21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Стратэгiчны рэсурс

25.08.2009 21:51 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мiкалай ЛIТВIНАЎ

Аб’ём вытворчасцi мяса птушкi на Мiншчыне дасягне 100 тысяч тон

Апошнiм часам айчынны аграпрамысловы комплекс развiваецца даволi дынамiчна. Стабiльна павялiчваюцца вытворчыя паказчыкi, якасна палепшылася эканамiчнае становiшча пераважнай большасцi гаспадарак. Паводле iнфармацыi Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання, за мiнулы год агульны прыбытак у галiне перавысiў 600 мiльярдаў рублёў, а сярэдняя рэнтабельнасць склала больш чым 15 працэнтаў. Прычым такога ўзроўню летась удалося дасягнуць у асноўным за кошт жывёлагадоўлi. Амаль па ўсiх напрамках дзейнасцi тут адбыўся заўважны рост. Як адзначаюць у Мiнсельгасхарчы, рэнтабельнасць вытворчасцi малака за мiнулы год склала 16,4 працэнта, свiнiны — 16,8, яек — каля 12, мяса птушкi — больш чым 24 працэнты.

Жывёлагадоўлi надаецца вялiкая ўвага: у адпаведнасцi з Праграмай адраджэння i развiцця вёскi на працягу 2005—2010 гадоў на развiццё галiны плануецца выдаткаваць звыш 9,7 трыльёна рублёў. Адзiн з асноўных напрамкаў дзейнасцi — тэхнiчная мадэрнiзацыя вытворчасцi, укараненне сучасных тэхналогiй. Да 2010 года неабходна рэканструяваць i аснасцiць найноўшым абсталяваннем 1,3 тысячы малочна-таварных фермаў, 101 жывёлагадоўчы i 107 свiнакомплексаў, а таксама 51 птушкафабрыку.

Рэалiзацыя гэтай маштабнай праграмы рэальна дазволiць палепшыць якасць прадукцыi, зменшыць яе сабекошт i павялiчыць канкурэнтаздольнасць. Вельмi важны момант ва ўмовах вiдавочнага росту аб’ёмаў экспартных паставак беларускага харчавання. Наша прадукцыя карыстаецца ўстойлiвым попытам за мяжой. Павелiчэнню экспартных паставак у немалой ступенi спрыяе выгадная эканамiчная кан’юнктура.

Адзiн з найбольш прывабных i «важкiх» — расiйскi рынак. Гэта датычыцца пераважнай большасцi таварных пазiцый. Напрыклад, паводле ацэнак спецыялiстаў, штогод жыхары РФ спажываюць больш чым 2 мiльёны тон мяса птушкi, агульная ёмiстасць «курынага рынку» складае прыкладна 6 мiльярдаў долараў. Прычым толькi крыху больш за палову патрэбных аб’ёмаў забяспечваюць расiйскiя вытворцы. Як бачым, перспектывы тут вельмi станоўчыя, нельга не скарыстацца такой магчымасцю. Айчынныя птушкаводы не «спяць у шапку» — прадпрыемствы галiны актыўна праводзяць тэхнiчнае пераўзбраенне вытворчасцi, пашыраюць асартымент i забяспечваюць высокую якасць.

На шалях рэнтабельнасцi

Па пераважнай большасцi пазiцый у сельскай гаспадарцы цэнтральны рэгiён з’яўляецца несумненным лiдарам. Развiццё АПК — тут адзiн з асноўных прыярытэтаў. Сельгасвытворцам аказваецца важкая фiнансавая падтрымка — з 2001 па 2005 год з рэспублiканскага i абласнога бюджэтаў гаспадаркi рэгiёна атрымалi 1,4 трыльёна рублёў. Такiя вялiкiя ўкладаннi цалкам сябе апраўдалi: за гэты час аб’ёмы вытворчасцi збожжа павялiчылiся на 34 працэнты, агароднiны — на 32, iльновалакна — на 31, рапсу — на 88, цукровых буракоў — у 2,1 раза, малака — на 42 працэнты, а мяса — на 10. Па вынiках мiнулага года Мiншчына забяспечыла чвэрць рэспублiканскага аб’ёму валавай прадукцыi сельскай гаспадаркi. Па малаку гэтая лiчба складае 27 працэнтаў, збожжу — 25,6, мясу — 24,5 працэнта.

