Карэспандэнт «Звязды» атрымаў заданне... СУСТРЭЦЬ ЛЕТА ў Крыме
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Крымскi адпачынак, напэўна, працягвае заставацца самым любiмым для жыхароў Беларусi. Да iх лiку адношуся i я: настальгiя аб крымскiм сонцы i пяску пачынае мучыць ледзь не з першых халодных дзён. А таму не чакаю разгару курортнага цi аксамiтнага сезона, а накiроўваюся туды ўжо ў пачатку лета — набрацца сiлы на астатнюю частку лета, якую (нiкуды не дзенешся) усё ж такi прыйдзецца працаваць.
У гэтым годзе ў Крыме нават сустрэў лета — прыехаў туды якраз першага чэрвеня. Паехаў самастойна: турыстычныя фiрмы не вельмi задавальняюць з-за залежнасцi ад iх патрабаванняў, у тым лiку i па працягласцi адпачынку. Бо бiлет на зваротную дарогу бяру рэдка: у пачатку лета праблем з iмi нiякiх. А на гэты раз нават з’эканомiў: з сярэдзiны чэрвеня яны падаражалi i, як сцвярджаюць мясцовыя газеты, даражаць яшчэ збiраюцца. Акрамя таго, не звяртаюся ў турфiрмы i з-за таго, што люблю элемент нечаканасцi. Вызначаюся па месцы адпачынку ўжо ў поездзе, бо верагоднасць застацца ў любой кропцы Крыма без даху над галавой не ўзнiкае ўжо нават пасля першага наведвання паўвострава. Што-што, а зарабляць на «кватэрным» пытаннi крымчане навучылiся даўно. Ды i не асацыiруецца ў мяне Крым з арганiзаваным адпачынкам: i iнфраструктура не тая, i вiды гарадскiя пакiдаюць жадаць лепшага, i цэны сапраўднага арганiзаванага адпачынку на высокiм узроўнi могуць быць вельмi «кусачымi». Так што турфiрмы для мяне — толькi для паездак у больш экзатычныя краiны. Для тых, хто не супраць зэканомiць на самым простым. Па-першае, валюта. Як паказала ў каторы ўжо раз практыка, абменьваць яе лепш як мага далей ад самога курорта. Я ўвогуле частку долараў памяняў у Кiеве, бо дабiраўся да Крыма праз сталiцу Украiны. У Сiмферопалi курс быў ужо меншы (каля вакзала — гэта дакладна), а на месцы, у Гурзуфе — яшчэ меншы. Зразумела, разбежка не такая i iстотная, але ў агульным сума можа атрымацца нармальная, у каго якiя апетыты, ды i на нейкую пакупку iх якраз можа i не хапiць. Сiмферопаль — вядомы сярод турыстаў горад, хоць i не мае выхаду да мора. Аднак адтуль можна даехаць да любой кропкi Крыма, прычым дастаткова хутка i самым розным вiдам транспарту. Зноў жа лепш не спяшацца, а даведацца аб цэнах на паездку ў аўтобуснай касе. Ад мясцовых вадзiцеляў лепш адмахвацца. Я, наколькi помню, скарачаў кошт свайго праезду з Сiмферопаля да берага мора ледзь не кожны год. Найбольш танны спосаб перамяшчэння — тралейбусам: долар-два, i ты апынешся на адным з курортаў Паўднёвага берага Крыма, найбольш папулярнага сярод турыстаў — ад Алушты да Ялты. Пошук кватэры — першае знаёмства з курортам i яго жыхарамi. Зразумела, чым далей ад мора, тым больш таннае вам будзе прапанавана жыллё. Хоць апошнiм часам жылля з еўрарамонтам становiцца ўсё больш. Гады чатыры таму ездзiў адпачываць у г.п. Чарнаморскае: жыллё знайшлi хоць i вельмi таннае, але зусім не iдэальнае. А праз некалькi гадоў даведаўся, мясцовы татарын збiраўся адкрываць там ледзь не зоркавы пансiянат. Што нi кажы, а за лета пры наяўнасцi дастатковай колькасцi пакояў зарабiць можна даволi значную суму грошай. Так што спяшацца з выбарам кватэры цi пакоя няварта. Лепш за ўсё дакладна вырашыць, колькi грошай ты хочаш на яе патрацiць, а потым i шукаць адпаведную. Па меншай меры адна лiшняя гадзiна, затрачаная на пошук, нiчога не вырашыць, затое ты ўжо будзеш ведаць хоць прыблiзна наваколле. Праўда, працяглыя пошукi наўрад цi будуць характэрныя для пачатку i канца сезона: патрэбнае можна знайсцi i з першага разу. Акрамя таго, гэта будзе танней, чым тыя пакоi, што могуць прапанаваць у турфiрме. Кватэра знойдзена. Цяпер, зразумела, хутчэй да мора. Сiтуацыя з пляжамi ў Крыме далёка неадназначная. Калi шмат санаторыяў, то пускаць туды бясплатна будуць толькi тых, хто ў iх адпачывае. Так што калi патрэбны больш культурны адпачынак на пляжы — давядзецца заплацiць да 5 грывень. Агульныя ж пляжы, як правiла, не такiя прывабныя, а таму часам будзе лепш наведваць тыя, што знаходзяцца за межамi горада цi пасёлка, па меншай меры вада там будзе нашмат чысцейшая. Праўда, схавацца ад сонца там наўрад цi ўдасца. А з маёй скурай гэта сапраўдная бяда. Пазагараць па-сапраўднаму вырашыў на другi дзень, бо надвор’е было якраз па мне: цёпла, але ж туман, праз якi ледзь прасвечваецца сонца. Але i такога хапiла: увечары прыйшлося бегчы за крэмам ад загару, а потым некалькi разоў за ноч абмазвацца iм. Так што ранiцай аб сонечных ваннах я ўжо не думаў. Затое атрымаў добрую нагоду для азнаямлення з прыродай. Не злазiць у горы — дарэмна з’ездзiць у Крым. Зразумела, проста так лезцi ў горы наўрад цi трэба. Аднак калi даведацца пра больш-менш дакладны маршрут, якi да таго ж актыўна выкарыстоўваецца для экскурсiй, — i можна дастаткова смела накiроўвацца ўверх самастойна, бо ўказальнiкi дапамогуць. А вось свой фiзiчны стан ацанiць лепш загадзя: горы патрабуюць значнай вынослiвасцi. Затое якое задавальненне атрымлiваеш, калi ўзбiраешся на гару самастойна i назiраеш спачатку аблокi, а потым ужо — няблiзкую зямлю. Дарэчы, зноў жа экскурсii каштуюць грошай. А залезцi самастойна на тую ж вядомую Дземярджы можна бясплатна. Яшчэ адзiн ледзь не самы вядомы маршрут — канатная дарога на Ай-Петры. Экскурсiя туды з Гурзуфа каштавала кожнаму (зразумела, без наведвання экскурсiйных аб’ектаў) не менш чым 10 долараў. Я ж самастойна i без праблем дабраўся туды за два. Плюс 8 долараў уверх-унiз па канатнай дарозе i 2 за пячору. Шчыра кажучы, канатная дарога асаблiва не ўразiла: падымаешся хутка, а панарамы для агляду з-за iстотнай колькасцi папутчыкаў асаблiва не назiраеш. Iншая справа наверсе, дзе пейзажы цудоўныя, ну а спуск у невялiкую пячору са снегам здольны прывесцi ў пачуццё нават самую гарачую, у прамым сэнсе, галаву. Зразумела, лепш адзiн раз усё гэта пабачыць, чым шмат разоў пачуць. I не ставiцца адразу з даверам да розных «страшылак», якiя прыдумваюцца пра Крым ледзь не штогод. Летась гэта быў птушыны грып, аднак колькасць турыстаў ад гэтага наўрад цi зменшылася. У гэтым годзе ўзнiклi вучэннi з удзелам войскаў НАТО, якраз падчас маёй паездкi праходзiла самая актыўная фаза процiстаяння з iмi мясцовых жыхароў. Аднак усё гэта лакальныя i, мабыць, усё ж такi мясцовыя праблемы. I карэнныя жыхары Крыма ведаюць, што толькi турызм можа палепшыць сацыяльна-эканамiчнае жыццё гэтага рэгiёна. Пакуль жа i апошнiя падзеi ва Украiне, а таксама няхай i вельмi павольнае, але ўсё ж такi паляпшэнне iнфраструктуры паступова прыводзiць да павышэння цэн, у тым лiку i на такую танную яшчэ некалькi гадоў садавiну. Праўда, i тут шмат што залежыць ад сезона. I апошняе. На зваротнай дарозе праверце свае сумкi, каб нiчога не забыць, нават простай мiграцыйнай карткi. Пры перасячэннi мяжы ўкраiнскiя пагранiчнiкi ледзь не знялi з поезда такiх забыўлiвых пасажыраў, намякаючы на iснуючы штраф у памеры 80 долараў. Праўда, пытанне пры яго абмеркаваннi адзiн на адзiн усё ж такi вырашылi, аднак далей тыя ехалi ўжо даволi спахмурнелымi. Так што прыемнага ўсiм адпачынку. Турыстычны сезон у Крымеяшчэ толькi набiрае абароты.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Крымскi адпачынак, напэўна, працягвае заставацца самым любiмым для жыхароў Беларусi. Да iх лiку адношуся i я: настальгiя аб крымскiм сонцы i пяску па |
|