Камунiсты вырашылi ўз’яднацца?
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
У суботу павiнен адбыцца з’езд Камунiстычнай партыi Беларусi, якi задумваецца арганiзатарамi як уз’яднальны для дзвюх камунiстычных партый. Напярэдаднi з’езду праяснiць сiтуацыю чытачам «Звязды» пагадзiлася старшыня КПБ, намеснiк старшынi камiсii па жыллёвай палiтыцы, будаўнiцтву, гандлю i прыватызацыi Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi Таццяна ГОЛУБЕВА. — Хутчэй не аб’яднаць, а ўз’яднаць. Адбудзецца менавiта ўз’яднальны з’езд на платформе КПБ. Падобная iдэя ўзнiкала ўжо дастаткова даўно, аднак сур’ёзна яе пачалi абмяркоўваць пасля апошнiх выбараў прэзiдэнта, калi да падобнай думкi сталi прыходзiць не толькi кiраўнiкi КПБ, але i радавыя камунiсты абедзвюх камунiстычных партый. Радавыя члены ПКБ заўважылi, што яе кiраўнiцтва канчаткова скацiлася на правы фланг, аб’яднаўшыся з апазiцыйнымi партыямi, якiя фактычна працуюць пад уплывам заходнiх краiн i ЗША. Немалаважным было i тое, што на выбары нашы грамадзяне прыйшлi асэнсавана, яшчэ раз пацвердзiўшы свой выбар i прагаласаваўшы за чалавека, якi даказаў сваiм кiраўнiцтвам, што наша дзяржава iдзе па правiльнаму шляху (умацоўваецца эканомiка, сацыяльныя праграмы маюць прыярытэт пры фармiраваннi бюджэту i г.д.). Пад уздзеяннем гэтага нiзавыя структуры ПКБ сталi разыходзiцца i пераходзiць на бок КПБ. Прычым пераходзiць ледзь не поўнымi пярвiчнымi арганiзацыямi. Такiм чынам, з’явiлiся людзi, была створана iнiцыятыўная група, у якой прысутнiчаюць i знакавыя, добра вядомыя ў Беларусi людзi. Мы надрукавалi зварот да камунiстаў КПБ i ПКБ. Пасля гэтага праца пачалася ў самiх партыйных арганiзацыях, дзе праходзiлi сходы, вылучалiся дэлегаты на з’езд, пацвярджалася жаданне ўз’яднаць партыю. Лiчу, радавым камунiстам дзялiць няма чаго, для iх галоўнае — канструктыўная праца ў дзяржаве па вырашэнню сацыяльна-эканамiчных задач Усебеларускага народнага сходу, якiя былi адобраны народам. Камунiсты павiнны разумець, што правiльнай можа быць толькi праца ўнутры сваёй дзяржавы, правядзенне канструктыўнага супрацоўнiцтва з усiмi органамi ўлады розных узроўняў. Думаю, на з’ездзе будуць дакладныя выказваннi аб неабходнасцi ўз’яднання, таго, што неабходна iсцi адзiным фронтам для дасягнення задач, пастаўленых народам i дзяржавай. I вельмi важна, што ўсё гэта iдзе «знiзу», ад радавых камунiстаў. — Цi праводзiлiся перамовы з кiраўнiцтвам ПКБ? — Мы не знайшлi ўзаемаразумення з асобнымi кiраўнiкамi ПКБ. Гэта цалкам заканамерна, i мы iншага не чакалi. Гэтыя людзi пайшлi па зусiм iншаму шляху, яны не хаваюць, што дзейнiчаюць па нейчай указцы, што ездзяць за мяжу i дабiваюцца прымянення ў адносiнах да Беларусi палiтычных i эканамiчных санкцый. Гэтыя людзi з намi на кантакт не пойдуць. Хоць спробы абмеркаваць сiтуацыю былi. Наш сакратар быў на пленуме ПКБ, выступiў там, аднак узаемаразумення з кiраўнiцтвам партыi не знайшоў. Мы працавалi i напрамую з кiраўнiцтвам асобных структур ПКБ. Нехта разумее i пагаджаецца з намi, дае згоду на ўдзел у з’ездзе, нехта наадварот. Хоць, лiчу, сваю справу на з’ездзе зробiць не кiраўнiцтва партый, а радавыя партыйцы. — Што вам дазваляе назваць з’езд менавiта ўз’яднальным? Якiм будзе прадстаўнiцтва ў партыi членаў ПКБ? — Прадстаўнiкi практычна ўсiх партыйных арганiзацый адобрылi iдэю з’езда. Гэта гаворыць аб адарванасцi вярхушкi ПКБ ад нiзавых арганiзацый. Аб дакладнай колькасцi казаць пакуль заўчасна, аднак на з’ездзе гэта лiчба абавязкова прагучыць. Чаму? Па-першае, кiраўнiцтва ПКБ адмаўляецца iсцi ў гэтым плане на любы кантакт. Па-другое, адбываецца запалохванне радавых членаў, чым, праўда, яны iх яшчэ больш ад сябе адштурхоўваюць. — З’езд будзе ўз’яднальным. Такiм чынам, цi лiчыце вы, што ПКБ можа спынiць сваё iснаванне? — Магчыма, бо мы пацягнем за сабой усiх радавых камунiстаў. Прычым iм не патрэбна будзе пiсаць нейкiя заявы. Рашэння з’езда будзе дастаткова для таго, каб не пiсаць заяў аб пераходзе, каб у iх не знiкаў стаж членства ў партыi. Усё адбудзецца аўтаматычна. Яны проста ўльюцца ў нашу партыю i будуць мець з iншымi роўныя правы. Хачу падкрэслiць, што да радавых камунiстаў мы не маем нiякiх прэтэнзiй, мы не будзем iх папракаць, разумеючы, што пэўны час нехта мог проста памыляцца. — Цi будуць абмяркоўвацца на з’ездзе яшчэ нейкiя пытаннi? — Не, толькi тыя, што датычацца ўз’яднання. Выступяць прадстаўнiкi КПБ i ПКБ. Таксама адбудуцца давыбары ў органы кiравання партыi. Акрамя таго, мы збiраемся прыняць зварот да краiн, дзе дзейнiчае некалькi камунiстычных партый, каб яны таксама пайшлi па нашаму шляху. Мы павiнны iсцi ў адзiным страi. — Цi зменяцца мэты ў партыi пасля ўз’яднання? — Пакуль аб гэтым казаць рана, мы не будзем разглядаць статуты i праграмы партый. Аднак пасля будзе створана рабочая група, якая зоймецца гэтым i падкарэктуе статут партыi. Ён будзе вынесены на чарговы з’езд, якi адбудзецца ў 2007 годзе. — Цяпер шмат гаворыцца аб магчымасцi стварэння партыi ўлады. Вы б не жадалi прэтэндаваць на гэта месца? — Я заўсёды адказвала наступным чынам: мы заяўляем, што канструктыўна працуем з уладамi на карысць нашага народа. А партыя ўлады... Калi яна будзе стварацца, думаю, мы будзем з ёй на адным баку. Мы адназначна заяўляем, што прытрымлiваемся курсу, якi выбрала наша дзяржава. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдаднi з’езду праяснiць сiтуацыю чытачам «Звязды» пагадзiлася старшыня КПБ, намеснiк старшынi камiсii па жыллёвай палiтыцы, будаўнiцтву, гандлю i |
|