У цэнтральным рэгiёне вырабляецца звыш 40 працэнтаў агульнага аб’ёму вытворчасцi прадукцыi птушкагадоўлi. Лiчбы ўнушальныя, што i казаць. На Мiншчыне зараз працуюць 22 птушкафабрыкi. Летась тут было выраблена каля 60 тысяч тон птушынага мяса. Паводле iнфармацыi Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання, за мiнулы год «крылатае пагалоўе» Мiнскай вобласцi павялiчылася на 22 працэнты.

— Птушкагадоўля ў цэнтральным рэгiёне развiваецца вельмi iнтэнсiўна, — адзначае галоўны саветнiк-iнспектар старшынi Мiнскага аблвыканкама Кузьма Дзягiлеў. — Сёлета за чатыры месяцы ў параўнаннi з адпаведным перыядам мiнулага года аб’ёмы вытворчасцi мяса птушкi павялiчылiся на 35 працэнтаў, яек — амаль на 20. Тэмпы мы нiколькi не губляем i ў далейшым будзем iх нарошчваць, паколькi разумеем, што гэта надзвычай перспектыўная галiна. Акупляльнасць укладанняў у яе развiццё вельмi хуткая. Галоўнае — выгадна рэалiзаваць прадукцыю. Тады магчыма будзе паспяхова вырашаць усе надзённыя пытаннi: тэхнiчнае пераўзбраенне, будаўнiцтва неабходных аб’ектаў, развiццё сацыяльнай сферы. Дарэчы, у той цi iншай ступенi работы па рэканструкцыi зараз вядуцца на ўсiх птушкафабрыках Мiншчыны. Мы поўнасцю забяспечваем патрэбы насельнiцтва ў неабходнай прадукцыi, якая, варта заўважыць, карыстаецца ў спажыўцоў вялiкiм попытам. Прадпрыемствы пастаянна працуюць над пашырэннем асартыменту, i чалавеку ёсць з чаго выбраць. Напрыклад, на Дзяржынскай птушкафабрыцы зараз выпускаецца 120 вiдаў самай разнастайнай прадукцыi. Вельмi важная рэч — арганiзацыя фiрменнага гандлю, сучаснага сэрвiсу. Такая форма надзвычай зручная i выгадная для спажыўца i для вытворцы. Атрымлiваецца ўзаемная карысць.

Актыўна развiваецца экспарт — у сярэднiм да 30 працэнтаў агульнага аб’ёму прадукцыi, якую вырабляюць птушкафабрыкi Мiнскай вобласцi, пастаўляецца за мяжу, у асноўным у Расiю. Пераважна прадпрыемствы наладжваюць прамыя кантакты, без пасрэднiкаў. Гэта, зразумела, больш выгадна. Працуем не толькi з Масквой i Санкт-Пецярбургам, ёсць гандлёвыя сувязi з шэрагам iншых рэгiёнаў. У расiян вялiкая зацiкаўленасць у нашай прадукцыi. Развiваем i iншыя напрамкi экспарту — наладжаны кантакты з прыбалтыйскiмi краiнамi, Польшчай. Прадпрыемствы птушкагадоўлi Мiнскай вобласцi адкрыты для ўсiх, таму колькасць гандлёвых партнёраў, я ўпэўнены, будзе ўзрастаць.

— А птушыны грып не стане тут перашкодай?

