Чаму я выпiсваю «Звязду»
«...Бо яна са мной — была заўсёды»
Першы раз я ўбачыў газету зiмой 1943 года i дагэтуль помню ўражанне. У нашай вёсцы Роспы Капыльскага раёна знаходзiўся раённы камiтэт кампартыi, стаяў штаб партызанскай брыгады iмя Чапаева. Вяскоўцы (а мы, падшыванцы, зразумела ж, наперадзе) хадзiлi туды, каб слухаць навiны. У асноўным —па радыё. Але аднойчы камiсар брыгады прынёс газету «Звязда». Трымаў, чытаў яе з найвялiкшай пашанай. Яшчэ i таму, што друкавалася яна — пад носам у фашыстаў... Потым быў, няхай цяжкi, але ж мiрны час. Я вучыўся ў педвучылiшчы, у педiнстытуце. Газету чытаў эпiзадычна, у асноўным — каб падабраць матэрыял для даклада цi палiтiнфармацыi. Выпiсваць i чытаць пастаянна стаў з 1952-га. I вось, што, можа, цiкава: у паштовай скрынцы за гэтыя 50 яшчэ i з гакам — нейкiя выданнi з’яўлялiся, потым знiкалi... «Звяздзе» ж я не здрадзiў нi разу! Яна заўсёды была мне дарадцай у жыццi, вернай памочнiцай у працы i грамадскiх справах. Не буду крывiць душой — не ўсё ў газеце мне падабалася (i падабаецца зараз). Быў час, калi «Звязда» здавалася залiшне палiтызаванай, асвятляла жыццё «па вярхах». Але ж i тады, i цяпер, уважлiва ўчытаўшыся, можна дакапацца да iсцiны. I таму я па-ранейшаму, з нецярпеннем, чакаю кожны нумар, шукаю свае любiмыя рубрыкi, прозвiшчы любiмых журналiстаў. Чаго хацеў бы пажадаць iм (а значыць сабе)? Не «уразаць» «Розгалас», больш пiсаць пра людзей, пра вёскi, пра мястэчкi i малыя гарады, iх гiсторыю, не адмаўляцца ад «прамых лiнiй», часцей звяртацца да слынных асоб з нашага мiнулага i сучаснага. А яшчэ — больш матэрыялаў у абарону роднай мовы. Бо яе, замацаванай Канстытуцыяй у якасцi першай дзяржаўнай, у вярхах (на афiцыйным узроўнi) на жаль, зусiм не чуваць. А гэта — без сумненняў — вядзе да таго, што хутка — крый Бог — не пачуеш яе i «ўнiзе»... Вiктар РУДАКОЎСКI, г. Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«...Бо яна са мной — была заўсёды» |
|