны турызм». — Мы iмкнёмся стварыць цэласную сiстэму, — расказвае начальнiк упраўлення па фiзiчнай культуры, спорту i турызму Мiнскага аблвыканкама Алег Качан. — У раёнах ужо на працягу некалькiх гадоў працуюць спецыяльныя турыстычныя унiтарныя прадпрыемствы, i iх развiццю мы ўсяляк спрыяем. Створана звыш 30 аграсядзiб, а да канца года, як плануецца, iх будзе не менш чым 44. На развiццё турызму выдзяляюцца значныя сродкi: калi летась на адпаведныя патрэбы з абласнога бюджэту быў выдаткаваны 1 мiльярд рублёў, то сёлета мяркуецца асвоiць 2,6 млрд. Важна з розумам укласцi гэтыя грошы ў справу. Адна з найбольш перспектыўных турыстычных зон — Нарачанская. У яе склад уваходзяць чатыры раёны: Маладзечанскi, Валожынскi, Вiлейскi i Мядзельскi. У кожным з iх дастаткова адметнасцяў, далёка не пра ўсе з якiх ведаюць беларусы. На Вiлейшчыне шмат «прынад» для турыстаў: чаго вартае вадасховiшча працягласцю да 27 кiламетраў. Гэта самая вядомая тутэйшая «фiшка». А яшчэ ў Вiлейскiм раёне зараз развiваецца конны турызм. Iнiцыятыва па арганiзацыi гэтай справы належыць гаспадынi аграсядзiбы ў вёсцы Старынка Алене Волкавай. Будоўлю тут яна распачала менш чым год таму — летась у жнiўнi разгарнулiся работы. — У Беларусi шмат прыгожых мясцiн, — кажа Алена Волкава. — Аднак цi шмат можна ў нас убачыць коней? Напэўна, не. А вось для Еўропы прыгожа апранутыя коннiкi — прывычная з’ява, такая ж, як веласiпедыст з рукзачком. Пачыналi мы з таго, што арганiзоўвалi конныя паходы па Беларусi для сябе i сваiх сяброў, пасля чаго арганiзавала сваю справу. Галоўная адметнасць нашага праекта — шматдзённыя конныя паходы. У нашай краiне яны ўвогуле не прадстаўлены. Мiж тым, гэта проста дзiвосны вiд адпачынку. Мы яшчэ не завяршылi будоўлю. Хочам зрабiць увесь комплекс у беларускiм нацыянальным стылi. Зараз на сядзiбе Алены Волкавай 7 коней. Ёсць яшчэ два спартыўныя, але яны пакуль не ў Старынцы — няма месца. Мiж тым, Алена хацела б усё ж прывезцi тых коней у вёску i заняцца яшчэ i племянной справай. Магчыма, пытанне хутка вырашыцца. У Вiлейскiм раёне захавалiся рэшткi 11 шляхецкiх сядзiб. Адна з iх належала роду Багдановiчаў i размясцiлася ўласна ў Старынках. Волкава марыць усё тут давесцi да ладу, каб кожны з нас, як яна кажа, у поўнай ступенi мог адчуць свае каранi. — Такiя iнiцыятывы неабходна развiваць, — упэўнены намеснiк старшынi Вiлейскага райвыканкама Мiкалай Кароткi. — У тым лiку i з дапамогай бюджэтных сродкаў, паколькi прадпрымальнiк такую справу ў адзiночку проста «не пацягне». Агратурызм — вельмi сур’ёзная рэч. З яго дапамогай можна паспяхова вырашаць пытанне занятасцi на вёсцы, ды i грошы зарабляць для развiцця тэрыторый. Як расказаў старшыня Вiлейскага раённага Савета дэпутатаў Яўген Iгнатовiч, сельсаветы актыўна працуюць над прасоўваннем турыстычнага прадукту, усяляк дапамагаюць iнiцыятыўным людзям. Па-першае, гэта спрыяе прыцягненню на вёску значных iнвестыцый. Ды i сельсаветы змогуць такiм чынам пэўныя грошы зарабляць i накiроўваць iх на правядзенне неабходных работ — на тое ж добраўпарадкаванне. Самая вялiкая колькасць аграсядзiб на Мiншчыне ў Мядзельскiм раёне. Гэтыя мясцiны спрадвеку былi прыцягальнымi для турыстаў. Прычым не толькi для айчынных — «на возера» прыязджалi i замежныя госцi. Паводле статыстыкi, Нарачанскi курорт штогод наведваюць каля 100 тысяч чалавек. Тутэйшыя мясцiны, напэўна, самыя папулярныя для адпачынку ў Беларусi. Курортная зона вакол Нарачы пачала складвацца яшчэ ў 20—30-я гады мiнулага стагоддзя, калi польскiя прадпрымальнiкi ўзвялi на заходнiм беразе возера некалькi вiл, а таксама рэстаран, яхт-клуб i прычал для парусных лодак. Тады ж была пракладзена i вузкакалейка, па якой хадзiлi спецыяльныя «дачныя» цягнiкi. Аднак падчас Вялiкай Айчыннай вайны ўсё гэтае хараство было разбурана. Аднавiць «водную базу» iмкнуцца аматары-прыватнiкi. Сям’я Пiмчанкаў сёлета арганiзавала на беразе Нарачы ў вёсцы Гатавiчы аграсядзiбу «СпортХаус». Яна зарыентавана на гасцей, якiя любяць актыўны адпачынак. Тут маецца неабходнае абсталяванне для заняткаў вiндсёрфiнгам i кайтынгам. У «СпортХаусе» таксама ёсць байдаркi, веласiпеды. Ва ўтульным катэджы могуць размясцiцца 12 чалавек. Пiмчанкi прыехалi на Нарач пяць гадоў таму i зараз вырашылi стварыць своеасаблiвы «клуб аднадумцаў», якiм не цiкава бавiць час на канапе каля тэлевiзара. — У кожным раёне можна знайсцi сваю «фiшку», — лiчыць намеснiк начальнiка ўпраўлення па фiзiчнай культуры, спорту i турызму Мiнскага аблвыканкама Алена Брок. — Калi такой няма, то яе трэба прыдумаць, зацiкавiць людзей. Сельскi турызм — запатрабаваная справа. Дзякуючы яго развiццю, вёска стане прывабнай для ўкладанняў, вядзення бiзнэсу. Усё гэта прынясе карысць i тутэйшым людзям, спынiцца адток насельнiцтва. Цiкавасць да арганiзацыi агратурызму вялiкая — калi летась мы толькi планавалi адпаведныя iнвестыцыйныя праекты, то зараз яны ў нас ужо ёсць, знаходзяцца i iнвестары. Людзi бачаць перспектыву i гатовы працаваць над яе увасабленнем.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У шэрагу замежных краiн на развiццё турызму выдаткоўваюцца значныя сродкi. Гэтыя ўкладаннi — сапраўдныя iнвестыцыi ў будучыню
|
|