...Калi мы — беларусы
Валянцiна ДОЎНАР, Таццяна ЛЯЎКОВIЧ
Рэпартаж з колаў Вiнаваты: у Светлагорск ехалi не так, як хацелi, як робiм гэта звычайна — не паведамiлi загадзя... Мо, дабралася б тады на сустрэчу пастаянная чытачка «Звязды» з вёскi Чкалава, якая з год таму выйграла наш тэлевiзар, мо, прыехала б пераможца конкурсу на лепшае апавяданне з Чыркавiч, мо, завiтаў бы адзiн з самых старэйшых падпiсчыкаў (з 1946-га, без перапынку!)...Але ж зараз — шкадаваць позна: што атрымалася, тое атрымалася. ...У зале пасяджэнняў Светлагорскага райвыканкама нас чакалi: на сустрэчу быў запрошаны iдэалагiчны актыў горада, прыйшлi супрацоўнiкi пошты, завiталi (дзякуючы ёй жа!) i нашы падпiсчыкi. Няшмат... Але ж падтрымка была досыць iстотнай, бо адна справа, згадзiцеся, калi пра газету расказваем мы, яе супрацоўнiкi, i зусiм iншая — калi той, хто атрымлiвае, чытае. Леанiд Iосiфавiч Крот, напрыклад, — ужо больш дзесяцi гадоў. Але не хвалiў... — Вось пiшаце, — крытыкаваў, — пра надвор’е, паведамляеце (цяпер, прынамсi): «Апошняя квадра». А калi яна пачалася? Чысло ж гэта, дата ў газеце месца не зойме, а людзям ведаць — добра было б. Другое. Не часта, але ж сустракаецца — адказваеце на нейкi запыт i пiшаце, што, маўляў, нумары тэлефонаў паведамлялiся ў нумары такiм i такiм. А дзе яго браць чалавеку... Той нумар? Не ўсе ж падшыўку вядуць. I трэцяе. Я — заядлы рыбак. Як зiмой — «Клёва» ледзь не кожную суботу iдзе, летам — праз два-тры тыднi. Папраўцеся... А ўвогуле за газету — дзякуй. — «Звязда», калi яе чытаць пастаянна, вяртае чалавека да роднай мовы: па-свойму пачынаеш думаць. Нават загаварыў бы, здаецца, — падтрымаў размову намеснiк старшынi райвыканкама Сяргей Вячаслававiч Мяркулаў. — Але ж Светлагорск — своеасаблiвы горад — былая Усесаюзная камсамольская новабудоўля. На яе сорак гадоў таму з’ехалася моладзь з усiх куткоў былога Саюза. Мовай зносiнаў — выбралi рускую... Але ж чалавеку нi тады, нi цяпер нiхто i нiшто не перашкаджае чытаць беларускiя газеты i кнiгi, размаўляць на сваёй, на роднай мове... Прыемна было, што сам Сяргей Вячаслававiч ёй валодае (хоць «з непрывычкi» прылюдна гаварыць не рызыкнуў), пастаянна i нават на працягу дзесяцiгоддзяў выпiсваў «Звязду». Больш за тое, выразкi з яе i дагэтуль захоўвае ў сямейным архiве. Як «здрадзiў»? З допытам не даймалi. Найперш таму, што ў кола пастаянных падпiсчыкаў ён абяцаў вярнуцца. Усе, хто схiлiўся да гэтага, маглi тут жа, у зале, аформiць падпiску, прыняць удзел у вiктарыне i розыгрышы прызоў. У вынiку — фiрменныя звяздоўскiя гадзiннiкi, майкi выйгралi Людмiла Пазняк з завода ЖБВ, аператар паштовай сувязi Марына Радзюк, метадыст аддзела адукацыi, Алена Iванаўна Колчына, iншыя. ...Чаго-чаго, а вось вопыту правядзення дзён падпiсчыка на асобных прадпрыемствах у «Звязды» пакуль не было: Светлагорскi цэлюлозна-кардонны камбiнат стаў першым. Высветлiлася, што газету i тут добра ведаюць. — «Звязда» карыстаецца попытам, — гаварыла бiблiятэкар Алена Аляксандраўна Васiльева. — Ну, па-першае, яна прыгожая, каляровая... Цiкавяцца ёю работнiкi аддзела кадраў, таму што ў вас намнога раней, чым у iншых выданнях, друкуюцца ўсе законы. Пастаянна пытаюць аб ёй бацькi выпускнiкоў. Асаблiва — тыя нумары, дзе вы пiшаце, куды пайсцi вучыцца, як праходзiць тэсцiраванне... Паважаюць «Звязду»» ветэраны. Мы нават арганiзоўвалi дабрачынную акцыю па падпiсцы... Мову ў нас многiя помняць, газету — будуць чытаць. Сумнявацца ў гэтым не даводзiлася, бо i тут таксама пошта арганiзавала падпiску. Прымусу да яе не было, быў — сякi такi стымул у выглядзе прызоў. Што цiкава, лёсы iх вяршыў незвычайны, як сам прызнаўся, бульбаш Абдула Хабiб. Нарадзiўся ён у Афганiстане, скончыў Гомельскi унiверсiтэт (магiстр фiлалагiчных навук), пабраўся з нашай дзяўчынай. На ЦКК яна працуе праграмiстам, ён — прадпрымальнiк, гадуюць дваiх дзяцей. Як аказалася, лёгкая рука ў спадара Хабiба! Гадзiннiк з лагатыпам газеты дастаўся работнiцы фiнансавага аддзела Святлане Мiкалаеўне Дрык, якая (тут жа прызналася): «Нi-колечкi ў жыццi, нi-чога не выйгравала!», а беларускую мову — ведала на пяцёрку i вельмi, вельмi любiла... Другi — супрацоўнiцы аддзела кадраў Людмiле Аляксандраўне Бондаравай... Што цiкава, напрыканцы сустрэчы ў зале ўжо гучалi жарты з месцаў i... чыстая, родная беларуская мова. Нас абяцалi помнiць, чытаць, чакаць з прызамi, а то i так... Не дарэмна, значыць, паехалi. А наогул... Калi б дзве апошнiя паездкi — па Гродзеншчыне i ў Светлагорск — не супалi, дакладней — не прайшлi адна за адной, гэта, магчыма, у вочы i не кiдалася б. А так... У Воранаве, у Казлоўшчыне, у Шчучыне, а ўжо ў Наваградку (!)... у залах былi дзесяткi нашых чытачоў, падпiсчыкаў, прыхiльнiкаў беларусчыны, а то i змагароў «за сваё», у Светлагорску — хiба адзiнкi. У першых, скажам так, аўдыторыях — кожнае слоўца лавiлася «з лёту», прымалася, успрымалася, смакавалася, у другiх — асаблiва спачатку — спрацоўваў нейкi тормаз. Не, нас, дзякаваць Богу, яшчэ разумелi. I куды лягчэй, чым, напрыклад, украiнцаў цi палякаў, але... Калi падчас сустрэч нам удалося напомнiць беларусам, што яны — беларусы, нагадаць прадстаўнiкам iншых нацыянальнасцяў, што ў краiне, дзе iм выпала жыць, ёсць свае, вартыя найвялiкшай пашаны культура i мова, справу можна лiчыць зробленай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вiнаваты: у Светлагорск ехалi не так, як хацелi, як робiм гэта звычайна — не паведамiлi загадзя... |
|