— Усе негатыўныя з’явы, якiя звязаны з птушыным грыпам, зараз ужо не такiя вострыя. У Беларусi на гэты конт спакойна, нiякiх праблем не ўзнiкала. Была праведзена вельмi сур’ёзная i адказная работа па выкананню цэлага комплексу спецыяльных ахоўных мерапрыемстваў. Так што якасць прадукцыi ўсе птушкафабрыкi Мiншчыны могуць гарантаваць у поўным памеры. Што, дарэчы, ацанiлi i спажыўцы — зараз рэалiзацыя нармальная i попыт на належным узроўнi.

Плануецца, што да 2010 года ў цэнтральным рэгiёне штогадовы аб’ём вытворчасцi мяса птушкi дасягне 100 тысяч тон. Гэта будзе прыкладна палова агульнага рэспублiканскага паказчыку. Як адзначаюць спецыялiсты, выйсцi на такi ўзровень цалкам магчыма, рост вытворчасцi пралiчаны, што называецца, «па кроках». Паводле слоў Кузьмы Дзягiлева, патэнцыял птушкагадоўлi ў Мiнскай вобласцi вельмi прыстойны. Вялiкая ўвага надаецца племянной справе i забеспячэнню кармамi.

— Неабходна рабiць стаўку на ўласныя кармы, — лiчыць Кузьма Дзягiлеў. — Канешне, мы не зможам поўнасцю самi «закрыць» усе пазiцыi, але да гэтага трэба максiмальна iмкнуцца. Нездарма вобласць зараз нарошчвае аб’ёмы вытворчасцi збожжа. Аднак справа не столькi ў ім, галоўнае — бялок. Пэўна, не трэба тлумачыць яго значнасць. Такую задачу можна рэалiзаваць з дапамогай кукурузы, сёлета яе пасеяна 100 тысяч гектараў. Таксама ў блiжэйшы час плануем ушчыльную заняцца i вырошчваннем соi — налета пасеем 22 тыс. га гэтай важнай сельскагаспадарчай культуры. Трэба шырэй выкарыстоўваць замежны вопыт. Напрыклад, у Канадзе, якая знаходзiцца прыкладна ў такiх жа клiматычных умовах, што i Беларусь (у асобных рэгiёнах — i ў больш жорсткiх), штогод атрымлiваюць да 3 мiльёнаў тон соi. Таму i на Мiншчыне трэба яе культываваць для таго, каб атрымлiваць сваю бялковую сыравiну, а не закупляць яе за вялiкiя грошы за мяжой. Неабходна сур’ёзна займацца i iншымi культурамi — гарохам, сланечнiкам, лубiнам i iнш. Такiм чынам можна зэканомiць сродкi i накiраваць iх на развiццё вытворчасцi. Гэта рэальна дазволiць больш вырабляць прадукцыi i больш яе рэалiзоўваць.

«Аўтсайдэраў» не засталося

Крупскi раён апошнiм часам зрабiў заўважны крок наперад. За мiнулую пяцiгодку тут былi выкананы ўсе асноўныя прагнозныя паказчыкi сацыяльна-эканамiчнага развiцця. Па шэрагу пазiцый планавы ўзровень росту ўдалося нават перавысiць. За апошнiя пяць гадоў аб’ёмы вытворчасцi прамысловай прадукцыi на Крупшчыне павялiчылiся больш чым у 1,6 раза, сельскагаспадарчай — у 2,2. Экспарт узрос утрая, а iнвестыцыi — ажно ў пяць (!) разоў.

— Гэта не проста лiчбы статыстыкi, гэта адлюстраванне якасных змен, якiя адбылiся ў жыццi нашых людзей, — лiчыць старшыня Крупскага райвыканкама Аляксей Гарнак. — Сем гадоў таму (калi я прыйшоў працаваць у раён) сярэднi ўзровень рэнтабельнасцi быў адмоўным — -84 працэнты. Зараз эканамiчныя паказчыкi iстотна палепшылiся. Летась рэнтабельнасць склала 6,5 працэнта, атрымалi каля 7 мiльярдаў рублёў чыстага прыбытку. У раёне няма нiводнага прадпрыемства, якое б працавала са стратамi. «Аўтсайдэраў» не засталося i ў сельскай гаспадарцы. Вяскоўцы працуюць рэнтабельна — за мiнулы год прыбытак аграпрамысловага комплексу склаў звыш 1 мiльярда рублёў. За апошнiя сем гадоў сярэднi надой малака ад каровы павялiчыўся больш чым удвая: калi ў 1999 годзе было 1500 лiтраў, то летась мы атрымалi ўжо 3552 лiтры. Створана трывалая кармавая база — летась нарыхтавалi больш чым 22 цэнтнеры адзiнак травянiстых кармоў на ўмоўную галаву жывёлы. Паспяхова працуем i над выкананнем абласной праграмы «Збожжа» — плануем, што сёлета валавы намалот перавысiць 60 тысяч тон. Для гэтага створаны ўсе перадумовы. Мы робiм апраўданую стаўку на кукурузу. Летась яе пасеялi на плошчы 2,5 тысячы гектараў. Атрымалi звыш 600 тон зерня кукурузы. Сёлета плошчы пад гэтай культурай iстотна павялiчылiся — засеяна больш чым 8 тысяч гектараў. Такi падыход прынясе станоўчы вынiк, я ў гэтым упэўнены.

У Крупскiм раёне зараз 17 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Чатыры з iх былi ў свой час рэфармаваны. Большасць iнвестараў мясцовыя — Крупскi лясгас, «Жылцеплабуд», дарожная арганiзацыя. Адкрытае акцыянернае таварыства «Кляновiчы» было створана пэўны час таму шляхам аб’яднання былых калгасаў «Бобр» i «Колас» пры непасрэдным удзеле Нацыянальнага банка. Паводле слоў Аляксея Гарнака, ва ўсiх рэфармаваных аграпрамысловых прадпрыемствах адбылося значнае павелiчэнне аб’ёмаў вытворчасцi — на 40—50 працэнтаў.

Сур’ёзны праект

Накiрункi дзейнасцi сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Крупшчыны традыцыйныя: раслiнаводства, вытворчасць малака i мяса (ялавiчыны i свiнiны). Сёлета сур’ёзна пачалi займацца яшчэ i птушкагадоўляй. Будоўля разгарнулася ў «Кляновiчах». Заняцца вырошчваннем птушкi тут меркавалi яшчэ ў 1990-я гады. Тады пачалi ўзводзiць адпаведныя памяшканнi. Аднак справу не давялi да заканчэння — пяць незавершаных памяшканняў сталi чарговым даўгабудам i паступова прыйшлi ў заняпад. Спачатку меркавалася рэканструяваць iх пад жывёлагадоўчыя фермы, аднак пасля вырашылi ўсё ж пачаць узвядзенне птушкафабрыкi. Як адзначыў Кузьма Дзягiлеў, гэта сур’ёзны iнвестыцыйны праект, прычым усе затраты з лiхвой акупяцца на працягу некалькiх гадоў.

Паводле слоў намеснiка дырэктара ААТ «Кляновiчы» Уладзiмiра Данiеляна, будаўнiцтва пачалося ў канцы чэрвеня мiнулага года. Пяць птушнiкаў удалося ўзвесцi ў рэкордна кароткiя тэрмiны — дзесьцi за паўгода. Сёлета ўжо ў сярэдзiне сакавiка тут з’явiлiся першыя «жыхары» — з Мiнскага раёна завезлi 27 тысяч куранят. Столькi ж праз некалькi дзён «засялiлi» i ў другi птушнiк. Дарошчвалi «крылатае пагалоўе» менш чым два месяцы. Першыя вынiкi аказалiся даволi ўдалымi — штодзённае прыбаўленне ў вазе ў сярэднiм склала звыш 50 грамаў. Як адзначаюць спецыялiсты, гэта вельмi добры паказчык. Да таго ж, паводле слоў Кузьмы Дзягiлева, у «Кляновiчах» атрымалiся зусiм невысокiя затраты кармоў на вырошчванне птушкi. Усяго атрымалi 94 тоны курацiны, выручка ад рэалiзацыi склала каля 200 мiльёнаў рублёў. Так што першы блiн атрымаўся зусiм не камяком.

Генеральным падрадчыкам будаўнiцтва птушкафабрыкi ў Крупскiм раёне з’яўляецца будаўнiчы трэст № 21 з Барысава. Як паведамiў галоўны iнжынер прадпрыемства Аляксей Панкрацьеў, падчас выканання работ па найноўшых тэхналогiях было праведзена ўцяпленне сцен. Прымяняўся метад «тэрмашубы», якi дазваляе эканомiць у далейшым да 30—40 працэнтаў энергарэсурсаў. Усяго плануецца пабудаваць больш чым 30 птушнiкаў. Тутэйшая птушкафабрыка павiнна выйсцi на вытворчасць 10 тысяч тон мяса ў год. Плануецца займацца не толькi вырошчваннем, а i перапрацоўкай курацiны. Сёлета будзе выраблена каля 800 тон мяса. Чакаецца, што выручка ад рэалiзацыi складзе 1,5 мiльярда рублёў. А ў перспектыве, як мяркуецца, птушкафабрыка будзе прыносiць гаспадарцы каля трэцi ўсiх грашовых паступленняў. Калi ўдасца выйсцi на запланаваны аб’ём вытворчасцi, то выручка будзе складаць дзесьцi 6—7 мiльярдаў рублёў у год. Такая атрымлiваецца «арыфметыка».

Перамены да лепшага

У своеасаблiвы аграхолдынг Нацбанка ўваходзiць 9 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у розных рэгiёнах Беларусi. У кожным з iх увасабляецца комплексны падыход да арганiзацыi аграпрамысловай вытворчасцi. Карысць ад такой справы адчувае не толькi асобная гаспадарка, а i ўвесь раён увогуле. У гэтым плане Крупшчыне сапраўды пашанцавала з iнвестарам — Нацыянальны банк прыйшоў сюды ўсур’ёз i надоўга. Дапамога галоўнай фiнансавай установы краiны адчувальная — на належнае развiццё «Кляновiч» было выдаткавана звыш 18 мiльярдаў рублёў. Сёлета ўкладаннi ўзрастуць на парадак — па ўсiх крэдытах плануецца асвоiць 42 мiльярды рублёў.

Аграпрамысловае прадпрыемства даволi вялiкае — плошча сельскагаспадарчых палеткаў «Кляновiч» складае 7,2 тысячы гектараў, з iх 5 тыс. га — ворыва. Акрамя «птушынай» вытворчасцi тут плануюць на самым сучасным узроўнi развiваць i жывёлагадоўлю. Сёлета пачнецца будаўнiцтва найноўшага комплексу на 1,1 тысячы кароў. У наступным годзе ўзвядуць яшчэ адзiн — на 800 галоў, у 2008-м — таксама на 800. Усё робiцца з такiм разлiкам, каб праз пэўны час «малочны статак» у «Кляновiчах» налiчваў 2,5 тысячы кароў. Гэта сапраўдная буйнатаварная аграпрамысловая вытворчасць. Менавiта на развiццё такiх формаў i робiцца стаўка.

— Трэба ўсё тут давесцi да ладу, — кажа дырэктар ААТ «Кляновiчы» Анатоль Ганчар. — Дзякуючы iнвестыцыям Нацыянальнага банка, ужо праз некалькi гадоў «Кляновiчы» стануць мацнейшай гаспадаркай Крупскага раёна. Неабходна наладзiць уласную перапрацоўку ўсiх вiдаў аграпрамысловай прадукцыi. Тады i вынiк будзе. Ужо зараз пад’ём адчувальны: за першыя чатыры месяцы гэтага года ўдалося атрымаць 1,5 мiльярда рублёў грашовай выручкi (планавалi, што выйдзе 780 млн), прыбытак склаў 58 млн рублёў (план — 50 млн), рэнтабельнасць — 7 працэнтаў (пры заданнi 2,5 працэнта). Усё гэта сведчыць аб тым, што мы на правiльным шляху.

У «Кляновiчах» зараз працуюць 280 чалавек. Падчас рэарганiзацыi штат не скарачалi — далi людзям магчымасць працаваць. Было б жаданне. У некалькi разоў узраслi заробкi, цяпер сярэднi памер аплаты працы ў сельгаспрадпрыемстве складае 480 тысяч рублёў. Шмат узводзiцца жылля — сёлета будзе здадзена ў эксплуатацыю 39 дамоў, а ў наступным годзе, як плануецца, — яшчэ 38. Ёсць надзённая патрэба ў такiх вялiкiх аб’ёмах жыллёвага будаўнiцтва, паколькi ў гаспадарку прыязджаюць спецыялiсты. Намеснiк дырэктара ААТ «Кляновiчы» Кiрыл Белы раней працаваў у Мiнску. У сталiцы ўласнага жылля не меў, мабыць таму i вырашыў на Крупшчыну падацца. 26-гадовы iнжынер пераехаў сюды разам з жонкай i маленькiм сынам. Хутка сям’я адзначыць улазiны — Белыя атрымаюць новы ўтульны дом. «У гаспадарцы вельмi цiкава працаваць, — кажа Кiрыл, — калектыў добры, мясцiны маляўнiчыя, што яшчэ трэба».

А вось жывёлавод Таццяна Чаховiч ужо абжываецца ў новым доме. Жыллё атрымала летась у снежнi. Як заўважыла Таццяна, дом вельмi цёплы, у iм ёсць усе гарадскiя выгоды. Сям’я Чаховiчаў перабралася сюды з Талачынскага раёна, яны нiколькi не шкадуюць аб сваiм рашэннi. «За «Кляновiчамi» будучыня, — лiчыць Таццяна. — Гэта ўжо зараз адчуваецца».

Цэнтр гаспадаркi — вёска Замкi. Летась яна атрымала статус аграгарадка. Былi праведзены сур’ёзныя работы па рэканструкцыi i рамонту шэрагу сацыяльных аб’ектаў. Аднак далёка не ўсе планы ажыццявiлiся. Як паведамiў Анатоль Ганчар, зараз рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на басейн. У Замках ёсць даўгабуд — калiсьцi тут пачалi ўзводзiць фiзкультурна-аздараўленчы комплекс. Цяпер справу на радасць тутэйшым жыхарам мяркуюць давесцi да завяршэння. Таксама ў планах — гандлёвы комплекс, дзе акрамя харчовага i прамысловага аддзелаў будуць сталовая i рэстаран. А яшчэ ёсць праект па арганiзацыi вытворчасцi хлеба — да 5 тон у змену.

Моладзi ў гэтых мясцiнах шмат: як паведамiла дырэктар Коласаўскай сярэдняй школы Клара Карамыслава, яны падлiчылi, што ў блiжэйшыя гады колькасць навучэнцаў змяншацца не будзе.

— Мы пастаянна трымаем шчыльную сувязь са школамi (iх на тэрыторыi гаспадаркi дзве), дапамагаем чым можам — адзначае Анатоль Ганчар. — Наведваем урокi прафарыентацыi, з дзецьмi гутарым. Спадзяёмся, што яны пасля да нас прыйдуць працаваць — трэба выхоўваць сабе змену...

Крупскi раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб’ём вытворчасцi мяса птушкi на Мiншчыне дасягне 100 тысяч тон
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика