Ад чаго ў жываце выпадаюць «ападкi»?
Гутарыла Святлана БАРЫСЕНКА
Востры халецыстыт, якi часта працякае на фоне жоўцекамянёвай хваробы, вядомы хвораму моцным болем у правым падрабрыннi. Такiя болi ўрачы называюць пячоначнымi колiкамi. Востры халецыстыт адносiцца да грозных захворванняў органаў брушной поласцi пад агульнай назвай «востры жывот». Часта такая непрыемнасць заканчваецца аператыўным умяшаннем. Аднак халецыстыту можна не дапусцiць, а пры наяўнасцi захворвання пазбегнуць абвастрэння. Аб тым, як гэтага дасягнуць з дапамогай медыцынскай дыеты № 5, расказвае загадчыца гастраэнтэралагiчным аддзяленнем 1-й мiнскай гарадской клiнiчнай бальнiцы Iрына СЯРГЕЕВА.
— Боль у правым падрабрыннi — рэзкi, ныючы або цягнучы можа з’явiцца ў хворага пасля ўжывання вострай, вэнджанай, тлустай ежы, скажам, пасля ўдалага шашлычнага застолля. У больш цяжкiм выпадку павышаецца тэмпература, назiраецца моцнае недамаганне, з’яўляецца смага, уздуваецца жывот. Так заяўляе пра сябе востры халецыстыт — з камянямi цi без. — Аб якiх працэсах у арганiзме сведчаць такiя сiмптомы? — Жоўць — набор розных харчовых ферментаў i рэчываў — бярэ ўдзел у расшчапленнi тлушчаў. Утвараецца жоўць у клетках печанi, а канцэнтруецца ў жоўцевым пузыры, якi з аднаго боку, служыць рэзервуарам для яе, а з другога — робiць жоўць, калi можна так сказаць, прыдатнай для ператраўлiвання тлушчаў. Жоўць — гэта гамагенная вадкасць, склад якой не павiнен парушацца. Калi ўсё ж такi парушаецца, то пачынаецца «выпадзенне» ападкаў — сладжу. «Няправiльная», неаднародная, эхагенная жоўць спрыяе ўтварэнню пяску, а пасля i камянёў. А iншароднае цела ў жоўцевым пузыры, як вы разумееце, перашкаджае нармальнаму функцыянаванню органа. Кожны раз, як чалавек паеў, жоўць выкiдваецца з жоўцевага пузыра, якi павiнен для гэтага скарачацца. А калi ў iм знаходзяцца камянi, то выкiд жоўцi парушаецца. Чалавек адчувае цяжар, таму што няма паўнацэннага ператраўлiвання ежы. У рэшце рэшт аднойчы камянi могуць забiць выводзячыя канальцы пузыра, i жоўць не трапiць у кiшэчнiк. I калi так адбываецца, чалавек, што называецца, жаўцее на вачах. Закрыццё жоўцевага пратоку — гэта рэзкi боль, лiхаманкавы стан, па сутнасцi, катастрофа ў жываце. Пазбавiць яе можа толькi хiрург. Таму калi ў чалавека пасля прыёму пэўнай ежы з’яўляецца вышэйзгаданы боль, трэба абавязкова лячыцца i правiльна харчавацца. — Магчыма, якраз няправiльнае харчаванне i прывяло да ўзнiкнення праблемы... — У тым лiку i гэта. Дысфункцыя органа можа развiцца ў вынiку немагчымасцi апошняга справiцца з аб’ёмам ежы, з-за дрэннай якасцi тлушчаў, а магчыма, гэта слабое «звяно» ў чалавека. У нейкiм сэнсе мае значэнне i спадчыннасць, i цяжарнасць. Наогул, жоўцекамянёвая хвароба значна часцей сустракаецца ў жанчын, i толькi ў пажылым узросце мужчын крыху дабаўляецца, хоць жанчыны ўсё роўна пераважаюць. Такiм чынам, прычыны ўзнiкнення адхiленняў могуць быць рознымi, а вось для абвастрэння характэрна адно: ужыванне нейкай канкрэтнай ежы. Звычайна такiя хворыя цудоўна ведаюць, што iм не «пайшло». — Што рабiць i чаго не рабiць, калi ўзнiк боль? — Нельга пiць прэпараты для абязбольвання — той жа анальгiн. Нельга класцi грэлку — толькi холад. I трэба пагаладаць, ужываючы пару дзён лiтаральна нямоцны салодкi чай, адвар шыпшыны, негазiраваную мiнеральную ваду, сокi, акрамя вiнаграднага, разведзеныя мiнеральнай вадой. З ежы — хiба сухарыкi з шэрага хлеба. Пасля меню можна крыху пашырыць: супы-пюрэ, манныя, аўсяныя, рысавыя кашы, нятлусты тварог, малако, кефiр, паравое мяса, рыба. Харчавацца трэба разоў шэсць на дзень. Частае i ў невялiкай колькасцi харчаванне дапамагае лепшаму адтоку жоўцi. Багаты прыём ежы правакуе развiццё працэсу. Па-за абвастрэннем можна дадаваць зяленiва, сокi i супы з садавіны і ягад, раслiнныя тлушчы. З жывёльных можна дазволiць сабе толькi крышку сметанковага масла. Абмежаваць давядзецца мучныя i крупяныя вырабы, якiя спрыяюць павышэнню кiслотнасцi. Кiшэчнiк павiнен выслабаняцца рэгулярна i без праблем, бо ўздуты жывот спрыяе застою жоўцi, а значыць, утварэнню камянёў. Карысна размяшаць вотруб’е ў палове шклянкi кефiру, якое варта есцi тройчы на дзень. Праўда, у некаторых людзей ужыванне клятчаткi якраз выклiкае ўздутасць жывата. Зняць непрыемныя адчуваннi прасцей за ўсё з дапамогай актываванага вугалю: 1—3 таблеткi 3—4 разы на дзень. Добра для кiшчэнiка ўжываць грэчневыя крупы, проса, усе вiды капусты, бо яны змяшчаюць магнiй, якi спрыяе расслабленню жоўцевыводзячых шляхоў. Выслабаненню кiшэчнiка спрыяюць морква, гарбуз, кабачкi, зяленiва, сухафрукты. Абавязкова выключаем з рацыёну алкагольныя напоi, газiраваную ваду, смажаныя i вэнджаныя стравы, прыправы, здольныя ўзмацнiць спазм. — Магчыма, ёсць зёлкі, карысныя для жоўцевыводзячай сiстэмы? — Добра ўсiм вядомыя для хворых на халецыстыт кукурузныя рыльцы, з якiх робiцца шэраг лекавых прэпаратаў. Можна пiць лiсце барбарысу, лапчаткi гусiнай, мяты перачнай, траву горкага палыну, плады шыпшыны, сухацвету. — Калi камянi ўтварылiся, аператыўнага ўмяшання не пазбегнуць? — Ёсць прэпараты, якiя валодаюць растваральнымi вартасцямi. Але яны падыходзяць толькi ў некаторых выпадках, бо камянi бываюць рознымi. Акрамя таго, гэта дапамагае не на сто працэнтаў. У абсалютнай большасцi выпадкаў нельга спадзявацца, што з дапамогай такiх мераў удасцца вырашыць праблему. Наогул, наяўнасць камянёў у жоўцевым пузыры — гэта паказанне да планавага аператыўнага ўмяшання, якое павiнна папярэдзiць умяшанне экстраннае. Часта ж хворыя не разумеюць, чаму на аперацыю накiроўваюць не ў час абвастрэння, а менавiта, калi нiчога не балiць. Робiцца ж гэта дзеля самога пацыента: для таго, каб падрыхтаваць яго да аперацыi, прадухiлiць магчымыя ўскладненнi i забяспечыць больш хуткае выздараўленне.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аднак халецыстыту можна не дапусцiць, а пры наяўнасцi захворвання пазбегнуць абвастрэння. Аб тым, як гэтага дасягнуць з дапамогай медыцынскай дыеты №
|
|