21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Былi «Мiжрэччам» — сталi «Крыёнам—Агра»...

25.08.2009 21:53 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Іван БАРАНОЎСКІ, Яўген ПЯСЕЦКІ (фота)




Каля двух гадоў таму да добра вядомага мiнскага прадпрыемства «Крыён» (гэта прадпрыемства ўваходзiць у канцэрн «Белнафтахiм» i вызначаецца пастаянна стабiльнай, упэўненай работай) далучылi сельскагаспадарчае прадпрыемства «Мiжрэчча» з Дзяржынскага раёна.

Чаму далучылi — напэўна, тлумачыць не трэба. Словам, стала гэта гаспадарка своеасаблiвым фiлiялам «Крыёна», змянiўшы сваю прыгожую назву «Мiжрэчча» на больш гучную «Крыён-Агра».

Увогуле СВК «Мiжрэчча» цярпеў на той час абсалютны крах; можа, толькi тая назва i складала тады ўсё прыгожае ў СВК, што яшчэ заставалася. «Былi на мяжы поўнага развалу. Ужо не маглi самастойна нi пасеяць, нi зжаць, па надоях дайшлi да самага што нi ёсць мiнiмуму», — характарызуе стан гаспадаркi на той час начальнiк планава-эканамiчнага аддзела фiлiяла Ала Якубоўская.

Каб лепей уявiць, што тады сабой прадстаўляла гаспадарка, перададзiм наступны сюжэт, якi сапраўды меў месца.

Знаёмства

Адразу ж пасля адзначанага «шлюбу» прыехаў у гаспадарку прадстаўнiк «Крыёна» — для першага знаёмства з ёй. Заходзяць разам з былым кiраўнiком гаспадаркi (цяпер той кiраўнiк, зразумела, ужо не кiруе тут) на жывёлагадоўчую ферму. А там — амаль па калена. Вядома, чаго. Аднак гэта было яшчэ не самае горшае з першых уражанняў. Сустракаюць на ферме вышэйадзначаныя вiзiцёры рабочую са жмутом саломы на вiлах, прычым, хутчэй, не яна рулiла гэтымi вiламi, а яны вялi яе ўслед за сабой... «Гэта ў вас у такiм выглядзе выходзяць на работу?» — ашаломлены такiм вiдовiшчам, пытаецца прадстаўнiк «Крыёна» ў старшынi.

— А ты хто такi, каб указваць тут? — першай адрэагавала работнiца.

— Ты язык асаблiва не распускай, — паспрабаваў перахапiць iнiцыятыву старшыня. I атрымаў у адказ вельмi дакладны адрас, куды ён павiнен быў тут жа пайсцi: «А пайшоў ты...». А для большай перакананасцi «фермерша» дадала: «Спачатку плацiць трэба».

Вось такое атрымалася першае знаёмства прадстаўнiкоў рабочага «Крыёна» з прадстаўнiкамi сялянскага класа.

— I з чаго вы пачалi ў сваiм аграфiлiяле? — пытаюся на «Крыёне».

— А з таго i пачалi, што пазбаўлялiся ад п’яных асоб.

— Што яшчэ кардынальнае зрабiлi на самым пачатку?

— Папрасiлi таксама кiраўнiка гаспадаркi напiсаць заяву, бо гэта ўжо не кiраўнiк, калi яго пасылаюць. I парадку ў яго нiколi не будзе... А яшчэ сталi плацiць людзям адносна нармальную заработную плату. I не адзiн раз за некалькi месяцаў, а рэгулярна, як i належыць — два разы на месяц.

Малапрыемным было i далейшае знаёмства. На рахунку гаспадаркi шматлiкiя даўгi, тэхнiка — дабiтая. Ды перапоўненыя гноем i жыжай жывёлагадоўчыя фермы, на якiх сiстэма гноевыдалення не падавала нiякiх прыкметаў жыцця, на гаспадарчых дварах — бруд...

Пасля таго, як прыйшоў «Крыён»

Расказвае намеснiк дырэктара «Крыёна» па аграрных пытаннях Уладзiмiр Давiдзюк:

— Калi далучылi да сябе сельскагаспадарчую вытворчасць, выклiкае мяне дырэктар i гаворыць: «Ты некалi заканчваў агратэхнiчны унiверсiтэт, у цябе ёсць разуменне ў сельскагаспадарчай справе, ты i ўзнiмай яе».




Што мы зрабiлi пасля таго, як крыху «пачысцiлi» кадры? У першую чаргу абнавiлi тэхнiку. Так, у мiнулым годзе купiлi МТЗ-82 i МТЗ-1221, МАЗ i некалькi спецыяльных прычэпаў да трактароў для перавозкi сенажу, а таксама набылi экскаватар на базе «Беларуса» i iншую тэхнiку; ужо сёлета ўзялi ў лiзiнг гомельскi унiверсальны камбайн КЗР-10 i яшчэ два трактары МТЗ-82. Адразу ж занялiся рэканструкцыяй сiстэм гноевыдалення на фермах, а па сутнасцi — зманцiравалi iх нанава. Наладзiлi таксама паўсюдна на фермах нармальнае, бесперабойнае водазабеспячэнне, якое практычна адсутнiчала... Плануем ужо ў хуткай будучынi набыць таксама новы энерганасычаны трактар, свой малакавоз, каб не залежаць цалкам ад заводаў, якiя самi забiраюць малако i робяць гэта не заўсёды аператыўна, а малако ж чакаць не можа...




Увогуле за гэтыя два няпоўныя гады мы ўжо нямала iнвеставалi ў свой аграфiлiял — каля 3,5 мiльярда рублёў. Параўнаем: напрыклад, Мiнскi трактарны завод уклаў у сваю сельскагаспадарчую вытворчасць 5,7 мiльярда. Але ж у нас на «Крыёне» працуе толькi каля 250 чалавек, а колькi на МТЗ?..

Зразумела, гэтыя iнвестыцыi кладуцца немалым грузам на прамысловую вытворчасць «Крыёна», а на iм цяпер ажыццяўляецца вельмi маштабнае тэхнiчнае перааснашчэнне — практычна самае буйное за ўвесь час яго iснавання. I гэта маштабнае перааснашчэнне патрабуе, адпаведна, маштабных жа ўкладанняў. Тым не менш i наша агравытворчасць ужо не чужая для нас. Мы не лiчым яе нейкай менш значнай, яна ўжо — менавiта наша. I менавiта з гэтага i зыходзiм ва ўсёй сваёй аградзейнасцi. Карацей кажучы, добра разуеем: каб атрымаць належную аддачу ў гэтым накiрунку, трэба i тут зрабiць першапачаткова немалыя капiтальныя ўкладаннi. Вось толькi б хапiла сiл i сродкаў у асноўнага «Крыёна»...




Якiя вытворчыя накiрункi мы выбралi ў сваiм аграфiлiяле як прыярытэтныя? Першы з iх — вытворчасць малака, што ўяўляецца для нас найбольш выгаднай справай. Напрыклад, цяпер, па сутнасцi, толькi малако i прыносiць фiлiялу абаротныя сродкi. Прычым пасля першых жа крокаў па адраджэнню гаспадаркi мы маем неблагiя вынiкi. Так, калi раней яна была па надоях трэцяй па раёну, але трэцяй, пачынаючы з канца адпаведнага спiсу, то цяпер замацавалася ў першай палавiне гэтага спiсу. Цяпер у нашым аграфiлiяле надойваюць у сярэднiм па 16 лiтраў малака ад каровы, намнога больш, чым у мiнулым годзе. Увогуле цяперашнiя надоi самыя высокiя за ўвесь час iснавання гаспадаркi. Можа, для iншых 16 лiтраў гэта сёння ўжо i не лiчба, а для нас — вельмi прыемная адчувальная станоўчая дынамiка. I гэту дынамiку мы проста абавязаны захаваць i надалей.




Другi наш асноўны накiрунак — свiнагадоўля. Прычым мы ўжо адразу рэзка павялiчылi пагалоўе свiней — амаль у тры разы. Вытворчасць свiнiны пакуль што стратная. Каб быць з добрым прыбыткам, трэба мець на адкорме не менш за тысячу галоў, цяпер жа iх у нас 750. Адсюль i адпаведная задача. Але трэба спачатку падрыхтаваць чарговае жывёлагадоўчае памяшканне. Пры гэтым варта адзначыць: практычна ўсе жывёлагадоўчыя памяшканнi дасталiся нам таксама ў вельмi незайздросным стане, нярэдка ў iх праз страху неба было вiдаць. Цяпер жа ўсё адрамантавана, пабелена... У пераабсталяваным памяшканнi для вырошчвання свiней нават столь уцяплiлi спецыяльнымi плiтамi... Такiм чынам, ёсць зрухi i на гэтым накiрунку. Ёсць таксама неблагiя аб’ёмныя паказчыкi, галоўнае цяпер — забяспечыць належную эканамiчную эфектыўнасць.

Раслiнаводства — наш трэцi накiрунак, прычым ухiл зроблены на вырошчванне цукровых буракоў i гароднiны, а ў першую чаргу — цыбулi. У гаспадаркi вельмi бедная зямля, але, аказваецца, менавiта цыбуля няблага родзiць i на гэтай зямлi... Адпаведна, мы купiлi i зманцiравалi сушылку для сушкi цыбулi, абсталявалi спецыяльнае памяшканне для яе захоўвання.

На самым пачатку стаяла кадравая праблема, востра не хапала механiзатараў i жывёлаводаў. Галоўная прычына гэтай праблемы зразумелая: гаспадарка была ў поўным заняпадзе, заработную плату плацiлi ад выпадку да выпадку, а зусiм побач чыгуначная станцыя «Негарэлае», а адпаведна — не так далёка i Мiнск...

Вырашылi праблему даволi проста — i пра гэта ўжо сказана — сталi плацiць людзям нармальную заработную плату, а яшчэ выдалi iм добрае рабочае адзенне з прыгожай крыёнаўскай сiмволiкай (дзесяць гадоў тут спецадзення не атрымлiвалi), паўсюдна на фермах i ў майстэрнi стварылi нармальныя бытавыя ўмовы (а гэта найперш азначае наяўнасць звычайнага душа з цёплай вадой) i г.д. I што ў вынiку? Многiя былыя спецыялiсты гаспадаркi кiнулi той жа Мiнск i вярнулiся назад — яны ж жывуць непасрэдна тут. А сярэдняя заработная плата ўзрасла ў гаспадарцы ў параўнаннi з ранейшай, якая была «да таго», у 2,7 раза, або да 490 тысяч рублёў. Словам, мы цяпер маем магчымасць пасадзiць на нармальную тэхнiку нармальных людзей. Наша пазiцыя ў кадравым пытаннi i далей будзе грунтавацца на тым, каб рабiць ухiл менавiта на мясцовыя кадры.

Расказвае дырэктар фiлiяла «Крыён-Агра» Iрына Рэуцкая:




— Наш цяперашнi галоўны клопат гэта, вядома ж, нарыхтоўка кармоў. Як яна iдзе? Вельмi добра. Ужо адразу адзначу: такога яшчэ нiколi не было, каб мы за 2—3 днi закладвалi сянажную яму. У гэтым плане няблага дзейнiчаюць матэрыяльныя стымулы, якiя мы спецыяльна вызначылi на корманарыхтоўчую кампанiю, але, думаю, больш за ўсё «рухае» гэту справу наш нястомны КЗР-10, узяты ў лiзiнг. У нарыхтоўцы сенажу мы ўжо выйшлi на ўзровень мiнулага года (размова адбывалася напрыканцы чэрвеня. — Аўт.), а ўсяго сенажу будзе нарыхтавана больш, чым у мiнулым годзе, недзе на 30 працэнтаў, усяго 3500 тон. Прычым гэта толькi з першага ўкосу. На наш малочны статак (а мы маем у iм больш за 700 галоў) ды маладняк (яшчэ больш за тысячу галоў) хопiць.

Стварэнне надзейнай кармавой базы гэта, па сутнасцi, наша цяперашняя асноўная задача. Прычым добрыя кармы патрэбны, зразумела, не толькi нашаму малочнаму статку, але i для нашага свiнагадоўчага комплексу. З тым каб рыхтаваць уласныя камбiкармы (а да гэтага цяпер схiляюцца многiя гаспадаркi, бо гэта больш выгадна, чым купляць гатовы камбiкорм), набылi i зманцiравалi абсталяванне для свайго млына, якi ўжо дзейнiчае. Вядома, i гэты набытак зроблены ўжо ў час нашага знаходжання ў саставе «Крыёна»...

Пры вырошчваннi свiней выкарыстоўваем прагрэсiўны сёння метад сухога кармлення, наладзiлi таксама так званы шведскi стол. Штомесячна прадаем цяпер свiнiны не менш чым на 30 мiльёнаў рублёў. Гэта ўжо нямала ў параўнаннi з ранейшым часам, а хутка павiнна быць значна больш — у гаспадарцы рыхтуюцца яшчэ два памяшканнi (дадаткова да двух iснуючых) для адкорму свiней.




Далейшыя змяненнi закрануць i нашу малочную вытворчасць. У прыватнасцi, мяркуем на адной з больш буйных малочнатаварных фермаў зманцiраваць даiльную залу, паставiць больш сучаснае халадзiльнае абсталяванне i г.д. — словам, арганiзаваць увесь працэс утрымання i даення жывёлы па-сучаснаму. Пачалi сур’ёзна займацца селекцыяй, паляпшэннем свайго малочнага статку. Тут жа варта будзе зазначыць: ужо называлiся цяперашнiя паказчыкi гаспадаркi па малаку. Хачу дадаць: у нас самая нiзкая ў раёне бальнасць зямлi — 25—26 балаў пры сярэднiх па раёну 32—33 балы. Але калi браць тыя ж паказчыкi па малаку ў разлiку на бала-гектар, мы выходзiм па надоях малака на першае месца ў раёне. Гэта сведчыць: пэўныя магчымасцi ў гаспадаркi для адраджэння ёсць. Але, бясспрэчна, гэтыя магчымасцi проста так i засталiся б магчымасцямi, калi б да нас не прыйшоў «Крыён».

Не прыспешвайце коней...

Калi нас знаёмiлi з новай крыёнаўскай вытворчасцю, тут нам таксама расказалi, што вакол адной з малочнатаварных фермаў яшчэ не так даўно былi непралазная гразь i балота, прама каля фермы рос чарот, а ў iм дзiкiя качкi вадзiлiся. Адпаведна, прыйшоў «Крыён» — правялi мелiярацыю... Словам, суцэльная экзотыка была. I можна было б толькi падзiвiцца на гэту экзотыку ў якiм-небудзь запаведным месцы. А тут жа — цэнтральная сядзiба гаспадаркi...

Было б няправiльным абсалютна нiчога не сказаць пра тое, што, зазначым так, не зусiм садзейнiчала ранейшаму «Мiжрэччу» ў яго гаспадараннi, а можа, не надта садзейнiчае i цяперашняй гаспадарцы. Гэта, безумоўна, трэба зрабiць, з тым каб не паўтараць ранейшых памылак. А ў мэтах большай аб’ектыўнасцi мы зробiм гэта разам з начальнiкам планава-эканамiчнага аддзела фiлiяла Алай Якубоўскай, цi, дакладней — зыходзячы з нашай (з ёю) гутаркi.

Пачнём з наступнага факта: у гаспадарцы не з’яўляецца таварнай прадукцыяй збожжа, яно не дае тут высокiх ураджаяў, яго вырошчваюць выключна для сваiх патрэб — для прыгатавання таго ж камбiкорму для жывёлы. Але на збожжа ёсць абавязковы для ўсiх дзяржзаказ. Словам, пасеяў — пэўную колькасць аддай. Па пэўных жа, строга вызначаных цэнах. У фiлiяле ў мiнулым годзе аддалi 600 тон па 165 тысяч рублёў за тону, хоць сабекошт збожжа для гаспадаркi аказаўся вышэйшым. А сёлета вымушаны былi купляць, прычым ужо не па 165 тысяч, а па 240 тысяч рублёў за тону (жывёлу ж кармiць трэба). Усяго выдаткавалi на гэта 150 мiльёнаў. Вось такая эканомiка. I вось такая арыфметыка атрымлiваецца для гаспадаркi. Яўна не на яе карысць. Хоць, улiчваючы тую ж зусiм нiзкую бальнасць яе зямлi, маглi б увогуле абысцi гэту гаспадарку з дзяржзаказам. Дарэчы, дакладна такая ж сiтуацыя напаткала гаспадарку i пазалетась (спачатку прадалi сваё збожжа, па дзяржзаказу, а потым куплялi чужое па большай цане).

Як зазначыла Ала Якубоўская, яшэ раней (да «Крыёна») гаспадарку вымушалi ўтрымлiваць у сябе (i нi ў якiм разе не змяншаць) неабходную колькасць статку, хоць у гэтым статку каля 40 працэнтаў кароў былi хворымi i iх трэба было тэрмiнова выбракоўваць. Але некаму патрэбна была не сапраўдная эфектыўнасць, а ўмоўныя паказчыкi... Не паўтарыць бы гэтых «памылак» цяпер, калi ў фiлiяле ўзялiся за рашучае абнаўленне свайго малочнага статку.

Паводле слоў начальнiка планава-эканамiчнага аддзела, гаспадарка яшчэ толкам i не разгарнулася ў сваiм новым статусе, а ад яе патрабуюць ужо тых жа паказчыкаў. Зразумела, высокiх. А як жа iначай, такую справу правярнулi: далучылi да моцнага прадпрыемства — i без паказчыкаў... Хоць, зноў-такi паводле слоў эканамiста Алы Якубоўскай, толькi ў адну карову трэба чатыры гады сродкi ўкладваць, каб мець потым ад яе аддачу.

Безумоўна, тую ж добрую аддачу абавязкова трэба мець на ўвазе. Але пры гэтым не трэба прыспешваць коней (тых жа кароў). Няхай новыя гаспадары добра разбяруцца ў сваiх зусiм новых для iх гаспадарчых справах, i разбяруцца самастойна, без усялякiх адмiнiстрацыйных панукванняў. Калi ўжо даверылi iм гэтыя неэфектыўныя гаспадаркi (а хутчэй даведзеныя да ручкi пад нечым ранейшым «мудрым» кiраўнiцтвам), дык трэба давяраць поўнасцю. У рэшце рэшт, прыйшлi ж менавiта моцныя гаспадары з выдатнымі арганiзатарскiмi здольнасцямi, якiя змаглi добра паставiць увесь працэс на сваiх прамысловых прадпрыемствах. I ў iх жа пад рукой поўны штат неблагiх сельскагаспадарчых спецыялiстаў. Увогуле калi гаварыць пра вынiкi, дык менавiта ў гэтых вынiках больш за ўсё i зацiкаўлены самi новыя гаспадары. Яны ж уклалi i ўкладваюць у гэту справу немалыя сродкi... Словам, калi падсумаваць усё вышэйсказанае, гаворка па-ранейшаму iдзе пра большую эканамiчную самастойнасць гаспадарак.

* * *

Нельга таксама не сказаць пра наступнае: а як да сваёй новай, сельскагаспадарчай вытворчасцi адносяцца работнiкi самога «Крыёна»? «Людзi, якiя працуюць там, проста пацярпелi ад нечай нераспарадчасцi, але гэта ж нашы людзi. I проста не па-людску было б не працягнуць iм надзейную руку дапамогi», — гавораць на мiнскiм прадпрыемстве «Крыён».


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каля двух гадоў таму да добра вядомага мiнскага прадпрыемства «Крыён» (гэта прадпрыемства ўваходзiць у канцэрн «Белнафтахiм» i вызначаецца пастаянна с
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика