Цымбалы звiнелi, гармонiк спяваў...На мiжнародны фестываль у «глыбiнку» I вось (нiшто не мiнае бясследна!) пастаўчане запрасiлi аўтараў новавыдадзенай кнiгi «Прэс-тур у глыбiнку» на прэзентацыю гэтага выдання i адначасова на IХ мiжнародны фестываль народнай музыкi «Звiняць цымбалы i гармонiк». Памятаю, летась нехта дакараў: якая ж гэта глыбiнка? Паставы — гэта культурны цэнтр гiстарычнага рэгiёну! Сёння я з перакананнем (i з маленькай папраўкай) паўтараю: Паставы — гэта глыбiня! Глыбiня, з якой бруяць жыццядайныя крынiцы, плынi нашай самай каштоўнай народнай песенна-музычнай спадчыны. Падзяляю гонар пастаўчан, якiя прэзентавалi кнiгу замежным гасцям i ўдзельнiкам фестывалю. Але ж i тыя госцi таксама не лыкам шыты былi — моцныя, яркiя калектывы прыехалi з Польшчы, Расii, Украiны, Лiтвы, Латвii, Малдовы. I кожны быў настроены на перамогу. Нiхто не хацеў уступаць у конкурсах выканаўцаў на народных iнструментах «Хто каго?», у выступленнях на пляцоўках раёна. Былi таксама канцэрт старадаўняй музыкi, працавала творчая лабараторыя «Цымбалы — сусветная гiсторыя i музычная культура розных краiн i народаў». Быў таксама незабыўны момант, калi ў неба, дзе ззяла светлая поўня, выбухнулi агнiстыя гронкi феерверку, нiбы сапернiчаючы ў прыгажосцi. Хараство, створанае чалавекам, заўжды сапернiчае з прыродай. Нездарма ж гэта тут, на пастаўскай зямлi, калiсьцi нарадзiлiся самыя старажытныя на Беларусi цымбалы. Нездарма менавiта тут творыць адзiн з лепшых аматарскiх калектываў Беларусi — ансамбль народнай музыкi «Паазер’е». Дарэчы, на гэтым фестывалi пад шчырыя апладысменты гасцей i ўдзельнiкаў «Паазер’е» абвясцiла аб сваiм пяцiдзесяцiгоддзi i падарыла гледачам цудоўную праграму. Самымi радаснымi былi, безумоўна ж, пераможцы. Першае месца i дыплом лаўрэата атрымала Вольга Глушакова (цымбалы) з Мiнска. Лаўрэатамi сталi фальклорны ансамбль «Сябрына» з Брэста, фальклорны ансамбль «Дружбакi» з Мiнскай вобласцi, фальклорны ансамбль «Рэчыцкiя музыкi» з Гомельскай вобласцi, ансамбль цымбалiстак «Ведрыца» з Мiнска. Найбольшыя сiмпатыi гледачоў i журы дасталiся калектыву «Мурама» з Расii. Яны адзiныя з замежных гасцей сталi лаўрэатамi фестывалю. Адметна, што сярод прыпевачнiкаў сёлета перамогу адстаялi не сталыя жанчыны, а дзецi. Лепшым баянiстам стаў Мiхаiл Папруга з Беразiно (цiкава, што гэты самабытны, таленавiты выканаўца дабiўся такiх поспехаў, нават не ведаючы нотаў!). Такім чынам не без падстаў зазначу: з пастаўскай «глыбiнкi» далёка чуваць голас цымбалаў i гармонiкаў, бо фестываль i на гэты раз сабраў самыя выбiтныя таленты з глыбiнь народнага мастацтва. Яўген ПЯСЕЦКI. Цымбалiстка Насця НАСАЧОВА (Мiнск) — адна з самых маленькiх удзельнiц конкурсу «Хто — каго?». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Летась мы з калегам Сяргеем Грыбам пабывалi ў Паставах з нагоды iнфармацыйнага праекта «Прэс-тур у глыбiнку»: чытачы, вiдаць, памятаюць звяздоўскiя рэ |
|