21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сякера

25.08.2009 21:52 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алесь КАСЦЕНЬ

Простыя рэчы

Майго бацьку забралi на фронт у жнiўнi 1944-га, адразу пасля таго, як Пастаўшчына была вызвалена ад немцаў. А вярнуўся ён з салдацкай службы толькi ў 50-м. Так доўга ў тыя пасляваенныя часы даводзiлася служыць салдатам яго, 1925 года нараджэння. Адыходзiў ён у армiю з аднаасобнай гаспадаркi, а вярнуўся ўжо ў калгасную вёску. Аднак працаваць у калгас не пайшоў. Рукi меў прыдатныя да цяслярскай, сталярскай працы. I пайшоў па вёсках, шукаючы заказы ў хатах. Дарэчы, i з мацi ён пабраўся так: некалькi дзён жыў у iх хаце, штукуючы шафу. Перабралiся ў Паставы. Так i адпрацаваў усё жыццё ў мясцовых арганiзацыях — то цесляром, то сталяром. Быў на некалькi гадоў перапынак у гэтай яго справе, калi служыў звыштэрмiновую сяржантам у адной з вайсковых часцей. Але спроба была няўдалай. Як ён сам гаварыў: «Грамацi малавата». Ды i што ж — усяго дзве зiмы ў польскай школе. I яшчэ ў яго да самых апошнiх дзён была прымаўка. Аматар выпiць, ён на ўсчуваннi, каб не прыкладаўся хоць бы ў рабочы час, адказваў: «А сякеру ў мяне нiхто не адыме». У спадчыну ад яго застаўся самаробны, але вельмi ёмкi дрэваапрацоўчы станок, з дапамогай якога ён вырабляў людзям вокны, дзверы, ды i лодкi, i труны — усё, што патрэбна. I яшчэ штук шэсць сякер. На розны выпадак i розную работу. Неяк за гэтыя гады яны паразгублялiся. То хто пазычыць i не верне, то я недзе забуду. Засталося толькi дзве. I заўсёды, калi бяру вышмальцаванае яго рукамi сякерышча, успамiную словы: « А сякеру ў мяне нiхто не адыме». Так, гэтая простая рэч была яго сапраўнай кармiцелькай.

Сякера, напэўна, адна з самых старажытных прылад, якiя чалавек узяў сабе на службу. Сярод археалагiчных знаходак на Беларусi вельмi шмат крамянёвых сякер. Ад мезалiту, праз неалiт, бронзавы век i да веку жалезнага сякеры ўдасканальвалiся, пакуль не набылi тыя формы, якiя маюць i сёння. Ад самага пачатку i аж да позняга сярэднявечча сякера, у розных сваiх формах служыла нашым папярэднiкам i грознай зброяй. Ды яшчэ i да нядаўняга часу, калi прыходзiў вораг цi злодзей-рабаўнiк, мужык iшоў адстойваць свае правы i жыццё, заткнуўшы за пояс звычайную рабочую сякеру.

Ну а для зладзеяў, нядобрых людзей менавiта сякера вельмi часта станавiлася прыладай, з дапамогай якой здзяйснялася насiлле, гвалт, забойства. З чым прыйшоў Радзiвон Раскольнiкаў да бабулi-працэнтшчыцы ў «Злачынстве i кары» Ф. Дастаеўскага? З чым iшлi забiваць ворагi калгаса свайго былога аднадумцу, якi вырашыў iх выдаць, у «Паднятай цалiне» М. Шолахава? А чым забiлi вартаўнiка пры абрабаваннi крамы бандыты ў «Эры мiласэрнасцi» братоў Вайнераў? Ды пералiк прыкладаў злаўмыснага выкарыстання звычайнай сякеры можна было б працягваць. Але ж сёння мы гаворым не пра гэта, а пра простую рабочую рэч.

У рускай мове ёсць выраз: «топорная работа», гэта азначае нязграбная, грубая. Але гэта не зусiм так. У сапраўднага майстра сякера, наточаная, як лязо нажа, робiць цуды. Нездарма ў беларускай паэзii i сама сякера, i людзi, што з ёю працуюць — цесляры, цясельнiкi, цеслi — займаюць пачэснае месца. Вось радкi майго земляка, выдатнага паэта Уладзiмiра Дубоўкi, якi воляю лёсу на дваццаць гадоў быў закiнуты ў сiбiрскiя таёжныя мясцiны i там вельмi добра засвоiў навуку абыходжання з сякерай:

«У рукi ўзяў сякеру паляшук.

Ён размахнуўся раз, другi i трэцi...

Ад сiлы гэтых працавiтых рук

З гары высокай дуб звалiўся з веццем».

А ў Янкi Непачаловiча чытаем:

Мабыць, жадаючы шчыра дабра,

Бацька мне рана стаў давяраць

Молат у кузнi, каня ў баразне,

Склюд на будоўлi i цэп у гумне.

Тут трэба патлумачыць. Склюд — гэта спецыяльная сякера для склюдавання — абчэсвання бярвення, напрыклад. Хоць ты шмат разоў i трымаў у руках сякеру, але без дапамогi майстра наўрад цi сам навучышся склюдаваць так, каб апрацаванае табой бярно, лёгшы ў сцяну, было гладкiм, роўным, не вытыркалася мiж iншых, цi наадварот не западала ўглыб сцяны.

Дзядуля Сямён, ад якога бацька i пераняў найперш уменне трымаць сякеру ў руках, прыйшоў у вёску Чарты ў прымы ў 1920-м. Ёсць у вясковым побыце грубаватая прымаўка: «Прымачы хлеб сабачы». Але яна досыць правiльна акрэслiвае стан такога чалавека ў тагачаснай вёсцы. Прыходзiў ён на чужую зямлю, у чужую хату. А тут свае парадкi, свае ўзаемадачыненнi. Таму i стараўся Сямён найперш пабудавацца, займець сваю хату. I пабудаваўся адзiн, без чыёй-небудзь дапамогi. Нават бярвенне ў сцены клаў сам, падважваючы iх вяроўкамi. Хата i сёння стаiць у вёсцы. Зрубленая на «нямецкi» вугал, з гладкiмi, склюдаванымi сценамi. I ўсё з адной памочнiцай — сякерай. Вёска Чарты, дзякуючы таму, што стаiць яна на беразе аднайменнага маляўнiчага возера, у апошнi час стала прадметам вялiкай цiкавасцi мiнчукоў. Тут ужо ўзняўся добры дзесятак гмахаў дач сталiчных генералаў, бiзнэсменаў. Актыўна скуплiваюцца ўчасткi i старыя дамы, праўда, толькi тыя, якiя маюць выйсце да возера. Было некалькi прапаноў i стрыечнаму брату, якi сёння гаспадарыць на дзядулевай сядзiбе. Немалыя тысячы долараў прапаноўвалi. Але брат не прадае. I дзякаваць Богу, бо сама хата новых беларусаў не цiкавiць, яна пойдзе пад знос, iх цiкавiць толькi ўчастак. Таму было б шкада, каб знеслi дзядулеву хату. Высокую, перакрытую шыферам, з моцнымi яшчэ склюдаванымi сценамi.

Школьнiкам вельмi часта даводзiлася заходзiць да бацькi або ў сталярню, або на пiлараму. Падабаўся пах свежых габлюшак, цеплыня апрацаванага дрэва. А вось сама справа неяк асаблiва i не вабiла. Адзiны важкi па свайму прызначэнню аб’ект, якi мы ўзвялi удвух з бацькам — гэта лазня. Вырашыўшы яе будаваць, бацька, дзякуючы сваiм прафесiйным сувязям «па драўнiннай частцы», выпiсаў недзе таннага лесу. Не, мы не склюдавалi бёрны. Выцягнулi з хлява станок, паставiлi на яго вялiкую пiлу, зрабiлi насцiлы для падачы бёрнаў i апiлавалi iх з двух бакоў. Потым бацька заразаў бёрны на вуглы, а мне было даручана пазiць. Выбiраць у бёрнах канаўкi, каб яны шчыльна клалiся адно на адно. Патрымаўшы некалькi дзён у руках сякеру, пацюкаўшы ёй да крывавых мазалёў, яшчэ раз пераканаўся, што не, гэта не маё. Хоць ва ўсякую працу можна ўцягнуцца — былi б толькi цярпенне, настойлiвасць, iмкненне дабiцца свайго. Ну а прыказка: «Гультай за работу — мазоль за руку» — вельмi падыходзiць якраз i да сякеры. Праца з ёю даволi няпростая i досыць цяжкая.

А вось шчапаць дровы люблю, як, напэўна, i большасць мужчын. Ёсць у гэтай працы нават своеасаблiвая эстэтыка. Як правiла, местачкоўцы завозяць i распiлоўваюць дровы або позняй восенню, калi ўжо прыбраныя агароды, або зiмой. Халодным часам. I вось на тваiм агародзе ляжыць вялiкi стог пацурбалак цi, як у нас гавораць, цурбалак, цурак. Ранiцою выходзiш з сякерай, працаваць пачынаеш яшчэ ў ватоўцы. Але саграешся вельмi хутка. I вось ты ў адной кашулi, але холаду, калi нават лёгкi марозец, не адчуваеш. З кожным ударам расце за тваёй спiнаю груда нашчапаных дроў, менее груда цурбалак. Заўсёды стараюся расцягнуць гэту працу на некалькi дзён. Пару гадзiн шчапання кожную ранiцу — выдатны зарад бадзёрасцi на ўвесь дзень. Праўда, калi дровы табе дасталiся роўныя, з ляснога гушчару. А калi з прыдарожных палос, з лясных ускрайкаў, пакручаныя — гэта ўжо справа менш цiкавая. Тут нiяк не абысцiся без калуна. Той жа сякеры, толькi больш цяжкай, масiўнай, з тупым лязом. Але таксама рэч простая — махай, не лянiся.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Майго бацьку забралi на фронт у жнiўнi 1944-га, адразу пасля таго, як Пастаўшчына была вызвалена ад немцаў. А вярнуўся ён з салдацкай службы толькi ў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика